Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
100 гадоў з дня нараджэння Юрыя Семянякі

100 гадоў з дня нараджэння Юрыя Семянякі

5 снежня 2025, 21:35 Культура 11
100 гадоў з дня нараджэння Юрыя Семянякі

Беларускі кампазітар Юрый Семяняка нарадзіўся 26 лістапада 1925 года ў Менску. Яго бацькі былі родам з Беласточчыны. Бацька Уладзімір працаваў фотакарэспандэнтам у адной з менскіх газет, маці Яўгенія была сакратаркай-машыністкай. У 1933 годзе бацьку засудзілі і выслалі ў сталінскі лагер. Маці з двума дзецьмі выехала ў Крым, у Феадосію. Там Юрый атрымаў першую музычную адукацыю. Стала вядома пра гібель бацькі, маці таксама выслалі ў лагер. У 1939-м Юрыя і сястру Рэнату забралі сваякі ў Беласток, дзе яны скончылі музычную школу. Семяняка зусім маладым стаў удзельнікам Другой сусветнай вайны, на фронце апынуўся ў жніўні 1944 года.

З 1946 да 1956 год Семяняка працаваў канцэрт-майстарам у ансамблі (пасля – Дзяржаўная акадэмічная хоравая капэла Беларускай ССР) пад кіраўніцтвам Рыгора Шырмы. У гэты перыяд ім былі напісаны першыя песні – “Ой, шумяць лясы зялёныя” і “Явар і каліна”. З 1946 да 1951 года Юрый Семяняка жыў і працаваў у Гародні. Менавіта ягонае імя з 27 чэрвеня 1995 года пачала насіць “Дзіцячая музычная школа мастацтваў № 1 г. Гродна”. У 1952 годзе Семяняка паступіў у Беларускую дзяржаўную кансерваторыю імя Луначарскага па класе кампазіцыі прафесара Анатоля Багатырова.

Агулам кампазітар напісаў больш, чым 300 песняў, 5 аперэтаў, 4 оперы, ствараў таксама музыку да кінафільмаў. Працаваў у вакальна-сімфанічным, камерна-інструментальным, камерна-вакальным і песенным жанрах. З ягоных твораў фармаваліся рэпертуары папулярных вакальна-інструментальных ансамбляў – “Лявоны”, “Песняры”, “Верасы”, “Чараўніцы”. Найбольшую вядомасць здабыў як паэт-песеньнік, пераважна пісаў музыку на вершы беларускіх паэтаў: Максіма Багдановіча, Якуба Коласа, Янкі Купалы, Максіма Танка, Петруся Броўкі, Алеся Бачылы, Адама Русака, Генадзя Бураўкіна, Уладзіміра Карызны, Эдзі Агняцвет. Шырокую папулярнасць займелі шматлікія лірычныя і патрыятычныя песьні Юрыя Семянякі (“Ой, шумяць лясы зялёныя”, “Застольная”, “Памятаеш, любы мой, дзянькі”, дуэт “Явар і каліна”, “Ты мне вясною прыснілася”, “Не за вочы чорныя”, “Якая ты цудоўная, Радзіма”, “Я сэрцам з табой”, “Беларусь – мая песня”, “Люблю цябе, Белая Русь”, “Расцвітай, Беларусь”).

Улюбёнымі жанрамі кампазітара былі опера і музычная камедыя. Опера Юрыя Семянякі “Калючая ружа” (1960) стала першым у Беларусі оперным творам на сучасную тэматыку. Кампазітар быў адным з першапраходцаў у беларускай музыцы жанру аперэты (аперэта “Сцяпан – вялікі пан” і аперэта-вадэвіль “Тыдзень вечнага кахання”). Адной з вяршыняў у творчасці кампазітара стала опера-паэма “Зорка Венера”, створаная паводле матываў твораў Максіма Багдановіча. Хоць галоўны раманс з гэтага цыклу з аднайменнай назвай напісаў хутчэй усяго Сымон Рак-Міхайлоўскі намнога раней, а Семяняка зрабіў толькі яго аранжыроўку. Значным вынікам творчасці кампазітара Семянякі можна лічыць апошнюю оперу “Новая зямля”, напісаную паводле матываў аднайменнай паэмы Якуба Коласа. Значным дасягненнем Юрыя Семянякі ёсць музычная камедыя “Паўлінка” (паводле аднайменнай п’есы Янкі Купалы).

Юрый Семяняка быў і дзяржаўным функцыянерам. У 1976-78 гадах быў намеснікам старшыні, у 1978-80-х – старшынём праўлення Саюза кампазітараў Беларускай ССР. Памёр кампазітар 16 ліпеня 1990 года ў Менску. Пахаваны на Усходніх могілках беларускай сталіцы. Памяць пра яго досыць ушанаваная. Праводзіцца Міжнародны конкурс маладых кампазітараў імя Юрыя Семянякі. Яго імем названая вуліца ў Менску.

Паводле СМІ.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Каляды.  Беларускія народныя звычаі
Культура

Каляды. Беларускія народныя звычаі

21 снежня 2023, 10:2030
Гісторыя Магілёшчыны Магілёў. Замкавая гара, або "Магіла Льва"
Навука

Гісторыя Магілёшчыны Магілёў. Замкавая гара, або "Магіла Льва"

29 чэрвеня 2021, 22:4722
Зміцер Захарэвіч. ЗІМОВЫЯ ЗАБАВЫ
Культура

Зміцер Захарэвіч. ЗІМОВЫЯ ЗАБАВЫ

22 снежня 2021, 06:5817
Як аформіць падпіску на «Нашу гісторыю» — інструкцыя
Выданні

Як аформіць падпіску на «Нашу гісторыю» — інструкцыя

18 снежня 2018, 10:5717
Далучайцеся да нас