З пераплёту выйшаў літаратурна-мастацкі альбом “ЛІДСКІ ПАРНАС, 175 партрэтаў лідскіх літаратараў”. – Ліда: Лідскі гісторыка-мастацкі музей, ПУП “Пружмень”, 2025. – 10 с.: 175 іл. Фармат А-3.
Укладальнік Станіслаў Суднік
Кансультанты: Галіна Курбыка, Леанід Лаўрэш, Алесь Хітрун, Сяргей Чыгрын.
Рэдактар: Алесь Хітрун.
Карэктары: Ірэна Клімовіч, Алесь Хітрун.
Мастак-фотарэстаўратар: Алена Несцерава.
Прадмова Станіслава Судніка.
Гэты альбом – кароткі ілюстраваны даведнік пра літаратуру і літаратараў Лідчыны (Лідскіх паветаў розных часоў і Лідскага раёна). Альбом сабраны ў рамках падрыхтоўкі да ўрачыстасцяў ХХХІІ Дня беларускага пісьменства.
Лідчына – край паэтычны. У гэтым можна ўпэўніцца праз творы, якія ў розныя часы былі надрукаваны і з’яўляюцца яркім увасабленнем мінулага і сучаснага, бо праз іх і па сённяшні дзень мы адкрываем старонкі гісторыі. Лідскі край – гэта прастора дзеячоў культуры, якія сваімі зычнымі спевамі, яркімі фарбамі і мілагучнымі паэтычнымі радкамі адлюстроўваюць любоў да сваёй радзімы. Так, прынёманскі горад стаў натхняльнікам для артыстаў, мастакоў, паэтаў! Іх дзейнасць вядома і за межамі Беларусі, што спрыяе пашырэнню сферы турызму.
Так склалася, што элітныя літаратурныя колы нашай краіны не прыдавалі ўвагі талентам Лідчыны. А ў гэтым плане яна багатая! І нарэшце было вырашана, што ў 2025 годзе Дзень беларускага пісьменства пад нумарам ХХХІІ пройдзе ў Лідзе. Абысці лідскі рэгіён, як разумеем, не атрымалася! Так склалася, што Лідчына не стала радзімай лаўрэата Нобелеўскай прэміі па літаратуры, што адсюль не выйшаў у свет Народны паэт або пісьменнік. Хтосьці можа сказаць, што вядомасць лідскіх літаратурных талентаў не расхвалена, што яны раз’ехаліся па ўсім свеце і іх ужо не звязваюць з Лідчынай, аддаюць іншым краям і народам. І той чалавек будзе мець рацыю. Але мы ведаем іх усіх, ведаем, як яны сумавалі і сумуюць па роднай зямельцы, як вазіў з сабой дзесяцігоддзямі песні, запісаныя на Лідчыне, Земавіт Фядэцкі, каб потым выдаць кніжку “Цёплыя вечары… ды халодныя ранкі…”, якую ў Італіі назавуць “песнямі Атлантыды”; як выехаўшы з Беларусі Аляксандр Юрэвіч стаў “песняром Крэсаў” і напісаў кнігу “Ліда” і як Юзаф Кардаш напісаў у Польшчы кнігу “Ліда праўдзівая”; як доктар гебілітаваны, карэнная лідзянка Ірэна Стасевіч-Ясюкова заснавала кніжную серыю пра знакамітых лідзян, а недзе ў глыбіні Расіі ўнук святара Савіцкага з Мураванкі Аляксандр Чудакоў апісвае Мураванку і Малое Мажэйкава ў кнізе “Кладзецца імгла на старыя прыступкі”, якая ў 2011 г. атрымала прэмію “Рускі Букер дзесяцігоддзя”, і г.д.
Бясспрэчна, пра Лідскі край, у якім развіваецца літаратурны працэс, ужо вялася размова на старонках перыядычных выданняў. А ў Доме Валянціна Таўлая збіраюцца і захоўваюцца кнігі і матэрыялы пра мясцовых літаратараў. Там жа праходзяць сустрэчы з лідскімі пісьменнікамі і з тымі, якія вядомыя ў нашай краіне і за яе межамі. Супрацоўнікі Лідскага гісторыка-мастацкага музея вывучаюць свой край і такім чынам знаходзяць цікавыя факты з жыцця таго ці іншага майстра прыгожага пісьменства. Даследуючы тэрыторыю, мы даведваемся, што ў свой час тут спыняліся масцітыя творцы: Янка Купала, Якуб Колас, Максім Гарэцкі, Кандрат Крапіва, Васіль Быкаў, Янка Брыль, Уладзімір Караткевіч, Алесь Ставер, Пятрусь Броўка, Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, Васіль Зуёнак, Ніл Гілевіч …
Не даўшы Нобелеўскіх лаўрэатаў і Народных творцаў Лідчына спарадзіла, узгадавала або на доўгія гады прытуліла вялікую колькасць літаратараў-белетрыстаў, літаратараў-краязнаўцаў і літаратуразнаўцаў, аўтараў навукова-папулярных і публіцыстычных твораў. Мясцо-выя краязнаўцы могуць назваць не адну сотню імёнаў. Калі ўзяць толькі літаратараў-белетрыстаў, то гэта:
– паэт-лацініст Міхал Карыцкі з Дзітрыкаў каля Фалькавіч, узнагароджаны паводле ўказу караля Станіслава Аўгуста медалём “Merentibus” (“Заслужаны”);
– графіня Сафія дэ Шуазёль Гуф’е (з дому Тызенгаўз), фрэйліна дзвюх імператрыц, аўтарка пяці гістарычных раманаў, напісаных па-французску, але на беларускую тэматыку;
– Вільгель Пратасевіч, аўтар школы Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Яго “Суседчык гавейскі”, напісаны на архаічнай беларускай мове, стаіць у адным шэрагу з паэмай “Тарас на Парнасе”;
– Вера Навіцкая, начальніца Лідскай жаночай гімназіі імя Марыі Навіцкай, аўтарка шэрагу аповесцей для дзяцей і пра дзяцей, у тым ліку тэтралогіі пра Марусю Старабельскую, дзе скарыстаны сюжэты з жыцця менавіта лідскіх гімназістак;
– адна з пачынальніц новай беларускай літаратуры Алаіза Пашкевіч (Цётка), якую цяпер прывыклі называць “шчучынкай”, нарадзілася на гістарычнай Лідчыне, яе бацька, мяркуецца, пахаваны на лідскіх каталіцкіх могілках;
– нарадзіўся ў Радуні Лідскага павета і быў ахрышчаны ў лідскім Свята-Міхайлаўскім саборы геніяльны паэт і перакладчык Пятро Бітэль;
– закончыў Лідскую гімназію, жыў і пісаў у Баневе каля Дакудава Генеральны сакратар Саюза пісьменнікаў Польскай Народнай Рэспублікі Ежы Путрамант, у яго творах – шырокая панарама лідскага жыцця;
– у Лідзе жыў, працаваў і пакутаваў заходнебеларускі паэт-змагар Валянцін Таўлай;
– у Лідскім жа павеце знаходзілася і “гняздо” заходнебеларускіх паэтаў Герасіма Праменя, Васіля Струменя і Петруся Граніта – вёска Зачэпічы, якая сёння ў Дзятлаўскім раёне;
– у Лідскім раёне знаходзіцца вёска Біскупцы, дзе ў 19-м стагоддзі жыў і пісаў сват Адама Міцкевіча Антоні Гарэцкі, а ў 20-м стагоддзі нарадзілася геніяльная паэтэса і пісьменніца Данута Бічэль (Бічэль-Загнетава), а таксама самадзейная паэтка Ганаэфа Міхаловіч;
– на хутары Хадзюкі каля Тарнова нарадзілася аўтарка некалькіх зборнікаў паэзіі, дырэктар каталіцкага выдавецтва “Про Хрыста” Крысціна Лялько, узнагаро-джаная за сваю працу медалём “Benemerenti” (“Асабліва заслужаным”) ад Папы Рымскага Бенедыкта ХVІ;
– у Лідзе нарадзілася аўтарка некалькіх зборнікаў паэзіі і аўтар шматлікіх прац па гісторыі беларускай літаратуры, у свой час намеснік старшыні Сусветнай арга-нізацыі беларусістаў, кандыдат філалагічных навук Ірына Багдановіч;
– з вёскі Дамейкі Лідскага раёна пайшоў у шырокі свет кандыдат філалагічных навук, аўтар некалькіх зборнікаў паэзіі Юрась Пацюпа;
– у Лідзе нарадзіўся майстар дэтэктыўнага жанру, лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі Віктар Праўдзін;
– большую частку жыцця пражыў у Лідзе і прадаўжае тут жыць паэт і празаік Уладзімір Васько, і г.д., і г.д.
І дзясяткі, і сотні імёнаў, якія яшчэ раз сцвярджаюць, што Лідчына – літаратурны край!
У гэты альбом сабраны 175 партрэтаў лідскіх літаратараў з кароткімі анатацыямі. Гэта далёка не ўсе партрэты, тым больш не ўсе літаратары. Але каб паказаць партрэт, трэба мець больш-менш прыстойную фатаграфію або рэпрадукцыю. Каб атрымаць партрэты з зусім неякасных фатаграфій або і з апісання на словах, давялося папрацаваць мастакам Вадзіму Вераб’ёву і Алене Несцеравай, якія выканалі гэтую вельмі важную працу.
Таму, шаноўныя аматары літаратуры, паўглядай-цеся ў прыгожыя, сур’ёзныя, разумныя твары лідскіх паэтаў і пісьменнікаў і паспрабуйце адказаць на пытанні: “А можа, Лідчына – не такі ўжо занядбаны ў літаратурным плане край? Можа, ёсць у Лідзе што пачытаць, што паслухаць?”
А пачытаць, насамрэч, ёсць што. Толькі ў аната-цыях альбома пералічаны некалькі соцень кніг, выда-дзеных лідскімі літаратарамі. Некалі ў Лідзе будуць выдадзены і “Лідскі літаратурны слоўнік”, і “Лідская хрэстаматыя”. А пакуль чытайце лідскі літаратурна-мастацкі зборнік “Ад лідскіх муроў” (выйшла 11 выпускаў).
Паслухаць лідскіх літаратараў можна на штомесячных паседжаннях літаб’яднання “Суквецце” пры рэдакцыі “Лідскай газеты” і на “Замкавым гасцінцы”.
А яшчэ наведайце літаратурны філіял Лідскага гісторыка-мастацкага музея – Дом Валянціна Таўлая.
Там вы знойдзеце і гэты альбом.
Партрэты ў альбоме размешчаны ў адпаведнасці з датамі нараджэння літаратараў – ад старэйшых да малодшых.
З альбомам можна будзе пазнаёміцца падчас свята ў Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы, у Лідскім музеі, а таксама, спадзяёмся, у інфакіёску, які да свята будзе ўстаноўлены ў Доме Валянціна Таўлая.
Станіслаў Суднік.

