• Навіны
  • Грамадства
  • Мова
  • ТБМ
  • Культура
  • Навука
  • Выданні
  • Спорт
  • У свеце
  • Відэаслова
Наша Слова штодзень
  • 26 мая 2022
  • Пра нас
  • Кантакты
  • Рэкламадаўцу
Наша Слова штодзень
  • Навіны
  • Грамадства
  • Мова
  • ТБМ
  • Культура
  • Навука
  • Выданні
  • Спорт
  • У свеце
  • Відэаслова
Share
You are reading
Летапісец яўрэйскага мястэчка Шчадрын

Летапісец яўрэйскага мястэчка Шчадрын

5 снежня 2018, 20:46 Грамадства 55
Летапісец яўрэйскага мястэчка Шчадрын

27 лістапада споўнілася 125 гадоў з дня нараджэння вядомага яўрэйскага савецкага пісьменніка, ураджэнца Жлобіншчыны Майсея Шапшалевіча ЛЯХАВІЦКАГА (1893-1991).

Яўрэі жылі на Жлобіншчыне здаўна. Але ў масавым парадку сяліцца тут яны пачалі ў XIX стагоддзі, калі ў Расійскай імперыі была ўзаконена так званая мяжа яўрэйскай аседласці, за якой апошнія не мелі права сяліцца. У выніку яўрэйскія кагалы складалі значны працэнт насельніцтва Жлобіна, Карпілаўкі, Стрэшына, іншых мясцовых населеных пунктаў. А што тычыцца мястэчка Шчадрын, дзе і нарадзіўся М. Ляхавіцкі, дык яно, наогул, было чыста яўрэйскім.

 

Будучы пісьменнік з юнацтва прагнуў ведаў. Таму ён з’ехаў з родных мясцін у Екацерынаслаў, на Украіну. Тут у 1917 годзе Майсей Ляхавіцкі экстэрнам вытрымаў курс гімназіі. Уцягнуўся ў палітыку, быў членам партыі “Паалей Цыён”, якая прытрымлівалася сацыял-дэмакратычных пазіцый.

У савецкі перыяд адышоў ад палітыкі. У 1921 годзе пераехаў у Маскву з мэтай атрымаць вышэйшую адукацыю. Стаў інжынерам-энергетыкам, абараніў кандыдацкую дысертацыю. Таксама зарэгістраваў шматлікія вынаходствы, за што нашага земляка ўзнагародзілі ордэнам Леніна.

Пісаць Майсей Ляхавіцкі пачаў пасля таго, як пайшоў на пенсію, у 78 гадоў. Пісаў на ідыш. Друкаваўся ў часопісе “Савеціш Геймланд”. Напісаў чатыры аповесці, збіраў фальклор. Але для нас найбольшую цікавасць ўяўляе яго летапіс пра малую радзіму – “Сто гадоў існавання яўрэйскага мястэчка Шчадрына”, упершыню надрукавана на ідыш у 1981 г. на старонках згаданага вышэй часопіса, потым – у рускамoўным яўрэйскім часопісе “Родник” (1993 г.).

Як сведчыць аўтар летапісу, яўрэі ў Шчадрыне з’явіліся не выпадкова. У адпаведнасці з “Положением о евреях” (1835 г.), у згаданай ужо намі паласе аседласці яўрэям было дазволена набываць зямлю для стварэння сельскагаспадарчых паселішчаў. Для перасяленцаў былі ўстаноўлены і пэўныя льготы. У прыватнасці, яўрэйскія сем’і, якія сталі земляробамі, вызваляліся ад пастаўкі рэкрутаў. Але яўрэі і на новым месцы засталіся верныя сабе. Праца на зямлі іх асабліва не цікавіла. І калі ў Расіі ў другой палове XIX стагоддзя адносна хуткімі тэмпамі пачалі развівацца капіталістычныя адносіны, яўрэі з мястэчка Шчадрын праявілі сябе як гандляры лесам. Акрамя гэтага, на мяжы XIX і XX стагоддзяў у Шчадрыне дзейнічала 71 крама, а таксама – аптэка і заезны дом.

Хутка расло і насельніцтва Шчадрына. Калі ў 1897 годзе тут пражывала 4022 чалавекі, дык ў 1909-м – ужо 5600 (Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў, ф. 1290, воп. 11, спр. 1294, арк. 393). Але хутка яўрэйская моладзь у масавым парадку пачала эміграваць у Амерыку. У выніку (па перапісу 1931 г.) у мястэчку засталося ўсяго нямногім болей за 2000 жыхароў. Тыя, хто застаўся дома, шчыра віталі савецкую ўладу. Яна ім дала роўныя грамадзянскія правы. У 1919 годзе тут адкрылася чатырохкласная школа, дзе заняткі вяліся на ідыш. Гэта была адна з першых падобных школ на Беларусі. А ў канцы 20-х гадоў у Шчадрыне адным з першых у Беларусі быў арганізаваны яўрэйскі калгас. Трагедыя здарылася ў гады нямецка-фашысцкай акупацыі. Аб гэтым Майсей Ляхавіцкі расказвае так: “У суседніх з Шчадрынам мястэчках фа-шысты хутка расправіліся з яўрэйскім насельніцтвам. Шчадрынцаў яны першыя часы не забівалі, вырашылі выкарыстаць іх працу для патрэбы сваёй арміі. Усіх яўрэяў перасялілі на адну маленькую вуліцу і прымусілі працаваць у наспех арганізаваных механічных майстэрнях. Прыгожых дзяўчат сагналі ў адзін з дамоў і адкрылі там публічны дом. Многіх шчадрынцаў забілі. Жыццё шчадрынскага гета доўжылася каля васьмі месяцаў. Восьмага сакавіка 1942 года фашысты вывелі застаўшыхся шчадрынцаў да могілак. Тут ужо быў выкапаны роў, у які заганялі людзей, расстрэльвалі і засыпалі зямлёй. Толькі некалькім шчадрынцам, якія паспелі збегчы ў лес і дабрацца да партызанаў, пашчасціла пазбегчы гэтай долі. Усё астатняе яўрэйскае насельніцтва мястэчка – каля 1500 чалавек, у асноўным жанчыны, старыя і дзеці, было знішчана ў той дзень. Так знікла з Зямлі яўрэйская земляробчая калонія Шчадрын”.

…Пахаваны пісьменнік у Маскве на Востракоўскіх  могілках.

Мікалай ШУКАНАЎ.

На здымку: помнік ахвярам генацыду ў Шчадрыне. Фота Мікалая СЕМЯНЦА.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Мова - тое, што нас яднае
Мова

Мова - тое, што нас яднае

2 сакавіка 2021, 21:3221
"Спеў аб Гаяваце" ў вёсцы Языль
У свеце

"Спеў аб Гаяваце" ў вёсцы Языль

11 мая 2022, 18:0720
Этнакрама "Цудоўня" адзначыла сямігоддзе
Культура

Этнакрама "Цудоўня" адзначыла сямігоддзе

26 красавіка 2022, 22:4720
Падзеі вакол ТБМ
ТБМ

Падзеі вакол ТБМ

13 кастрычніка 2021, 20:3019
Далучайцеся да нас