Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Язэп Палубятка. С А Н Е Т Ы

Язэп Палубятка. С А Н Е Т Ы

16 кастрычніка 2025, 16:32 літаратура 23
Язэп Палубятка. С А Н Е Т Ы

***

 

Рукі яшчэ не злажылі на грудзі,

І спазнаю ў тым: то радасць, а можа тугу?

Дзіўлюся, што смерць, забраць да сябе марудзіць,

Падсобіць я ёй ніяк не магу.

 

Дзівосы дня, дзівосы свету, усё бяжыць

Перад вачыма, што кругі,

Ды нехта палка шэпча ў вуха: сябе паберажы,

Як размаіты краскі летам, прывабны рэчкі берагі!

 

Цвіценне гнілі, пах дурноты,

У даліне сцелецца туман,

Тут дзень жыцця – усё новыя бядоты!

Зноў галаву ахутаў мне дурман.

 

А я іду, не выбіраю сцежкі,

Стамлюся ды, прысеўшы на ўзмежку,

                                                     пайду далей.

 

 

 

***

 

Вольным чалавек бывае ў дамавіне.

Са свечкі павольна воск аплывае.

Застанецца нябожчык ва ўспаміне,

Цела яго назаўжды астывае.

 

Хай нехта кажа, што табе добра жылося.

Толькі пакутныя нашы зямныя дарогі.

Так, нешта збылося, а штось не збылося.

Ды толькі дарэмна таптаў ты чужыя парогі.

 

Не плачся пра збітыя босыя ногі,

Яны яшчэ зведаюць шлях небыцця –

 

Гэта варунак жыцця.

 

Агулам не варта казаць пра растанне,

Як першым сыдзеш туды

Ды, як каго пабачыш з нашых,

                            перадай ад мяне прывітанне.

 

***

 

Чалавека цягнуць горы і моры,

Бывае, што ніколі ён іх не пабачыць.

Прывабны дзяўчыны ўборы –

Усё для таго, каб кагосьці прывабіць.

 

Шлях чалавечы, як зорны, так росны.

Восенню верас кветкай пунсовы.

Як не кажы, па жыцці ўсё не проста,

Сонца заход бывае барвовы.

 

Шпак свішча, чырыкае верабей, сонейка свеціць.

Можа яшчэ хтось прыдумае новы матыў,

Як салаўіны пошчак у кустовым вецці.

 

Толькі нябожчык сваё ўжо аджыў.

Ён душою навекі адцвіў

І не зведаў бяды ў адзіноце.

 

 

***

 

Ластаўкі яшчэ не адляцелі,

Цыбаты жораў мерае затоку,

Паважна, крок за крокам.

Вось толькі птушак гнёзды апусцелі.

 

Брыду пратоптанай калісь бацькамі сцежкай,

Шапоча першае апалае лісцё.

Іду ў адуме, нібы ў небыццё,

Душа пакутуе, на сэрцы нешта цяжарам лягло.

 

Цяжкае першае слова “кахаю”,

Што надалей – я не знаю.

Сумныя ўвосень наўкол паплавы.

 

Толькі б не збіцца мне з гэтай дарогі,

Па якой я кудысьці іду.

Ведаю – шлях да канца свой прайду.

 

***

 

Халуя можа нехта і ўспомніць,

Толькі словам якім – не скажу.

На неба сцюдзёнае сумна гляджу.

Чыноўнікаў гульні – усіх не прыпомніць.

 

Гляжу я на небе і думаю:

– Маці-Радзіма, навошта табе,

Калі ты мкнеш у светлае, век заставацца ў бядзе?

Я аб тым толькі сумую.

 

Толькі б надзея гэта збылася.

Не памірай жа жабрачкай ў апале!

Восень. Клёна лістота на землю ўпала.

 

Сапрэла. Згніла і прапала.

Толькі ўвесну зелень паўстане.

Ведайце! Разам з Радзімай прачнуся да рання.

 

 

***

 

Вясною ад прэлага лісця ўздымаецца пара,

Кахання мінулага жар ператворыцца ў прысак.

Сустрэч і растанняў душыць пачвара,

А на губах пацалунка прыемны агрызак.

 

Недзе ў свеце віруе вайна,

А нехта ляпеча аб міры.

 

У нашым жыцці была тайна адна,

Ды толькі яе мы згубілі…

 

Вецер надзеяў тлум развявае,

Засталіся з дубравы трухлявыя пні,

А салавей толькі ўвесну спявае.

 

Наўкола цябе карагодаў дні,

На сонейку коцік млосна зяхае,

Канае жыццё. Мы з табой засталіся адны.

 

 

***

 

Краіна дзяцінства не вернецца,

Як крадзеных яблыкаў смак.

У нашым жыцці штось бывае не так,

Ты не сумуй, усё перавернецца,

 

Усё паўстане не так.

Мроі мае між аблокаў высокіх

І летуценні ў краінах далёкіх.

Нехта кладзецца спаць на бівак.

Сумна, калі ты застаўся адзін –

Гэта табе аб жыцці напамін.

Змірыся, хай нават журботна,

 

Ды адчувай сябе зараз вальготна.

Восенню ранкам паўстане туман.

І ў шчырым каханні здараецца зман.

 

 

***

 

Усё, што было, даўно прайшло,

І кроў не стукае, як колісь, у скроні,

Ды старасць мне працягнула далоні,

Меркне ў вачах святло.

 

Вясёлкай дзіўнай здаваўся мне свет,

Куток бацькоўскі – болей, чым цэлы Сусвет.

На вараннё – ніякай увагі!

Падзякуй тым, хто кажа знявагі.

 

Гай адшуміць тою восеньскай песняй,

Нешта самотаю стане тады.

Ціха прамові: такой жа бяды.

 

Веру! Сустрэнемся мы на прадвесні,

Знікне асадак зімовай нуды,

Вось і вырашым, як жыць тады.

 

 

***

 

Мы шукалі з табою рай,

Толькі пекла было бліжэй.

 

Але яснасць тваіх вачэй

Затлуманіла плойма зграй.

 

Дарога ў вечнасць ляжыць для ўсіх,

Мы ідзём па ёй спакваля.

На лістоту ўлетку напала тля,

Мо пра наша жыццё нехта піша трыпціх?

 

Мне даспадобы гутаркі, смех,

Нават калі нехта раптам прыціх.

Моўчкі пакутую: даспадобы мне ўсе,

 

Усе, хто паміне мяне, як пакладуць у труну.

Ой! Як хацеў бы сказаць пра ўсіх вас,

Ды язык задубеў – не магу.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!
Грамадства

З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!

18 красавіка 2025, 15:0019
Беларусы Нью-Ёрку ўшанавалі памяць Слуцкіх герояў
Грамадства

Беларусы Нью-Ёрку ўшанавалі памяць Слуцкіх герояў

5 снежня 2018, 08:4317
Летапісец яўрэйскага мястэчка Шчадрын
Грамадства

Летапісец яўрэйскага мястэчка Шчадрын

5 снежня 2018, 20:4616
Тыдзень роднай мовы ў СШ № 11 г. Ліды
Мова

Тыдзень роднай мовы ў СШ № 11 г. Ліды

21 лютага 2026, 19:4916
Далучайцеся да нас