35 гадоў таму, 25 жніўня 1991 года, Вярхоўны Савет БССР абвясціў незалежнасць Беларусі.
Як гэта адбывалася?
Хроніка падзеяў 25 жніўня 1991 года.
Раніцай працягваецца надзвычайная сесія Вярхоўнага Савета БССР.
Да трыбуны ідзе сакратар ЦК кампартыі Беларусі Анатоль Малафееў, які мае імідж артадаксальнага камуніста і падтрымаў ГКЧП. Ён не быў дэпутатам ВС БССР, але быў народным дэпутатам СССР.
Дэпутаты Апазіцыі БНФ і Дэмклуба блакуюць трыбуну і фактычна зганяюць з яе Малафеева.
Пасля крыху больш чым паўгадзіннага перапынку Мікалай Дземянцей падае ў адстаўку з пасады старшыні Вярхоўнага Савета БССР. Далей сесію вядзе першы намеснік старшыні Станіслаў Шушкевіч.
Шушкевіч прапаноўвае “з канстытуцыйных пазіцый спакойна правесці сесію і закончыць яе”, але дэпутаты БНФ і Дэмклуба выступаюць супраць завяршэння сесіі.
На плошчы перад Домам урада тысячы людзей. Іх галасы далятаюць у фае перад Авальнай залай.
Дэпутаты БНФ ізноў патрабуюць забараніць КПБ-КПСС, а таксама ізноў прагаласаваць за ўключэнне ў парадак дня сесіі пытання аб незалежнасці Беларусі.
Вярхоўны Савет прымае пастанову аб спыненні дзейнасці КПБ-КПСС на тэрыторыі Беларусі (прагаласавалі 212 дэпутатаў пры патрэбных 174).
Да мікрафона падыходзіць Зянон Пазьняк. Ён кажа, што рашэнне аб незалежнасці прыняла Украіна, іншыя рэспублікі, “і калі ў гэтай сітуацыі мы не прымем адпаведнага закона аб дзяржаўнай незалежнасці Беларусі, мы трапім у вельмі дрэннае становішча”. Пазьняк гаворыць, што Расія і пры Ельцыне застанецца імперскай, што Ельцын, пагражаючы ўзняць цэны на нафту, займаецца шантажом.
Калі пачынаецца працэдура галасавання, за наданне Дэкларацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце статусу канстытуцыйнага закона галасуюць 256 дэпутатаў, супраць – 0, устрымаліся – 0.
У 20 гадзін 8 хвілін Станіслаў Шушкевіч віншуе дэпутатаў і жыхароў Беларусі, якая з гэтага моманту зрабілася незалежнай краінай.
Дэпутаты выходзяць на плошчу, дзе перад людзьмі выступае Зянон Пазьняк, а Пётра Садоўскі спявае песню Купалы “Тры дарожанькі”.

Гэтаму рашэнню спрыялі глыбокі крызіс Савецкага Саюза, рост нацыянальна-дэмакратычнага руху, палітыка перабудовы і пашырэнне рэспубліканскага суверэнітэту. Важнай прававой асновай стала Дэкларацыя, прынятая 27 ліпеня 1990 года. Яна абвяшчала вяршэнства беларускай Канстытуцыі і законаў на тэрыторыі рэспублікі, а таксама самастойнасць у вырашэнні ўнутраных і знешніх пытанняў.
Асаблівае значэнне мелі падзеі жніўня 1991 года. Пасля правалу путчу Дзяржаўнага камітэта па надзвычайным становішчы ў Маскве стала відавочна, што цэнтральная савецкая ўлада страціла здольнасць кантраляваць сітуацыю. У гэтых умовах пазачарговая сесія Вярхоўнага Савета 25 жніўня прыняла Закон аб наданні Дэкларацыі статусу канстытуцыйнага закона і пастанову аб забеспячэнні палітычнай і эканамічнай самастойнасці БССР.
Практычнае значэнне гэтых рашэнняў было надзвычай важным. Яны замацавалі вяршэнства беларускіх законаў над саюзнымі, стварылі прававыя ўмовы для фармавання ўласных дзяржаўных органаў, эканамічнай сістэмы, фінансаў, войска і знешнепалітычных сувязяў. Незалежнасць перастала быць толькі палітычнай ідэяй – яна стала асновай рэальнага дзяржаўнага будаўніцтва.
Паводле СМІ.

