Магілёўская абласная бібліятэка і ТБМ імя Ф. Скарыны запрасілі грамадскасць горада 22 лістапада 2018 г. на прэзентацыю кнігі “Глускі замак у святле археалагічных даследаванняў і пісьмовых крыніц”. На імпрэзу з аматарамі гісторыі Прыдняпроўскага краю прыехала аўтар кнігі, шаноўная спадарыня Ірына Ганецкая – старшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
“Глускі замак ніколі не быў такім важным у гісторыі краіны, як Крэўскі, такім бліскучым, як Нясвіжскі. Ён быў адным з многіх, нічым асаблівым не адрозным. За сваё жыццё спазнаў і лепшыя, і горшыя часы. Для нас ён цікавы тым, што з усіх пунктаў гледжання гэта тыповы беларускі замак. Храналагічныя рамкі даследавання вызначаны 16-18 стагоддзямі, што адпавядае часу існавання помніка ў якасці феадальнай рэзідэнцыі”, – гаворыцца ва ўступным слове да кнігі.
Ірына Уладзіміраўна распавяла пра цяжкую працу археолагаў і падрабязнасці археалагічнага вывучэння. Яна адзначыла, што Глускі замак даследаваўся з дапамогай мясцовых школьнікаў: у падмурку кнігі – цаглінкі іх працы. Помнік не быў лёгкім для раскопак: то абвал, то зверху залівае, то знізу вада, то адвал адкінуць трэба… І яны, як кураняткі, грэблі сваімі рукамі зямлю. Гэтым хлопчыкам яна бязмерна ўдзячная за іх працу. І, канешне ж, вялікі і шчыры дзякуй усім глушчанам, хто хоць нейкім чынам паўдзельнічаў у раскопках. На працягу трынаццаці археалагічных сезонаў (з 1996 па 2008 год) на тэрыторыі Глускага замчышча праводзіліся раскопкі. За час сістэматычнага комплекснага вывучэння Глускага замка былі праведзены не толькі раскопкі: апрацавана велізарная колькасць археалагічных знаходак, сабрана і вывучана больш за сто пісьмовых дакументаў, планаў, малюнкаў 16-20 стагоддзяў, якія тычацца гісторыі замка. За гэты час пра Глускі замак шмат чаго цікавага дазналіся не толькі непасрэдна ўдзельнікі раскопак, але і звычайныя глушчане: у раённай газеце рэгулярна друкаваліся рэпартажы, як кажуць, з месца падзей, а яшчэ частка знойдзеных артэфактаў размешчана ў экспазіцыі мясцовага гісторыка-краязнаўчага музея. Ірына Уладзіміраўна паведаміла, што гэтая праца ад пачатку да выхаду кнігі заняла 22 гады.
У кнізе аналізуюцца як археалагічныя крыніцы, так і пісьмовыя (архіўныя дакументы). Ёсць і вельмі цікавыя, адмысловыя раздзелы, напрыклад: “Вызначэнне рыбінай лускі. Іхтыялагічная калекцыя з раскопак Глускага замка”, “Даследаванне рэшткаў раслін, атрыманых у выніку археалагічных раскопак Глускага замка”. У цэлым, артэфакты арганічнага паходжання кепска захоўваюцца ў культурным пласце. Рэшткі непасрэдна пладоў ды ягад адносяцца да катэгорыі рэдкіх знаходак. Адным з нямногіх выключэнняў з агульнага правіла стаў Глускі замак, дзе пашчасціла знайсці насенне маліны, бузіны, маку, гарбуза, а таксама амаль цэлую грушу.
Як заявіла аўтар кнігі, манаграфія з’яўляецца выключна навуковым выданнем, але ў той жа час яна можа быць цікавая жыхарам Глуска і тым, хто цікавіцца яго гісторыяй. Ірына Ганецкая прадставіла фотапрэзентацыю праведзеных на месцы замка археалагічных раскопак, выявы знойдзеных артэфактаў, пісьмовых дакументаў аб старажытнай цвердзі, дзе зараз размяшчаецца стадыён. Паводле яе, самыя раннія знаходкі датуюцца пачаткам 16 стагоддзя. На аснове аналізу гэтых археалагічных матэрыялаў і сведчанняў пісьмовых крыніц Глускі замак паказаны як складаная шматфункцыянальная сістэма.
Кніга І. Ганецкай аб’ёмам 415 старонак у цвёрдай вокладцы накладам 300 асобнікаў выдадзена сёлета выдавецтвам “Беларуская навука”.
Прэзентацыя выдання ў Магілёве была зладжана Магілёўскай гарадской арганізацыяй “Таварыства беларускай мовы” сумесна з Абласной бібліятэкай г. Магілёва.
Наталля Шэмянкова.
Фота Алесь Сабалеўскі.
Магілёў, снежань 2018 г.