Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Тэксты 19-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі

Тэксты 19-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі

13 лютага 2026, 21:44 Мова 49
Тэксты 19-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі

Рагнеда

(ДАВЕДКА)

Рагнеда (каля 960 – каля 1000) – адна з найбольш значных жанчын у гісторыі Беларусі, князёўна Полацка, дачка князя Рагвалода, і жонка Уладзіміра Вялікага, князя кіеўскага.

Значэнне Рагнеды ў гісторыі Беларусі:

  1. Сімвал незалежнасці Полацка

– Рагнеда адмаўлялася выходзіць замуж за Уладзіміра, што прывяло да вайны і захопу Полацка. Паводле падання, яна выказала фразу: “Не хачу разуць рабыніча” (не хачу быць жонкай сына рабыні), што падкрэсліла княжацкі гонар Полацка.

  1. Маці зняверанай годнасці і помсты

– Пасля таго, як Уладзімір зруйнаваў Полацк і забіў яе бацьку і братоў, Рагнеда стала яго жонкай гвалтам. Пазней, згодна з “Аповесцю мінулых часоў”, яна паспрабавала забіць Уладзіміра, але ён выжыў.

  1. Заснавальніца дынастыі Полацкіх князёў

– Яе сын Ізяслаў стаў першым князем адноўленага Полацка, паклаўшы пачатак дынастыі Ізяславічаў, якая кіравала Полацкам да XIII стагоддзя.

  1. Культурны і рэлігійны ўплыў

– Па легендзе, Рагнеда прыняла хрысціянства пад імем Анастасія і заснавала манастыр каля Заслаўя.

  1. Сімвал жаночай сілы і трагедыі

– У беларускай літаратуры і культуры Рагнеда ўвасабляе смеласць, свабодалюбнасць і адданасць роднай зямлі. Яе постаць нагадвае пра барацьбу Полацка за незалежнасць ад Кіева і захавалася ў легендах як сімвал адважнай і нескаронай беларускай жанчыны.

 

Вяртанне на радзіму

(ТЭКСТ)

Неўзабаве пасля перамогі над палачанамі жорсткі Уладзімір забіў свайго суперніка Яраполка і зрабіўся кіеўскім князем. Рагнеду ён пасяліў у вёсачцы каля Кіева і доўгімі месяцамі не пераведваў ні яе, ні малога сына Ізяслава.

Рагнеда кожны дзень думала пра захопленую ворагамі родную зямлю. Яна ўспамінала, як гарэў Полацк, як плакалі жанчыны і дзеці, якіх гналі ў палон. Аднойчы, калі Уладзімір заснуў, яна ўзяла меч, каб адпомсціць за сваіх бацькоў і братоў. Але князь прачнуўся і перахапіў руку з мечам. Ён хацеў расправіцца з Рагнедай, аднак яе абараніў сын Ізяслаў, хоць яму і было ўсяго сем гадоў.

Багатыя людзі – баяры параілі князю не забіваць Рагнеду, а адправіць яе з Ізяславам назад, на бацькаўшчыну. Летапісцы паведамілі, што для полацкай князёўны і яе сына на загад Уладзіміра пабудавалі горад Ізяслаў. Цяпер ён называецца Заслаўе і знаходзіцца недалёка ад Мінска. Заслаўю, як і Полацку і Смаленску, болей за тысячу гадоў.

Там і прайшло астатняе жыццё мужнай і напакорлівай Рагнеды. Праз сённяшняе Заслаўе цячэ маленькая рачулка з цікавай назваю – Княгінька. Гэта памяць пра полацкую князёўну.

Пра незвычайнае жыццё Рагнеды напісана шмат вершаў, апавяданняў і нават кніжак. Беларускія мастакі малююць яе партрэты і ствараюць скульптуры. Палачане мараць пра помнік гэтай славутай дачцэ Беларусі, якая ўратавала ад пагібелі полацкі княскі род.

(202 сл.)

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Роднае слова: прастора прафесійнага развіцця
Мова

Роднае слова: прастора прафесійнага развіцця

9 кастрычніка 2025, 19:5445
Паэту Васілю Жуковічу – 85
літаратура

Паэту Васілю Жуковічу – 85

27 верасня 2024, 20:2616
ПАЙШОЎ З ЖЫЦЦЯ  ЮРЫ НАГОРНЫ
ТБМ

ПАЙШОЎ З ЖЫЦЦЯ ЮРЫ НАГОРНЫ

31 ліпеня 2020, 19:5416
Біскуп Аляксандр Кашкевіч:  Няма такіх песняў жальбы,  пасля якіх не спявалася б алілуя
Грамадства

Біскуп Аляксандр Кашкевіч: Няма такіх песняў жальбы, пасля якіх не спявалася б алілуя

21 красавіка 2020, 08:2716
Далучайцеся да нас