Слыннаму навукоўцу, акадэміку НАН Беларусі Радзіму Гаўрылавічу Гарэцкаму, сябру Рады ТБМ імя Ф. Скарыны 7 снежня спаўнілася 90 гадоў.
Радзім Гаўрылавіч – доктар геолага-мінералагічных навук, прафесар, заслужаны дзеяч навукі Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР і дзяржаўнай прэміі БССР, прэміі РАН імя акадэміка М.С. Шацкага, ён – былы віцэ-прэзідэнт НАН Беларусі, член амерыканскага геафізічнага саюза, былы прэзідэнт Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”, прэзідэнт Беларускага геаграфічнага таварыства, старшыня фонду братоў Гарэцкіх.
Навуковыя працы акадэміка Р.Г. Гарэцкага прысвечаны геалогіі, тэктоніцы і геадынаміцы платформаў і радовішчаў карысных выкапняў. Радзім Гаўрылавіч – аўтар публіцыстычных артыкулаў, дакладаў і выступленняў на міжнародных з’ездах і навуковых канферэнцыях. Акадэмік Радзім Гарэцкі – сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў, сябар Рады Беларускага фонда культуры, сябар Рады ТБМ.
– Радзім Гаўрылавіч, за апошнія гады выйшаў шэраг Вашых кніг: “Браты Гарэцкія”, “Жыццёвы меланж”, “Лісты жыцця і кахання” , у якіх адлюстроўваюцца лёсы братоў Максіма і Гаўрылы Іванавіча Гарэцкіх, важныя падзеі Вашага жыцця і гісторыя кахання Вашых бацькоў. Вы шмат працуеце над захаваннем гісторыі Вашай сям’і.
– У выдавецтве “Кнігазбор” некалькі месяцаў таму выйшла мая кніга “Апантаны Бацькаўшчынай”. Гэта працяг маёй кнігі ўспамінаў “Жыццёвы меланж”, якая выходзіла ў 2013 годзе. Падрыхтаваць і выпусціць кнігу мне дапамагло ГА ЗБС ” Бацькаўшчына”. “Меланж-2” аб’ядноўвае пяць раздзелаў, у якіх сабраны ўспаміны пра значныя падзеі грамадскага і культурнага жыцця 2013-2018 гадоў.
– У дні народзінаў прынята з пашанай узгадваць бацькоў. Вашы бацькі надалі Вам такі моцны імпульс узаемнай любові і паказалі прыклад годнага жыцця, што яго хапіла на 90 гадоў!
– Такога шчырага, вернага і высокага кахання нашых бацькоў, якое прыносіла любоў да жыцця людзей, зямлі, мы з братам не сустракалі! Гэта быў прыклад узаемаразумення, аднадумства, шчырай любові адзін да аднаго, да родных, да блізкіх, Бацькаўшчыны, народа, беларускай мовы і роднай зямлі.
Гаўрыла Іванавіч – сапраўдны беларускі інтэлігент, носьбіт вызначальных рысаў беларускага нацыянальнага характару. Сярод гэтых рысаў – высокародства, мудрасць, вера ў высокія гуманістычныя ідэалы, арганічная зрошчанасць са сваім народам, самаахвярнасць, здзіўляючае працалюбства, сіла духу, унутраная непахіснасць, няскоранасць.
Вось чаму сёння неабходна гаварыць пра вялікую ролю Гаўрылы Іванавіча ў духоўным жыцці беларуса, у маральным аздараўленні грамадства, як і даследваць літаратурна-мастацкую спадчыну класіка айчыннай літаратуры Максіма Гарэцкага.
Ларыса Восіпаўна Парфяновіч была родам з Беластока з сям’і чыгуначніка Восіпа Іванавіча і хатняй гаспадыні Ефрасінні Міхайлаўны.
Я заўсёды здзіўляўся мужнасці гэтых людзей. Што ім дапамагала перанесці ўсе тыя жудасныя пакуты і заставацца сапраўднымі добразычлівымі людзьмі з чыстымі душамі?
Гэта – прага да жыцця, бязмежная любоў да сваёй Бацькаўшчыны, уменне знаходзіць задавальненне ў рознай, як у разумовай, так і фізічнай працы, а каму пашчасціла – вялікае каханне. 8 ліпеня 1939 года з турмы пасёлка Мядзвежая Гара Гаўрылу ўдалося перадаць ліст да жонкі, у якім выказаў сваё вялікае каханне да яе і які цудам захаваўся да нашага часу. Таму я выдаў кнігу “Лісты жыцця і кахання”.
– У кнізе ” Жыццёвы меланж” Вы ўзгадвалі пра 100-годдзе Вашага навуковага кіраўніка акадэміка Аляксандра Леанідавіча Яншына.
– Яму была ўласцівая жарсць да ведаў, нявычэрпная дапытлівасць, надзвычайная памяць і дзівосная працавітасць у спалучэнні з мэтанакіраванасцю, якія дазволілі яму стаць шырока адукаваным інтэлігентам. Яго цікавілі прыродазнаўчыя і гуманітарныя навукі, любоў да прыроды, цяга да вандраванняў. Ён быў палявым геолагам, яго захапляла рамантыка даследванняў, у экспедыцыях ён дапамагаў разгружаць машыну, ставіць палаткі, распальваць вогнішча. На мяне паўплываў гэты чалавек вялікай мужнасці, сілы волі, самавалодання, з любоўю да справы, з ашаламляльнай энергіяй і грамадзянскай прынцыповасцю, народны дэпутат Вярхоўнага савета СССР.
– 25 гадоў Вы крочыце разам з ЗБС “Бацькаўшчына”.
– У 1993 годзе ўзнікла ідэя стварэння Згуртавання беларусаў свету, міжнароднай грамадскай і культурна-асветніцкай установы з мэтай адраджэння мовы, культуры і адукацыі, стварэння дэмакратычнай дзяржавы. Першым прэзідэнтам ЗБС “Бацькаўшчына” стаў Васіль Быкаў, старшынём Рады – Яўген Лецка. Кульмінацыйным момантам стаў першы з’езд у ліпені 1993 года, які праходзіў з вялікім уздымам.
ЗБС” Бацькаўшчына” працягвае праводзіць шматгранную шырокую дзейнасць па аб’яднанні беларусаў свету, у якой прымае ўдзел вялікая колькасць шчырых сыноў Беларусі і замежжа, адданых здзяйсненню беларускай нацыяна-льнай ідэі.
Важным за гэтыя гады было выданне ўнікальных кніг з серыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны”, інфармацыйнага бюлетэня ” Беларусы ў свеце”, шырокую вядомасць атрымала грамадская кампанія “Будзьма беларусамі”.
Я з’яўляюся сябрам Малой і Вялікай Рады ГА ЗБС “Бацькаўшчына”, і 5 снежня адбудзецца яе пасяджэнне. У Вялікую Раду ўваходзяць прадстаўнікі замежжа, беларусы з ЗША, Канады і Вялікабрытаніі. Перыядычна мы збіраемся і плануем нашу супольную дзейнасць.
– Вас даўно хвалюе лёс літаратурнага дома-музея Максіма Іванавіча Гарэцкага ў Малой Багацькаўцы.
– Музей быў адчынены ў 1993 годзе да 100-годдзя Максіма Гарэцкага. Пра яго адкрыццё рупіўся другі са-кратар ЦК КПБ Кузьмін, які тады з’яўляўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР па Мсціслаўскай акрузе.
Зламаць і перанесці хату ў Мсціслаў нельга, яна павіннна заставацца ў Малой Багацькаўцы. Раней яна належала да Рэспубліканскага музея гісторыі беларускай літаратуры ў Менску, а ў 2011 годзе яе перадалі ў валоданне Мсціслаўскага краязнаўчага музея, у якога не хапае сродкаў на належнае падтрыманне сядзібы. Яна не даглядаецца, не ацяпляецца. Мемарыял павінен стаяць там, дзе чалавек жыў і тварыў. Сёлета ў Мсціславе адзначалі 125-годдзе Максіма Гарэцкага, запрашалі на святкаванне і мяне.
– Радзім Гаўрылавіч, нягледзячы на такі пашанотны ўзрост, Вы працягваеце працаваць і дзейнічаць у шэрагу ўплывовых беларускіх арганізацый. Вы і далей займаецеся пытаннямі геалагічнай навукі. Які зараз яе стан?
– Раней існаваў Інстытут геахіміі і геафізікі як адзіная моцная ўстанова ў краіне, якая налічвала 220 супрацоўнікаў (17 дактароў і 57 кандыдатаў навук). Вельмі шкада, што накірунак навук аб зямлі зараз у горшым стане. Пасля расфарміравання Інстытута 20 чалавек маіх калег і я перайшлі працаваць ў Інстытут прыродакарыстання НАН Беларусі. Інстытут узначальвае мой вучань, геолаг, доктар геолага-мінералагічных навук, акадэмік Аляксандр Кірылавіч Карабанаў. Мы з калегамі працуем і ўдзельнічаем у супольных міжнародных праектах. Нядаўна адзін з такіх міжнародных праектаў з удзелам спецыялістаў з Украіны, Польшчы, Германіі і Даніі даследваў Прыпяцкі прагін на поўдні Беларусі. Там знаходзіцца наша самае галоўнае багацце, карысныя выкапні калійнай солі, нафты. Дзякуючы сучасным прыборам было магчыма вывучаць геалагічную будову раёна, каб мець напрамак, як шукаць карысныя выкапні. Мы шмат супрацоўнічаем з украінскімі калегамі, у іх шмат інстытутаў геалагічнага профілю. Яны запрасілі нас на святкаванне 100-годдзя Украінскай Акадэміі навук.
Нядаўна я ўдзельнічаў адкрыцці помніка Нілу Гілевічу на Кальварыйскіх могілках. Мы былі сябрамі з Нілам Гілевічам, і я выступіў на адкрыцці яго помніка, быў рады, што прыйшла моладзь.
– Вы кожны год ладзіце Гарэцкія чытанні, ці прадоўжацца яны ў будучыні?
– Так. Гарэцкія чытанні працягнуцца і далей. Кожны раз адкрываюцца ўсё новыя бакі творчай спадчыны Максіма Гарэцкага, робяцца цікавыя параўнанні яго твораў з працамі пісьменнікаў, даецца ацэнка яго дзейнасці і яго ролі ў развіцці беларускай літаратуры, мовазнаўства, знаходзяцца новыя звесткі пра жыццё і дзейнасць братоў Гарэцкіх. (Даследванні праводзілі Міхась Мушынскі, Віталь Скалабан, Таццяна Дасаева, Г. Запартыка).
Нядаўна выйшаў з друку зборнік матэрыялаў ХХVI Гарэцкіх чытанняў, якія звычайна праходзяць у Дзяржаўным музеі гісторыі бела-рускай літаратуры. 6 снежня ў музеі адбудзецца прэзента-цыя дыска відэаматэрыялаў, зробленых Алегам Вінярскім да 125-годдзя Максіма Гарэцкага.
13 снежня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі ў 16.00 прайшла вечарына, якую падрыхтаваў да майго юбілею Беларускі фонд культуры, сябрам Рады якога я з’яўляюся.
– Шчыра дзякуем Вам і жадаем моцнага здароўя і дужых сіл!
Гутарыла
Эла Дзвінская,