15 траўня на базе Дзітвянскага Дома культуры прайшоў абласны фестываль-свята побытавых танцаў “Танцуем па-даўнейшаму”.
Вось ужо ў 8-ы раз пляцоўка клуба ў ам. Дзітва ператвараецца ў вялікае танцавальнае кола. Сёлета тут зноў сабралі тых, хто памятае, хто любіць і хто танчыць па-даўнейшаму.
Фестываль “Танцуем па-даўнейшаму” – гэта не проста марафон танцаў. Гэта спаборніцтва сапраўдных майстроў народнага рытму. І ў гэтым годзе канкурэнцыя – як ніколі!
Урачысты момант – адкрылі фестываль-свята:
Наталля Міхайлаўна Вайцюкевіч, начальнік аддзела культуры Лідскага райвыканкама;
Наталля Іосіфаўна Рамановіч, намеснік дырэктара Гарадзенскага АМЦНТ.



– Сёння тут усё па-сапраўднаму. Без фальшы. Без глянцу. Толькі шчырасць і рытм. Фестываль “Танцуем па-даўнейшаму” аб’яўляецца адкрытым! А гэта значыць: сёння Дзітва танцавальная сталіца вобласці. І кожны, хто тут, – ужо частка гісторыі! – адзначыла Наталля Іосіфаўна.
Рэкорд! У гэтым годзе арганізатары атрымалі 95 заявак ад танцораў усіх узроставых катэгорый. Ніколі яшчэ столькі сэрцаў не хацелі выбіваць адзін рытм!
Катэгорый шмат: ад дзіцячых дуэтаў да дарослых ансамбляў. Бо узрост – не перашкода: самым юным удзельнікам – 5 гадоў! А самаму старэйшаму танцору – 75 гадоў. Вось што значыць – пакаленні разам!
Танцы, якія сёння гучаць як музыка: “Лявоніха”, “Кракавяк”, “Кацярынка”, “Ойра”, “Падыспань”, полька, вальс… Але галоўная жамчужына фестывалю – КАДРЫЛЬ.






Прафесійнае журы ацэньвала:
тэхніку выканання,
аўтэнтычнасць касцюмаў,
артыстызм і падачу.
І ўзнагароды знайшлі пераможцаў.

Галоўнай падзеяй святочнай праграмы сталі майстар-клас і яркі флэшмоб “Танцуем разам”, якія правёў Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь – народны фальклорны гурт “Жывіца” Квасоўскага цэнтра культуры і развіцця народнай творчасці.

На абласным фестывалі- свяце побытавых танцаў “Танцуем па-даўнейшаму” акрамя захавання танцавальнага фальклору, арганізатары турбуюцца аб папулярызацыі традыцыйных мастацкіх рамёстваў.
А паказаць ёсць што. Сярод клубных устаноў Гарадзеншчыны годна прадстаўлены аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры дзяржаўнай установы “Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”.
На выстаўцы гарманічна спалучаюцца этнаграфічныя і адноўленых вырабы сучасных майстроў. Элементы НКС прадстаўляюць народныя майстры Рэспублікі Беларусь:


Валянціна Сільвановіч – белаўзорыстыя ручнікі,
Дар’я Шафак – выцінанку і саломапляценне,
Марыя Шылкоўская – саломапляценне. Марыя валодае практыкай вязання шыдэлкам, з’яўляецца пераемнікам ведаў белаўзорыстага ткацтва.
Новы накірунак па адраджэнні рэгіянальнай вышыўкі гладдзю асвойвае майстар Алена Астравух.
ТК “Культура Лідчыны”.

