Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Вялікі даследчык Гарадзеншчыны

Вялікі даследчык Гарадзеншчыны

1 студзеня 2026, 19:57 Гісторыя і краязнаўства 22
Вялікі даследчык Гарадзеншчыны

Юзаф Ядкоўскі (1890-1950) – краязнавец, даследчык помнікаў старажытнасці Панямоння, з’яўляецца адной са знакавых асоб у гісторыі Гародні. 20 снежня яму споўнілася 135 гадоў з дня нараджэння.

Нарадзіўся Юзаф Ядкоўскі ў сям’і рамеснікаў. Першапачатковую адукацыю атрымаў дома, пасля чаго паступіў у Гарадзенскую мужчынскую гімназію. Дзякуючы настаўніку гісторыі Арлоўскаму захапіўся мінулым роднага краю. Вандраваў з сябрамі па памятных ваколіцах горада, знаёміўся з архітэктурнымі помнікамі, збіраў старажытныя манеты і г.д. У гэты ж перыяд пачаў пісаць першыя краязнаўчыя нарысы, якія друкаваў у выданнях “Віленская газета” (“Dziennik Wilenski”) і “Святавіт” (“Swiatowit”). З-за ўдзелу ў патрыятычным руху Юзаф вымушаны быў пакінуць гімназію і завяршаць адукацыю ў Варшаве. Тут жа некаторы час працаваў у археалагічным музеі і ўдзельнічаў у раскопках. У далейшым удасканальваў свае мастацкія здольнасці ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства. Затым вучыўся ў Імператарскім Маскоўскім археалагічным інстытуце, дзе абараніў дысертацыю на тэму “О литовской гривне в связи с вопросом о древнейших денежных единицах в Литве” і атрымаў званне “вучонага археолага” (1912).

Трэці выпуск слухачоў Маскоўскага археалагічнага інстытута. Унізе пяты справа Юзаф Ядкоўскі, 1912 г.

Пасля заканчэння навучання Юзаф Ядкоўскі працаваў лабарантам у археалагічным інстытуце, затым – у Маскоўскім Румянцаўскім музеі, дзе займаўся складаннем інвентароў помнікаў гісторыі і архіўных дакументаў, вывезеных з тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай. Актыўна супрацоўнічаў з рознымі навуковымі таварыствамі. Як член Імператарскага Маскоўскага археалагічнага таварыства быў накіраваны ў якасці дзяржаўнага кансерватара ў Віленскую, Гарадзенскую і Менскую губерні. У 1910-1914 гадах ён вывучаў архівы губерняў, займаўся археалагічнымі даследаваннямі, рабіў замалёўкі і фотаздымкі помнікаў архітэктуры. Выступіў за захаванне Сынковіцкай царквы-цвердзі, Мірскага замка, іканастаса царквы Дабравешчання Прасвятой Багародзіцы ў г. Супрасль, касцёла з фрэскамі Л. Губля ў в. Гарадзішча (Пінскі павет) і інш. Сярод публікацый гэтага перыяду: “Война с фресками”, “Записка о Сынковичской церкви” (1912), “Умацаваныя храмы на Літве” (1914) і іншыя.

У гады Першай сусветнай вайны займаўся арганізацыяй эвакуацыі гістарычных каштоўнасцей, працаваў санітарам у шпіталі. У час савецка-польскай вайны 1920 года даследчык удзельнічаў у ваенных дзеяннях. Пасля дэмабілізацыі з польскай арміі некаторы час з’яўляўся кансерватарам у Беластоцкім ваяводстве, потым вярнуўся ў Гародню, дзе стаў кіраўніком Камісіі апекі над помнікамі гісторыі і культуры пры Гарадзенскім старостве. Займаўся збіраннем матэрыялаў аб помніках археалогіі і гісторыі Гародні і Гарадзенскага павета, склаў іх дзяржаўны спіс (1922, 1930). Важным напрамкам дзейнасці гэтага перыяду стала работа па арганізацыі ў горадзе музея. Дзяржаўны музей у Гародні (цяпер – Гарадзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей) стаў адметнай часткай культурнага жыцця горада. Юзаф Ядкоўскі наладзіў кантакты з музеямі і бібліятэкамі Літвы, Польшчы, Украіны, якія дапамаглі папоўніць фонды музея, дабіўся перадачы ў яго карыстанне часткі Старога замка, наладзіў выданне штогодніка “Музей у Гародні” (“Muzeum w Grodnie”). Намаганнямі даследчыка былі арганізаваны музейная бібліятэка (каля 15 тыс. тамоў), сабраны калекцыі археалогіі, нумізматыкі, этнаграфіі, мастацкіх твораў і дакументаў.

На пасадзе захавальніка музея Юзаф Ядкоўскі актыўна заняўся навуковай дзейнасцю. Праводзіў археалагічныя раскопкі ў Ваўкавыску (1925), на Замкавай Гары ў Гародні (1932-1933), дзе выявіў княжацкі церам, рэшткі двух мураваных храмаў (пазней атрымалі назвы Ніжняя і Верхняя цэрквы). У 1935 годзе Юзаф Ядкоўскі даследаваў Каложскую царкву, якую датаваў ХІ стагоддзем.

Юзаф Ядкоўскі – аўтар больш за 100 навуковых прац і артыкулаў, асноўная частка якіх была звязана з правядзеннем археалагічных раскопак, апісаннем і ўвядзеннем у навуковы ўжытак разнастайных помнікаў матэрыяльнай культуры і рукапісаў. Сярод іх – манаграфія “Гародня” (1923), кніга “Ваўкавыскае гарадзішча” (1925), артыкулы “Гарадзенскія цэхі ў даўніх стагоддзях” (1926), “Гародня і ваколіцы на золку гісторыі Літвы і Русі над Нёманам” (1928), “Назвы плошчаў і вуліц гарадзенскіх” (1932), турыстычны даведнік “Гародня і ваколіцы. Аўгустоўскія азёры. Сувалшчына” (1934) і інш. Значны ўклад унёс ён таксама ў вывучэнне і папулярызацыю гісторыі паўстання 1863-1864 гадах на Гарадзеншчыне: збіраў звесткі, выступаў з публічнымі паведамленнямі, публікаваў знойдзеныя крыніцы, склаў першы біяграфічны слоўнік удзельнікаў паўстання. Сярод публікацый таксама: “1863 год у Гарадзенскім павеце”, “Святое Балота”, “Рамуальд Траўгут” (1921), “1863 год у Гарадзенскім павеце: нататкі і дапаўненні” (1923), “Сілуэты 1863 года” (1926) “У 70 гадавіну студзеньскага паўстання” (1933) і інш.

У 1937 годзе Юзаф Ядкоўскі пераехаў у Варшаву. Працаваў у мастацкіх зборах Варшаўскага замка. Пасля Другой сусветнай вайны і да канца жыцця займаўся аднаўленнем нумізма-тычнага кабінета Польскага нацыянальнага музея, кіраваў дзейнасцю Варшаўскага нумізматычнага таварыства.

Плённая праца Юзафа Ядкоўскага спрыяла вывучэнню і захаванню помнікаў культуры і архітэктуры Гарадзеншчыны. Менавіта дзякуючы глыбокім ведам і шырокаму колу навуковых інтарэсаў вучонага фонды музеяў у Гародні, Беластоку і Варшаве маюць зараз унікальныя калекцыі археалогіі, нумізматыкі, этнаграфіі, твораў народнага мастацтва і дакументаў.

Паводле СМІ.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
У дзіцячым садку № 34 г. Ліды
Мова

У дзіцячым садку № 34 г. Ліды

1 красавіка 2026, 18:5920
З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!
Грамадства

З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!

18 красавіка 2025, 15:0019
Са святам, дарагія беларусачкі, з 8 сакавіка
Грамадства

Са святам, дарагія беларусачкі, з 8 сакавіка

7 сакавіка 2023, 15:0017
19 стагоддзе беларускай мовы
Мова

19 стагоддзе беларускай мовы

7 верасня 2020, 09:0815
Далучайцеся да нас