Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Юбілей Язэпа Палубяткі

Юбілей Язэпа Палубяткі

24 кастрычніка 2025, 21:37 літаратура 19
Юбілей Язэпа Палубяткі

На Пакровы, 14 кастрычніка, грамадска-культурны дзеяч, пісьменнік, журналіст і проста цудоўны чалавек з Мастоў Язэп Палубятка адзначыў 70-гадовы юбілей. Адзначыў сціпла, спа-койна і лёгка ў коле сваіх родных і блізкіх людзей. Непрыкметна прайшоў яго і 60-гадовы юбілей. Так хутка праляцелі 10 гадоў, глянуў – і ўжо 70. Ды і цяпер, як і раней, творчы чалавек нічым хваліцца не стаў і сябе не высоўвае на вялікія сцэны і экраны. Ён проста жыве і дыхае, а калі з’яўляецца натхненне – сядае за рабочы стол пісьменніка.

У 2023-2024 гадах выйшлі з друку чатыры яго аповесці. Гэта “Прыгоды Мармулка”, “Вандроўка ў Чыкага”, “Дуралесіца” і “Вялікая жнівеньская…”. Усе яны пабачылі свет у Лідзе ў выдавецтве “Пружмень”. Сёлета, мяркуюцца, свет пабачаць яшчэ некалькі выданняў.

Усе кнігі Язэпа Палубяткі чытаюцца вельмі лёгка, з усмешкай, у іх адчуваецца нейкая тужлівая іскрынка пра беларускае вясёлае жыццё напрыканцы ХХ стагоддзя. Разам выданні пісьменніка з Мастоў стварылі серыю кніг “Сатырычнай гісторыі Беларусі”.

А цяпер для чытачоў “Нашага слова” хачу нагадаць пра творчы шлях гэтага цікавага дзядзькі з Мастоў. Нарадзіўся ён 14 кастрычніка 1955 года ў вёсцы Дашкаўцы Мастоўскага раёна. У 1978 годзе ён скончыў Белдзяржуніверсітэт па спецыяльнасці радыёфізіка і электроніка. Болей за дваццаць гадоў адпрацаваў сувязістам у Мастах.

Магчыма ён добры радыёфізік, быў і застаўся ім, але ж усё жыццё Язэп Палубятка займаецца літаратурнай творчасцю. Толькі з-за сваёй сціпласці ён не спяшаўся раней выдаваць свае кнігі. Ён проста жыў і пісаў.

Літаратурны дэбют Язэпа Палубяткі адбыўся на старонках мастоўскай раённай газеты “Зара над Нёманам”. А ў рэспубліканскім друку ён дэбютаваў у 1991 годзе ў часопісе “Маладосць” апавяданнем “Краб”. Апавяданне супрацоўнікам часопіса вельмі спадабалася, і праз пяць гадоў “Маладосць” друкуе яго аповесць “Вялікая жнівенская”.

Актыўна друкаваўся празаік на старонках часопіса “Першацвет” у 1993 – 1995 гадах. Тады былі надрукаваны яго апавяданні “Белы конь”, “Апошняя сповядзь”, “Маё дзіўнае вяселле” і іншыя.

У часопісе “Крыніца” № 6 за 1997 год з’явілася аповесць празаіка “Вайсковае евангелле. Горкае дабравесце радавога Міхася Лабуты”, якая прызнана лепшым празаічным творам года і была ўганаравана прэміяй. У гэтым жа часопісе ў 2001 годзе свет пабачыла сатырычная аповесць Язэпа Палубяткі “Прыгоды Мармулка”. Арыгінальная аповесць “Дуралесіца” была надрукавана напачатку 2000-га года ў газеце “Наша слова”… Спіс яго апавяданняў і аповесцяў можна працягваць доўга.

Шмат гадоў Язэп Палубятка супрацоўнічаў з часопісам “Вожык”, у якім надрукаваў больш за два дзесяткі гумарэсак, а гэта, пагадзіцеся, цэлая кніжка. У 1995 годзе на конкурсе часопіса “Вожык” “У гэтым свеце рознае бывае…” ён быў прызнаны пераможцам.

Даўно плануе Язэп Палубятка раман “Душнае лета 1989 года”. Раман напісаны ў першай палове дзевяностых гадоў мінулага стагоддзя. Твор прысвечаны людзям незалежнай Беларусі. Прататыпам галоўнага героя Гурыновіча з’яўляецца яго сябра. І іншыя героі твора спісаны з рэальных асобаў. Пра вялікі свой твор сказаў неяк сам Язэп: “Раман напісаны па гарачых слядах. Чытаючы яго зараз лаўлю сябе на думцы: не спакусіцца бы на праўкі, інакш згубіцца дух таго часу. Малады чытач можа не зразумець яго, бо ён не дыхаў паветрам таго часу, а мы глыкалі яго напоўніцу”.

“Акрамя “Душнага лета 1989 года”, што яшчэ ў планах?” – пытаюся ў мастоўскага празаіка.

 – На другім месцы – трылогія “І ўсё вяртаецца на кругі свая”. Твор да канца не дапісаны, але калі справы зрушацца з першай кнігай, то, пэўна, тады з’явіцца імпэнт, і справа будзе завершана на працягу кароткага часу. Вось такая мая асноўная жыццёвая задача. Я нават не думаю пра іншыя творы, якія гатовы для друку і вялікіх выдаткаў не запатрабуюць. Гэта мая першая аповесць “Даўгі нашыя” напісаная ў 1985 годзе, якую некалі ўхваліў Аляксей Карпюк і параіў знайсці добрага рэдактара. Тады я не стаў шукаць рэдактара, бо меў шмат задумак і тэм – ды пісаў. І таксама не бяру да ўвагі закончаныя, ды на сённяшні дзень, актуальныя творы, а таксама гістарычны раман, які прысвяціў сваёй цётцы Любе – “Старая, старая і адзінокая жанчына”. Не ў маіх правілах адступаць ад задуманага. Калі адчую праблемы са здароўем, то не будзе ніякіх праблемаў выкласці тое ў электронным варыянце. Толькі  кніжка для мяне больш важкі аргумент, чым электронная версія. Кніжка можа заляжацца на паліцы, калі аўтара забудуць. Электронную версію таксама могуць забыць, але яе можа яшчэ і знішчыць вірус. Жартую”, – усміхнуўся Язэп Палубятка.

Дай Божа, даражэнькі Язэп Язэпавіч, каб ўсе планы твае збыліся да наступнага юбілею і нават раней. Здароўя табе, сямейнага дабрабыту і шчасця! 

 Сяргей ЧЫГРЫН.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Дзіцячы часопіс "Матуліна сонейка" вярнуўся да чытачоў
Выданні

Дзіцячы часопіс "Матуліна сонейка" вярнуўся да чытачоў

25 студзеня 2023, 08:1719
Прайшла Рада ТБМ
Грамадства

Прайшла Рада ТБМ

7 лістапада 2018, 17:0818
Тыдзень роднай мовы ў СШ № 11 г. Ліды
Мова

Тыдзень роднай мовы ў СШ № 11 г. Ліды

21 лютага 2026, 19:4918
«Дзецям трэба чытаць і пра развод, і пра страхі»: гутарка з Надзеяй Кандрусевіч
Выданні

«Дзецям трэба чытаць і пра развод, і пра страхі»: гутарка з Надзеяй Кандрусевіч

26 лістапада 2018, 10:3516
Далучайцеся да нас