Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Тэксты 19-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі

Тэксты 19-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі

13 лютага 2026, 21:56 Мова 19
Тэксты 19-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі

Соф’я Кавалеўская

(ДАВЕДКА)

Соф’я Васільеўна Кавалеўская (1850 – 1891) – матэматык і механік, пісьменніца і публіцыстка беларускага паходжання. Прафесар Стакгольмскага ўніверсітэта (1884), член-карэспандэнт Пецярбурскай акадэміі навук (1889).

Расла ў Пабліна каля Краслаўкі Віцебскай губерні (цяпер Латвія).

Соф’я Кавалеўская – першая жанчына-прафесар ў Расейскай імперыі і Паўночнай Еўропе, а таксама першая ў свеце жанчына-прафесар матэматыкі.

Таго не зналі, што да матэматыкі “пазвалі” // Марціновіч, А.А Гісторыя праз лёсы. Т.7. / А.А. Марціновіч. – Мінск : Беларуская навука, 2019. – С. 62.

 

Таго не зналі, што да матэматыкі “пазвалі”

(ТЭКСТ)

Многіх, бадай, цікавіць, як Софа зацікавілася матэматыкай?

Спачатку яе прывабілі лічбы. Адбылося гэта адразу па прыезде ў Пабліна. Прытым пры даволі нечаканых абставінах. Раптам высветлілася, што ў парадным пакоі для абклейкі сцяны не стае шпалераў. Бацька, Васіль Васільевіч Корвін-Крукоўскі, успомніў, што дзесьці захоўваюцца аркушы лекцый знакамітага матэматыка Міхаіла Астраградскага.

Трэба сказаць, што генерал Корвін-Крукоўскі быў чалавекам высокаадукаваным. Меў даволі шырокае кола інтарэсаў. У маладосці любіў паэзію. Захапляўся вершамі моднай на той час паэтэсы Еўдакіі Растропчынай. Аднак асабліва вабіла яго матэматыка. Гэтыя аркушы лекцый таксама набыў яшчэ ў маладым узросце. Іх і выкарысталі для абклейкі сцяны. Не здагадваўся, што тым самым наблізіўся да здзяйснення сваёй мары. Марыў жа, каб менавіта матэматыка стала прызваннем яго малодшай дачкі.

Сапраўды, да гэтага і падштурхнула Софу абклейка сцен. Як гэта адбывалася, даведаемся з кнігі “Успаміны маленства”: “Аркушы гэтыя, спісаныя дзіўнымі, незразумелымі формуламі, хутка звярнулі на сябе маю ўвагу. Я… праводзіла цэлыя гадзіны перад гэтай таямнічай сцяной, спрабуючы разабраць хоць асобныя фразы і знайсці той парадак, у якім аркушы павінны былі ісці адзін за адным. Ад доўгага штодзённага сузірання знешні выгляд многіх формул урэзаўся ў маю памяць, дый часам тэкст пакінуў па сабе глыбокі след у мазгах, хоць у сам момант прачытання ён і заставаўся для мяне незразумелым”.

Падахвоціў жа яе палюбіць матэматыку і гувернёр-паляк Малевіч. Гувернёр-паляк – не хто іншы як беларус Іосіф Малевіч. Ён быў мясцовы. Адукацыю атрымаў у шасцікласным вучылішчы ў мястэчку Краслаўка. Гэта непадалёку ад Пабліна. Нямала паспрыяў гэтаму і родны брат бацькі Пётр Васільевіч. Шмат чаго ён ведаў. Матэматыцы, праўда, ніколі не навучаўся. Аднак, паводле слоў Кавалеўскай, “меў да гэтай навукі самую глыбокую павагу”. Дзякуючы яму яна ўпершыню пазнаёмілася з некаторымі матэматычнымі паняццямі.

(277 сл.)

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Роднае слова: прастора прафесійнага развіцця
Мова

Роднае слова: прастора прафесійнага развіцця

9 кастрычніка 2025, 19:5430
Гісторыя Магілёўшчыны. Выдатны археолаг Васіль Тарасенка
Навука

Гісторыя Магілёўшчыны. Выдатны археолаг Васіль Тарасенка

1 снежня 2020, 20:0018
Паэту Васілю Жуковічу – 85
літаратура

Паэту Васілю Жуковічу – 85

27 верасня 2024, 20:2618
100 гадоў з дня нараджэння мастака Леаніда Шчамялёва
Культура

100 гадоў з дня нараджэння мастака Леаніда Шчамялёва

17 лютага 2023, 15:4916
Далучайцеся да нас