Беларускі пісьменнік, паэт, перакладчык, публіцыст, грамадска-палітычны дзеяч Макар Краўцоў (Касцевіч) нарадзіўся 18 жніўня 1891 года ў вёсцы Баброўня пад Скідалем.
Паходзіў з заможнай сялянскай сям’і. Сапраўднае яго поўнае імя – Макар Мацвеевіч Касцевіч. Псеўданім Макара Краўцова стаў данінаю памяці прадзедам, якія жылі з кравецтва, шыючы найлепшыя ў навакольнай акрузе кажухі.
Макара з самага дзяцінства вельмі вабілі кніжкі. Самым адметным у царкоўна-прыходскай школцы быў выкладчык спеваў і музыкі, які, караючы вучняў, біў іх па вушах смычком ад скрыпкі. Касцевіч такую пачостку зарабляў нячаста, бо авалодаў скрыпкаю вельмі добра. А мо і наадварот – таму і авалодаў, што часта атрымліваў па вушах ад педагога. Макар скончыў царкоўна-прыходскую школу ў вёсцы Галавачы (Гарадзенскі раён, непадалёк Скідаля), потым у 1910 годзе – Свіслацкую настаўніцкую семінарыю. Нейкі час працаваў у школе. З 1915 года ў час вайны Краўцоў быў у войску, пасля вайсковай вучэльні – на Паўночна-Заходнім фронце.
У лёсавызначальныя для краю гады ён як салдацкі дэлегат бярэ ўдзел у Першым усебеларускім з’ездзе, робіцца сябрам Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў, уваходзіць у склад Беларускай вайсковай камісіі, што намагаецца стварыць дзеля абароны БНР нацыянальнае войска. Быў дэлегатам Першага Усебеларускага кангрэсу ў снежні 1917 года. Настаўнічаў у Менску ў 1917-18 гадах. Выкладаў на курсах беларусазнаўства пры Менскай гарадской думе. У 1918 годзе ўступіў у Беларускую партыю сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Удзельнічаў у працы Рады БНР у Менску і Гародні.
Краўцоў заявіў пра сябе як пра здольнага літаратара, якога заахвоціў цёплым словам у друку малады Максім Гарэцкі. У 1919 годзе менская газета “Беларусь” пад назовам “Ваяцкі гімн” публікуе Макараў верш “Мы выйдзем шчыльнымі радамі”. Кампазітар Уладзімір Тэраўскі піша да яго музыку, і песня неверагодна хутка набывае велізарную папулярнасць, робячыся гімнам Беларускай Народнай Рэспублікі. Гэты гімн спявалі, ідучы ў бой на бальшавікоў, слуцкія паўстанцы, у шэрагах якіх ваяваў і сам Краўцоў. У час гэтага вызвольнага паўстання займаўся справамі друку, быў загадчыкам паўстанцкай друкарні ў Клецку.
Пазней працаваў у Радашковіцкай беларускай гімназіі (1922-23). Жыў у Вільні. Рэдагаваў часапіс “Саха” (1923). З 1927 года актыўна ўдзельнічаў у працы Беларускага навуковага таварыства. З 1916 года друкаваўся у перыёдыках “Гоман”, “Звон”, “Беларускае жыцьцё”, “Беларускія ведамасьці”, “Беларусь”, “Наша думка”, “Маланка”, “Грамадскі Голас”, “Беларускае слова”, “Сялянская ніва”, “Беларуская культура”, “Беларускі дзень”.

Беларускія пісьменнікі, Макар Краўцоў злева
Карыстаўся таксама псеўданімам Язэп Святазар. Пераклаў на беларускую мову творы Аляксандра Купрына, Міхаіла Лермантава, Генрыка Сянкевіча, Льва Талстога, Мікалая Гогаля, Марка Твена.
Арганізоўваў у родных мясцінах беларускія канцэрты, спектаклі. Арыштоўваўся ўладамі Польшчы за нібыта пракамуністычную агітацыю.
У 1930-ых гадах адышоў ад літаратурнай творчасці. Не мог знайсці працы. Быў сябрам Галоўнай управы Таварыства Беларускай Школы ў 1936-37 гадах. У кастрычніку 1939 года працаваў у рэдакцыі газеты “Віленская праўда”. Неўзабаве, арыштаваны бальшавікамі, загінуў у зняволенні ў беластоцкай турме. Найверагодней, закатаваны на допытах.
Пакінуў пасля сябе багатую літаратурную спадчыну, але яго галоўным творам назаўсёды застанецца “Ваяцкі гімн”. У сям’і Макара Краўцова гучала толькі беларуская мова. Зоська Верас у лісце да Аляксея Пяткевіча ад 3 красавіка 1972 года адзначала: “…ён (…) быў жанаты з варшавянкаю… Жонка навучылася добра гаварыць па-беларуску і гаварыла мовай мужа доўга і пасля, як ён загінуў”.
Месца пахавання невядомае. У Баброўні ў яго гонар і ў гонар Міхася Васілька пастаўлены памятны камень.
Паводле СМІ.

