Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Ён напісаў “Веча славянскіх балад”

Ён напісаў “Веча славянскіх балад”

23 студзеня 2026, 18:11 літаратура 18
Ён напісаў “Веча славянскіх балад”

15 студзеня споўнілася 90 гадоў з дня нараджэння беларускага пісьменніка, перакладчыка, заслужанага дзеяча культуры Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Янкі Купалы Янкі Сіпакова (1936-2011).

 Пісьменнік шчодрага і шматграннага таленту, разнастайных творчых магчымасцяў Янка Сіпакоў нарадзіўся на Аршаншчыне, у вёсцы Зубрэвічы. У час вайны страціў бацькоў і рана далучыўся да працы. Працаваў паштальёнам, літсупрацоўнікам Шклоўскай раённай газеты. Пасля вучобы ў БДУ ў 1960-1973 гадах працаваў у “Вожыку”, амаль дваццаць год – у часопісе “Маладосць”. З 1993 года Янка Сіпакоў загадваў рэдакцыяй літаратуры, мовы, фальклору і этнаграфіі выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя”. З 1997 года працаваў у часопісе “Беларусь”.

Творчую дзейнасць Янка Сіпакоў пачаў як паэт. Свой першы верш надрукаваў у 1953 годзе ў Аршанскай раённай газеце, а ў 1960 годзе выйшаў яго першы паэтычны зборнік “Сонечны дождж”. У ім шмат святла і сонца, шчырасці і дабрыні, юнацкай усхваляванасці і болю аб незабыўным, перажытым. Потым былі зборнікі: “Лірычны вырай” (1965), “Дзень” (1968), “З вясны ў лета” (1972) і дзесяткі іншых. Лепшае з іх склала кнігу выбранай паэзіі “Вочы ў вочы” (1978), у якой паэт “вочы ў вочы” гаворыць з Радзімай і часам, з мінулым і сённяшнім днём, з роднай зямлёй і прыродай, з каханай і сябрамі. Адну з самых лірычных форм паэзіі – санет – паэт выкарыстаў для стварэння цыкла “Жанчына”. Тэмы адказнасці чалавека за будучае планеты, чысціні і прыгажосці чалавечых узаемаадносін знайшлі адлюстраванне ў гэтым вянку санетаў.

З’явай у беларускай паэзіі стала кніга Янкі Сіпакова “Веча славянскіх балад” (1973), адзначаная ў 1976 годзе Дзяржаўнай прэміяй Беларусі імя Янкі Купалы. Яе складаюць больш за пяцьдзесят балад, у якіх на гістарычных фактах і фальклорных крыніцах паэт узнаўляе радасныя і трагічныя моманты з гісторыі славянскіх народаў.

Цікавай падзеяй у літаратурным жыцці ХХ стагоддзя стала кніга прыпавесцяў Янкі Сіпакова “Тыя, што ідуць” (1993), першая такога плану ў беларускай літаратуры. Тры дзесяткі прыпавесцяў, аб’яднаныя ў ёй, – творы неабмежаваныя ў прасторы і часе. У іх ужываюцца, пераплятаюцца і ўзаемадзейнічаюць рэальнае і нерэальнае, жыццёвае і прывіднае. Аўтар разважаў аб жыцці і смерці, аб тым, што гора і радасць заўсёды побач, што там, дзе плачуць, там, зразумела, не смяюцца, а дзе смяюцца, там можна часам і паплакаць. Праз новыя арыгінальныя формы імкнуўся пісьменнік выказаць набалелае. Прытчы Сіпакова вызначаюцца не дыдактызмам і празмернай павучальнасцю, што звычайна ўласціва гэтаму жанру, а глыбокай філасофскай насычанасцю. Яны сімвалічныя па сваёй сутнасці.

Паводле СМІ.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Збіральнік скарбаў зямлі беларускай
Навука

Збіральнік скарбаў зямлі беларускай

14 верасня 2023, 22:5319
Гісторыя Магілёшчыны Магілёў. Замкавая гара, або "Магіла Льва"
Навука

Гісторыя Магілёшчыны Магілёў. Замкавая гара, або "Магіла Льва"

29 чэрвеня 2021, 22:4716
З новым годам!
Грамадства

З новым годам!

1 студзеня 2020, 08:0516
Вучні 11-й лідскай школы аб захаванні гістарычнай памяці
Грамадства

Вучні 11-й лідскай школы аб захаванні гістарычнай памяці

17 мая 2022, 20:4215
Далучайцеся да нас