Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Графіка і паэзія Рыгора Сітніцы

Графіка і паэзія Рыгора Сітніцы

18 снежня 2018, 07:32 Культура 30
Графіка і паэзія Рыгора Сітніцы

Хай сабе для натоўпу слова маё – пустое.

Ды, калі выйдзе тэрмін зямное візы,

Ведацьму, хоць да неба я не дастаў, затое

Жыў ля яго паблізу. (Р.С.)

 

Выстаўка графікі старшыні Саюза  беларускіх мастакоў Рыгора Сітніцы дэманструецца ў Дзяржаўным мастацкім музеі. Яна мае каштоўнасны сэнс, бо выяўляе знакавыя моманты ў архітэктуры, манументальных помніках, матэрыяльнай культуры.

Нядаўна на адкрыцці выставы свайго калегі Рыгор Сітніца сказаў:               

– У нашым саюзе прадстаўлена як акадэмічнае, так  і канцэптуальнае мастацтва. Паводле дыплома і прафесіі мастацтва не заўсёды адбываецца. Для мастака і творчай асобы заўсёды важна ісці за ідэяй, якой ён служыць. Мастак паводле сутнасці сваёй рухаецца да канца, спазнаючы Сусвет і інтэлектуальны досвед папярэднікаў.

Улюбёны матыў спадара Рыгора – беларуская манументальная культура, помнікі дойлідства, хаты з груба абчасаных бярвенняў, насечаныя дровы, штакетнік зімой, побытавыя прадметы. Цёплыя пачуцці выклікаюць плеценыя косы цыбулі, кошык з кукурузнымі пачаткамі.

У працах праяўляецца настальгія па традыцыйных вясковых вобразах, якія закладзены ў свядомасць многіх людзей з дзяцінства. Мастак трывала замацоўвае свет вобразаў свайго маленства, каб гэты свет працягваў  існаваць.

– Простыя рэчы я раблю простымі матэрыяламі, выводжу з банальнага кантэксту і ўздымаю на ўзровень высокага мастацтва. Я спрабую паказаць маладым людзям, як з бульбы, цэглы, шыферу зрабіць сучасны арт-аб’ект. Я рэалістычны мастак, але часам спалучаю канструктывісцкія і супрэматычныя кампазіцыі. Я ствараю мастацкі вобраз, які становіцца новай рэальнасцю, – пракаментаваў сваю выставу Рыгор Сямёнавіч Сітніца.

У  дакументальных адбітках ён бачыць магчымасць захаваць нацыянальную культурную спадчыну. Творамі Рыгора Сітніцы можна выдатна ўпрыгожваць сядзібы, кавярні, турыстычныя аб’екты.

Аглядаючы творы на выставе, пачула мяркаванне аднаго з гледачоў, які палічыў графіку Рыгора Сітніцы безэмацыйнай і сухой.

Каб паглыбіць знаёмства з вядомай творчай асобай, зазірнула ў кнігу вершаў Рыгора Сітніцы “Ток”, што выйшла ў 2018 годзе ў выдавецтве “Чатыры чвэрці”, і пераканалася, што яго паэзія, як і ўся творчасць, – поўная эмацыйных вобразаў і глыбокіх пачуццяў. Што недагаварыў графік-Сітніца, тое цудоўна выразіў Сітніца-паэт.

Пра што гаворыць птушыны клінапіс

На снезе белым нібы пергамент?

Пра што яліны крэсляць галінамі,

Даверыўшы воблаку тэстамент?

 

 – У вершах Рыгора Сітніцы – раскутасць і ашчаднасць, аратайнасць і панавітасць, апантанасць і роздумнасць, прыпар шчодрадайнасці і прысмерк смутку, баляванне гуку і раскоша майстэрства, – пісаў пра свайго сябра народны паэт Рыгор Барадулін.

У паэзіі Рыгора Сітніцы шмат музычных вобразаў, у вершы ўплятаецца блюз начнога дажджу і сола для вулічнага саксафона, срэбра флейтаў і золата труб, настальгічны водар мелодыі, які аплятае смуткам прысады.

Паэт цудоўна перадае прыгажосць  хвілінаў пары яснавокай, восені,  і апісвае  вэлюм  белы каляднай завеі. Хвалюе яго душу і вясновы настрой:

Маладым капяжам расхінуўшы душу і вакно,

Сакавіцкім блакітам паштоўку

                                                    табе напішу я,

І нібыта з абноўкаю,

                   з небам вясновым цябе павіншую –

Да блакіту вачэй тваіх дужа пасуе яно.

У многіх вершах Рыгора Сітніцы гучыць настальгія па разбураных гарадскіх забудовах, чуецца імкненне захаваць каштоўнае мастацкае і культурнае асяроддзе. Сум па адышоўшых сябрах навявае смутак, нараджаюцца радкі наўздагон Сяргею Цімохаву і іншым творцам. Цыкл вершаў “Трысвечнік” сугучны барадулінскаму “Трыкірыю”.

 

Стрыманасць і патрабавальнасць нараджаюцца ў душы паэта, калі ён сустракаецца з вялікай чалавечай бядой.У вершы “Вочы бяды” паэт  піша, што адчувае чалавек, які наведвае дзіцячы хоспіс у Бараўлянах:

“Ці вы ашуканы каханак, ці тлумных багем

Заўсёднік натомлены,

                                 ці барацьбіт з ветракамі,

Ці прага пажадная цісне душу, нібы камень…

Ды глянуўшы ў вочы вялікай Бядзе і Журбе,

Спытайцеся ў сябе:

Які гэта клопат вам соладка спаць не дае?

Чаго вашым душам ў гэтым жыцці не стае?

Ці мала вам хлеба,

                     ці свет гэты стаўся вам цесны?

Даруй нам, Бацька Нябесны…”

 

Герой паэмы Рыгора Сітніцы “Знак перасцярогі” перажывае драматычную барацьбу з анкалагічным дыягназам.У пошуках падтрымкі і паратунку ён з усёй моцай пачуццяў звяртаецца да Вышэйшых сілаў. І апошні прыстанак юдолі, шпіталь ў Бараўлянах, адыходзіць на задні план, а канцавым прыпынкам надзеі становіцца  Царква Багародзіцы ў Бараўлянах. Лёс-канваір вяртае героя зноў на святло. Перажыўшы разам з героем паэмы яго выпрабаванні, чытач адчувае ачышчэнне душы і вызваленне з палону тысячы непатрэбных дробязяў, клопатаў, турбот.

Паэма была створана аўтарам у 2011-13 гадах, а  ў 2012 годзе Рыгор Сітніца стаў сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў і ў той жа перыяд быў узнагароджаны медалём Францыска Скарыны.

Э. Дзвінская,

На здымках: Рыгор Сітніца і яго працы.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ  МЕТАЛІНГВІСТЫКА
Мова

Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ МЕТАЛІНГВІСТЫКА

1 мая 2025, 21:0323
Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ  МЕТАЛІНГВІСТЫКА
Мова

Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ МЕТАЛІНГВІСТЫКА

16 мая 2025, 07:4020
Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!
Грамадства

Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!

2 мая 2021, 10:3419
Развітальнае падарожжа па роднай Дзятлаўшчыне
Грамадства

Развітальнае падарожжа па роднай Дзятлаўшчыне

12 студзеня 2021, 19:1417
Далучайцеся да нас