Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Да Дня беларускага пісьменства. Яшчэ адна кніга ад Леаніда Лаўрэша

Да Дня беларускага пісьменства. Яшчэ адна кніга ад Леаніда Лаўрэша

15 жніўня 2025, 08:55 Выданні 9
Да Дня беларускага пісьменства. Яшчэ адна кніга ад Леаніда Лаўрэша

Выйшла кніга Леаніда Лаўрэша “Выхаванкі князёў Чартарыскіх з-пад Ліды” (Леанід Лаўрэш. – [б. м.] : Издательские решения, 2025. – 60 с. ISBN 978-5-0067-7595-4).

 

У кнізе расказваецца пра выхаванак князёў Чартарыскіх XVIII – пачатка XIX ст. сясцёр Нарбут (Нарбутоўнаў) з Лідчыны і іх творчае атачэнне.

Нарбуты – старажытны род, дакладней некалькі радоў, не маючых роднасных сувязей, з іх лідскія – самы разгалінаваны, старажытны і шматлікі шляхецкі род Нарбутаў.

Род лідскіх Нарбутаў пачынаецца з XV ст. (легендарныя прадстаўнікі роду – з X ст., напрыклад легендарны заснавальнік роду Нарбутаў – Даўспрунг як быццам прыбыў у Літву з Рыма разам з Палямонам у 924 г.). Першы “гістарычны” Нарбут (нарадзіўся каля 1430 г.) валодаў маёнткамі Арняны і Калтыняны каля Вільні. Адзін з яго сыноў – Войцех набыў маёнтак Лебедзь і пасля уцёкаў Міхала Глінскага з Літвы атрымаў ягоны маёнтак Забалаць у Лідскім павеце. Ягоны унук Пётр (нарадзіўся каля 1540 г.) пабудаваў касцёл у Забалаці і лічыцца родапачынальнікам Нарбутаў на Лідчыне.

У Лідскім павеце Нарбуты жылі яшчэ ў XVII ст., тут яны валодалі маёнткамі: Шаўры, Андрушаўцы, Янаўшчына, Карбаўцы, Стары Двор, Варонічы, Радзівонішкі, Сукурчы, Нарбутушкі, Балкупы і фальваркамі: Вершулішкі, Пігоша, Шчуркішкі, Білаты, Былінішкі, Ляўкішкі і інш. Радніліся са шляхецкімі родамі Наневічаў, Рылаў, Жабаў, Марачэўскіх, Барташэвічаў, Сабанскіх, Грудзінскіх і інш.

У другой палове XVIII ст. князь Адам Казімір Чартарыскі разам з жонкай стварыў у Пулавах пад Варшавай сапраўдны асяродак навукі і мастацтва. У палацы мелася выдатная бібліятэка, фінансаваліся навуковыя даследаванні ў галіне філалогіі, літаратуры, гісторыі. Да навуковай працы прыцягваліся лепшыя навукоўцы Еўропы. Пры двары атрымлівала адукацыю і выхаванне таленавітая моладзь. Пулаўская школа атрымала агульнаеўрапейскае прызнанне, калі Чартарыскія стварылі яе філіялы ў Францыі і Англіі. Вось у гэтую школу і трапілі тры панны Нарбутоўны, дочкі Тадэвуша Нарбута з Сукурчаў Лідскага павета: Аляксандра, Канстанцыя і Тэкля. Таленавітыя сёстры добра засвоілі навукі, асабліва вызначылася Аляксандра.

Міхаіл Балінскі ў сваёй працы “Даўняя Віленская акадэмія” пра Аляксандру Нарбут пісаў наступнае: “… у той час у Вільні кожны адукаваны месціч, кожны, хто меў адносіны да навукі, быў моцна ўсхваляваны навіной, якая толькі што разышлася па горадзе, што агульнавядомая сваімі талентамі і адукаванасцю, высакародная літоўская панна Аляксандра Нарбутоўна, дачка подкаморага лідскага, была абрана сябрам Акадэміі навук у Берліне на паседжанні 19 студзеня 1788 г., і патэнт на тое з рук прускага князя Генрыха атрымала. Усцешыла гэта шмат асоб і асабліва шматлікую сям’ю. Некаторыя здзіўляліся і лічылі гэта не жаночай справай, а ў некаторых, як часта бывае ў свеце, гэты факт узбуджаў зайздрасць, калі не здзек”.

Смешна, але факт абрання Аляксандры з Нарбутаў, і сёння выклікае зайздрасць. І таму, каб адразу “расставіць кропкі над і”, зраблю наступную заўвагу. Міхал Балінскі, вельмі аўтарытэтны і адказны гісторык, не мог падаваць

у сваёй фундаментальнай манаграфіі неправераную інфармацыю, тым больш, што факт абрання Аляксандры быў агульнавядомы і ніяк не аспрэчваўся сучаснікамі.

Для нас галоўнае тое, што нашы лідскія дзяўчаты -Аляксандра і яе сёстры – патрапілі ў “вяршкі вяршкоў” (фр. “crеme de crеme”) тагачаснага еўрапейскага грамадства, атрымалі адпаведную адукацыю, выхаванне і максімальна развілі свой творчы патэнцыял – лёс сясцёр Нарбут (Нарбутоўнаў) быў нестандартным і вельмі цікавым для адносна небагатай тагачаснай лідскай шляхты.

Пра гэта ўсё і распавядае кніга.

Яраслаў Грынкевіч.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Каляды.  Беларускія народныя звычаі
Культура

Каляды. Беларускія народныя звычаі

21 снежня 2023, 10:2044
З днём нараджэння Данута Янаўна
літаратура

З днём нараджэння Данута Янаўна

13 снежня 2022, 21:3618
Зміцер Захарэвіч. ЗІМОВЫЯ ЗАБАВЫ
Культура

Зміцер Захарэвіч. ЗІМОВЫЯ ЗАБАВЫ

22 снежня 2021, 06:5817
Дзень беларускага пісьменства ў 2025 годзе пройдзе 7 верасня ў Лідзе
літаратура

Дзень беларускага пісьменства ў 2025 годзе пройдзе 7 верасня ў Лідзе

6 снежня 2024, 07:3217
Далучайцеся да нас