Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Калi песня збiрае сяброў – 2

Калi песня збiрае сяброў – 2

16 ліпеня 2026, 12:21 Культура 0
Калi песня збiрае сяброў – 2

У рамках XXV Нацыянальнага фэсту беларускай песні і паэзіі “Маладзечна” беларускія паэты прадставілі маладзечанскай публіцы свае новыя творы падчас паэтычна-музычнага мерапрыемства “Жыцце, i мары, i каханне…”, якое прайшло ў Палацы культуры Маладзечна.

Адкрываючы сустрэчу, старшыня Менскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхась Пазднякоў распавёў, што па дарозе на фэст дэлегацыя Саюза пісьменнікаў Беларусі заехала ў Купалаўскі мемарыяльны запаведнік “Вязынка”, каб ушанаваць памяць народнага паэта Беларусі Янкі Купалы.

Міхась Пазднякоў падкрэсліў, што класік беларускай літаратуры – багацце і слава народа, а таксама прыклад для кожнага, як служыць сваёй Радзіме, свайму народу, працаваць дзеля росквіту краіны.

– Каб над намі заўсёды было такое прыгожае, мірнае, сонечнае неба. Каб мы заўсёды сустракаліся і адчу-валі сябе сябрамі. І рабілі ўсё, каб і далей наша Беларусь паказвала ўсяму свету прыклад працавітасці, стваральнасці, прыязнасці, міралюбнасці, а гэта так і ёсць, – сказаў ён. – Мы, пісьменнікі, калі бываем за межамі сваёй краіны, адчуваем любоў да нашай Беларусі, нашага народа – незвычайную, высокую, магутную. І гэта ўсё дзякуючы, безумоўна, кіраўніцтву краіны, дзякуючы нашаму працавітаму, міралюбнаму народу, дзякуючы ў тым ліку гэтай цудоўнай сталіцы фэсту нацыянальнай песні і паэзіі.

Міхась Пазднякоў падзяліўся тым, што вельмі любіць Маладзечна. Успомніў, як шмат гадоў таму назад, калі быў прызначаны дырэктарам Літаратурнага музея Максіма Багдановіча, першую камандзіроўку здзейсніў менавіта ў гэты горад да выбітнага навукоўца і чалавека Генадзя Аляксандравіча Каханоўскага, які многа зрабіў па ўвекавечвані памяці Максіма Багдановіча.

Значэнне сучаснага літаратурнага працэсу складаецца ў тым, каб пераасэнсаваць каштоўнасці і давесці іх да чытачоў. Такім меркаваннем падзялілася маладая пісьменніца і студэнтка Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Паліна Корнева.

– Сучасны літаратурны працэс – гэта мы. І калі казаць пра актуальнасць беларускага слова, беларускай паэзіі, у прыватнасці, для сучаснага чалавека, то гэта, вядома ж, уменне выцягваць з глыбіні самае галоўнае, сутнасць, пераасэнсоўваць нашы каштоўнасці і даводзіць іх да чытачоў трохі ў іншым кантэксце, – сказала Паліна Корнева.

Таму што, заўважыла яна, сучасны літаратурны працэс адрозніваецца ад класічнай літаратуры.

Такія мерапрыемствы, як Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі “Маладзечна”, па яе словах, дае магчымасць падзяліцца з аўдыторыяй усім, што назапасілася ў творчым плане, і быць пачутым, даведацца, чым жывуць калегі, а таксама зразумець, што наогул адбываецца ў беларускай літаратуры.

Для гэтага ж нядаўна ў Менску праводзіўся і I Форум маладых літаратараў Беларусі, заўважыла Паліна Корнева.

– Моладзь піша, і трэба дапамагаць ёй выходзіць у свет. Для чаго, мне здаецца, такія мерапрыемствы і існуюць, – сказала яна.

Сама Паліна з горада Менска. Вучыцца ў Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце. Яна – будучы лекар-хірург. З’яўляецца чальцом Менскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Піша вершы і прозу. Аўтар дзвюх кніг прозы: “Я еду на хуткім цягніку” і “Запіскi юнай хірургіні”.

 

Уладальнікам Гран-пры Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні, які прайшоў у рамках XXV Нацыянальнага фэсту беларускай песні і паэзіі “Маладечна-2026”, стаў прадстаўнік Менскай вобласці Даніла Ус. Пераможцаў вызначылі па выніках трэцяга тура рэспубліканскага этапу конкурсу, які прайшоў 13 чэрвеня ў Палацы культуры Маладзечна.

Першым месцам уганараваны яшчэ адзін прадстаўнік Менскай вобласці Аляксей Буйда. Другое месца ў двух выканаўцаў – Ігара Мураўкіна (Менская вобласць) і Іллі Кубракова (Магілёўская вобласць). Трэцяе месца падзялілі таксама два вакалісты: Юлія Сумкіна (Менск) і Крысціна Жура (Гомельская вобласць).

– Мы рыхтаваліся, мы ішлі да гэтай перамогі больш за два гады. Больш за два гады руплівай працы. Кожны крок быў прадуманы, у першую чаргу, маім педагогам – Аленай Крывіцкай. Дзякуючы маім бацькам, майму педагогу, майму каледжу ўсё склалася, – падзяліўся Даніла Ус сваімі ўражаннямі адразу пасля абвяшчэння вынікаў.

Ён падкрэсліў, што выканальніцкая праца – гэта заўсёды творчы тандэм з педагогам.

– Я ішоў да гэтай перамогі, але не быў на 100% упэўнены. Але склалася менавіта так. Я задаволены сваім выступам. Хоць няма мяжы дасканаласці: мы будзем развівацца, – дадаў выканавец.

Даніла Ус не ў першы раз бярэ ўдзел у Нацыянальным конкурсе маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні. Летась ён удзельнічаў у адборачным туры, але не прайшоў. А ў 2026 годзе майстэрства ацанілі, і малады чалавек прайшоў адборачны тур.

– Мы з педагогам абралі шыкоўную праграму: песня “Птушкi” (рэквіем памяці В. Мулявіну) на музыку Зміцера Даўгалёва, словы Паліканінай, пераклад слоў на беларускую Людмілы Кебіч. Другая песня – “Мой лес – каханне дзiўнае” – майго педагога па фартэпіяне, кампазітара Ганны Казловай на вершы паэта-песенніка Кастуся Цыбульскага, – распавёў пераможца.

Адказваючы на пытанне, што значыць для яго музыка, Даніла Ус падкрэсліў, што “музыка – гэта нават не частка жыцця, гэта жыццё”. Ён дадаў, што чалавек, народжаны музыкам, будзе музыкам усё жыццё. Таму з музыкай і звязаў сваю прафесійную дзейнасць. Цяпер малады чалавек вучыцца на трэцім курсе Менскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў на аддзяленні “Мастацтва эстрады (спевы)”.

 

13 чэрвеня юбілейны XXV Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі “Маладечна-2026” завяршыўся ў Летнім амфітэатры канцэртнай праграмай “Прысвячэнне жанчыне” з удзелам артыстаў беларускай эстрады і вядомых калектываў краіны.

Канцэртная праграма прысвечана беларускай жанчыне, паколькі юбілейны фэст праходзіць у Год беларускай жанчыны.

– Мы паспрабуем разабрацца, якія якасці характарызуюць беларускую жанчыну. Будзем гаварыць пра вобраз Радзімы, вобраз роднай зямлі як жаночы вобраз. Будзем гаварыць пра жанчыну як аб’ект натхнення і аб’ект бясконцага кахання. Таксама пойдзе гаворка пра жанчыну як маці – самай галоўнай жаночай ролі. А ў фінале падагульнім і збяром партрэт сапраўднай беларускай жанчыны, – растлумачыла рэжысёр канцэрту Міёра Гвоздзева.

Канцэртная праграма, якая завяршала фэст, традыцыйна пачалася з узнагароджання пераможцаў Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні з уручэннем уладальніку Гран-пры адмысловага прыза імя Уладзіміра Мулявіна – крыштальнай гітары.

У канцэртнай праграме прагучаць песні беларускіх кампазітараў і аўтараў тэкстаў. Задзейнічаны артысты беларускай эстрады, харэаграфічныя і дзіцячыя калектывы.

Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі, як падкрэсліваюць арганізатары, – гэта ўнікальная магчымасць пазнаёміцца з багатай культурнай спадчынай Беларусі, яго новымі тэндэнцыямі і стаць часткай вялікага фестывальнага руху, які аб’ядноўвае сэрцы і душы, што любяць і берагуць беларускае слова і песню.

БелТА.

Фота Таццяны Матусевіч.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
100 гадоў з дня нараджэння мастака Леаніда Шчамялёва
Культура

100 гадоў з дня нараджэння мастака Леаніда Шчамялёва

17 лютага 2023, 15:4918
2 красавіка – Вербніца
Грамадства

2 красавіка – Вербніца

29 сакавіка 2023, 07:3217
ХХІ Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі
Культура

ХХІ Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі

28 чэрвеня 2022, 20:0815
ХХІV Нацыянальны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне
Культура

ХХІV Нацыянальны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне

19 чэрвеня 2025, 23:4514
Далучайцеся да нас