Напярэдадні Дня роднай мовы гарадзенцаў аб’яднала Усебеларуская дыктоўка.
На чыстых аркушах паперы ўдзельнікі акцыі – вучні, іх бацькі і настаўнікі – няспешна выводзяць словы. Засяроджаныя, яны ўважліва слухаюць настаўніцу беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 13 горада Гародні Алену Машко, каб улавіць кожную дэталь тэксту. Рознаўзроставую аўдыторыю аб’яднала Усебеларуская дыктоўка. Гэта адзін з галоўных эпізодаў мерапрыемстваў, якія сёлета прайшлі ў рамках Міжнароднага дня роднай мовы. Адзначыць свята напісаннем адзінай дыктоўкі ўсім ахвочым прапанаваў Гарадзенскі абласны камітэт ГА “БРСМ”. Той, хто справіцца на выдатна, атрымае прыз ад саюза моладзі.
– Родная мова – гэта найбольшы скарб для кожнага народа. Яна адлюстроўвае яго характар, гісторыю, вопыт і розум, – гаворыць першы сакратар Гарадзенскага гарадскога камітэта ГА “БРСМ” Пётр Касіцкі. – Галоўная мэта сённяшняга мерапрыемства – не столькі праверыць арфаграфічныя здольнасці ўдзельнікаў, колькі прывіць жаданне бліжэй пазнаёміцца з роднай мовай, падтрымаць цікавасць да яе вывучэння. Бо такую пяшчотную, пявучую, вобразную і шчырую павінен ведаць кожны з нас. Беларуская мова – наша нацыянальнае багацце і адрозненне. Дарэчы, падобныя дыктоўкі напісалі ў многіх першасных арганізацыях. Вучні іншых школ і гімназій горада далучыліся да праекта 20 лютага.
Чыстую родную мову вучаніца дзявятага класа сярэдняй школы №13 Марыя Сакалоўская чуе не толькі ў школе на ўроках беларускай мовы і літаратуры, але і дома. У сям’і нават склалася своеасаблівая традыцыя.
– Раз на тыдзень, зазвычай гэта выхадны дзень, з роднымі і блізкімі мы размаўляем выключна па-беларуску. Ініціятарамі такой прапановы калісьці выступілі бацькі, бо лічаць, што ведаць абедзве дзяржаўныя мовы мы павінны на аднолькавым узроўні, – расказвае дзяўчына. – Таму пытанне, прымаць удзел у агульнай дыктоўцы ці не, для мяне нават не стаяла. Тут ніхто не гоніцца за адзнакай. Проста гэта выдатная мажлівасць яшчэ раз атрымаць асалоду ад мілагучнасці мовы, адчуць яднанне з усімі беларусамі.
А вось для Мар’яны Паўлоўскай, матулі адной з вучаніц школы, гэты непрацяглы ўрок – прыемная нагода ўспомніць непаўторныя школьныя гады. Яна ўпэўнена, каб прывіць штосьці добрае і светлае моладзі, трэба абавязкова паказваць прыклад.
– Для любога народа родная мова – крыніца сілы, аснова яго багатай культуры. Менавіта яна робіць нас унікальнымі і мудрымі. Нашу мову трэба берагчы, пера-даваць нашчадкам, каб не знікнуць як нацыя.
Усяго да напісання Усебеларускай дыктоўкі ў гарадзенскай школе далучыліся каля 60 чалавек.
У гэты дзень гучала матчына мова і ў Гарадзенскім абласным інстытуце развіцця адукацыі. Пляцоўка стала самай масавай. Тут дыктоўку пісалі больш за 100 чалавек, у анлайн-рэжыме далучыліся таксама грамадзяне з Расіі і Украіны.
Адначасова спрабавалі свае сілы ў веданні мовы і ў Гарадзенскай абласной навуковай бібліятэцы імя Я.Ф. Карскага. Па словах дырэктара бібліятэкі Марыны Ігнатовіч, удзел у акцыі прынялі 20 чалавек. Гэта бібліятэкары і чытачы. Паспрабаваць свае сілы вырашыў нават невідушчы жыхар абласнога цэнтра. Ён пісаў той жа тэкст, але шрыфтам Брайля.
– 21 лютага будзе адзначацца Дзень роднай мовы. Гэта асаблівае свята для кожнай нацыі і кожнага народа. Да таго ж у Год народнага адзінства гэтая падзея набывае асаблівае сімвалічнае значэнне, – гаворыць яна. – Мэта нашай сустрэчы – дэманстрацыя павагі да роднай мовы, яе ўшанаванне. Беларускай мовай нельга не захапляцца, бо яна надзвычайна тонка можа перадаць усю прыгажосць навакольнага свету, апісаць унутраны свет чалавека. Нездарма столькі цудоўных твораў напісана па-беларуску.
Марафон мерапрыемстваў, прысвечаных Дню роднай мовы, у вобласці быў прадтрыманы ва ўсіх раёнах. У свята нямала сваіх традыцый. Шэраг конкурсаў, віктарын і забаўляльных праграм ці дыктовак прайшоў у школах, бібліятэках, універсітэтах.
Вольга ЗАЯНЧКОЎСКАЯ.
Фота Арцёма Турлая.
“Гродзенская праўда”.