Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Новае выданне. “Кроплі” паэта з Дзярэчына

Новае выданне. “Кроплі” паэта з Дзярэчына

5 кастрычніка 2026, 17:49 Выданні 0
Новае выданне. “Кроплі” паэта з Дзярэчына

У Менску выйшла з друку прыгожая кніга вершаў, вершадумак і сказаў “Кроплі” Генадзя Каўша з вёскі Дзярэчын Зэльвенскага раёна.

Генадзь ніколі не лез у вялікія паэты, але ў вольны ад працы час пісаў і піша вершы, філасофскія разважанні, сказы. Ён нарадзіўся ў вёсцы Александрыя каля Дзярэ-чына. Скончыў Дзярэчынскую сярэднюю школу і Гарадзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы. Пасля вучобы працаваў інжынерна-тэхнічным работнікам, настаўнікам фізікі, дырэктрам школы, займаўся прадпрымальніцкай дзейнасцю.

Напрыканцы 2019 года ў Дзярэчыне пачаў ства-рацца музей мястэчка Дзярэчын. Адказным за стварэння такога музея быў прызначаны Генадзь Коўш – метадыст па развіцці народнай творчасці цэнтра культуры і народнай творчасці. І вось на працягу ўжо сямі гадоў ён збірае розныя экспанаты для музея, афармляе пакоі – усё робіць, каб музей пашыраўся і ім зацікавіліся турысты. Ужо шмат зроблена, адкрыта некалькі пакояў, право-дзяцца экскурсіі.

Большасць экспанатаў, якія прадстаўлены ў Дзярэчынскім музеі, былі знойдзены на тэрыторыі Дзярэчына. Штосьці знайшоў асабіста Генадзь Коўш, нечым дапамагаюць мясцовыя жыхары. Першы музейны пакой змяшчае гістарычныя звесткі пра мястэчка пры асноўных яго ўладальніках. Напрыклад, 400 год таму Палубінскія паставілі тут кляштар і касцёл. Гучным рэхам адгукнуліся падзеі XVIII стагоддзя, калі знакаміты род Сапегаў пабудаваў у Дзярэчыне адну са сваіх рэзідэнцый. Ужо сёння ў музеі можна пабачыць калекцыю манет XVII – пачатку XX стагоддзя, ключоў XIX – пачатку XX стагоддзяў, падсвечнік XVIII стагоддзя, каваны крыж XVII стагоддзя – гэтыя і многія іншыя экспанаты захоўваюцца ў музеі ў Дзярэчыне. Асаблівай увагі заслугоўвае макет Дзярэчынскага палаца князёў Сапегаў, што быў адбудаваны ў 1786 годзе. Дарэчы, модуль выраблены майстрам Аляксандрам Ішчанкам.

Свае першыя літаратурныя і краязнаўчыя творы Генадзь Коўш пачаў друкаваць у зэльвенскай раённай газеце “Праца”, у часопісе “Роднае слова”, у іншых рэс-публіканскіх выданнях.

Першы зборнік вершаў “Кружныя шляхі” паэта пабачыў свет у 2005 годзе. Шмат паэтычных радкоў у ім прысвечаны роднаму Дзярэчыну:

З трывогай іду па Дзярэчыне –

Лёс яго моцна скалечаны…

З надзеяй іду па Дзярэчыне –

Ў сэрцах ён увекавечаны.

 

У 2007 годзе з друку выходзіць новы паэтычны зборнічак Генадзя Коўша “Разважанні літвіна”. У прадмове да выдання аўтар напісаў, што “мы павінны ўмець выбраць усё карыснае з таго, што нам прапануе час і своечасова прымяніць яго… Гэта тычыцца як усяго чалавецтва, так і аднаго асобнага чалавека”.

 

У 2008 і ў 2009 гадах з друку выходзяць два выданні “Высновы літвіна”. Кнігу склалі не вершы, а гістарычныя даследаванні-развагі пра беларусаў. Гэта эклектычны збор тэорый найноўшага часу пра ўзнікненне продкаў беларусаў. У кнігах аўтар не прыводзіць шэраг лагічных і паслядоўных доказаў, у іх можна толькі пазнаёміцца з тэорыямі ў спрошчаным выглядзе. Але яны вельмі цікавыя.

“Крокі ў тумане” – так называўся зборнік вершаў Генадзя Каўша, які выйшаў з друку ў Менску ў 2010 годзе, а праз год у Менску выдаецца мініяцюрная кніга аўтара “Сказы”. Вершы, якія склалі “Крокі ў тумане”, напоўненыя інтанацыяй і філасофскай афарыстычнасцю. Яны вызначаюцца зваротам да кардынальных з’яў часу, іх характэрны пафас пераўтварэння і мастацкая смеласць:

Туман – белая ноч.

У ёй зоркі – ліхтары.

Туман – гэта Ўсё.

Ліхтары – гэта мы.

 

У “Сказах” аўтар прапануе свае ўласныя развагі, думкі, высновы ў выглядзе сказаў. Напрыклад:

*Хто ў жыцці не адчуваў сапраўднага цяпла, таму і кароткая адліга – лета.

*Калі глядзець праз брудныя шыбы акна, знешні свет уяўляецца брудным.

 *І белае ставіць плямы.

*Прыбіраючы смецце, цяжка заставацца чыс-тым.

*На полі няўдачы ўдача – пустазелле.

*Цяпло таксама выжывае сярод холаду.

 

У новы зборнік Генадзя Каўша “Кроплі” ўвайшлі ўсе лепшыя творы, якія напісаў аўтар. Ён складаецца з трох частак: “Вершы”. “Вершадумкі”. “Сказы”. Да кожнай часткі аўтар напісаў прадмовы. Вершы – гэта крокі паэта па розных шляхах:

Па жыцці, як па полі,

Іду стомлены я.

Аддаляюцца мроі.

Ісці – доля мая.

 

Аўтар лічыць і разважае, што сэнс жыцця кожны тлумачыць па-свойму. Але Генадзь Коўш лічыць, што сэнс жыцця ў стварэнні думак:

Восень.

Глыбокая.

Сад.

Яблыкі, –

Познія

Дзеці

Яблыні.

Яны

Найдаражэйшыя

Для маці –

Яна іх

Усё калыша.

 

Што датычыць сказаў, то яны асацыіруюцца з крокамі. На думку аўтара, сказ – гэта зроблены нейкі крок, а створаны тэкст, – гэта пройдзены нейкі шлях:

 

***

 

Хто хоча быць каля агню,

Той не павінен плакаць

Ад дыму.

 

***

 

Перагарэлы ліхтар

Пакідае толькі светлыя

Ўспаміны.

 

***

 

Цень ніколі не ўбачыць сонца.

Цень вырастае ў ноч.

 

***

 

Чалавек сівее, лісце жаўцее,

Грыб чарнее…

У кожнага свой колер старасці.

 

Вось такі паэт, краязнавец, музейшчык і філосаф жыве на Зэльвеншчыне. У сваёй новай кнізе “Кроплі” ён па-свойму ў сваіх творах зрабіў нейкія жыццёвыя высновы, пераглядзеў уласныя адносіны да людзей, да наваколля і да жыцця наогул. І галоўнае, што напісана Генадзем Каўшом – цікава чытаецца, запамінаецца і сагравае душу чалавека.

Сяргей ЧЫГРЫН.

 

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Гісторыя беларускай мовы
Мова

Гісторыя беларускай мовы

31 жніўня 2020, 12:5716
Прэзентацыі "Новага замка" і "Ятранкі" на Дзятлаўшчыне
Культура

Прэзентацыі "Новага замка" і "Ятранкі" на Дзятлаўшчыне

18 мая 2021, 09:0515
Міжнародная выстаўка-кірмаш турыстычных паслуг "Адпачынак-2025"
Спорт

Міжнародная выстаўка-кірмаш турыстычных паслуг "Адпачынак-2025"

5 красавіка 2025, 06:3615
Паказ мод Miami Swim Week 2019 Art Hearts Art Yaers Fashion TV
Культура

Паказ мод Miami Swim Week 2019 Art Hearts Art Yaers Fashion TV

14 жніўня 2019, 15:2915
Далучайцеся да нас