Мікола Іванавіч Ермаловіч (29 красавіка 1921, в. Малыя Навасёлкі на Койданаўшчыне, цяпер Дзяржынскі раён, Менская вобласць – 5 сакавіка 2000, Менск. Псеўданімы: Сымон Беларус, М. Ермолов, Я. Мікалаеў, Мікола Наваселец, М. Ярмолаў) – беларускі гісторык, публіцыст, крытык і літаратуразнавец. Заснавальнік новай беларускай рамантычнай гістарыяграфіі, аўтар і выдавец непадцэнзурных тэкстаў 1960-1980-х гадоў.

Скончыў Дзяржынскую сярэднюю школу (1938) і паступіў на беларускае аддзяленне літаратурнага факультэта Менскага педінстытута, дзе да пачатку Другой сусветнай вайны скончыў 3 курсы. З-за дрэннага зроку быў вызвалены ад службы ў арміі, эвакуяваўся і працаваў настаўнікам рускай мовы і літаратуры ў вёсцы Лабаскі Мардоўскай АССР. У канцы 1943 года вярнуўся ў Беларусь, працаваў інспектарам райана ў Суражы Віцебскай вобласці. У 1944-1946 гадах – завуч сярэдняй школы ў Дзяржынску Менскай вобласці. З 1946 года аднавіў вучобу ў педінстытуце, які скончыў у 1947 годзе. У 1947-1948 гадах вучыўся ў аспірантуры пры педінстытуце. У 1948-1955 гадах выкладаў беларускую літаратуру ў Маладзечанскім настаўніцкім інстытуце, а пасля яго закрыцця, у 1955-1957 гадах працаваў загадчыкам метадычнага кабінета Маладзечанскага абласнога інстытута ўдасканалення настаўнікаў. У канцы 1957 года выйшаў на пенсію з прычыны значнага пагаршэння зроку.
Жыў у Маладзечне, у апошнія гады – у Менску.
5 сакавіка 2000 года трагічна загінуў – амаль невідушчы 78-гадовы навуковец трапіў пад колы аўтамабіля ў Менску. Кіроўца ўцёк з месца здарэння.
Пахаваны ў Маладзечне на Старых могілках, побач з жонкай.
Актыўную літаратурную дзейнасць пачаў у 1948 годзе. Выступаў у друку з крытычнымі і літаратуразнаўчымі артыкуламі, гістарычнымі нарысамі. Друкаваўся ў маладзечанскай раённай газеце, альманаху “Нарач”, газетах “Звязда”, “Літаратура і мастацтва”, “Голас Радзімы”, часопісах “Полымя”, “Нёман”, “Маладосць”, навуковых зборніках.
З’яўляўся заснавальнікам новай беларускай рамантычнай гістарыяграфіі, якая супярэчыла афіцыйным савецкім канцэпцыям гісторыі Беларусі. У прыватнасці, ён даказваў, што Літва ніколі не заваёўвала Беларусь, а Вялікае Княства Літоўскае з’яўлялася беларускай дзяржавай. Гэтыя погляды былі выкладзены ў кнізе “Па слядах аднаго міфа” (1968).

Альтэрнатыўнае бачанне гісторыі Беларусі выклікала раздражненне ўлады Гістарычныя творы Ермаловіча ляжалі неапублікаванымі ў рэдакцыях часопісаў, нягледзячы на тое, што гэтыя працы былі вельмі папулярныя і ў вялікай колькасці пашыраліся самвыдатам. Напрыклад, кніга “Па слядах аднаго міфа” была афіцыйна выдадзена толькі ў 1989 годзе…
Паводле СМІ

