На Беларусі няма ніводнага такога кутка, які б не меў сваіх слаўных сыноў ці дачок, імёны якіх навечна звязаны са сваёй маленькай радзімай. Сярод іх пачэснае месца на Слонімшчыне займае беларускі кампазітар, музыкант, харавы дырыжор, педагог, заслужаны работнік культуры Беларусі Антон Валынчык (1896-1985), які нарадзіўся 130 гадоў таму (23 ліпеня 1896 года) у вёсцы Мяльканавічы на Слонімшчыне. Сама вёска знаходзіцца недалёка ад Слоніма. Упершыню яна ўпамінаецца ў XVI стагоддзі як сяло, цэнтр Мяльканавіцкага войтаўства, дзяржаўная ўласнасць у Слонімскім старостве Вялікага Княства Літоўскага.
У 1852 годзе ў Мяльканавічах было адкрыта народнае вучылішча, якое скончыў бацька Антона Міхась Валынчык. У сям’і Валынчыкаў было некалькі сыноў. Адзін з іх – Антон – у 1910 годзе скончыў Жыровіцкае духоўнае вучылішча. Гэтае вучылішча рыхтавала хлопцаў на дзякаў, кіраўнікоў царкоўных хораў і настаўнікаў парафіяльных школ. Спевы і ігра на музычных інструментах былі там на першым месцы. Менавіта ў вучылішчы Антон Валынчык навучыўся добра іграць на скрыпцы.
Пасля заканчэння вучылішча, займаўся на двухгадовых настаўніцкіх курсах у Гародні. Там, у горадзе над Нёмнам, ён таксама браў урокі музыкі ў кампазітара Банькоўскага.
Калі пачалася Першая сусветная вайна, Антон Валынчык быў мабілізаваны на вайну. У вольны ад баёў час, малады салдат уладкаваўся яшчэ рэгентам вялікага салдацкага хору рускай арміі.
Калі сын знаходзіўся на фронце, ягоныя бацькі з роднай вёскі Мяльканавічы былі эвакуяваныя ў Курскую вобласць Расіі. Пасля вайны Антон паехаў да іх, але там яму не спадабалася, і ён хутка вярнуўся на Бацькаўшчыну. З цягам часу дамоў прыехалі і яго бацькі.
Па дарозе ў Беларусь, Антон спыніўся ў Ветцы і знайшоў працу на будоўлі ў аднаго багатага чалавека. Калі дом пабудавалі, ён вырашыў завітаць у Гомель. Вельмі хацелася хлопцу спяваць. Ідзе па Гомелі і бачыць цэркаўку. Зайшоў туды. Чуе – там спяваюць, але тэнары вельмі слабыя. Вырашыў ім дапамагчы. Непрыкметна зайшоў на клірас. Пасля будоўлі сам – брудны, замучаны. Усе ў царкве пачалі на яго пазіраць. А ён, як заспяваў!..
Пасля службы да Антона Валынчыка падышлі некалькі святароў і пытаюцца: “Хто ты такі?”. “Проста рабочы”, – адказвае Антон. Святары не вераць. “Вось мае рабочыя рукі”, – паказвае ім юнак (З аўтабіяграфіі Антона Валынчыка, якая захоўваецца ў раённым музеі гісторыі Клеччыны).
Яшчэ некалькі хвілін з ім гутарылі святары, але канкрэтных прапаноў ад іх Антону так і не паступіла. Ён зноў вярнуўся ў Ветку. Працаваў там да зімы. А ў адзін з марозных дзён у горад на санях прыехаў святар і забраў Валынчыка ў Гомель. Яго прывезлі ў вялікі горад, напаілі гарбаткай і паклалі спаць. На другі дзень гаспадар кватэры, дзе начаваў Антон, апрануў яго ў свой касцюм і павёў у галоўнае ўпраўленне таварыства Чырвогага Крыжа. Там хлопец сустракае начальніка цягніка Чырвонага Крыжа, які яго нядаўна вёз са Смаленска ў Гомель. Гэты начальнік запрашае слонімскага юнака на працу статыстам ва ўпраўленне Чырвонага Крыжа. І Антон Валынчык з радасцю пагаджаецца.
Тут ён з цягам часу знаёміцца з харавым дыры-жорам Аляксандрам Ягоравым, які пазней стане прафесарам Ленінградскай кансерваторыі. Гэтае знаёмства перарасло ў асабістае сяброўства, а работа ў хоры пад кіраўніцтвам Ягорава вельмі шмат дала Валынчыку як музыканту. Цікавыя сустрэчы ў Гомелі адбываюцца ў Валынчыка з кампазітарамі Туранковым, Аляксандравым і іншымі. У іх малады Валынчык вучыцца дырыжыраванню і музыцы ў цэлым.
У 1919 годзе Антон Валынчык вырашыў вярнуцца на родную Слонімшчыну. Але ў раёне Лунінца ён трапляе ў паласу ваенных дзеянняў, якія распачаліся паміж польскімі войскамі і савецкімі. А 10 ліпеня 1919 года Лунінец поўнасцю занялі палякі і юнак нечакана становіцца грамадзянінам іншай дзяржавы.
Там, у Лунінцы, Валынчык хутка атрымлівае дыплом настаўніка народных вучылішчаў і да 1924 года працуе ў прыватным рускім рэальным вучылішчы настаўнікам. Ён выкладаў спевы і адначасова быў рэгентам у мясцовай царкве. Менавіта ў Лунінцы Антон Валынчык пачаў больш сур’ёзна разважаць пра жыццё, Бацькаўшчыну, і пра родную мову і культуру. Ён палічыў сваім абавязкам дапамагаць беларусам, і найперш за ўсё беларускай моладзі, актыўна далучацца на свету нацыянальнай музыкі. І што рабіць гэта трэба на кожным уроку спеваў, на кожнай рэпетыцыі харавых гурткоў для дарослых. Рабіць цярпліва, настойліва і апантана. І ён старанна рабіў, працаваў, шукаў. З Лунінца пачаліся самыя актыўныя гады яго музычна-асветніцкай дзейнасці. Пра яго прафесійную педагагічную і музычную дзейнасць ведалі ўжо многія настаўнікі Заходняй Беларусі. А ў 1924 годзе дырэкцыя Клецкай беларускай гімназіі запрасіла Антона Валынчыка да сябе на працу. І ён пагадзіўся.
У Клецкай беларускай гімназіі
Клецкая беларуская гімназія была арганізавана і пачала сваю працу ў 1923 годзе ў Нясвіжы. Напачатку былі адчынены 4 класы. Гімназія знаходзілася на Альбянскай вуліцы ў доме Дылеўскіх. Першымі настаўнікамі гімназіі былі Рыгор Якубёнак, Франц Шнаркевіч, Вячаслаў Арэнь, Ганна Малойла.
Але ў Нясвіжы гімназія праіснавала толькі адзін год. У 1924 годзе яна перабралася ў Клецк. Спачатку гімназія знаходзілася ў доме Паповічаў у канцы Нясвіжскай вуліцы. Было адчынена пяць класаў. Дырэктарам гімназіі быў Рыгор Якубёнак. І тыя настаўнікі, якія працавалі ў Нясвіжы, таксама пераехалі ў Клецк, акрамя Шнаркевіча, які падаўся ў Вільню.
У 1926 годзе Рыгору Якубёнку ўдалося наняць памяшканне на Татарскай вуліцы, куды і пераехала гім-назія. У ёй пераважна вучылася сялянская моладзь з ваколіцаў Клецка, а таксама вучні з Нясвіжскага, Барана-віцкага, Лунінецкага і Слонімскага паветаў. Невялікую колькасць вучняў складалі дзеці святароў і дзякаў.
У гімназіі існавалі літаратурны і драматычны гурткі, хор і аркестр. Тут вельмі часта ладзіліся розныя мерапрыемствы. Антон Валынчык першым чынам узяўся за арганізацыю хору. І яму гэта ўдалося. Хор налічваў 60 вучняў.

За тры месяцы працы Валынчыку ўдалося наладзіць у гімназіі першае выступленне хору. Дасканала выкананыя беларускія песні, пераважна самога кампазітара і дырыжора, мелі вялікі поспех. Пры дапамозе хору гімназія праводзіла шырокую нацыянальна-культурную працу як у самім Клецку, так і ў навакольных вёсках. А ў 1928 годзе Антон Валынчык арганізаваў у гімназіі яшчэ і струнны аркестр, які налічваў 50 чалавек. Часта арганізоўваліся канцэрты, выступленні, гастролі, а грошы папаўнялі пустую касу гімназіі.
Пяцігадовая праца ў Клецкай беларускай гімназіі для Антона Валынчыка была самым шчаслівым перыя-дам яго жыцця. “У мяне назаўжды ў памяці Клецкая гімназія. Там неяк усё было па-асабліваму, там выклад-чыкі і навучэнцы жылі адной сям’ёй – душа ў душу. Якубёнак… гэта быў цудоўны, рэдкі, дзівосны, непараў-наны чалавек, папраўдзе родны бацька дзецям. Ён аддаў ім душу, час, сродкі, усе свае здольнасці, думкі і мары. Я з дзецьмі займаўся хорам, мы ставілі драмы, у гімназіі быў аркестр. Валодзя Гуль – кантрабасіст, актывісты хору – Мароз, Шыдлоўскі… Арэнь Барыс – цудоўны бас, Валя Тычына – альт… Але ў гімназію пастаянна прысы-лалі паганых інспектараў. Мэтай было закрыццё гімназіі. Памятаю, у 1929 годзе прыслалі з Віленскага кураторыума інспектара Мяноўскага – вельмі гадкага чалавека. Хадзіў на ўрокі, прыдзіраўся да дробязей, даводзіў выкладчыкаў да непрытомнасці. А я даведаўся, што ён украінец… І вечарам мы як далі яму канцэрт на паўгадзіны! Праспявалі і знакамітую “Кобзу” Давы-доўскага, і “Відзьма”. Ну, і беларускія таксама: “Ліпы старыя”, “Касцы” (Гэтую песню на словы Якуба Коласа называлі па-рознаму: “Касцы”, “Ідуць касцы”, “На сена-жаці”) (гэта мае), народных вельмі многа. Ведаеце, “Ліпы старыя” я пісаў у 1927 годзе, калі быў страшна хворы, з высокай тэмпературай, у стане трызнення. Лепшая мая рэч… А наконт Мяноўскага… Мабыць, здолелі мы яго праняць да душы. Ён нават расчуліўся і доўга дзякаваў. І галоўнае – ніякіх дрэнных наступстваў візіту! А наогул у гімназіі спявалі многа, ахвотна. Спявалі і мае: “Як на свет нарадзіўся Янка”, “Зайшло ўжо сонейка”, “За праўду”, “Устаньце, хлопцы”… Усё ж такі гэта быў цудоўны час…”, – прыгадваў у сваіх успамінах Антон Валынчык (Памяць. Клецкі раён: Гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. Мн., 1999. С.205-206).
Напачатку 1990-х гадоў неяк пры сустрэчы запытаўся я ў слонімскага паэта Анатоля Іверса (Івана Дарафеевіча Міско, 1912-1999)) пра Антона Валынчыка. Тым больш, што паэт ў канцы 1920-х гадоў вучыўся ў Клецкай беларус-кай гімназіі. Іван Дарафеевіч, падумаўшы, пагадзіўся мне расказаць пра свае сустрэчы з Антонам Міхайлавічам. “Зіма 1929 года была снежная і марозная, – пачаў успамінаць Анатоль Іверс. – Я паехаў на вучобу ў Клецк. Выйшлі мы з цягніка на станцыі Ляхавічы і, узяўшы з сабой чамаданы, пайшлі шукаць падводу, каб даехаць да Клецка. Селі мы, двое выгнаннікаў з Віленскай беларускай гімназіі (Паэт Анатоль Іверс (1912-1999) летам 1926 года паступіў у Віленскую беларускую гім-назію, але ў 1928 годзе ён быў выключаны з гімназіі за актыўную камсамольскую падпольную дзейнасць. Вучобу працягваў у Клецкай і Наваградскай беларускіх гімна-зіях, але закончыць поўны курс навучання польскія ўлады так і не далі – С.Ч.), у буду, наставілі каўняры і рушылі ў дарогу. У галаву лезлі невясёлыя думкі: як там сустрэнуць, ці прымуць? “Ідзіце на Слабадскую вуліцу, – адказаў дзядзька, – знойдзеце хату Івана Нікановіча, там будзе інтэрнат”. Мы трапілі, як кажуць, з карабля на баль. Гімназісты вельмі ветліва сустрэлі нас, не далі нават як след абагрэцца і павялі на ёлку. У зале пачаўся канцэрт мастацкай самадзейнасці. Хор пад кіраўніцтвам настаўніка спеваў Антона Міхайлавіча Валынчыка выконваў цудоўныя, дагэтуль не чутыя беларускія песні “За праўду, за шчасце”, “Як на свет радзіўся Янка” Янкі Купалы, “Ліпы старыя” на словы Якуба Коласа, “Я люблю густыя шумы”, “Вечарам” на словы Уладзіміра Жылкі і іншыя. Гэтыя песні мяне тады заваражылі. Колькі ў іх было душэўнай прыгажосці! Але тады я яшчэ не ведаў, што музыку да вершаў беларускіх паэтаў напісаў Антон Міхайлавіч. І не ведаў таго, што ён быў маім земляком з вёскі Мяльканавічы Слонімскага павета…”.

Цёпла і шчыра пра Антона Валынчыка прыгадваў і былы выкладчык беларускай мовы ў малодшых класах Клецкай беларускай гімназіі Аляксей Кішкель. Пра гэта згадваў у сваіх успамінанах заслужаны настаўнік Беларусі Апанас Цыхун: “Амаль кожны дзень мы (маецца на ўвазе Апанас Цыхун і Аляксей Кішкель – С.Ч.) сустракаліся. Кішкель мне вечарамі расказваў пра Клецкую гімназію. Успамінаў настаўнікаў, у тым ліку і Антона Міхайлавіча Валынчыка. Згадваў, у прыватнасці, як кіраваў той вучнёўскім хорам, якім вялікім аўтарытэтам карыстаўся Валынчык сярод беларускага насельніцтва” (Цыхун Апанас. Выкладчыкі Клецкай беларускай гімназіі // Наша слова, 1994, № 26).
У 1929 годзе Антон Валынчык развітаўся з калектывам Клецкай беларускай гімназіі і пераехаў у Наваградак.
Праца ў дзвюх гімназіях
Наваградская беларуская гімназія, куды пасля Клецка прыехаў працаваць Антон Валынчык, існавала з 1919 да 1934 года. Тэрмін навучання ў гімназіі быў 8 гадоў. У ёй выкладаліся беларуская, польская, французская, лацінская, нямецкая мовы, Закон Божы, гісторыя і геаграфія Беларусі і Польшчы, сусветная гісторыя і геаграфія, матэматыка, фізіка, хімія, прыродазнаўства, маляванне, спевы, ручная праца, фізкультура і іншыя прадметы. У сярэдзіне 1920-х гадоў у гімназіі навучалася каля 250 вучняў. Гімназія існавала на сродкі бацькоў, на ахвяраванні грамадскіх арганізацый, на адлічэнні з заробкаў беларускіх паслоў, за кошт вулічных збораў і г.д.
Беларуская гімназія ў Наваградку мела на мэце падрыхтоўку да паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы, захаванне беларускай нацыянальнай самасвядомасці, павышэнне культурнага ўзроўню, павагі да народных звычаяў і традыцый. У гімназіі дзейнічалі самадзейныя харавы, вакальны, танцавальны, літаратурны, драматычны гурткі, аркестр, спартыўныя секцыі. Вучні выдавалі нават свой часопіс на шапірографе.
Вось там да 1934 года Антон Валынчык выкладаў спевы, а таксама арганізаваў хор і аркестр, бадай ці не самы найлепшы ў Заходняй Беларусі.
У чэрвені 1934 года польскія ўлады закрылі Нава-градскую беларускую гімназію. Большасць яе вучняў паехала працягваць вучобу ў Вільню, а іншыя перайшлі вучыцца ў польскую гімназію імя Адама Міцкевіча. Перайшоў на працу ў польскую гімназію і Антон Валынчык. Але ён ад беларускасці ніколі не адыходзіў. Вядомасць і аўтарытэт яго так выраслі, што таленавітага кампазітара запрасілі ў Вільню праводзіць святы студэнцкіх хораў. Здавалася б, былі ўсе падставы замацавацца ў буйным культурным цэнтры. Але Антон Валынчык выбірае іншы шлях. Сумленне мастака падказвае яму неабходнасць пашыраць свае музычныя веды, і ён уладкоўваецца на вучобу ў Варшаўскую кансерваторыю пры Крамянецкім музычным ліцэі, дзе пад кіраўніцтвам вядомых майстроў Б. Рачкоўскага і К.Сікорскага чатыры гады вывучае “са-крэты” хормайстарскай справы, фалькларыстыку і гармонію.
У лютым 1925 года ў Варшаўскім універсітэце быў адкрыты багаслоўскі праваслаўны факультэт. Вялікае дачыненне да адкрыцця гэтага факультэта меў мітрапаліт Варшаўскі і ўсяе Польшчы Дзіянісій (Канстанцін Валядзінскі). Сам Канстанцін Валядзінскі быў рускім чалавекам, які скончыў Казанскую духоўную акадэмію. У 1924-1948 гадах кіраваў польскай аўтакефальнай праваслаўнай царквой. Пасля адкрыцця праваслаўнага багаслоўскага факультэта ў Варшаўскім універсітэце, быў прафесарам гэтага факультэта.
Аднойчы да Дзіянісія завітаў Антон Валынчык і паказаў яму свае ўласныя царкоўныя музычныя творы з прапановай надрукаваць іх. Уладыка Мітрапаліт, спасы-лаючыся на тое, што не з’яўляецца спецыялістам у царкоў-най музыцы, адмовіў у просьбе Валынчыку. Пры гэтым Дзіянісій дадаў, што і так маецца шмат добрых царкоўных песнапенняў.
Але беларускі кампазітар і дырыжор не пакрыўдзіўся. Пазней, у першыя пасляваенныя гады, Антон Валынчык будзе выкладаць царкоўныя спевы ў Менскай духоўнай семінарыі ў Жыровічах. Вось толькі дзе падзеліся яго ўсе музычныя царкоўныя творы – пакуль невядома. Беларускі грамадскі дзеяч на эміграцыі Барыс Данілюк (1923-2011) з ЗША пры жыцці ў адным з лістоў да мяне паведамляў, што была інфармацыя аб тым, што частку гэтых твораў нехта выявіў у Вялікабрытаніі.
У родным Слоніме
З пачаткам Другой сусветнай вайны Антон Валынчык з сям’ёй пераехаў у родны Слонім. У горадзе над Шчарай ён пачаў працаваць настаўнікам спеваў у сярэдняй школе. Але падчас нямецкай акупацыі са школы зрабілі прагімназію і настаўніцкую семінарыю. І Валынчык, як выбітны майстра спеваў і музыкі, працаваў і ў прагімназіі, і ў настаўніцкай семінарыі.
У акупаваным немцамі Слоніме Антон Валынчык арганізаваў у Народным доме даволі вялікі і добры хор. Рэпертуар хору складаўся з кампазіцый самога Валынчыка, такія, як “Ліпы старыя”, прыгожыя вальсы “Вось і паў ужо змрок”, “Пусты ўлетку нашы сёлы”, ды патрыя-тычныя і звычайныя песні, як “Устаньце, хлопцы, устаньце, браткі”, “Ідуць касцы” і іншыя. “Апрача гэтых песень, удзельнікі хору спявалі творы іншых кампазітараў, такія як “Не пагаснуць зоркі ў небе” ці не Тэраўскага Уладзіміра, “Вясна, вясна жаданая” Міколы Равенскага, ды народныя – “А ў лузе каліна…”, “Пайшоў мілы лужком, лужком…”, “Чачотачка” – усіх не пералічыць. Быў таксама добры жаночы дуэт, што спяваў “Я люблю густыя шумы” на словы Уладзіміра Жылкі і цудоўную музыку ці не самога Валынчыка. Акрамя працы з хорам, Антон Валынчык выкладаў спевы ў Слонімскай настаўніцкай семінарыі, якая адчынілася, здаецца, напачатку 1942 года і праіснавала да 1944. Кіраваў Валынчык пры немцах і добрым царкоўным хорам у слонімскай Свята-Троіцкай царкве.
Пасля заканчэння вайны Антону Валынчыку ў Слоніме было жыць няпроста. Вельмі часта яго наведвалі супрацоўнікі НКУС. Што настаўніка і рэгента выратавала ад арышту – цяжка сказаць. Магчыма, сваякі і сябры, якіх на Слонімшчыне ў яго было шмат. А магчыма, віны ў слонімскага кіраўніка хораў і настаўніка спеваў ніхто так і не знайшоў. Але пасля вайны Антон Міхайлавіч шмат гадоў шукаў працы, у пошуках яе вандраваў па ўсёй Беларусі – працаваў у Маладзечне, Ашмянах, Горках, Менску, Пухавічах, Іўі, Лідзе, Гародні. Ён заўсёды быў пад пільным вокам КДБ. З часоў Клецкай беларускай гімназіі і да канца свайго жыцця кампазітар і дырыжор насіў кляймо нацыяналіста. Заслужаны настаўнік Беларусі Аляксандр Пасько, які жыў у Слоніме, прыгадваў, як сустракаўся з Антонам Валынчыкам у гады Другой сусветнай вайны і ў пасляваенны час. “У нашай сям’і пра яго вельмі добра адгукаліся. Ды й у Слоніме ўсе казалі пра Антона Валынчыка толькі шчырыя словы. Я памятаю яго падцягнутым, хударлявым, энергічным, ён любіў насіць карычневы плашч і капялюш. Мая родная сястра наведвала хор, якім кіраваў кампазітар. Гэта быў тыповы беларускі інтэлігент, вельмі сціплы, шчыры, размаўляў з намі па-беларуску. Мне здаецца, што ад рэпрэсій яго вырата-валі самі выканаўцы. Ім шкада было арыштоўваць і ў чымсьці абвінавачваць гэтага таленавітага і апанта-нага музыкай чалавека”, – сказаў Аляксандр Пасько.
У Маладзечне
У асабістым лісце па ўліку кадраў Антона Валынчыка, які захоўваецца ў архіве Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, запісана: 1939-1947 гады – працаваў у Слонімскіх сярэдніх школах і настаўніцкай семінарыі. 1947-1949 гады – мастацкі кіраўнік ансамбля славянскай песні і танца ў Ашмянах. 1952-1954 гады – мастацкі кіраўнік Пухавіцкага РДК. 1954-1955 гады – мастацкі кіраўнік сельскагагаспадарчай акадэміі ў Горках Магілёўскай вобласці. 1956-1957 гады – настаўнік спеваў у Пухавіцкай СШ і ў Талькаўскай СШ Менскай вобласці. 1957-1961 гады – хормайстар Менскага ансамбля песні і танца ў Маладзечна. З 1961 года – выкладчык кафедры спеваў і музыкі Гарадзенскага педінстытута імя Янкі Купалы (Гарадзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы. Асабістыя справы звольненых выкладчыкаў, 1973-1975, А-К. Т.1. Л. 207-257).
Найбольш плённа пасля вайны Антону Валынчыку працавалася ў Маладзечне. Ён так захапіўся сваёй працай, што ў вольны ад работы час адпраўляўся ў дарогу па Беларусі. Кампазітар і хормайстар ездзіў і хадзіў па вёсках і ўсіх, хто любіў музыку, клікаў у свой ансамбль у Маладзечна.
Аднойчы прыехаў у Пінск. Ідзе па адной з вуліц і чуе, аднекуль даносіцца песня. Цудоўны дзявочы галасок спяваў: “Ой, рэчанька, рэчанька…”. Антон Міхайлавіч уважліва прыслухаўся і накіраваўся туды, адкуль лілася песня. Зайшоў ў маленькую кавярню і спыніўся каля ўваходу. Там нікога не было, акрамя адной дзяўчынкі. Яна прыбірала са сталоў посуд і спявала. Убачыўшы незнаёмага мужчыну, дзяўчынка збянтэжылася і спыніла песню. “Спявай, спявай. Гэта вельмі прыгожа”, – сказаў ёй Антон Міхайлавіч. І яна зноў заспявала. А калі скончыла пець, ён звярнуўся да яе з пытаннем: “А можа ў наш ансамбль пойдзеш?”. І дзяўчына пагадзілася.
Так папаўняўся калектыў у Маладзечне. Хутка ў ім было 40 юнакоў і дзяўчат, якія прыйшлі туды, як кажуць, з гушчы народнай. Праз некалькі месяцаў пасля таго, як Менскі міжабласны ансамбль песні і танца ў Маладзечна ўзначаліў Антон Валынчык, калектыў выступіў з першай праграмай. Потым былі паспяховыя выступленні па Беларусі, у Прыбалтыцы, на Украіне. І ўсюды ўдзяныя гледачы ўзнагароджвалі калектыў з Маладзечна апла-дысментамі і кветкамі. У той час Антон Валынчык атрымаў першую Ганаровую грамату за развіццё самадзейнага мастацтва рэспублікі і актыўны ўдзел у ім.
З песняй праз жыццё
З 1961 года Антон Валынчык стала жыве ў Гародні. У горад над Нёманам яго запрасілі выкладаць музыку і спевы ў Гарадзенскім педагагічным інстытуце імя Янкі Купалы (Загадам Міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь № 474 ад 24 лістапада 2000 года Гарадзенскі педаганічны інстытут імя Янкі Купалы перайменаваны ў Гарадзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы. – С.Ч.).
У архіўнай даведцы Гарадзенскага ўніверсітэта так і запісана: “Загадам № 46 ад 25 красавіка Антон Міхайлавіч Валынчык прыняты на працу на пасаду выкладчыка кафедры музыкі і спеваў з 16 красавіка 1961 года. Загадам № 127 ад 13 верасня 1961 года залічаны старшым выкладчыкам і прызначаны загадчыкам кафедры музыкі і спеваў з 1 верасня 1961 года”.
У Гародні Антон Валынчык не толькі плённа працаваў загадчыкам кафедры музыкі і спеваў Гарадзенскага педінстытута, але адначасова з’яўляўся хормайстрам гарадзенскага народнага ансамбля песні і танца “Нёман”, быў мастацкім кіраўніком Гарадзенскай народнай капэлы настаўнікаў.
Незабыўныя тыя часы былі ў жыцці гарадзенскіх калектываў, калі там за пультам стаяў Антон Валынчык. Высокая творчая патрабавальнасць хормайстра, уменне здабыць інтанацыйную чысціню спявання, дамагчыся сапраўднага гучання і ансамблевасці партый, глыбіня прачытання аўтарскай партытуры – усё гэта заўсёды вабіла тых, хто разумеў і любіў харавую музыку.
Багацце рэпертуару тых калектываў, якімі кіраваў Антон Валынчык – была адной з іх адметных рысаў. Каб упэўніцца ў гэтым, хочацца нагадаць хаця б рэпертуар той Гарадзенскай капэлы настаўнікаў, якой паспяхова кіраваў слынны маэстра. Там былі і бахаўскі хор “Сэрца, маўчы”, і “Вячэрняя песня” Танеева, “Ухваленне пры-роды” Бетховена, і “Что смолкнул веселия глас…” Чайкоўскага, цудоўныя творы Рымскага-Корсакава, Кюі, Шуберта, Манюшкі, Вебера, Расіні, не кажучы ўжо пра музыку Аляксандрава, Дунаеўскага, Хрэннікава, Фляркоўскага, іншых майстроў песні, а таксама шматзначны рэпертуар беларускіх аўтараў. Такому рэпертуару можа пазайздросціць і сёння не адзін прафесійны харавы калектыў. А песні Антона Валынчыка “Ліпы старыя” і “Касцы” на словы Якуба Коласа – гэта найярчэйшы ўзор харавой музыкі, у якой аўтар выступаў не толькі знаўцам сакрэтаў партытуры для ансамблевага спявання, але таксама тонкім мастаком, які выдатна пераўтвараў багац-це народнай музычнай мовы ў строгі і дакладны па форме твор. Больш за 100 хораў, песень, апрацовак музычнага фальклору напісана ім. Нават самыя патрабавальныя прыхільнікі харавой музыкі не змогуць знайсці ў гэтай творчасці адхіленняў ад прафесіянальных законаў і мастацкага густу. Натхнялі кампазітара цудоўныя радкі Янкі Купалы, Якуба Коласа, Пятруся Броўкі, Адама Русака і іншых беларускіх паэтаў, у творах якіх адлюстраваны прыгажосць роднага краю, самаадданая праца людзей, з якімі сутыкаў яго лёс. А колькі плёну было ад супрацоўніцтва Антона Валынчыка з самадзейнымі кампазітарамі, музыцы якіх ён першы даваў пуцёўкі на эстраду. Кампазітар шчыра і самааддана кансультаваў як хормайстар шматлікія харавыя калектывы Гарадзен-шчыны. Тым не менш, з-за незразумелай нячуласці да Антона Міхайлавіча некаторых работнікаў і адказных чыноўнікаў за культурнае жыццё Гарадзеншчыны, ён рана пакінуў і Гарадзенскую капэлу настаўнікаў, і народны ансамбль песні і танца “Нёман”.
Лепш за ўсё ў тыя 1960-я гады Антону Валынчыку працавалася ў Гарадзенскім педінстытуце. Працаваў ён шчыра і аддана, быў патрабавальны не толькі да студэнтаў і выкладчыкаў, але і да самога сябе. Ён любіў і цаніў у працы прафесіяналізм. Вось што згадваў пра Антона Міхайлавіча былы студэнт Гарадзенскага педінстытута журналіст Аляксей Дземідовіч: “Вядома, у мяне, як і ў бальшыні студэнтаў, многае пра Антона Валынчыка пралятала міма вушэй. Але тое, што тычылася музыч-нага мастацтва, то мяне яно не мінула. Бо калісьці мой бацька, вясковы музыка-самавук, не толькі навучыў мяне іграць на нямецкім трафейным гармоніку, але і перадаў з маленства любоў да музыкі, захапленне яе віртуозамі-майстрамі. Вось таму я, студэнт першага выпуску факультэта педагогікі і методыкі, з пачатку вучобы падыходзіў да ўсяго таго, што тычылася нашай музычнай адукацыі на факультэце, менавіта з гэтай бацькоўскай меркай. Да таго ж, з першага курса мне давялося яшчэ і працаваць на палову стаўкі лабарантам кабінета музыкі. Такім чынам, я быў у нейкай ступені і памагатым нашых выкладчыкаў, такіх цудоўных педагогаў як Павел Аляксандравіч Радаліцкі, Антон Міхайлавіч Валынчык, Вера Антонаўна Нісцюк і іншых. Калі першы з іх – Павел Аляксандравіч Радаліцкі быў, як на ўроках музыкі, так і на канцэртах самым ветлівым і абаяльным, то Антон Міхайлавіч Валынчык пры ўсёй яго справядлівасці, заўсёды прытрымліваўся дысцыпліны і патрабавальнасці да кожнага, хто прысутнічаў на яго лекцыях ці практычных занятках. Маэстра Валынчык лічыў, што музыку і песню ўсе павінны любіць так, як ён і не інакш. Таму на яго занятках проста сядзець і не слухаць, што казаў выкладчык, ды яшчэ сам загадчык кафедры музыкі і спеваў, нельга было. Калі ж знаходзіліся такія, хто проста бавіў час, гэта выводзіла педа-гога з раўнавагі, нават злавала яго. Тым не менш, Антона Міхайлавіча мы ўсе любілі. А калі ў музкабінеце заставалася якая вольная хвіліна, мы прасілі выклад-чыка паіграць на скрыпцы і праспяваць якую-небудзь найбольш папулярную рэч са сваіх твораў. Лёгкая ўсме-шка асвятляла яго, здавалася б заўсёды строгі твар, і Антон Міхайлавіч сваім ціхім, трохі сіпаватым, але шчырым голасам пачынаў, затым рабіў пройгрыш – і песня працягвалася да таго часу, пакуль такія радасныя хвіліны не перапыняў залівісты званок на калідоры… Яго скрыпку, як і аўтара песень, мы ўсе шчыра любілі… Як жа сёння хацелася б вярнуцца ў той нялёгкі, але шчаслівы малады час!..”.
Два гады працы ў Гарадзенскім універсітэце для Антона Міхайлавіча не прайшлі марна. Загадам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 28 верасня 1963 года Антону Валынчыку было прысвоена ганаровае званне “Заслужаны дзеяч культуры Беларусі”. У архіве Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы захоўваецца некалькі характа-рыстык на Антона Міхайлавіча Валынчыка, падпісаныя былымі рэктарам педінстытута Маркоўскім Д.С, сакратаром парткама (Антон Валынчык членам кампартыі ніколі не быў – С.Ч.) Крэнем І.П. і старшынём мясцкама Васільевым П.В. (Гарадзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы. Асабістыя справы звольненых выкладчыкаў, 1973-1975, А-К. Т.1. Л. 207-257).

Гэтыя характарыстыкі пісаліся на прысваення яму заслужанага дзеяча культуры Беларусі, на розныя ўзнагароджванні, на хадатайніцтва ў выканкам Гарадзенскага гарадскога савета дэпутатаў працоўных аб прызначэнні Антону Валынчыку персанальнай пенсіі рэспубліканскага значэння. Праўда, персанальнай пенсіі рэспубліканскага значэння Антону Міхайлавічу так і не далі. Тым не менш, давайце пачытаем адну з характарыстык на нашага слыннага педагога і кампазітара: “Антон Міхайлавіч Валынчык з’яўляецца выдатным спецыялістам сваёй справы, дасканала валодае методыкай выкладання, аддае ўсе сілы і веды для павышэння музычнай адукаванасці і культуры студэнтаў. З’яўляючыся загадчыкам кафедры, ён правёў вялікую працу па паляпшэнні выкладання музычных прадметаў і па павышэнню якасці працы гурткоў мастацкай самадзейнасці. Інсты-туцкі хор, які ўзначальваў Антон Міхайлавіч, штогод выступаў на гарадскіх аглядах мастацкай самадзейнасці. Вялікую дапамогу аказваў А.М. Валынчык настаўнікам школ г. Гародні і вобласці ў справе павышэння іх тэарэтычнага і метадычнага ўзроўню ў выкладанні музыкі і спеваў. Добры знаўца харавога мастацтва, Антон Міхайлавіч унёс вялікі ўклад у развіццё музычнай культуры Заходняй Беларусі. Больш за 55 гадоў працоўнай дзейнасці ён прысвяціў служэнню свайму народу на ніве музычнай асветы.
Працуючы выкладчыкам музыкі ў настаўніцкай семінарыі, у сярэдніх школах, а потым у педінстытуце, з’яўляючыся мастацкім кіраўніком Беларускага дзяр-жаўнага міжабласнога ансамбля песні і танца, хармайстрам народнага ансамбля песні і танца “Нёман”, харавой капэлы настаўнікаў г. Гародні і шэрагу харавых калектываў Слоніма, Менска, Маладзечна, Лунінца, Клецка, Мар’інай Горкі, Антон Міхайлавіч усе свае сілы і веды аддаў справе павышэння музычнай культуры беларускага народа. Многія калектывы вобласці, у тым ліку ансамбль песні і танца в. Збляны Лідскага раёна, народны хор вёскі Баранова Іўеўскага раёна, Дзяляціцкая народная харавая капэла сваімі поспехамі таксама абавязаны А.М. Валынчыку.
Антонам Міхайлавічам напісана каля ста музычных твораў. Гэта хары і песні на словы Янкі Купалы (“Зайшло ўжо сонейка”, “За праўду” і іншыя), Якуба Коласа (“Ліпы старыя”, “На сенажаці”, “Не бядуй”, “Устаньце, хлопцы” і іншыя), П. Броўкі і А. Русака (“Крочым наперад”, “Слаўся народ беларускі” і іншыя), шмат апрацовак народных песень (“Ці свет, ці світае”, “Купалінка” і іншыя). Многія з іх уваходзяць у рэпертуар лепшых харавых калектываў рэспублікі, у тым ліку Дзяржаўнага беларускага народнага хору пад кіраўніцтвам Г. Цітовіча, Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы БССР пад кіраўніцтвм Р. Шырмы. Два творы (“Ліпы старыя” і “На сенажаці”) у выкананні харавой капэлы выдадзены ў грамзапісе. Гэтыя музычныя творы і песня “А зязюлька кукавала” увайшлі ў “залаты фонд” нашай краіны…” (Гарадзенскі дзяржаўны універсітэт імя Янкі Купалы. Асабістыя справы звольненых выкладчыкаў, 1973-1975, А-К. Т.1. Л. 207-257).

І калі ў 1940-1950-х гадах Антон Валынчык не меў дзяржаўнай службы і быў незапатрабаваны як спецыяліст, то ў 1960-х гадах ён даказаў апантанай працай свае адносіны да педагогікі і беларускай культуры, хаця яму ўжо было нямала гадоў. У 1966 годзе ўпершыню за ўсё ягонае жыццё ў актавай зале Гарадзенскага педінстытута быў наладжаны творчы вечар кампазітара і дырыжора з нагоды 70-годдзя з дня нараджэння і 50-годдзя працоўнай дзейнасці. З юбілеем Антона Міхайлавіча павіншаваў і Рыгор Шырма тэлеграмай: “Шчыра віншую з днём 70-годдзя. Жадаю моцнага здароўя, асабістага шчасця і далейшых творчых поспехаў на карысць нашай Радзімы!”.
Звольніўся па асабістым жаданні з педінстытута Антон Валынчык ажно 1 сакавіка 1974 года ва ўзросце 78 гадоў. Праўда, зрэд часу яго клікалі на месяц-другі на працу ў інстытут і ён пагаджаўся.

Жыў Антон Міхайлавіч са сваёй жонкай Вольгай Данілаўнай і сынам Леанідам спачатку на Сацыялістычнай вуліцы, 66 у Гродне, а потым у сваёй невялікай двухпа-каёвай кватэры на першым паверсе ў доме № 33 на вуліцы Ажэшкі. Вось як пра кампазітара ўспамінаў кіраўнік фальклорнага ансамбля “Гарадзенскія дударыкі” кампа-зітар і музыкант з Гародні Яўген Петрашэвіч:
“Першы раз з Антонам Міхайлавічам я сустрэўся ў Менску тады, калі быў яшчэ студэнтам. На адным з канцэртаў спяваў хор Валынчыка з Маладзечна. Пасля яго выступлення падняўся старшыня журы і папрасіў, каб яго хор праспяваў яшчэ раз свае песні. Гэта быў даволі рэдкі выпадак, каб журы некага прасіла выступіць зноў. Там я пазнаёміўся з Антонам Валынчыкам.
Калі ў Гародні я вёў свой прафсаюзны хор, яго наведвала і жонка Валынчыка Вольга Данілаўна. Гэта была даволі сімпатычная жанчына, добрай душы чалавек, нядрэнная спявачка.
Антон Валынчык у вольны час вельмі любіў нешта майстраваць. У яго было шмат розных інтрументаў, запчастачак, шрубікаў, гаечак. Любіў рыбалку, марыў злавіць у Нёмане сома. Ён ведаў, што недзе насупраць Каложы ў Нёмане ёсць яма і там вядзецца сом. Ён рабіў вялікія кручкі і часта туды хадзіў. А ці злавіў ён сома – я не ведаю. Рыбалка для яго была не проста захапленне, а там, на прыродзе, ён думаў музыку.
Антон Валынчык быў высокага росту, твар меў яркі, які лёгка можна было намаляваць.
Я бываў у яго дзвюхпакаёвай кватэры, мы шмат гутарылі пра наша жыццё. Але, напрыклад, пра сваё маленства ён не любіў прыгадваць. Ён быў больш замкнуты чалавек, індывідуаліст.
Антон Міхайлавіч вельмі прафесійна рабіў аранжыроўкі песень. Ён у добрых адносінах быў з кампазітарам Аляксандрам Шыдлоўскім, рабіў да яго песень аранжыроўкі. Неяк мне Валынчык расказваў, што, калі ён працаваў у Наваградскай польскай і беларускай гімназіях, дык напісаў музыку да санетаў. І ўсе выкладчыкі былі здзіўленыя гэтым, бо напісаць музыку да санетаў вельмі нялёгка.
У яго была вельмі вялікая калекцыя пласцінак і ён меў патэфон. На некалькіх пласцінках былі і яго песні ў выкананні капэлы Рыгора Шырмы. Але ён быў незадаволены самім выкананнем песень і якасцю запісаў. Чуў я, што гэтыя ўсе пласцінкі Антон Міхайлавіч перадаў Гарадзенскаму праваслаўнаму сабору. Але потым адтуль іх забраў адзін чалавек. Прозвішча і адрас гэтага чалавека я не ведаю. Дарэчы, Антона Валынчыка не вельмі любілі праваслаўныя свяшчэннікі, бо яго царкоўныя хары заўсёды былі лепшымі, чым сама дзейнасць гэтых свяшчэннікаў.
Антон Валынчык быў моцны харавік акадэмічнага складу. Мы вучыліся ў яго гэтаму прафесійнаму майстэрству. Зніклі кудысь і яго царкоўныя музычныя тво-ры. Калі памёр Валынчык, жонка пераехала да сына на Украіну. Пра дачку я нічога не чуў…”.
Дарэчы, Яўген Петрашэвіч перадаў мне дзве скрыпкі Антона Валынчыка. Адну я падараваў Слонімскаму раённаму краязнаўчаму музею. А адна знаходзіцца ў мяне, як памяць пра земляка.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA
Антона Валынчыка не стала 13 лістапада 1985 года.

Праца Антона Валынчыка адзначана высокімі ўзнагародамі. 28 верасня 1963 года кампазітару было прысвоена ганаровае званне “Заслужаны дзеяч культуры БССР”. Ён атрымаў таксама Ганаровыя граматы Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР, Міністэрства культуры БССР і Міністэрства вышэйшай і сярэдняй адукацыі БССР. 1 лістапада 2013 года на магіле Антона Валынчыка ў Гародні ўстаноўлены помнік. У 2016 годзе на будынку факультэта мастацтваў і дызайну Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы ў гонар дырыжора ўсталявана мемарыяльная дошка.
Сяргей ЧЫГРЫН.

