Так пісаў у лісце да краязнаўца, археолага, паэта, вязня сталінскіх лагераў Васіля Супруна (1926-2007) вучоны-гісторык, археолаг, краязнаўца, фалькларыст, літаратуразнавец, аўтар шэрагу літаратурна-краязнаўчых нарысаў, кніг па гісторыі гарадоў Беларусі Генадзь Каханоўскі (1936-1994), якому 8 студзеня споўнілася 90 гадоў з дня нараджэння.

У 1979 годзе Генадзь Каханоўскі абараніў кандыдацкую дысертацыю па тэме “Станаўленне археалогіі і гістарычнага краязнаўства Беларусі ў эпоху феадалізму”, а праз тры гады быў запрошаны на працу ў Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР. З 1991 па 1994 гады ён працаваў у Нацыянальным навукова-асветным цэнтры імя Францыска Скарыны, дзе займаўся пытаннямі краязнаўства, музеязнаўства і бібліятэказнаўства. У 1992 годзе даследчык абараніў доктарскую дысертацыю.

Навуковая спадчына Генадзя Каханоўскага – гэта шматлікія публікацыі ў перыядычным друку, артыкулы ў энцыклапедычных выданнях і каля двух дзесяткаў кніг. Ён аўтар літаратурна-краязнаўчых нарысаў пра Янку Купалу, Максіма Багдановіча, Адама Гурыновіча, Фелікса Тапчэўскага, Міхася Чарота, гісторыка-эканамічных нарысаў “Маладзечна”, “Вілейка” і іншых. Вучоны даследаваў развіццё гісторыка-літаратурнага працэсу XIX – пачатку ХХ стагоддзяў, асобныя перыяды жыцця і дзейнасці вядомых беларускіх пісьменнікаў, уводзіў у навуковы ўжытак імёны малавядомых літаратараў і г.д.

У прыватным архіве жыхара Слоніма Васіля Рубца захоўваецца архіў яго роднага дзядзькі Васіля Супруна. Спадар Васіль Рубец дазволіў мне карыстацца яго архівам. Сярод усіх цікавых матэрыялаў адшукаў я і два лісты ад Генадзя Каханоўскага да Васіля Супруна і два лісты Васіля Супруна да Генадзя Каханоўскага. Лісты былі напісаны ў 1991 годзе. Пра што разважалі краязнаўцы 35 гадоў таму – у іх пісьмах, якія сёння публікуюцца ўпершыню.
Лісты Генадзя Каханоўскага да Васіля Супруна
12 студзеня 1991 г.
Глыбокапаважаны Васіль Рыгоравіч!
Атрымаў я першы і другі пакеты з выкладам хвалюючай нас усіх праблемай. Вы зрабілі грунтоўную гістарыяграфію балцкай праблемы. А погляды могуць быць рознымі, важна, каб яны былі аб’ектыўнымі, суладнымі гістарычнай праўдзе.
У большасці выпадкаў я з Вамі згодзен, але ёсць моманты, дзе мне здаецца, патрэбна дадатковая прапрацоўка матэрыялаў. І як бы мы тут не стараліся, патрэбна памятаць, што гісторыя даследавання на нас не спыніцца. Спрэчкі будуць і ў 21-ым стагоддзі, тут ніхто не можа сказаць апошняга слова, але кожны даследчык мае права на сваё слова, сваю думку. Перакананы, што тут умяшаюцца маладыя археолагі з новымі метадамі даследаванняў, рэгрэсіўным аналізам і іншымі. Вось тут якраз важна ўлічыць усе пункты гледжання. Усё ж асноўным матэрыялам будуць прадметы жывой мінуўшчыны.
Я ўжо гаварыў з Вольгай Міхайлаўнай Іпатавай[1]. Ледзве не аддаў ужо матэрыял, але нібы адчуваў, што Вы яшчэ прышлеце. Аказваецца і самі Вы ўжо паслалі ў “Спадчыну[2]”. Яна мне сказала, што матэрыял велікаваты, цяжкі для ўспрыняцця. Я ёй яшчэ раз пазваню і папрашу, каб яна аднеслася ўважліва і дала матэрыял. Напэўна, яна пашле яго каму-небудзь са спецыялістаў на заключэнне, а, магчыма, і сама рэдакцыя возьме на сябе рашэнне.
Міколу Іванавіча Ермаловіча[3] я ўжо ведаю і дружу з ім з 1962 года. Гэты чалавек таксама нямала перажыў. Зараз ён у някепскай форме, дзякуючы спорту. Але зрок амаль ніякі. Чытаць, хадзіць без павадыра яму цяжка. Некалі жонка яму дапагала, але жонка памерла ў 1989 годзе і ён застаўся з дачкой і сынам. Пісаў ён даўно, але друкавацца не хацеў і яго проста ўгаворваў. Ён быў перакананы, што яго “Старажытную Беларусь” ніхто не дасць. Я пайшоў да Г.Далідовіча[4] ў “Маладосць”[5] і той паабяцаў, што захаваюць яго ўсё без змяненняў. Ермаловіч сам пасля здзіўляўся, што ўпершыню яго надрукавалі адзін да аднаго, з коскамі і кропкамі.
Зрэшты, Вы і самі яму можаце напісаць: г.Маладзечна, 222310, пр-т Леніна, 72, кв.8. Пастарайцеся пісаць трошкі большымі літарамі, чым мне, ён чытае. Амаль кожны дзень едзе ў Менск, у бібліятэку. У гэтым годзе яму 70.
Дарэмна Вы думаеце, што ўсе члены рэдкалегіі аднадумцы. Якраз і я супраць таго, каб “Спадчына” давала мастацкую літаратуру. Абяцалі зменшыць літаратурны наплыў, як толькі будзе больш гістарычных матэрыялаў, але ж не змяншаюць. У той жа час я радуюся, што ёсць матэрыялы, якія гожа ўпісваюцца ў часопіс. Трэба ўлічыць, што кіруюць часопісам літаратары. Даўно не збіралася рэдкалегія, так што ніхто з намі не радзіцца. Раней прысылалі змест чарговага нумара, а зараз і гэтага не атрымліваю. Так што мы з Вамі роўна знаёмімся з часопісам. З гэтага ўсяго, як палякі кажуць: “Opros honoru nic nie ma”[6]. Я не ў крыўдзе, абы толькі горш не было з часопісам.
Адам Мальдзіс[7] збірае мемуары. Ці напісалі Вы? Ці пішуць Вашы знаёмыя, хто мае на гэта права? Урэшце, пісаць можа і просты селянін. І добра было б. Бедная тая нацыя, у якой малая мемуарная спадчына.
З пашанай Генадзь Каханоўскі.
P.S. Янка Саламевіч[8] пераехаў з бальніцы ў санаторый “Ждановічы”. Днямі спаўняецца 75 гадоў сапраўднаму беларускаму ксяндзу Вацлаву Чарняўскаму[9], які жыве ў Вішневе Валожынскага раёна. Ён склаў свой беларускі слоўнік, пераклаў усе службы на беларускую мову.
г.Маладзечна, 17 лютага 1991 г.
Глыбокапаважаны Васіль Рыгоравіч!
Даруйце, што я затрымаўся з адказам. Тут толькі мая віна, а Вашай я ніякай не бачу. Ведаю Вас толькі па цікавых публікацыях. І дзякуй Богу!
Я ведаю, што цяпер усе ўзяліся за кнігі “Памяць”[10] у кожным раёне. Толькі хто будзе пісаць. Надта мала творчых людзей, хто адчувае патрыятычны сэнс работы. Гэта я адчуў на сабе. Просьбы напісаць для кнігі “Памяць” атрымаў з Лагойска, Докшыц, Смаргоні, Пружан, Валожына, Койданава. Разумеецца, мне яшчэ шмат трэба пісаць і для Маладзечна. Хоць я многа папрацаваў для свайго горада і раёна, але матэрыялаў столькі назбірана, што трэба самому ўсё прыводзіць у пэўны парадак. Самае цікавае, што кіруюць на месцах гэтай справай не гісторыкі, а журналісты, партапарадчыкі. Гэта не сур’ёзна.
Я ж яшчэ папрацаваў для памяці Максіма Багдановіча. Спадзяюся, што да юбілею што-небудзь з’явіцца ў друку.
З пашанай Генадзь Каханоўскі.
Лісты Васіля Супруна да Генадзя Каханоўскага

Слонім, 17 студзеня 1991 г.
Вельмі паважаны Генадзь Аляксандравіч!
Толькі што атрымаў Ваш ліст. Дзякую шчыра. Па праўдзе сказаць, я ўжо чакаў Вашага адказу. Хацелася ведаць, ці атрымалі маю карэспандэнцыю і якое ўражанне выклікала яна. Згодзен, што ўсякая новая думка міжволі выклікае крытыку. Інакш нельга ацаніць яе верагоднасць. Тым больш, што ў дадзеным артыкуле мной уздымаецца некалькі праблем і даволі складаных. Хацелася б безумоўна, каб матэрыял прайшоў праз прыдзірлівую крытыку спецыялістаў, а гэта значыць, каб быў надрукаваны і пасля дэталёва абмеркаваны гісторыкамі і археолагамі. Гэта для мяне вельмі важна, таму што на гэтай думцы заснавана некалькі іншых навуковых вывадаў, маючых адносіны да гісторыі Беларусі.
Дзякую за інфармацыю пра М.Ермаловіча, Я.Саламевіча і В.Чарняўскага. Пастараюся ім напісаць. Людзі вартыя не толькі памяці, але і пашаны. Трэба, каб яны адчувалі хоць нейкую падтрымку – маральную ці сяброўскую.
Адносна Адама Мальдзіса і мемуараў. Не зусім разумею яго задумку. Чые мемуары ён збірае і з якой мэтай? Наогул, гэта складанае пытанне. Мае сябры, наколькі ведаю, не пісалі такіх. Толькі ад М.Чарняўскага[11] даведаўся, што Ларыса Геніюш[12] такія пісала, затым былі апублікаваны ў той жа “Маладосці”. Я сур’ёзна не думаў над гэтым. Хоць, магчыма, некалі прыйдзецца паспрабаваць. Аднак мае мемуары не змогуць пабачыць свет нават пры сучасным рэжыме, як і многія лагерныя вершы. Іх час яшчэ не прыйшоў, не знаю ці прыйдзе.
Хочацца верыць у лепшае і дачакацца. Але падзеі апошніх дзён у суседняй Літве гавораць аб многім. “Адлігі” пераходзяць у вясну, або змяняюцца марозамі. Я ж вельмі люблю вясну! Пачакаем.
За клопаты перад В.Іпатавай шчыра дзякую. Вельмі хацеў яе пабачыць, але ўсё не ўдаецца, не застаю. Думаю быць у Менску яшчэ ў студзені.
А Вам жадаю добрага здароўя, поспехаў ва ўсім і ўдач! Чытаў каляндар і Вашы артыкулы.
Васіль Супрун.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA
Слонім, 11 лютага 1991 г.
Даражэнькі Генадзь Аляксандравіч!
Вось ужо амаль месяц, як спынілася наша перапіска. Хвалююць матывы. Магчыма пакрыўдзіліся за нешта? Мы ж так мала ведаем адзін аднаго і, магчыма, нечым я змог Вас пакрыўдзіць. Даруйце.
Ведаеце, у маім жыцці ўжо былі непрабачаныя і невытлумачаныя казусы, якія будуць раніць сэрца ўсё жыццё, і разгадаць прычыну якіх я напэўна так і не змагу. Я маю на ўвазе адносіны з шаноўнай і вельмі дарагой для мяне Ларысай Антонаўнай Геніюш. Гэта быў для мяне самы блізкі чалавек, якому я ж мог бы прычыніць болю ці крыўды ў самых адчайных сітуацыях. А яна, паддаўшыся правакацыі чужых, варожых нашай агульнай справе асоб (я так думаю) і напэўна сваёй недаверлівасці, “ахрысціла” мяне самым страшным здраднікам[13]. А за што? Я нават не змагу спытаць у нікога. Пры жыцці, нават у апошні год, некалькі месяцаў перад смерцю, яна не заікнулася аб гэтым. А пісьмова абвінаваціла (хоць мала верыцца). Вось бачыце на што здольны людзі пры ўтрыраванні падазронасці і недаверу нават самым шчырым сябрам. Але гэта асаблівасці псіхікі жанчын. І няхай застаюцца на іх сумленні. Спадзяюся, што такога ўроку больш не будзе. Гэта плата за адданасць.
Шаноўны Дружа! Ведаю, што Вы загружаны працай, як усе творчыя людзі, а ліставанне забірае час, але лічу сваім абавязкам, як вальнейшы, бо пенсіянер, падтрымліваць наладжаную сувязь. І даруйце мне за гэта. Пры гэтым хачу прасіць прабачэння за паспешлівасць з высылкай артыкула “З глыбінь стагоддзяў”. Прайшоў час і я сам разачараваўся ім, асабліва мовай выкладання думкі. Пачаў крыху шліфаваць, але навалілася непрадбачаная работа – патрэбна значна пашырыць дасавецкі перыяд у зборнік гістарычных матэрыялаў “Памяць. Слонімскі раён”. Выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя” дазволіла замест 30 старонак даваць па гэтаму перыяду аж 300 старонак друкаваных на машынцы. Мне нарэшце даручылі рыхтаваць увесь гэты раздзел. Разумееце, які гэта аб’ём? Вось сяджу, канешне, столькі набраць не змагу, але хочацца крыху падчысціць свае накіды на краязнаўчую тэму. Ужо напісаны асобныя артыкулы пад загалоўкамі “З археалагічнай спадчыны”, “Штрыхі з мінулага Слоніма”, “Гістарычны арэол Жыровіч”, “Слонім, год 1812”, “Водгук паўстання 1863 года”, “Наш зямляк Т.Касцюшка”, “Памяць вякоў” (аб архітэктурных помніках). Напісана каля 100 старонак. Частка матэрыялаў напісана раней, але прышлося дапрацоўваць.
Такім чынам, наша з Вамі задума часова адкладваецца. Пачаў накідаць успаміны, але нічога не атрымліваецца, суха і нецікава.
З часопіса “Беларусь”[14] атрымаў паведамленне, што рыхтуюць падборку маіх вершаў.
Ад Міколы Ермаловіча таксама атрымаў кароценькі адказ на пасланы яму ліст. Напісаў другі. У Менск выехаць не змог, не паспеў падрыхтавацца.
Вось, бадай, і ўсе мае навіны. Даруйце што сваімі асабістымі справамі забіваю Вам галаву, забіраю час. Проста хачу крыху апраўдацца перад самім сабой. Страшна хутка ляціць час, а зроблена так мала. Планы зрываюцца, таму хапаешся за ўсё і гэта не на карысць. А ўжо скора вясна, пачнуцца работы на садовым участку і ўся пісаніна адойдзе на другі план.
Хацелася б больш ведаць аб Вашых навінах, духоўным жыцці і планах, аб жыцці сталіцы і Маладзечна. Напішыце, ці чулі што-небудзь пра Сяргея Пятровіча Яноўскага (1925 г.н.), Канстанціна Адамавіча Альшэўскага (1922 г.н.), Антона Канстанцінавіча Кабака (1925 г.н.), Аліка Бацяноўскага? Гэта мае знаёмыя з Маладзечаншчыны, былога Ільянскага раёна і інш.
Жадаю Вам добрага здароўя, дабра і плёну!
З пашанай – Ваш Васіль Супрун.
[1] Вольга Іпатава (1945) – беларуская пісьменніца, з 1990 года працавала намеснікам рэдактара часопіса “Спадчына”.
[2] “Спадчына” – беларускі ілюстраваны, культурна-гістарычны часопіс, выдаваўся ў Мінску ў 1989-2011 гадах.
[3] Мікола Ермаловіч (1921-2000) – беларускі гісторык, публіцыст, крытык і літаратуразнавец.
[4] Генрых Далідовіч (1946) – беларускі пісьменнік, быў рэдактарам часопіса “Маладосць” у 1991-2002 гадах.
[5] Часопіс “Маладосць” выдаецца ў Мінску з 1953 года.
[6] Апрача гонару нічога не маем.
[7] Адам Мальдзіс (1932-2022) – беларускі літаратуразнавец, пісьменнік, гісторык, доктар філалагічных навук, прафесар.
[8] Янка Саламевіч (1938-2012) – беларускі літаратуразнавец, перакладчык, архівіст, энцыклапедыст.
[9] Уладзіслаў Чарняўскі (1916-2001) – беларускі каталіцкі святар.
[10] “Памяць” – шматтомнае серыйнае выданне энцыклапедычнага характару гісторыка-дакументальных хронік раёнаў і гарадоў Беларусі. З 1985 па 2015 гады выдадзена 151 кніга.
[11] Міхась Чарняўскі (1938-2013) – беларускі археолаг, гісторык.
[12] Ларыса Геніюш (1910-1983) – беларуская паэтка, вязень сталінскага ГУЛАГу.
[13] Размова ідзе пра першую публікацыю “Споведзі” Ларысы Геніюш у часопісе “Маладосць” за 1990 год, №5. Там аўтарка не дужа добрымі словамі прыгадвае В.С.
[14] Часопіс “Беларусь” выдаецца з 1944 года. Спачатку на беларускай мове, а з 2005 года выдаецца на англійскай, французскай, нямецкай, іспанскай і польскай мовах.
Сяргей ЧЫГРЫН.

