Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Тэксты 19-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі

Тэксты 19-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі

13 лютага 2026, 21:52 Мова 29
Тэксты 19-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі

Барбара Радзівіл

(ДАВЕДКА)

Барбара Радзівіл (6 снежня 1520, меркавана ў Вільні – 8 мая 1551, Кракаў) – каралева польская і вялікая княгіня літоўская (1550-51), другая жонка Жыгімонта II Аўгуста.

Дачка кашталяна віленскага і вялікага гетмана ВКЛ Юрыя Радзівіла Геркулеса. У 1537 годзе аддадзена замуж па маёмасных меркаваннях за наваградскага (пазней трокскага) ваяводу Станіслава Гаштольда. Пасля яго смерці сышлася з Жыгімонтам Аўгустам (1543). Пачуцці вялікага князя да Барбары імкнуліся выкарыстаць для ўмацавання ўласных пазіцый яе брат Мікалай Радзівіл Руды і стрыечны брат Мікалай Радзівіл Чорны. Пад іх націскам у 1547 у Вільні адбылося патаемнае вянчанне Барбары з Жыгімонтам Аўгустам. Пасля заняцця апошнім польскага трона (1548) супраць гэтага шлюбу выступілі магнаты і шматлікая шляхта, незадаволеная ростам уплыву Радзівілаў і знявагай каралеўскай годнасці няроўным шлюбам. Рашуча супраць Барбары была настроена свякроў каралева Бона Сфорца. У 1548 сойм у Пётрыкаве выступіў за скасаванне шлюбу, але Жыгімонт Аўгуст дамогся яго афіцыйнага прызнання, пагражаючы адрачэннем ад трона і заключэннем саюзу з Габсбургамі. Барбара была каранавана ў Кракаве 7.12.1550 г, але ў хуткім часе памерла.

Вітаўт Чаропка. Лёсы ў гісторыі. Мінск, “Беларусь”, 2005, ст. 125-141.

 

Каралева кахання

(ТЭКСТ)

Чуткі пра шлюб сына з Барбарай Радзівіл дайшлі да бацькоў Жыгімонта Аўгуста. Кароль Жыгімонт Стары выклікаў сына ў сваю рэзідэнцыю ў Кракаве, каб самому пра ўсё даведацца. I калі той прызнаўся, што ўзяў шлюб з Барбарай Радзівіл, дык бацька разгневана мовіў: “Гэтая рэч ёсць няслушная, і быць ёй нельга”. А маці, каралева Бона Сфорца, ажно залілася слязамі з-за гэтага “нефартуннага” ўчынку сына і люта ўзненавідзела нявестку. Жыгімонт Аўгуст паасцярогся публічна паведаміць пра свой шлюб на сойме, баючыся агульнага абурэння. Ды і як ён мог прызнацца, калі панства і шляхта лічылі, што не кароль кіруе імі, а яны каралём, а тут ён праявіў сваю волю… Так можна было застацца без кароны. Трэба было таемна збіраць вакол сябе прыхільнікаў, каб выйграць бітву і права кахаць і быць каханым, за тое, чаго яго імкнуліся пазбавіць… А бітва ўжо пачалася. Бацька паслаў у Вільню лісты да паноў-рады з просьбай угаварыць яго сына адмовіцца ад непрыстойнай жаніцьбы, “якая і нам, і яго міласці вялікае прыніжэнне, а гаспадарствам нашым немалую знявагу прычыніла”. Паны слёзна малілі Жыгімонта Аўгуста, “каб таго не чыніў і няроўні сабе, падданай сваёй, за малжонку не браў”. Жыгімонт Аўгуст не слухаў перакананняў ні паноў-рады, ні бацькоў. Не пахіснулі яго і шматлікія пасквілі на Барбару, у якіх яе называлі “вялікай распутніцай Літвы”.

Жаданае шчасце Жыгімонт Аўгуст трымаў у сваіх руках, выпусціць яго, дык і наракаць застанецца толькі на сябе. I слабавольны ўладар гатовы быў змагацца за сваё каханне са сваімі бацькамі, сваімі падданымі, сябрамі і ворагамі, з усім светам… Ад жонкі ён не адмовіўся.

(236 сл.)

 

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Роднае слова: прастора прафесійнага развіцця
Мова

Роднае слова: прастора прафесійнага развіцця

9 кастрычніка 2025, 19:5430
Паэту Васілю Жуковічу – 85
літаратура

Паэту Васілю Жуковічу – 85

27 верасня 2024, 20:2618
Гісторыя Магілёўшчыны. Выдатны археолаг Васіль Тарасенка
Навука

Гісторыя Магілёўшчыны. Выдатны археолаг Васіль Тарасенка

1 снежня 2020, 20:0018
Біскуп Аляксандр Кашкевіч:  Няма такіх песняў жальбы,  пасля якіх не спявалася б алілуя
Грамадства

Біскуп Аляксандр Кашкевіч: Няма такіх песняў жальбы, пасля якіх не спявалася б алілуя

21 красавіка 2020, 08:2716
Далучайцеся да нас