Роўна год назад, у першыя выхадныя верасня, Ліда прымала ў сябе Дзень беларускай пісьменнасці. Сёлета галоўнай літаратурнай сталіцай сталі Касцюковічы. Сюды з’ехаліся паэты, пісьменнікі, выдаўцы і, вядома ж, чытачы з розных куткоў Беларусі.
Галоўнымі тэмамі свята сталі Год беларускай жанчыны, 85-я ўгодкі пачатку Вялікай Айчыннай вайны, юбілеі беларускіх класікаў літаратуры і пяцігодка якасці. Дарэчы, гэтыя тэмы былі абыграны не толькі ў паэтычнай і музычнай формах, але і ў гастранамічнай, турыстычнай і нават архітэктурнай.




Касцюковічы – невялікі горад у Магілёўскай вобласці, але літаратурнай сталіцай сёлета ён стаў не выпадкова. Касцюковіцкая зямля падарыла нацыянальнай літаратуры цэлую плеяду яркіх імёнаў. Тут нарадзіліся Аркадзь Куляшоў, Іван Чыгрынаў, Васіль Хомчанка, Аляксей Русецкі, Алесь Пісьмянкоў і іншыя вядомыя пісьменнікі. Гэта літаратурная спадчына стала асновай для насычанай праграмы.

У праграме імпрэз – традыцыйныя для свята падзеі: узнагароджанне пераможцаў конкурсу на лепшыя літаратурныя творы года, навукова-практычная канферэнцыя, прэзентацыі новых кніжных выданняў, творчыя сустрэчы з беларускімі і замежнымі літаратарамі, журналістамі і выдаўцамі, а таксама выступы паэтаў, пісьменнікаў і музычных калектываў.
Галоўным візуальным акцэнтам свята стала адкрыццё скульптурнай кампазіцыі “Алесь і Алеся”, натхнёнай несмяротным вершам Аркадзя Куляшова “Бывай, абуджаная сэрцам, дарагая”.


Скульптуру паставілі непасрэдна на тэрыторыі, дзе праходзяць святочныя мерапрыемствы. Падчас урачыстага адкрыцця з кампазіцыі знялі покрыва і ўпершыню паказалі яе наведвальнікам.

Прэзідэнт Беларусі накіраваў віншаванне ўдзельнікам свята:
“Удзельнікам і гасцям Дня беларускага пісьмен-ства
Паважаныя сябры!
Шчыра віншую вас з Днём беларускага пісьменства – традыцыйным восеньскім святам самабытнай нацыянальнай культуры і яе багатай духоўнай спадчыны.
Такія сустрэчы майстроў, друкароў і аматараў мастацкага слова з’яўляюцца нязменнай крыніцай мудрасці продкаў, жывога дыялогу паміж людзьмі і сродкам фарміравання ў грамадстве агульначалавечых каштоўнасцей.
Сёлета гасцей прымае паэтычная Касцюкоўшчына – край шумлівых бароў і старажытных храмаў, радзіма выбітных беларускіх класікаў Аркадзя Куля-шова і Iвана Чыгрынава.
Упэўнены, што менавіта на гэтай зямлі кожны зможа дакрануцца да сапраўдных літаратурных скарбаў нашага народа, пачуць гучанне роднай мовы, адкрыць для сябе новыя імёны і творы сучасных беларускіх і замежных аўтараў.
Жадаю ўсім моцнага здароўя, цікавых сустрэч, невычэрпнага творчага натхнення і дабрабыту.
Аляксандр Лукашэнка”.
А ў 2027 годзе Дзень беларускага пісьменства пройдзе ў Маладзечна. Пра гэта стала вядома падчас гала-канцэрту XXXIII Дня беларускага пісьменства ў Касцюковічах.
5 верасня на галоўнай сцэне свята прайшла ўрачыстая цырымонія перадачы вымпела сталіцы Дня беларускага пісьменства. Яго перадавала старшыня Касцюковіцкага райвыканкама Наталля Асмалоўская старшыні Маладзечанскага раённага выканаўчага камітэта Паўлу Губко.
Наталля Асмалоўская падзякавала кіраўніцтву краіны за права прымаць у сябе Дзень беларускага пісьменства.
– Гэтае свята для нас не проста дата ў календары, а сапраўдны знак любові да роднага слова. Мы рады сустракаць яго, – сказала яна. – Дарагія сябры, дзякуй вам, што знайшлі час падзяліць з намі гэтак свята. І я ўпэўнена, што ў вас застануцца толькі добрыя ўражанні. І сёння мы з задавальненнем перадаём іншаму рэгіёну эстафету Дня беларускага пісьменства.
Павел Губко прыняў вымпел пад апладысменты гледачоў і ад імя ўсіх жыхароў Маладзечанскага раёна падзякаваў за магчымасць прымаць у наступным годзе такое вялікае і важнае свята.
– Маладзечанская зямля была і застаецца адным з цэнтраў культурнага жыцця Меншчыны. У нас нарадзіўся Янка Купала, жылі і дзеялі Якуб Колас, Максім Багдановіч і іншыя прадстаўнікі беларускай культуры. Маладзечна ганарыцца сваім багатым культурным жыццём… Я перакананы, што сённяшні дзень дасць імпульс для новых ідэй і праектаў. Запрашаю ўсіх прыняць удзел ва ўсіх мерапрыемствах, якія пройдуць у наступным годзе ў нашым горадзе, каб разам напісаць новую старонку ў гісторыі Дня беларускага пісьменства.



Працягнуўся святочны вечар вялікай творчай праграмай. А завершыўся дзень у Касцюковічах яркім феерверкам.
Паводле СМІ.

