Старажытную Магілёўшчыну вывучала нямала вядомых археолагаў. Гэта З. Даленга-Хадакоўскі, Е. Раманаў, С. Дубінскі, М. Ткачоў і шэраг іншых даследчыкаў. У гэтым ганаровым шэрагу знаходзіцца выдатны гісторык і выкладчык Васіль Тарасенка.
Тарасенка Васіль Радзівонавіч (1899 – 1972), беларускі археолаг, кандыдат гістарычных навук. Нарадзіўся 7 лістапада ў горадзе Петракове ў Польшчы ў сям’і памочніка акцызнага назіральніка Радзівона Васільевіча Тарасенкі. Маці, Яўгенія Андрэеўна, была дачкой вясковага настаўніка. Пачатак Першай сусветнай вайны прымусіў сям’ю эвакуявацца з Лодзі ў Смаленск. Навучаўся ў мясцовай мужчынскай гімназіі. У часы грамадзянскай вайны служыў у 16-й арміі. Скончыў Смаленскае аддзяленне Маскоўскага археалагічнага інстытута, а затым – Смаленскі ўніверсітэт па гістарычным цыкле славесна-гістарычнага аддзялення педфака. Яшчэ будучы студэнтам, прымаў удзел у археалагічных даследаваннях Смаленшчыны. А потым лёс В. Тарасенкі павярнуўся так, што ўсё астатняе жыццё ён жыў і працаваў непасрэдна на тэрыторыі Беларусі. Паколькі гістарычнай кафедры пры Смаленскім універсітэце не было, то па запрашэнні дырэктара Магілёўскага дзяржаўнага гістарычнага музея Васіль Радзівонавіч пераязджае ў Магілёў і займае ў музеі пасаду старшага навуковага супрацоўніка са снежня 1929 па чэрвень 1941 года. З лістапада 1932 года адначасова з працай у музеі пачаў чытаць курс “Гісторыя старажытнага свету” ў Магілёўскім педагагічным інстытуце. У той жа час яму было прысвоена навуковае званне дацэнта. У перыяд жыцця ў нашым горадзе В. Тарасенка займаўся плённай навуковай, педагагічнай і грамадскай дзейнасцю, праводзіў археалагічныя раскопкі ў нашым рэгіёне. У 1928 і 1930 гг. сумесна з Аляксандрам Ляўданскім абследаваў гарадзішча Змяёўка (Пелагееўскае), якое адносіцца да эпохі жалезнага веку. У Шклоўскім раёне на Крывельскім гарадзішчы выявіў рэшткі глінабітнай печы-домніцы. Побач з Магілёвам у Палыкавічах у 1937 годзе на значнай плошчы праведзены раскопкі на гарадзішчы Барсукова горка. У час доследаў археолаг упершыню ў беларускай археалогіі выявіў жытлы слупавой канструкцыі.
У жытлах было выяўлена 7 агнішчаў дыяметрам 1-1,5 і 3 метры. Нядаўна ў архіве ІГ НАН Беларусі ўдалося знайсці фотаздымкі з раскопак гарадзішча Барсукова горка ў тыя часы. Таксама былі даследаваны помнікі археалогіі ў мястэчках Бароўка, Агееўшчына, Гарадок, Хацімное, Ржаўцы, Вендараж і іншых. В. Тарасенка таксама чытае лекцыі, выступае ў калектывах, прымае ўдзел у экспеды-цях, піша артыкулы ў газеты і часопісы. Падчас экспедыцыі ў 1930-м годзе ў Чавускім раёне ў вёсцы Доўгі Мох быў выяўлены цікавы каменны надмагільны помнік у выглядзе грыба. Апісанне гэтага ўнікальнага гістарычнага артэфакта ў 1930-м годзе гучала наступным чынам:
“Беларуская акадэмія навук навукова-дасьледчы інстытут гісторыі секцыя археолёгіі. Назва – Надмагільны помнік у відзе грыба (фалас?). Мясцовасць – В. Доўгі Мох, Чауск. Р. Калі зафіксаваны – 1930 г. Кім зафіксавана – Тарасенка. Экспэдыцыяй 1930 г. у складзе Тарасенкі, А.К. Супінскага і А.Я. Дуісбург быў знойдзены на старадаўнім кладбішчы в. Доўгі Мох (каля шляху на г. Ст. Быхаў), гэты гранітны камень, у выглядзе грыба ў 1/2 узроста чалавека. На камені выцарапан від крыжа (пазнейшы). Зарас камень скарыстован у якасці надгробнага помніка. Даннай экспедыцыяй прынят за старажытны фаллос. Тарасенка”.
Навуковец таксама чытае лекцыі ад “Сэкцыі Навуковых Працаўнікоў Беларусі”. Дзяржаўны архіў Магілёўскай вобласці мае некалькі цікавых дакументаў, якія тычацца жыцця і дзейнасці В.Р. Тарасенкі. Варта прывесці змест усёй анкеты, якая вельмі добра перадае атмасферу той няпростай эпохі. Анкета ад 25 кастрычніка 1930 года. Запоўнена ад рукі на друкаваным бланку на дарэформеннай беларускай мове:
“Сэкцыя Навуковых Працаўнікоў Беларусі.
Анкета.
- Прозьвішча, імя і імя па бацьку. Тарасенка, Васіль Радзівонаў.
- Узрост. 30 г.
- Нацыянальнасць. Расеец.
- Сацыяльнае палажэньне. Бацька – служачы з сялян (б. Курскай губэрніі).
- Партыйнасць. Б/п.
- Склад сям’і. Маць і яе сястра на ўтрыманьні, толькі памагаю ім.
- Лік пакояў і кв. плошча кватэры. Адзін пакой, плошчай 3*3,25 с.
- Хатні адрас. г. Магілёў, 2-й Кастрычнікавы завулак, дом №18.
- Спэцыяльнасць. Палеоэтнолёгія, гісторыя першабытнай культуры, археолёгія мясц. край.
- Займаемая пасада. Навуковы супрацоўнік.
- Дзе працуе. Магілёўскі Дзяржаўны Музэй.
- Кароткі жыцьцёпіс. Адукацыя – скончыў курс Унівэрсытэту і Маск. Археолёгічнага Інстытуту. Працаваў: у Чырвонай Арміі, РСІ, Губ. Архіве і фунд. Бібліотэце Смал. ДзяржУніверсітэта. Апрача гэтага бясплатна працаваў 4 гады ў ліку Сакратара і Кіраўніка Археолёгічнай часткі Смал. Т-ва Краязнаўства, а таксама прымаў удзел у працы раённага музею Т-ва і Бібліографічнай Камісіі. Зараз з’яўляюсь Сябрам праўленьня Маг. Т-ва Краязнаўства і Сакратаром Гіст-Культ Сэкцыі яго. Навуковая праца: досьледы археолёгічных помнікаў, галоўным чынам гарадзішч і неолітычных стаянак Смаленшчыны ў колькасьці больш 100, таксама і курганаў.
- Ці вядзе навуковую працу і якую. Апрацоўка матар’ялаў апошніх гадоў і новыя досьледы на тэрыторыі б. Магілеўскай Акругі.
- Пералік друкаваных прац (падрабязна). У часопісе “Эхо связи” за 1923 г. № 5 артыкул “Археология, её Значение и ценность как науки” у № 6-7 за той жа год “Японская катастрофа с научной точкі зренія” і ў Научных Известиях Смоленского Государственного Университета т. IV, вып. 3 “Следы неолітіческой стоянкі бліз д. Верхніх Немыкарей Смоленского у-з”, у т. II “Прац Археолёгічнай Камісіі БАН” 2 артыкула:”Археолёгічныя досьледы гарадзішч на Смаленшчыне” і “Археолёгічныя абсьледваньні на Смаленшчыне ў 1929 г.”. Адослан ў рэдакцыю “Наш край” артыкул “Этнолёгічная экспэдыцыя па ўсходняй частцы Магілёўшчыны ўлетку 1930 г.”. Рыхтую да друку працу “Сляды культуры неоліту і эпохі гарадзішч у вышнявінах Дняпра”. Шмат звестак аб маёй працы ў артыкулах ….? у часопісах і газэтах мясцовых і цэнтральных.
- Зьвесткі аб культпрацы: а) Ці вядзе культпрацу, апрача на-вучальных устаноў, і якую. Апрача працы ў т-ве краязнаўства рабіў лэкцыі і справаздачы: ў Зоатэхнікуме і ў вайсковай часьці.
б) Калі не, дык якую працу можа весьці (у рабочых клюбах, лекцыі, у акруговых гарадох і інш). Магу праводзіць культпрацу па сваёй спэцыяльнасці.
- У якіх профэсыянальных і грамадзянскіх організацыях прымае ўдзел. Апрача краязнаўчай арганізацыі быў па выбарам: “нар. засядацелем” ў Судзе, дэлегатам з’ездаў і інш.
- Заробак, аснаўная пэнсыя, пабочныя даходы, заробак членаў сям’і . Стаўка па Музэю – 110 р. у м-ц, пабочных даходаў не маю.
- Стан здароўя. Больш-менш здароў, але маю нэўроз сэрца і малакроўнасць.
- У якіх профсаюзах быў раней, да ўступленьня ў Саюз Белпрацасьветы. Адзін год, пасьля дэмабілізацыі з Чырвонай Арміі – 1922 г.- ў Саюзе Саўслужачых; з 1923 г.- у Саюзе Асьветы.
- З якога часу у Саюзе БЕЛПРАЦАСЬВЕТЫ і № сябр. білету. З 20.XII.- 1929 г. № 4243 і пасьведчаньне Сэкцыі Навуковых Работнікаў БССР № 350 ад 20.II.30 г.
Подпіс Тарасенка.
Дата запаўненьня 25.X.1930 г.”.
Пачатак вайны застаў В. Тарасенку ў Магілёве і 29 чэрвеня 1941 года ён, як камандзір запасу быў мабілізаваны на фронт. Ваяваў. Быў паранены. Пасля шпіталя зноў на фронце. У снежні 1941 года адкамандзіраваны спачатку ў галоўны рэзерв начскладу ў горад Куйбышаў, а затым у Сібірскую вайсковую акругу. Па стане здароўя пайшоў у запас. У 1942-43 гадах працуе настаўнікам гісторыі ў сярэдняй школе ў Кемераўскай вобласці. А ў жніўні 1943 года пераведзены ў 3-ю маскоўскую спецартшколу, з якой быў рээвакуяваны ў Маскву.
Пасля вызвалення Беларусі ад гітлераўскіх захопнікаў 1 ліпеня 1944 года быў пераведзены на працу старшага навуковага супрацоўніка Інстытута гісторыі АН БССР, дзе прыступіў да археалагічнага вывучэння Менскага Замчышча. Паколькі ў пасляваенны цяжкі перыяд адчуваў-ся вялікі недахоп у працоўнай сіле, то ў першыя гады раскопак у якасці ра-бочых выкарыстоўваліся нямецкія ваеннапалонныя. У 1945 годзе праводзіў даследаванні Замчышча разам з вядомымі польска-беларускімі археолагамі Уладзімірам Галубовічам і Геленай Цэгак-Галубовіч. У 1945-1957 гадах у час раскопак былі выяўлены рэшткі гарадской драўлянай забудовы, вулічныя насцілы, падмурак мураванай царквы 11-12 стагоддзя. Зараз гэта плошча 8 Сакавіка ў Менску (раён Нямігі), дзе некалькі год таму быў усталяваны невялікі памятны знак на месцы першага менскага мураванага храма. Па выніках гэтых раскопак Васіль Тарасенка выступіў з прапановай па музеефікацыі Менскага Замчышча. Вось урывак з дакладной запіскі, якая захоўваецца ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Я. Коласа АН Беларусі, на імя дырэктара Інстытута гісторыі ад 26 кастрычніка 1957 года:
“…. У працэсе археалагічных раскопак 1957 года на Мінскім замчышчы на плошчы каля 700 квадратных метраў было ўскрыта 6 ярусаў драўляных вулічных маставых і 3-4 будаўнічыя ярусы парэшткаў зрубных жылых і гаспадарчых пабудоў, якія датуюцца часам, пачынаючы з ХVII – XVI ст. і да сярэдзіны XII. У перыяд правядзення рас-копак іх наведаў прадстаўнік Міністэрства Культуры СССР т. Паўлаў, а пазней – цэлая група кіраўнічых работнікаў Упраўлення па справах архітэктуры пры Савеце Міністраў БССР на чале з т. Каралём і Гусевым, а таксама галоўным гарадскім архітэктарам т. Мацкевічам. Яшчэ да пачатку раскопак 1957 г. па ініцыя-тыве Інстытута гісторыі АН БССР быў распрацаваны архітэктарам т. Пагарэлавым і зацверджаны міжведамственнай камісіяй, на чале з прадстаўніком Упраўлення па справах архітэктуры пры Савеце Міністраў БССР т. Электрухам, архітэктурны праект пастаяннага перакрыцця над руінамі каменнага храма ХІІ, ускрытага пры раскопках, якія адбываліся на Мінскім Замчышчы ў 1949-1951 гг. Аднак спачатку т. Паўлавым , а затым і прадстаўнікамі Упраўлення па справах архітэктуры пры Савеце Міністраў БССР т. т. Карадзём і Гусевым быў вылучаны, падтрыманы галоўным гарадскім архітэктарам т. Мацкевічам праект пашырэння перакрыццяў над руінамі храма з мэтай захавання прымыкаючай да храма часткі драў-лянага горада і пераўтварэння ўсяго гэтага комплексу ў філіял будучага рэспубліканскага гістарычнага музея… Разам з тым, неабходна адзначыць, што здзяйсненне гэтага праекту вымагае вялікіх матэрыяльных і вялікіх тэхнічных цяжкасцяў. Перадусім, варта падкрэсліць, што за-хаванне з дапамогай кансервацыі такога значнага комплексу драўляных канструкцый, калі б яно было у прынцыпе вырашана станоўча, стала б першым і пакуль адзіным прыкладам у СССР. Як вядома, такая кансервацыя вялікіх драўляных будаўнічых комплексаў была здзейснена да гэта-га часу на адным з археалагічных помнікаў Швецыі, але помнік аднаслойны, у той час, як Мінскае Замчышча – помнік шматслойны…”
На вялікі жаль, гэтая прапанова па нейкіх прычынах не была здзейснена. Па звестках гісторыка А. Трусава, у 1948 годзе на Менскім замчышчы В. Тарасенка знайшоў каменныя вапняковыя пліткі са слядамі апрацоўкі. Яны мелі жаўтавата-шэры колер і розныя памеры, але былі падобныя да цаглін. Знойдзена і яма для гашэння вапны памерам 5 на 5 метраў. У 1949 годзе выйшлі на рэшткі мураванага храма. Былі адкрыты падмуркі, складзеныя з вялікіх і сярэдніх бутавых камянёў на вапне. Падмуркі праразалі старажытны культурны слой і глыбока ўваходзілі ў мацярык. Былі прасочаны сляды апалубкі, зробленай з тонкіх дошак. Памер асноўнага аб’ёму храма 12 на 12 метраў разам са сценамі таўшчынёй 1,5 метра. Агульная даўжыня з апсідай 16 метраў.
У наступныя гады археолаг вёў раскопкі таксама ў Полацку і Ваўкавыску. Васіль Тарасенка быў вельмі адукаваным чалавекам для свайго часу і археолагам высокай ква-ліфікацыі. Валодаў у рознай ступені некалькімі мовамі: польскай, рускай, беларускай, нямецкай, французскай, лацінскай і ўкраінскай.
Працаваў з многімі цікавымі навукоўцамі і даследчыкамі. Восенню 2019 г. мне ўдалося ўзяць інтэрв’ю ў археолага, які некалькі год поплеч працаваў з В.Р. Тарасенкам. Вось што расказаў пра свайго настаўніка вядомы беларускі гісторык, галоўны навуковы супрацоўнік “Аддзела археалогіі сярэдніх вякоў і новага часу” ІГ НАН Беларусі, доктар гістарычных навук, прафесар Пётр Фёдаравіч Лысенка: “Васіль Радзівонавіч Тарасенка варты памяці і пашаны. Перш за ўсё, можна падкрэсліць яго сціпласць і добразычлівасць. Ён ніколі не выхваляўся, ніколі не падкрэсліваў сваіх асабістых заслуг, яго вылучалі інтэлігентнасць у паводзінах, стрыманасць, цудоўныя чалавечыя якасці. Росту быў сярэдняга. Шчуплага целаскладу. Ахвотна падтрымліваў сувязі з калектывам. Удзельнічаў у агульных мерапрыемствах, што праводзіліся ў рамках аддзела”.
Васіль Радзівонавіч Тарасенка ўсё сваё жыццё прысвяціў вывучэнню і папулярызацыі нашай мінуўшчыны. Ён зрабіў вялікі ўнёсак у вывучэнне гісторыі Магілёўшчыны і Беларусі ў цэлым. Гэты навуковец варты нашай памяці і ўшанавання. Даследаваннем біяграфіі навукоўца ўжо займаліся такія вядомыя гісторыкі, як В. Мядзведзева, А. Трусаў, С. Тарасаў, А. Седзін. Але ў нашых архівах яшчэ захоўваецца шэраг нявывучаных дакументальных крыніц, звязаных з жыццём выдатнага дзеяча. У будучым варта ў Магілёве на старым корпусе педінстытута па вул. Ленінскай, 35, дзе працаваў, і ў Менску, дзе жыў археолаг па адрасе: вул. К. Маркса, дом 8, усталяваць памятныя дошкі ў яго гонар. А ў новым мікрараёне трэба назваць адну з вуліц у гонар Васіля Тарасенкі.
Алег Дзьячкоў.
Магілёў.
Упершыню на беларускай мове артыкулы
пра спробу адраджэння уніяцкай царквы ў 1920-х гг.