Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Мікола КАНАНОВІЧ. Вершы адыходзячага лета

Мікола КАНАНОВІЧ. Вершы адыходзячага лета

5 кастрычніка 2026, 14:36 літаратура 0
Мікола КАНАНОВІЧ. Вершы адыходзячага лета

Ля магілы Трахіма

 

А.Т.

Мы стаялі з табой ля магілы Трахіма,

Такой незвычайнай, як не ў людзей:

Помнік у нечых нагах, а на ім крыж пахілы,

І маленькі грудок, як жыццё без надзей.

 

Дзед Трахім быў бунтар і ніякай уладзе –

Ні панам, ні фашыстам – не слугаваў,

І пры камуністах сабе ён не здрадзіў –

У калгасе ні дня не працаваў.

 

Вартаваў пры царкве, зарабляў хлеб у людзях,

Гаспадарку, як быў маладзейшы, трымаў.

З яго кошак, сабак падзівіліся людзі –

Ён прыблудных ніколі не праганяў.

 

Сям’і ўласнай не меў – уцякла жонка з сынам

У маладосці яшчэ – не ўжыла з дзіваком.

Ды заўсёды Трахім памагаў тым жанчынам,

Лёс заўчасна якіх абдзяліў мужыком.

 

Апошнім каханнем незамужняя Ганна

Была, да якой Трахім з песняй ішоў,

Памагаў ёй, чым мог, дзядзька доўга, старанна,

Але да жаніцьбы раман не прывёў.

 

Праімчалі гады, адняло жыццё сілы,

Сын старога Трахіма забраў да сябе.

Сын, напэўна, і аўтар гэтай дзіўнай магілы,

Такой куцай тут больш не ўбачыш нідзе.

 

Ты казаў, што паправіць магілу патрэбна,

Што збіраешся гэта хутка зрабіць.

Я маўчаў, бо бываю на могілках рэдка,

Мне б да пенсіі хоць дарабіць і дажыць.

 

Ад Трахіма застаўся грудочак маленькі.

Даўно хатаў няма тых, якія ён зжыў,

Як і Ганны-каханкі, адышоўшай на век, і,

Якой хату бульдозер у землю зарыў.

 

У нашым дзіўным, сучасным, лічбавым часе

Магілы паправіць яшчэ ёсць каму.

Памінальнай нядзеляй, як на папасе,

На могліцах мы вартавалі суму

 

І стаялі з табой ля магілы Трахіма,

Такой незвычайнай, як не ў людзей:

Помнік у нечых нагах, а на ім крыж пахілы,

І маленькі грудок, як жыццё без надзей.

Чэрвень 2026.                                                        Слонім.

 

Трава

 

Лета дажджлівае, хмурае, шэрае,

Чэрвень чарвіць.

Накрылася хусткай язмінавай белаю

Трава і ляжыць,

Чакае касца з бензінавым трымерам,

Што змешвае зелень і бель.

Вось толькі закусіць гарэлку ён ліверам

І пачне карусель.

 

А трава непатрэбная сочная, спелая

Расце і расце,

Вішань пялёсткам, язміну падлеглая

Бялее яшчэ.

Закурыць касец на падворку зарэсценым,

Выдыхне дым

І мовіць сабе з акцэнтам падкрэсленым:

“Вось гэта калым!”

Змяшае траву ён з язмінавай квеценню

Да чарнаты,

Няхай цяпер зноў свае ставяць адмеціны

Чэрці-краты.

Выб’е траву ён пад плотам, пад дрэвамі,

У садзе пакосіць старым,

Пакіне расці толькі кветкі ён цэлымі

І не зачэпіць ажын.

 

Касец за паўдня ўладкуе двор увесь.

Па чырвонцу за сотку – тарыф.

І сёння яго чакаюць яшчэ дзесь –

Адбою няма ад старых,

 

Бо трава на падворках расце і расце,

Непатрэбную трэба касіць,

А язмін ужо заўтра, відаць, адцвіце,

А старым тым яшчэ жыць і жыць.

16.06.2026.                                                               Пятралевічы.

 

***

 

Стрыечнаму брату Мікалаю Пішчукевічу

прысвячаецца.

Так рана, брат, табе

Адпрацавалася,

Адкахалася,

Адбылося,

Аджылося,

Што, здаецца мне,

Жыццё тваё

Згубілася

Капейкай у траве.

28.07.2026.                                                                           Слонім.

 

Басота і лета

 

Жнівень спякотай п’е асалоду.

Надвор’е на двор выганяе басоту

З задушных закуткаў схавацца ў цень,

Бо сонца тут смаліць не першы ўжо дзень,

Бо месяц да школы ці нейкай хабзы,

І трэба сабе адпусціць тармазы,

Бо надакучыла ў хаце валяцца,

Тым больш ісці ў горад без грошай бадзяцца.

Найлепш у цяньку ў тэлефоне сядзець,

Усё, што заўгодна, слухаць, глядзець.

Добра ў цяньку, дзе ніхто не гукае, не ўшчувае, не дакарае,

Дзе незаўважна правалішся ў сон,

Дзе пачатак жыцця падобны на скон.

01.08.2026.                                                                Пятралевічы.

 

Наша літаратура

 

Тонкія “Полымі”*,

Тоўстыя “Дзеясловы”**.

Мы ў нашай літаратуры

Да знікнення не гатовы.

Ды знік “Дзеяслоў”,

Патанчэла “Полымя”.

Вайна ізноў

Вядзецца за голавы

Нямногіх тых,

Хто чытае роднае,

Каго б’е пад дых

Эпоха бясплодная.

Шмат было ў нас эпох такіх –

Выжылі, перажылі мы іх,

Хоць пры тым вылазілі

З душы і скуры,

Гатовымі знікнуць не былі

Мы ў нашай літаратуры.

 

*”Полымя” – беларускі дзяржаўны літаратурны часопіс.

**”Дзеяслоў” – беларускі прыватны літаратурны часопіс.

02.08.2026.                                                               Пятралевічы.

 

Востраўская цішыня

 

Жнівень. Вострава. Ранак.

Ранак. Вострава. Жнівень.

Папіў чай на сняданак.

Быў учора тут лівень,

 

Бліскала і грымела,

Наламала, парвала,

А пасля зноў нясмела

Цішыня ў вёсцы стала.

 

Ляжыць ціха галіна

Адламаная ў садзе.

У тумане нізіна,

Як твой сум у паглядзе.

 

Бо старое збылося

Тут жыццё ўжо падаўна,

Маладое ж звялося,

Падалося ў свет спраўна.

 

Ніхто не чакае

Мяне ў старой хаце.

Была хата жывая

Як жыла ў ёй маці,

 

Галасы ў ёй гучалі

Дзяцей часта і ўнукаў,

А як пахавалі –

Не стала ў ёй гукаў.

 

Я такой цішынёю

Не хацей наталіцца.

Куды лепей з раднёю

За сталом прытуліцца.

 

Цяпер тут я адзін

Гэты верш свой складаю

І касой на падворку

Цішыню праганяю.

08.08.2026.                                                                     Вострава.

 

Беларускае маўчанне

 

Мы жывем у журботнай самоце,

Хоць бывае нас двое і больш,

Ды чым больш, тым ніжэй адзіноце

Нахіляем мы свой макентош.

 

Пагубіліся ў безданях часу

Сябры блізкія і сваякі,

А сустрэнь – не пазнаеш адразу,

Чалавек стаў, як быццам другі.

 

Ды і тыя, хто побач не вельмі

Каб спрыяльна глядзелі ў твой бок.

Берагуць мо здароўе і нервы –

Не дай бог што сказаць незнарок.

 

Гэты час наш як эра маўчання,

Дзе найболей жывы мо Фэйсбук.

Беларускае выратаванне

Ў чаканні яшчэ большых мук.

 

То маўчым у тэлефонах і побач,

У журботнай самоце жывем,

Адзіноту хаваем і горыч

Да якіхсьці яшчэ перамен.

09.08.2026.                                                                      Вострава.

 

 

***

 

Хто на клунках, хто на чамаданах,

Так заўжды, чакаючы, сядзім,

Нехта дома, хтосьці на вакзалах,

І ў гадзіннік соты раз глядзім.

 

Ды наш транспарт хутка не прыходзіць,

А як прыйдзе, то ўжо павязе

Каго ў бок, дзе сонейка ўзыходзіць,

А кагось на захад панясе.

 

Вечна развітанні, раздарожжы…

І звініць, як адзінота, даль.

Сумна, ці вусцішна, ці трывожна –

Цісні газ, кіроўца, паганяй!

14.08.2026.                                                                      Вострава.

 

 

Ураджай

 

Вецер ганяе лісты па надворку,

Вішанькі з вішань зрывае.

Жнівень забраўся на жніўную горку

І ўраджаем здзіўляе.

 

Яблыкаў процьма, груш у гародзе,

Галіны іх не трымаюць,

Ломяцца нават пры добрай пагодзе,

А на ветры ўраджай прызямляюць.

Але ні з дрэваў плады, ні з зямелькі

Не зрываюць, не падымаюць

Людзі за тыя нават капейкі,

За якія ўраджай іх прымаюць.

 

У вёсцы сялян засталося ўжо вобмель.

Адздавалі, адпрацавалі.

Гасне жыцця нязыркі іх промень,

Як святло на бязлюдным вакзале.

 

А вецер ганяе лісты па надворку,

Апошнія вішні зрывае.

Жнівень забраўся на жніўную горку

І ўраджаем здзіўляе.

11.08.2026.                                                                     Вострава.

 

 

***

 

Трава сцюдзёнаю расой

За тыдзень прагна наталілася

Ды зноў зялёнаю красой

Мне пад касою нахілілася.

 

І кроплі буйныя расы,

Як слёзы, ніц на землю падалі,

Ў касца ж макрэлі валасы

Ды з твару пот каціўся градамі.

 

З вясны да восені касьба

Травы ўжо болей непатрэбнае

Даецца ў знакі, як хацьба

Камбайнам тым на поле хлебнае.

 

Калісьці з бацькам жаў авёс

Якраз у гэту пору жніўную,

І “Ніва” з чатырох калёс

Збірала ў бункер зерне дзіўнае,

 

Якое еў калгасны конь

Улетку, восенню, зімою

І быў гарачы, як агонь,

Пакуль… не стаўся каўбасою.

 

Канюшня тая і калгас,

Як маці з бацькам – у мінулым.

І я кароў сваіх адпас

Ды ўсё хаджу касцом панурым.

 

І па надварку і вакол,

На вуліцы, за роднай хатай

Я трымерам турбую дол,

Змагаюся з травой зацята.

 

А непатрэбная трава

Расла, расце і расці будзе,

Калі й мая ўжо галава

І пра траву, й пра ўсё забудзе.

13.08.2026.                                                                     Вострава.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Гісторыя беларускай мовы
Мова

Гісторыя беларускай мовы

31 жніўня 2020, 12:5716
Прэзентацыі "Новага замка" і "Ятранкі" на Дзятлаўшчыне
Культура

Прэзентацыі "Новага замка" і "Ятранкі" на Дзятлаўшчыне

18 мая 2021, 09:0515
Міжнародная выстаўка-кірмаш турыстычных паслуг "Адпачынак-2025"
Спорт

Міжнародная выстаўка-кірмаш турыстычных паслуг "Адпачынак-2025"

5 красавіка 2025, 06:3615
Паказ мод Miami Swim Week 2019 Art Hearts Art Yaers Fashion TV
Культура

Паказ мод Miami Swim Week 2019 Art Hearts Art Yaers Fashion TV

14 жніўня 2019, 15:2915
Далучайцеся да нас