Гран-пры XXXIV Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні “Віцебск-2025” адправіцца ў Казахстан, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Галоўная інтрыга гэтага “Славянскага базару” раскрыта. Гран-пры заваявала казахстанская спявачка Алмагуль Баталіева.

Уладальнікам першай прэміі стала беларуская спявачка Валерыя Бернатовіч. Другую падзялілі армянін Давід Кіракасян і італьянец Даменіка Барбера. Аналагічным было рашэнне журы адносна трэцяй прэміі: яе прысудзілі расіяніну Эрыку Ахметаву і Рыскельдзі Старбекаву з Кыргызстана.

Дыпламантамі конкурсу сталі прадстаўнікі Азербайджана, Нігерыі, Румыніі, Балгарыі, Латвіі, Мальты. Уладальнікам спецыяльнай прэміі імя Уладзіміра Мулявіна за лепшае ўвасабленне нацыянальнай тэмы і высокае выканальніцкае майстэрства стаў спявак Міхаіл Назарой з Малдовы. Спецпрызамі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі ўганараваны расіянін Эрык Ахметаў і беларуска Валерыя Бернатовіч.
Спецыяльнай узнагароды “Песня – шлях да садружнасці” міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі “Мір” за высокае майстэрства ў захаванні нацыянальных традыцый удастоена прадстаўніца Азербайджана Сабіна Асім.
Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” з’яўляецца не толькі маштабнай творчай пляцоўкай, але і важнай часткай культурнай ідэнтычнасці. Такое меркаванне выказала беларуская ўдзельніца XXXIV Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні “Віцебск”, спявачка Валерыя Бернатовіч.
Паводле слоў артысткі, удзел у конкурсе стаў для яе незабыўнай падзеяй: “Гэта вельмі значнае мерапрыемства ў маім жыцці. Я яго запомню 100 працэнтаў надоўга. Цяпер ува мне змяшаліся эмоцыі: хочацца і паплакаць, і пасмяяцца. Усё нібыта закончылася, але дагэтуль не адпускае”.
Спявачка прызналася, што выступленне ў другі дзень конкурсу далося больш складана, перш за ўсё ў эмацыянальным плане. “Пасля першага конкурснага дня хваляванне засталося, і адпусціць сябе немагчыма – наперадзе было яшчэ адно важнае выступленне. Мы позна клаліся, рана ўставалі на рэпетыцыю. Гэта фізі-чна і маральна няпроста”, – адзначыла яна.
Асаблівае значэнне Валерыя Бернатовіч надае самому фестывалю як з’яве. “Я лічу, што “Славянскі базар” – гэта, напэўна, самая лепшая славутасць, якая ёсць у нас у краіне. Тут неверагодныя эмоцыі, людзі, атмасфера”, – падкрэсліла спявачка.
Паводле яе слоў, прадстаўляць на конкурсе Беларусь – гэта не толькі гонар, але і вялікая адказнасць. “Пры-маючая краіна – гэта адразу высокі ўзровень чаканняў”, – рэзюмавала Валерыя Бернатовіч.
Разам з тым Беларусь атрымала і гран-пры. 10 ліпеня адбылася цырымонія ўзнагароджання пераможцаў XXІІІ Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу “Віцебск”, у якім сёлета ўдзельнічалі вакалісты з 14 краін.

Гран-пры конкурсу атрымала беларуска Амалія Сухан. Галоўны прыз ёй уручыў Прэзідэнт на ўрачыстым адкрыцці фестывалю. Першая прэмія дасталася ўдзельніку з Казахстана Мірасу Нагашыбаю. Другое месца падзялілі паміж сабой Мірэйль Макей з Мальты і Заур Барагунаў з Расіі. Трэцюю прэмію журы прысудзіла Ма-цею Бешанджыеву з Балгарыі і Льву Смерціну з Мал-довы. А спецыяльны прыз Выканаўчага камітэта СНД “Крыштальная нотка Садружнасці” – у Міланы Ардакян з Арменіі.
Паводле слоў першага намесніка Генеральнага сакратара СНД Ігара Петрышэнкі, фестываль “Славянскі базар” – самае знакавае мерапрыемства ў рамках супрацоўніцтва Садружнасці Незалежных Дзяржаў у сферы культуры.
Незабыўнае шоў з удзелам узыходзячых і тытулаваных зорак на цырымоніі закрыцця XXXIV Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” стала яркай кульмінацыяй маштабнага мерапрыемства.
Выступленні артыстаў суправаджаў Нацыянальны Прэзідэнцкі аркестр Рэспублікі Беларусь, і дзякуючы майстэрству музыкантаў выкананне было асабліва жывым, душэўным і лірычным.
У госці да фестывалю прыехалі многія зоркі эстрады з Беларусі і Расіі. Самыя тонкія струны душы гледачоў закранула выступленне музыканта ДзіДзюЛі. Нягледзячы на тое, што канцэрт праходзіў ужо прыцемкам, Іван Мальцаў і Лі Ён Сон нагадалі, што ўвесь фестываль азараў “Прамень сонца залатога”. Так, былі дажджы, ліўні і навальніцы, але хіба сапраўдных паклоннікаў “Славянскага базару” гэта калісьці палохала?

Любімая спявачка і даўні сябар фестывалю Ларыса Доліна падарыла публіцы некалькі нумароў, у тым ліку з уладальніцай Гран-пры конкурсу выканаўцаў у 2022 годзе Ганнай Трубяцкой. Дарэчы, Ганна тады ў фінале выканала песню Ларысы Далінай “Сцяна”, а цяпер выйшла з вялікай артысткай на адну сцэну.
Расіянін Сяргей Любавін і беларуска Ганна Благава праспявалі аб “Грэшным каханні”, група Reflex нагадала, што “Танцы” – гэта не толькі прыгожа, але і карысна для здароўя, а Вольга Бузава правяла першакласны “Гамбіт”. Чароўны голас Пятра Ялфімава добра знаёмы кожнаму яго паклонніку ў многіх краінах, але яго “Погляд любові” заўсёды накіраваны ў бок роднай сінявокай Беларусі.
Старшыня журы гэтага ж конкурсу Таісія Павалій сваёй канцэртнай кампазіцыяй сказала зале Летняга амфітэатра – “Ты самы лепшы”. І публіка вітала артыстку бурнымі авацыямі.
Удзельнікі канцэрта ўсе разам развіталіся са “Славянскім базарам” да наступнага года, праспяваўшы “Да пабачэння, фестываль!”.
БелТА.
Фота Аляксандра Хітрова.

