Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Асобы – гонар Случчыны. І не толькі

Асобы – гонар Случчыны. І не толькі

31 кастрычніка 2026, 07:42 Выданні 0
Асобы – гонар Случчыны. І не толькі

Сёлета ў верасні ў менскім выдавецтве “Каўчэг” выйшла з друку кніга “Сто асоб слуцкай мінуўшчыны”. У ёй аўтар, жыхар горада Слуцка Анатоль Жук, падаў штрыхі біяграфій неардынарных асоб, якія нараджэннем або жыццём і дзейнасцю звязаны са Случчынай. Фактычна атрымаўся грунтоўны зборнік гістарычна-біяграфічных даведак. У першую чаргу, пра ўраджэнцаў нашага краю, якія жылі і працавалі не толькі ў Беларусі, а і ў ЗША, Ізраілі, Польшчы, Расіі, Францыі, ва Узбекістане…

Таксама сярод ста особ – ураджэнцы мясцовасцяў, якія знаходзяцца цяпер у Літве, Польшчы, Расіі, Украіне. Некаторыя з іх вучыліся ў Слуцку і, атрымаўшы грунтоўныя веды, праславіліся далёка ад яго. Іншыя пакінулі сваю радзіму і жылі ў нашым краі, стваралі і прымнажалі матэрыяльныя і духоўна-культурныя здабыткі Случчыны, некаторым давялося бараніць яе ад варожага нашэсця.

Перад чытачом паўстае своеасаблівая галерэя партрэтаў слуцкіх князёў (Алелькавічаў і Радзівілаў), навукоўцаў і хлебаробаў, літаратараў і мастакоў, ваенных і дзяржаўных дзеячаў Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, Расійскай імперыі і Савецкага Саюза, Рэспублікі Беларусь. Сярод іх – кавалеры многіх (у тым ліку вышэйшых) ордэнаў Расійскай імперыі, Героі Савецкага Саюза і Героі Сацыялістычнай Працы.

Артыкулы кнігі размешчаны ў храналагічным парадку з улікам года нараджэння той ці іншай асобы. Такім чынам, можна прасачыць мінуўшчыну нашага краю, пачынаючы ад князя Аляксандра Уладзіміравіча (заснавальніка дынастыі князёў Алелькавічаў; нарадзіўся ў 1380 годзе), які не толькі валодаў Слуцкім княствам, але і не пазбягаў барацьбы за трон вялікага князя літоўскага, якая пачалася пасля смерці Вітаўта ў 1430 годзе.

Ад прапаршчыка да генерала ад артылерыі і генерал-ад’ютанта, ваеннага міністра Расійскай імперыі ў другой палове XIX стагоддзя – такі шлях прайшоў ураджэнец слуцкай вёскі Вясея Мікалай Сухазанет. Іосіф Равіч са Слуцка ў тыя ж часы стаў арганізатарам ветэрынарнай справы ў Расіі. Журналіст, пісьменнік Адам Плуг (1823-1903) са слуцкай вёскі Замосце працаваў у Варшаве галоўным рэдактарам “Вялікай усеагульнай ілюстраванай энцыклапедыі”, літаратурным кіраўніком часопіса “Вандроўнік”, уваходзіў у склад рэдкалегіі газеты “Варшаўскі веснік”. Яго творы ў многім “падрыхтавалі глебу для прозы польскага крытычнага рэалізму другой паловы XIX стагоддзя”. А Яакаў Кахан (нарадзіўся ў Слуцку) ужо ў XX стагоддзі двойчы ўганараваны дзяржаўнай прэміяй Ізраіля ў галіне літаратуры.

Акадэмік партрэтнага жывапісу Кандрат Карсалін, этнограф і фалькларыст Аляксандр Сержпутоўскі, дырыжор і кампазітар Уладзімір Тэраўскі, адзін з кіраўнікоў Слуцкага збройнага чыну Уладзімір Пракулевіч, вайскоўцы Героі Савецкага Саюза Аляксандр Уласавец і Фёдар Бруй, канструктар авіяцыйных і ракетных рухавікоў Герой Сацыялістычнай Працы Сямён Косберг, начальнікі касмадрома Байканур Канстанцін Герчык і Юрый Жукаў, першая ў Слуцкім раёне даярка-пяцітысячніца Герой Сацыялістычнай Працы Алена Хацько, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі прафесар-фізік Аляксандр Рубанаў, супрацоўнік міліцыі Уладзімір Барысавец, які нарадзіўся ў 1973 годзе і загінуў у 1999 годзе пры затрыманні ўзброеных злачынцаў… Імёны, якімі могуць ганарыцца не толькі цяперашняе, але і будучыя пакаленні случакоў. І не толькі случакоў. 

Да асоб, пра якіх расказвае кніга, па-рознаму ў розныя часы адносіліся афіцыйныя ўлады і грамадства: некага славілі, узнагароджвалі, іншых ганьбілі і каралі. Час неабвержна паказаў, што пра ўсіх мы маем права ведаць. Як піша Анатоль Жук у “Слове да чытача”, ён “знаходзіўся на своеасаблівым раздарожжы: было не проста вызначыцца, бо вартых увагі людзей у гісторыі нашага краю – мноства”. У канцы кнігі (у ёй 324 старонкі) аўтар прывёў пералік асноўных крыніц і літаратуры з 46 пазіцый, дзе можна атрымаць дадатковую інфармацыю па тэме на-званага выдання.

Кніга Анатоля Жука “Сто асоб слуцкай мінуўшчыны” паступіла ў менскі магазін “Акадэмкніга” (праспект Незалежнасці, 72), пра наяўнасць яе ў продажы вам скажуць па тэлефонах: 375 (17) 379-46-52; 375 (17) 379-50-43.

Мікола КУРЫЛЬЧЫК,

жыхар г. Слуцка.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Станіслаў Суднік. ЯЦВЯЖСКІЯ ЗАМАЛЁЎКІ
Гісторыя і краязнаўства

Станіслаў Суднік. ЯЦВЯЖСКІЯ ЗАМАЛЁЎКІ

28 кастрычніка 2026, 07:4625
Гісторыя Магілёшчыны Магілёў. Замкавая гара, або "Магіла Льва"
Навука

Гісторыя Магілёшчыны Магілёў. Замкавая гара, або "Магіла Льва"

29 чэрвеня 2021, 22:4719
Старабеларускі перыяд беларускай мовы
Мова

Старабеларускі перыяд беларускай мовы

4 верасня 2020, 08:3917
За што рэпрэсавалі мяккі знак?
Грамадства

За што рэпрэсавалі мяккі знак?

1 кастрычніка 2018, 15:2316
Далучайцеся да нас