Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Выйшла кніга Ігната Ходзькі “Баруны”

Выйшла кніга Ігната Ходзькі “Баруны”

26 ліпеня 2025, 12:04 Выданні, Гісторыя і краязнаўства 69
Выйшла кніга Ігната Ходзькі “Баруны”

У выдавецтве “ Ridero”  выйшла кніга Ігната Ходзькі “Баруны”, 90 с. Перакладчык Леанід Лаўрэш. 2025 г. ISBN 978-5-0067-5909-1

У кнізе – напісаныя 200 гадоў таму мемуары выпускніка Барунскай базыльянскай школы Ігната Ходзькі пра навучанне ў ёй у 1804-1810 г. Пераклад мемуараў на беларускую мову і каментаванне – Леаніда Лаўрэша. Выданне прысвечана каранацыі цудадзейнага абраза Божай Маці Барунскай, Суцяшальніцы Засмучаных.

У дадатку – навуковыя артыкулы Святланы Марозавай пра Барунскую базыльянскую школу і яе выхаванцаў і Сяргея Марозава пра Баруны як знакавае “месца памяці” беларускага народа.

Перакладчык Леанід Лаўрэш коратка распавядае пра кнігу:

Баруны – гэта старажытнае магдэбургскае мястэчка ў Ашмянскім раёне Гарадзенскай вобласці. Сваім развіццём яно абавязана абразу Маці Божай, які ўжо 330 гадоў шануецца як цудатворны, заснаванню базыльянскага манастыра і пабудове ўніяцкага храма. Сённяшнія Баруны – вёска з насельніцтвам 434 чалавекі (на 2019 год) і прыгожым будынкам касцёла ў цэнтры. Пастаўлены ў сярэдзіне XVIII ст. як уніяцкая царква, храм з’яўляецца шэдэўрам архітэктуры віленскага барока. Невялікае і звычайнае, на першы погляд, вясковае паселішча Баруны, якіх шмат у Беларусі. Але яно мае высокі гістарычны статус як значны культурна-рэлігійны асяродак з 400-гадовай адукацыйнай традыцыяй.

У Барунах – самая старажытная дзейная школа краіны. Яе заснавалі ў 1617 г. манахі-базыльяне. У эпоху Асветніцтва гэта была адна з найлепшых школ на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага. У ХІХ ст. яна праславілася сваімі выпускнікамі, якія пакінулі выдатны след у навуцы, культуры і грамадскім жыцці Беларусі, Літвы, Польшчы; займалі высокія пасады ў органах улады і царкоўнай іерархіі.

Вобраз Баруноў у 1879 г. увекавечыў мастак Напалеон Орда.

Барунам і яго навучальнай установе прысвяцілі свае літаратурныя творы (мемуары, паэма) яе выпускнікі розных эпох – пісьменнікі і паэты Ігнат Ходзька, Антон Адынец (ХІХ ст.), Пятро Бітэль (ХХ ст.). З пачатку ХХІ ст. незвычайную цікавасць да гісторыі і спадчыны мястэчка праяўляюць даследчыкі.

Прапаноўваем вашай увазе беларускамоўны пераклад белетрызаваных успамінаў беларускага і польскага пісьменніка Ігната (Ігнацыя) Ходзькі (1794-1861), выпускніка Барунскай базыльянскай школы пра сваё навучанне ў ёй у 1804-1810 г. Яго мемуары так і называюцца “Баруны”.

Пераклад твораў аўтараў першай паловы XIX ст. мае свае асаблівасці. Нашы папярэднікі пісалі складанай, мудрагелістай мовай з доўгімі сказамі. Магчыма, яны нават і думалі трошкі інакш, чым мы сёння. Той, хто чытаў іх тэксты ў арыгінале, уяўляе гэтую спецыфіку. Мой досвед перакладу найкаштоўнейшых тэкстаў той эпохі заключаецца ў імкненні захаваць залатую сярэдзіну – зрабіць тэкст блізкім для сучаснага чытача і адначасова перадаць аўтэнтычны аўтарскі стыль.

Пераклад успамінаў Ігната Ходзькі “Баруны” ажыццяўляецца на аснове вывучэння двух выданняў: 1908 і 1925 гадоў, якія маюць некаторыя розначытанні. Выданне 1925 года дапоўнена вялікай колькасцю тлумачэнняў слоў, ужо незразумелых чытачу XX стагоддзя.

Паколькі Ігнат Ходзька вучыўся ў базыльянскай школе і пісаў пра Барунскую ўніяцкую (грэка-каталіцкую) царкву, то я палічыў, што сэнс і дух яго цудоўнай працы лепш і больш дакладна перадасць пераклад слова “ксёндз”, якое ўжывае аўтар, як “святар”, а слова “касцёл” – як “царква”. Пераклад выкананы з нагоды каранацыі цудадзейнага абраза Божай Маці Барунскай, Суцяшальніцы Засмучаных.

Выданне мемуараў Ігната Ходзькі ажыццяўляецца ў двухсотую гадавіну іх першай публікацыі ў 1825 г. …

Леанід Лаўрэш, пісьменнік.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Са святам, дарагія беларусачкі, з 8 сакавіка
Грамадства

Са святам, дарагія беларусачкі, з 8 сакавіка

7 сакавіка 2023, 15:0018
У дзіцячым садку № 34 г. Ліды
Мова

У дзіцячым садку № 34 г. Ліды

1 красавіка 2026, 18:5918
З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!
Грамадства

З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!

18 красавіка 2025, 15:0017
"Кракаўскія калядныя батлейкі»
Грамадства

"Кракаўскія калядныя батлейкі»

15 лістапада 2018, 00:0415
Далучайцеся да нас