Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
95 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча

95 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча

29 лістапада 2025, 13:00 літаратура 71
95 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч (26 лістапада 1930, Орша – 25 ліпеня 1984, Менск) – беларускі паэт, празаік, драматург, публіцыст, перакладчык, сцэнарыст, класік беларускай літаратуры. Адна з найбольш вядомых постацей у беларускай літаратуры дру-гой паловы XX стагоддзя. Першы беларускі пісьменнік, які звярнуўся да жанру гістарычнага дэтэктыву.

Творчасць Уладзіміра Караткевіча вызначаецца рамантычнай скіраванасцю, высокай мастацкай культу-рай, патрыятычным пафасам і гуманістычным гучаннем. Пісьменнік істотна ўзбагаціў беларускую літаратуру ў тэматычных і жанравых адносінах, напоўніў яе інтэлекту-альным і філасофскім зместам. Найбольш вядомыя такія творы аўтара, як аповесці “Дзікае паляванне караля Стаха”, “Сівая легенда”, раманы “Каласы пад сярпом тваім”, “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”, “Чорны замак Альшанскі”, нарыс “Зямля пад белымі крыламі”.

 

Уладзімір Караткевіч

Беларуская Песня

 

Дзе мой край? Там, дзе вечную песню пяе Белавежа,

Там, дзе Нёман на захадзе помніць варожую кроў,

Дзе на ўзвышшах Наваградскіх дрэмлюць суровыя вежы,

І вішнёвыя хаты глядзяцца ў шырокі Дняпро.

 

Ты ляжыш там, дзе сіняя Прыпяць ласкава віецца,

Дзе Сафія плыве над Дзвіною, нібы карабель…

Там, дзе сэрца маё з першым крокам, як молат, заб’ецца,

Калі б нават сляпым і глухім я прыйшоў да цябе.

Што сляпым? Нават мёртвым успомню высокія зоры,

Над ракою чырвонай і цмянай палёт кажаноў,

Белы ветразь на сініх, на гордых, як мора, азёрах,

І бары-акіяны, і неба – разлівы ільноў.

 

Дзе мой край?

Там, дзе людзі ніколі не будуць рабамі,

Што за поліўку носяць ярмо ў безнадзейнай турме,

Дзе асілкі-хлапцы маладымі ўзрастаюць дубамі,

А мужчыны, як скалы, – ударыш, і зломіцца меч.

 

Дзе мой край?

Там, дзе мудрыя продкі ў хвоях паснулі,

Дзе жанчыны, як радасны сон у стагах на зары,

А дзяўчаты, як дождж залаты. А сівыя матулі,

Як жніўё з павуціннем і добрае сонца ўгары.

 

Там звіняць неўміручыя песні на поўныя грудзі,

Там спрадвеку гучыць мая мова, булатны клінок.

Тая гордая мова, якую й тады не забудзем,

Калі сонца з зямлёю ў апошні заглыбяцца змрок.

 

Ты – наш край.

Ты – чырвоная груша над дзедаўскім домам,

Лістападаўскіх знічак густых фасфарычная раць,

Ты – наш сцяг, што нікому, нікому на свеце, нікому

Не дамо абсмяяць, апаганіць, забыць ці мячом зваяваць.

 

Мы клянёмся табе баразной сваёй першай на полі

І апошняй раллёй, на якую ўпадзём у журбе.

Мы клянёмся табе, што ніколі,

Ніколі,

Ніколі,

Так,

Ніколі не кінем,

Не кінем,

Не кінем цябе.

 

16.04.1968 г.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
20 незвычайных фактаў пра Ніла Гілевіча
Грамадства

20 незвычайных фактаў пра Ніла Гілевіча

1 кастрычніка 2018, 14:4915
Час прывёў на Парнас
літаратура

Час прывёў на Парнас

21 лютага 2025, 09:0415
Станіслаў Суднік.  ЯЦВЯЖСКІЯ  ЗАМАЛЁЎКІ
Гісторыя і краязнаўства

Станіслаў Суднік. ЯЦВЯЖСКІЯ ЗАМАЛЁЎКІ

11 кастрычніка 2026, 16:3814
У беларускае неба пайшоў Валер Санько
Грамадства

У беларускае неба пайшоў Валер Санько

8 снежня 2020, 19:0614
Далучайцеся да нас