Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
НЯСПЫННАЕ ГАРЭННЕ

НЯСПЫННАЕ ГАРЭННЕ

22 ліпеня 2021, 00:01 Культура 46
НЯСПЫННАЕ ГАРЭННЕ

Да 145-годдзя з дня нараджэння Цёткі

Слынная  дачка беларускага народа Цётка (Алаіза Сцяпанаўна Пашкевіч) нарадзілася 15 ліпеня 1876 года ў фальварку Пешчын непадалёку ад Ліды (цяпер гэта Шчучынскі раён Гарадзеншчыны) і пражыла ўсяго 40 гадоў…

Імя паэтэсы-рэвалюцыянеркі, празаіка, публіцыста і грамадска-палітычнага дзеяча стаіць у шэрагу пачынальнікаў новай беларускай літаратуры. Усё бурнае жыццё гэтай надзвычай эмацыянальнай, захопленай нацыянальным адраджэннем змагаркі было, па словах сучаснікаў, няспынным гарэннем.

 

У ЯЕ БЫЛО шмат розных псеўданімаў: Гаўрыла, Гаўрыла з Полацка, Крапіўка, Мацей Крапіўка, М. Крапівіха, Тымчасовы, Банадысь Асака… Замацаваўся ж – Цётка, Пад ім яна ўпершыню выступіла ў 1906 годзе як аўтар кніжкі “Першае чытанне для дзетак-беларусаў”. Але хто з нас, скажыце, чытаў ці, хоць, бачыў гэтую кніжку да 2001 года?! Так, ніхто! Цяжка ўявіць, што падручнік, які і вучыў, і развіваў, і выхоўваў нашых беларускіх дзетак, паўторна пабачыў свет толькі праз… стагоддзе. Ды некаторыя апавяданні не ўвайшлі і ў апошняе пакуль выданне. У ім, дарэчы, апрацаваныя для лепшага дзіцячага ўспрымання  народныя песні,  прымаўкі, прыказкі, загадкі.  Само сабой, вершы паэтэсы. Мне асабліва запомніўся “Мой сад”, прывяду з яго пазней. Пакуль жа – пра псеўданім. Практычна яна карысталася ім і ў апошнія свае гады.

Адказ на пытанне, чаму менавіта Цётка, я не знайшоў ні ў сваёй Якаўлевіцкай сярэдняй, ні на журфаку, ні ў інстытуце паліталогіі. І даведаўся ўпершыню не з прац, прысвечаных Пашкевіч. Дапамагла камандзіроўка 1986 года ад “Сельской газеты”, дзе працаваў,  у Шчучынскі раён. Накіраваўся з мясцовым кіраўніком да вядомай у акрузе выкладчыцы беларускай мовы і літаратуры  Шастакоўскай школы Анфісы Дабрынкі. Яна па крупінках збірала звесткі пра Пашкевічаў і іх таленавітую дачку. Шматгадовыя ўпартыя пошукі ператварыла ў справу ўсяго свайго жыцця. Вось яна і паведаміла, што Цёткай Алаізу назваў упершыню яе сусед-зямляк Вацлаў Іваноўскі. Яго постаць, заўважу, на многія гады выкраслілі з гісторыі нашай культуры і нацыянальнага руху. І гэта пры тым, што ён разам з Цёткай і братамі Луцкевічамі выдаў першы нумар часопіса “Свабода”. Быў адным з арганізатараў выдавецтва суполкі “Загляне сонца і ў наша аконца”, дзе пабачыла свет “Першае чытанне…”. Уклаў першы беларускі лемантар (буквар). Апрацаваў першы буквар сучанай бела-рускай мовы.

Мне было пяць гадоў, калі выпускніца педагагічнага вучылішча Дабрынка з’явілася ў Старым Двары, на радзіме Алаізы  Пашкевіч. Яна хутка знайшла агульную  мову з мясцовымі. А неўзабаве, расказвала мне пры сустрэчы, ужо “даставала” іх самымі рознымі пытаннямі пра зямлячку. Даведалася, што ў дзяцінстве Алаіза  сачыняла незвычайныя  жахлівыя казкі. Сама ў іх верыла і палохала імі  сясцёр (у яе былі тры сястры і два браты). Свякруха  расказвала Анфісе, што прыгожае дзяўчо наведвалася ў госці з сябрамі-студэнтамі.

Цётка, дарэчы, шмат дзе і шмат чаму, сведчыць падрабязная біяграфія, вучылася. Спачатку ў хатніх настаўнікаў, потым у Віленскай гімназіі. У Пецярбургу скончыла агульнаадукацыйныя курсы вядомага бунтарнага вучонага Пятра Лесгафта. Там жа здала экзамены за поўны курс гімназіі. Пра іншую навуку прачытаеце пазней.

Калі яна каго прывозіла ў госці – усіх з усімі знаёміла, жадала вяскоўцам шчасця, лепшай долі і здароўя. 

Сама ж хварэла на сухоты. Пры гэтым была вельмі ганарлівая. Нічыю дапамогу ні ў чым не прымала. А вось сама была надта шчодрай. Вельмі  любіла размаўляць з сялянамі, частка якіх за бясцэнак гарбацілася на ейнага бацьку Стэфана. У адзін з прыездаў, успаміналі старыя старадворцы, сабрала вакол сябе малых. Расказала, дзе была і што бачыла. Па-частавала цукеркамі і пернікамі. А потым як рассмяялася! Зняла каляровую хусцінку, парвала лоўка на прадаўгаватыя стужачкі дый пазаплятала іх у коскі збянтэжаных, але шчаслівых і радасных хоць у той момант дзяўчынак. Хацела, каб ім добра было, а сама ж, невысокая, кволая, хворая… З часам абурэнне існымі дома і ва ўсім грамадстве парадкамі, калі ў адных – усё, а ў іншых – нічога, узрастала і ўзмацнялася. Яно і прывяло ў выніку да актыўнай барацьбы з існым ладам, найперш, сваёй неверагоднай палымянай творчасцю, са-мым трывалым грунтам якой, як і грамадскай дзейнасці, стала дзяржаўнага кшталту ідэя незалежнасці.

 

ПАЧЫНАЛАСЯ гэтая палымяная творчасць, як зазначылі ў сваіх даследаваннях “Постаці” і “Стану песняй” вядомы крытык і журналіст Рыгор Бярозкін і цудоўная пісьменніца, літаратуразнаўца Лідзія Арабей, пад моцным уплывам прадвесніка адраджэння Францішка Багушэвіча. Пра гэта сведчыць сама назва першага зборніка Гаўрылы з Полацка (Цёткі) – “Скрыпка беларуская”. У Багушэвіча, калі помніце, – “Дудка беларуская” і “Смык беларускі”. Аўтарка, якая з 1905 года, за год да выхаду кніжкі, удзельнічала ў мітынгах і дэманстрацыях, выступала з рэвалюцыйнымі прамовамі, выкрывала ў вершах самаўладства і заклікала змагацца з царызмам. У асабістай  прадмове “Скрыпкі…” яна адзначала, што прыкладам для яе быў Мацей Бурачок, які марыў адшукаць “такой вадзіцы ды з такой крыніцы, што як хто нап’ецца, дык вольным стаецца”. Даследчыкі падкрэсліваюць:  вершы “Суседзям у няволі”, “Вера беларуса”, іншыя творы зборніка дыхаюць прадчуваннем хуткага выбуху народнага гневу і нянавісці. У іх глыбокая вера ў непераможную на гады сілу народа, якая загартавалася ў суровых выпрабаваннях цяжкай і шматпакутнай гіісторыі:

Веру, братцы, ў нашу сілу,

Веру ў волі нашай гарт…

Мы не з гіпсу, мы – з камення,

Мы – з жалеза, мы – са сталі,

Нас кавалі у пламенні,

Каб мацнейшымі мы сталі.

Цяпер, братцы, мы з граніту,

Душа наша з дынаміту,

Рука цвёрда, грудзь акута,

Пара, братцы, парваць пута!

 

Амаль адразу, у Жоўкве, недалёка ад Львова, пра які  пагаворым асобна, выйшаў і другі зборнік змагаркі – “Хрэст на свабоду”. Ён быў прысвечаны барацьбе супраць царызму. У вершах “Небывалыя часы”, “Добрыя весці”, “Бунтаўнік”, “Пад штандарам”, “Бура” яскрава бачыцца, як развіваліся падзеі, якія Цётка ўспрымала народнай рэвалюцыяй. Поўнасцю адпавядаюць тагачаснай рэчаіснасці “Хрэст на свабоду” і “Мора”. Першы –  публіцыстычная лірыка. Крытыкай і класавай непрымірымасцю, выкравальным пафасам і вострай сатырай на цара ён нагадвае  мне палітычную пракламацыю. Ну, а другі… Другі, пагаджуся з даследчыкамі, сапраўды, стаў самым яркім з усіх рэвалюцыйных твораў. Калі ласка, пераканайцеся:

Мора вуглем цяпер стала,

Мора з дна цяпер гарыць,

Мора скалы пазрывала,

Мора хоча горы змыць.

Мора злуе, крэпнуць хвалі,

З дзікім шумам бераг рвуць;

Гром грыміць за вёрсты-мілі,

З мора брызгі ў неба б’юць.

 

Адчуваеце грозную навальніцу на моры? Гэта бітва паміж “разгневанай натурай” і “войскамі бога”, у вобразе якіх выступаюць варожыя людзям сілы. А як узнёсла ўслаўляецца ў канцы барацьба! Барацьба не на жыццё, а на смерць!

Такі бой вякамі жджэцца,

Такі бой гігантаў дасць.

Ў такім баю толькі грэцца,

Ў такім баю толькі пасць.

 

Напісаны ў кастрычніку 1905-га , верш стаўся сапраўдным гімнам рэвалюцыі.

 

УЖО ТАДЫ аўтарцы давялося жыць на нелегальным становішчы. Яна хавалася ад паліцыі ў Нова-Вілейцы. Працавала там сястрой міласэрнасці псіхіятрычнага шпіталя. А ў самым пачатку новага года актыўна ўдзельнічала ў 2-м з’ездзе Беларускай рэвалюцыйнай грамады ў Менску. Праграмным пытаннем было стварэнне незалежнай беларускай рэспублікі. Неўзабаве намаганнямі шчырай барацьбіткі ды іншых “грамадоўцаў”  пачала выходзіць першая лягальная беларуская газета “Наша доля”. Яна, на жаль, спыніла сваё існаванне на шостым нумары. Спрычынілася будзіўшая ўсім сваім сэрцам у слухачоў запал і любоў да прыгнечанага люду паэтэса і да выдання першых нумароў “Нашай нівы”.

У сярэдзіне 1906-га Цётку запрасіў да сябе ў горад Львоў украінскі філолаг-славіст і мастацтвазнавец Іларыён Свянцінскі. Ён, не магу не адзначыць, стварыў Львоўскі гістарычны музей. Дык вось беларускі раздзел у ім захоўваў на той час 23 слуцкія паясы, 12 кніг “Бібліі” Францішка Скарыны, а гэтаксама старадрукаваныя выданні, граматы, акты, абразы і іншае. У свой час чатырма з тых унікальных поясаў я любаваўся ў нашым мастацкім музеі. Ён прадстаўляў тады экспазіцыі, прывезеныя з Львова і Луцка. Былі яшчэ партрэты кіраўнікоў і магнатаў Вялікага Княства Літоўскага. Свянцінскі, між іншым, пасадзейнічаў, каб у выдавецтве Базыльянскага кляштара, сёння ён у горадзе Несцераве, і пабачылі свет узгаданыя вышэй паэтычныя зборнікі госці. Адбіткі на лацініцы выйшлі, па меркаванні нашага адметнага прафесара Сцяпана Александровіча, крыху раней у Вільні. За два месяцы да камандзіроўкі ў Шчучын я быў на развітанні з паважаным Сцяпанам Хусейнавічам, які падрыхтаваў да выдання творчую спадчыну Багушэвіча і Цёткі. І сёння адчуваю праз характэрныя акуляры майстра ягоны востры ўдумлівы погляд і чую ягоныя прароцкія словы:”Я расказваю, а час пакажа і дакажа”.

 

З ТАВАРЫСКАГА ВІЗІТУ да Свянцінскага і пачаліся эмігранцкія вандроўкі няўрымслівай, энергічнай, захопленай барацьбой за ідэю беларускі. Хвароба тым часам абвастралася, і некалькі месяцаў давялося лячыцца ў польскім цэнтры гуральскае культуры Закапанэ, які быў папулярным горналыжным курортам. У гэты час Цётка сябравала з родапачынальнікам літоўскай лірычнай прозы Ёнасам Білюнасам, пражыўшым усяго 28 гадоў. Вучобу, пра якую я распачаў наперадзе, Цётка працягнула ў Кракаве, на філасофскім факультэце Ягелонскага ўніверсітэта. Падчас яе ўдзельнічала ў рэвалюцыйнай арганізацыі моладзі “Спуйня”. Цікава, што ў дадатак спатрэбіліся і філасофскі факультэт Львоўскага ўніверсітэта, і ўрокі таго ж Свянцінскага па грэцкай мове, іспыт па якой здавала ў… Пецярбургу. Як стала вядома, мелася пісаць грунтоўную працу пра беларускую батлейку. Пра намер нагадвае цяпер толькі складзеная праграма збірання матэрыялаў.

Далейшыя пераезды сталі дужа ўжо стракатымі. Шматкроць су-пастаўляючы час і падзеі, заняткі і ўчынкі, я стаміўся ў архівах даганяць вандроўніцу. Да першых стрэлаў Першай сусветнай  жыла то ў Пецярбургу, то ў Вільні, то ў Менску, то ў Львове – працягвала ж вучобу! І яшчэ, ледзь не забыў, – падарожнічала  з жонкай Білюнаса па Італіі. Была і ў Германіі. Пры гэтым “паспела” ўзяць удзел у стварэнні беларускага тэатра Ігната Буйніцкага. У ліку названых псеўданімаў быў, нагадваю, М. Крапівіха, пад якім  сыграла ў гэтым тэатры ролі Пантурчыхі (спектакль Марка Крапіўніцкага “Па рэвізіі”), Наталкі (Антона Чэхава “Сватанне”) і старой Насты (Элізы Ажэшкі “У зімовы вечар”). Візіты на Бацькаўшчыну сталі больш частымі яшэ і дзякуючы шлюбу з літоўскім сацыял-дэмакратам Стэпонасам Кайрысам, якога, не па-мятаю, дзе прачытаў, дражніла “гіргуном”, і з якім пражыла толькі пяць гадоў.

Урэшце, вярнулася ў Беларусь назусім. У 1914-м працавала сястрой міласэрнасці. Ніколі не перастану здзіўляцца, як і калі знаходзіла час на падрыхтоўку і вершаў, і апавяданняў (каб не кароткае жыццё – магла б стаць вялікім празаікам), і публіцыстыкі, і нарысаў. А ў апошнія гады – нататкаў з падарожжаў у Фінляндыю ды Швецыю. Мелася наведаць і Нарвегію…І хоць па колькасці, як зазначыў Іван Пятровіч Шамякін,  “напісала менш, чым Купала, Колас, але ўсё, створанае ёй, увайшло ў залаты фонд нашай беларускай літаратуры”. Дарэчы, у сваім вершы “Аўтарцы “Скрыпкі беларускай” Купала вось як высока ацэньваў творчасць Цёткі:

Чутка йграеш, чутка йграеш

Ты на скрыпачцы сваей,

К небу з думкай падлятаеш,

Шчасця зычыш для людзей.

Гэй, пяснярка, болей, болей

Нам на скрыпцы сваёй грай!

Прывітаем хлебам-соляй,

Дзякуй скажа родны край…

 

Край, пра які гучаць у маім аршанскім сэрцы радкі з верша “Мой сад”, змешчанага ў шматпакутным “Першым чытанні…”:

Люблю мой сад, як расцвітае,

Як салавей свой трэль вядзе,

Як цвет галінку прыгібае,

Як пчолка мёд адтуль нясе.

 

Стан роднага краю і яго насельнікаў хвалюе Цётку і ў яе неардынарнай прозе, пачынаючы з першага апавядання “Прысяга над крывавымі разорамі” пра беднага, змучанага цяжкай працай і нястачай Мацея. Яна і працягвае творамі трагічнага гучання, як і само жыццё – “Асеннія  лісты”, “Лішняя”, “Міхаська”. У іх ” глыбокі псіхалагізм, уменне аўтара заглянуць у душу чалавека, раскрыць яго  думкі і перажыванні”. Публіцыстка заўсёдна думала, як вы ўпэўніліся, пра народную культуру і роднае слова. Паслухайце, як натхнёна і пранікнёна гучыць артыкул “Шануйце роднае слова!” :

 “Роднае слова!

З малых дзён чуем мы цябе з матчыных вуст. Ты нам тлумачыш усе дзівы свету, якія дзіцячае вока бачыць навокал сябе першы раз. І табе выказваем мы свой дзіцячы жаль, крыўду, жаданне, радасць…” І да моладзі: “Мейце сілу і адвагу дзяржацца роднага слова. Мейце смеласць усюды голасна казаць па-свойму. І, гледзячы на вас, асмеляцца і іншыя, зразумеюць, што шчырае сэрца беларускае б’ецца не толькі пад мужыцкай сярмягай, павераць у ўла-сныя сілы свае і пойдуць цвёрдай ступой да лепшай будучыні, да ясных зор шчасця народнага”.

 

Апошнім часам Цётка  арганізоўвала беларускія школы і настаўніцкія курсы, дапамагала хворым у тыфусовым бараку, стварала дзіцячыя прытулкі. У студзені 1916 года яна атрымала паведамленне аб смерці бацькі. Паехала ў Ліду на яго паха-ванне. Пасля хаўтураў вырашыла падлячыць землякоў у Старым Двары. Заразілася там тыфусам сама і ў ноч з 4 на 5 лютага памерла пад дахам роднага дома.

 

ТРЫЦЦАЦЬ ПЯЦЬ  гадоў  таму мы стаялі з настаўніцай Анфісай Дабрынкай ля  магілы Цёткі. Я пазіраў на мармуровы крыж, якому было тады 50. А крыж глядзеў на мяне.

 Памінальны камень і фасад помніка кірыліцаю ды лацінкаю прадыктавалі мне  пачатак верша “На магіле”, у якім Алаіза Пашкевіч прадказала сваю будучыню:

На магіле ўзыду дубам,

Пачну шаптаць братнім губам

Аб іх долі, аб свабодзе,

Стану песняй у народзе!

 

Нядаўна я патэлефанаваў сва-йму сябру, старшыні савета ветэранаў Гарадзенскага аблупраўлення Дэпартамента аховы МУС палкоўніку міліцыі ў запасе Мікалаю Трушчанку. Літаральна праз паўгадзіны ён назваў патрэбныя мне тэлефонныя нумары ў Шчучынскім раёне. Адзін з іх – дзяжурнай сястры сацыяльнай палаты ў амбулаторыі Васілішкаўскай бальніцы. Менавіта тут, сказала Ірына Гурская, знаходзілася  некато-ры час і працягвала, як дазваляла самаадчуванне, расказваць пра Цётку Анфіса Паўлаўна Дабрынка. У  траўні 2015-га яе перавезлі ў дом суполкі Сёстраў Маці Міласэрнасці ў Каменцы. “У нас, – распавяла  па слухаўцы ў адказ на хвалюючае мяне пытанне сястра суполкі Фаўстына, –  ёй было лепш. Вельмі сціплая, душэўная, добрая,  прыемная  жанчына. Спачатку шмат цікавага  паведамляла нам і пра Цётку, і пра наш родны край, які стаў родным і для яе самой. На вялікі жаль, здароўе яе хутка пагаршалася, і трэцяга жніўня 2018 года яна памерла…”

 Уладзімір Барысенка.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Памёр драматург Аляксей Дудараў
Культура

Памёр драматург Аляксей Дудараў

15 сакавіка 2023, 18:2618
Арцыбіскуп Станеўскі прызначыў новага пробашча ў Менску
Грамадства

Арцыбіскуп Станеўскі прызначыў новага пробашча ў Менску

31 ліпеня 2024, 06:1916
З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!
Грамадства

З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!

18 красавіка 2025, 15:0016
ХХІV Нацыянальны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне
Культура

ХХІV Нацыянальны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне

19 чэрвеня 2025, 23:4516
Далучайцеся да нас