Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Не згубіце святло Духа Святога

Не згубіце святло Духа Святога

3 верасня 2026, 15:05 Грамадства 0
Не згубіце святло Духа Святога

21 – 22 жніўня ў Браславе прайшлі штогадовыя ўрачыстасці ў гонар Маці Божай Валадаркі Азёраў. Сёлетні духоўны фэст праходзіў пад дэвізам “Трываць з Марыяй – Славіць Бога – Будаваць Супакой”. Каб даверыць Маці Божай свае малітвы і надзеі, у старажытным горадзе на беразе азёр сабраліся вернікі з усіх куткоў Беларусі.

Санктуарый у Браславе – асаблівае месца для кожнага верніка Віцебскай дыяцэзіі. Менавіта тут, у галоўным алтары, знаходзіцца цудатворны абраз Маці Божай Браслаўскай. Паводле падання, гэты абраз з’явіўся на востраве Ліпіна возера Неспіш яшчэ ў XV стагоддзі. Праз яго заступніцтва вернікі атрымліваюць суцяшэнне і дапамогу. У 2009 годзе абраз быў урачыста каранаваны папскімі каронамі. Сам жа касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі, помнік архітэктуры неараманскага стылю, пабудаваны ў 1824 годзе і перабудаваны ў канцы XIX стагоддзя, стаў санктуарыем у 1999 годзе, а ў 2024 – малой базылікай, адной з чатырох у Беларусі.

Таму ўжо з раніцы 21 жніўня тэрыторыя касцёла напоўнілася асаблівым прадчуваннем свята. Перш за ўсё тут чакалі пілігрымаў. Як паведамілі арганізатары, іх ў гэтым годзе ў Браславе сабралася больш за 180 з розных дыяцэзій і парафій.

Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч падзякаваў пілігрымам за тое, што яны пераадолелі шмат кіламетраў у імя веры. Сярод тых, хто прыйшоў пешшу, былі 125 чалавек з Глыбокага і 15 чалавек з Удзела. 30 пілігрымаў прыехалі са Смаргоні і Ліды. Былі і тыя, хто прыехаў на ровары – група пілігрымаў з Мёраў (12 чалавек) і Гудагая (1 чалавек). Іерарх асабліва ўзгадаў пілігрыма з Гудагая, які праехаў на ровары ажно 200 кіламетраў, каб пакланіцца Маці Божай.

Першым пунктам святочнай праграмы для ўсіх прысутных быў арганны канцэрт пад кіраўніцтвам дацэнта Уладзіміра Васільевіча Неўдаха, які традыцыйна штогод амаль што за тыдзень перад урачыстасцю прыязджае з Менска ў Браслаў, каб зладзіць летнюю школу касцельнага спеву. Музычнае прывітанне пад небам каля старажытнага касцёла стварыла настрой для галоўнай падзеі гэтага дня – урачыстай святой Імшы, якая распачалася ў 19.00.

Гэтая Эўхарыстыя стала асаблівай: падчас яе 70 кандыдатаў з розных парафій Віцебскай дыяцэзіі прынялі сакрамант канфірмацыі. Імшу ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. На набажэнстве прысутнічалі Генеральны вікарый Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі і Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек.

Цэнтральнай кропкай Імшы стала гамілія біскупа Алега Буткевіча, якую ён прысвяціў дзеянню Духа Святога і Яго дарам.

 Іерарх пачаў з таго, што канфірмацыя – гэта не кропка, з якой скончыўся нейкі перыяд падобна навучанню ў школе. Святар прыгадаў, што не аднойчы чуў, як учарашнія кандыдаты пасля прыняцця сакраманту канфірмацыі казалі: “Ну ўсё, сакрамант прыняў, можна далей спакойна жыць”. Аднак Святое Пісанне паказвае нам, што з прыняццем Духа Святога чалавек толькі распа-чынае сваё сапраўднае сталае хрысціянскае жыццё.

У сваіх разважаннях біскуп звярнуўся да евангельскіх падзей. Ён нагадаў, як Езус Хрыстус пасля ўваскрасення з’явіўся апосталам са словамі “Прыміце Духа Святога!”, перадаўшы ім ўладу прабачэння грахоў.

– Мы просім аб гэтым кожны раз, калі звяртаемся да Бога з малітвай “Ойча наш…”, – заўважыў іерарх, нагадаўшы, што прабачэнне бліжняга – гэта ўмова і для ўласнага прабачэння.

Асобна біскуп спыніўся на сямі дарах Духа Святога: мудрасці, розуме, радзе, мужнасці, умеласці, пабожнасці і боязі Божай. “Боязь Божая – гэта не страх, які ёсць прыкметай граху, а павага перад Богам і прызнанне Яго аўтарытэту ў сваім жыцці”, – патлумачыў пастыр. Ён заклікаў прысутных не проста атрымаць гэты дар, але дазволіць яму прарасці, як зерню ў глебе.

– Нам варта адкрыць сваё сэрца для дзеяння гэтай ласкі, гэтых дароў, – прамовіў іерарх.

 

Духоўная праграма першага дня урачыстасцяў прадоўжылася набажэнствамі да глыбокай ночы. Пасля набажэнства Акафіста, які выканалі святары і вернікі Грэка-каталіцкай Царквы, удзельнікі ўрачыстасцяў прайшлі Крыжовым шляхам, а пасля поўначы, ужо 22 жніўня, яны зноў сустрэліся на начной Імшы і па неасветленых вуліцах Браслава з паходнямі ў руках удзельнічалі у працэсіі з копіяй цудатворнага абраза Валадаркі Азёраў.

 

Удзень у суботу 22 жніўня, калі ў літургіі Касцёла адзначаецца ўспамін Найсвяцейшай Панны Марыі Каралевы, у дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Валадаркі Азёраў у Браславе прайшло святкаванне другога дня ўрачыстасцей, прысвечаных ушанаванню Марыі ў Яе цудадзейным абразе.

Бліжэй да поўдня распачалася цэнтральная падзея святкавання – урачыстая святая Імша, цэлебраваная на палявым алтары-караблі, дзе сваё пачэснае месца заняла копія цудадзейнага абраза Маці Божай Браслаўскай. Трансляцыю літургіі вёў тэлеканал “Беларусь 3” і “Радыё Марыя Беларусь”.

Эўхарыстыю ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Яе адметнасцю стала прысутнасць на ёй прадстаўніка Папы Льва XVI у Беларусі Апостальскага нунцыя Ін’яцыё Чэфалія. Сярод іерархаў, якія прыбылі ў Браслаў, былі Генеральны вікарый Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі і Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек. Канцэлебравалі Імшу некалькі дзясяткаў святароў. Асобна вылучаліся ў сваім адмысловым адзенні канонікі Віцебскага катэдральнага капітула. Прысутнасць семінарыстаў, дыяканаў, манаскіх асоб і шматлікіх па мерках нестабільнага надвор’я вернікаў стварала малітоўную супольнасць, якая праз заступніцтва Марыі аддае пашану Богу. На ўрачыстасці прысутнічалі таксама прадстаўнікі мясцовай улады – старшыня Браслаўскага райвыканкама Алена Міхайлаўна Бабінская і старшыня Савета дэпутатаў Ніна Антонаўна Кучынская.

 На пачатку Імшы біскуп Буткевіч прывітаў усіх прысутных, асабліва вылучыўшы прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі. Ён узгадаў акалічнасць сёлетняга святкавання 35-годдзя адраджэння касцельных структур у Беларусі і абвясціў, што складае эўхарыстычную ахвяру ва ўсіх інтэнцыях удзельнікаў урачыстасці Маці Божай у Браславе.

Сваю гамілію пастыр распачаў ад радкоў, якія сёння ведае кожны жыхар Прыдзвіння, – афіцыйнага гімна браслаўскага санктуарыя:

“Валадарка азёраў блакітных,

Прад Табой на каленях стаім

І з пакорай узносім малітву:

Паяднай, Маці, з Сынам сваім!”

 

Гэты спеў, створаны напрыканцы XX стагоддзя ў працэсе адраджэння пашаны да цудатворнага абраза Браслава, стаў не проста літургічным тэкстам, а сапраўднай душой гэтага святога месца. Тэкст гімна спалучае пяшчотную прыгажосць блакітных браслаўскіх азёр і глыбокі хрысціянскі сэнс пакоры і малітвы аб яднанні з Богам. Дзякуючы гэтым рысам спеў па праву лічыцца духоўным сімвалам для ўсіх вернікаў Віцебскай дыяцэзіі.

 

Пасля гэтага ўзнёслага і хвалюючага моманту да прысутных звярнуўся Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Ін’яцыё Чэфалія. Ён падзякаваў вернікам за іх шматлікую прысутнасць на галоўнай святой Імшы ў санктуарыі і зазначыў, што Марыя “заклікае нас не паддавацца страхам цяперашняга часу, няпэўнасцям, што ахопліваюць свет, ранам, якія пазначаюць нашыя сем’і і нашае грамадства”. “Не бойся! Не бойся верыць, не бойся спадзявацца, не бойся сведчыць пра Хрыста ў што-дзённым жыцці!” – заклікаў іерарх.

Адносячыся да біблійнай падзеі Адведзінаў Паннай Марыяй святой Альжбеты, прамоўца назваў яе “жэстам, які падкрэслівае місіянерскую прыроду веры”, і заклікаў прысутных да “евангельскага дынамізму” – “быць Касцёлам, які крочыць разам, які ўважліва слухае, суправаджае з міласэрнасцю, служыць са шчодрасцю, які (…) адкрываецца для патрэбаў Божага народа”. Прадстаўнік Святога Айца заахвоціў удзельнікаў святкавання “берагчы прыгажосць вашай хрысціянскай традыцыі, багатай вернасцю, трываласцю і яскравымі сведчаннямі”, але разам з тым клапаціцца “пра тое, каб вашая вера не заставалася толькі звычаем ці толькі спадчынай традыцыі, але каб стала жыццём”.

– Беларусь мае патрэбу ў такіх хрысціянах, якія не абмяжоўваюцца толькі назіраннем, але са шчодрасцю прысвячаюць сябе агульнаму дабру, годнасці кожнага чалавека і міру, аб якім мы ўсе молімся,- падкрэсліў ён.

 Нунцый пераказаў прывітанне Папы Льва XIV і яго апостальскае дабраслаўленне і дадаў: “Папа блізкі да вас, падтрымлівае вас і моліцца за Касцёл у Беларусі, каб ён і надалей быў знакам надзеі, еднасці і супакою”.

 

Напрыканцы з пастырскім словам да прысутных звярнуўся біскуп Алег Буткевіч. Іерарх адзначыў, што, нягледзячы на несуцяшальныя прагнозы, удзельнікаў свята не заліло дажджом, а тое, што не паказалася сонца, ён назваў “урокам пакоры і ўдзячнасці” Нябеснага Айца. Словы падзякі, між іншым, пастыр скіраваў да айцоў сальватарыянаў, якія апякуюцца санктуарыем у Браславе, і браслаўскім парафіянам, якія гасцінна прымалі пілігрымаў у сваіх дамах. Запрашаючы на наступны Браслаўскі фэст, ён назваў дату яго правядзення – 20-21 жніўня 2027 года.

Апошняй часткай урачыстай святой Імшы было пантыфікальнае дабраслаўленне, якое ўдзяліў прадстаўнік Папы Льва XIV арцыбіскуп Ін’яцыё Чэфалія.

Тэкст: Жанна Мецяж, кс. Павел Эйсмант.

Фота: Ірына Гайдамовіч / Catholic.by.

 

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Сустракаем лета з кнігай, або  Дзень абароны дзяцей у бібліятэках Лідчыны
Культура

Сустракаем лета з кнігай, або Дзень абароны дзяцей у бібліятэках Лідчыны

15 чэрвеня 2021, 19:5716
Навіны Германіі. Рэкордны бюджэт ЕКА - немцы хутка на Месяцы?
У свеце

Навіны Германіі. Рэкордны бюджэт ЕКА - немцы хутка на Месяцы?

5 снежня 2025, 21:4615
"Згадкі з беларускай хаткі"
Культура

"Згадкі з беларускай хаткі"

24 красавіка 2024, 13:0215
Станіслаў Суднік.  ЯЦВЯЖСКІЯ  ЗАМАЛЁЎКІ
Гісторыя і краязнаўства

Станіслаў Суднік. ЯЦВЯЖСКІЯ ЗАМАЛЁЎКІ

3 верасня 2026, 06:0915
Далучайцеся да нас