Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Будслаўскі фэст-2025

Будслаўскі фэст-2025

12 ліпеня 2025, 08:00 Грамадства 38
Будслаўскі фэст-2025

4 і 5 ліпеня ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай у аграгарадку Будслаў Мядзельскага раёна праходзілі традыцыйныя ўрачыстасці – Будслаўскі фэст.

 Паводле пастановы беларускага каталіцкага епіс-капату, сёлетні Будслаўскі фэст праходзіць пад дэвізам “Міласэрнасць Божая – давяраем Табе”. Падчас урачыстасцяў адбылося прысвячэнне Касцёла на Беларусі Божай Міласэрнасці і Беззаганнаму Сэрцу Найсвяцейшай Панны Марыі.

4 ліпеня ў Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай на агульнабеларускі фэст, пачынаючы ад паўдзённай пары, прыбывалі пешыя і роварныя пілігрымкі з розных мясцін з усіх дыяцэзій Беларусі.

Кожную пешую і роварную пілігрымку шчыра вітаў пробашч парафіі ў Будславе і кусташ Нацыянальнага санктуарыя ксёндз Дзмітрый Дубовік. Святар запрашаў пілігрымаў, якія прыбылі на сустрэчу з Маці Божай Будслаўскай, увайсці ў святыню, адчуць яе прахалоду пасля спякотнага шляху пілігрымкі і прайсці апошнія 50 метраў да цудадзейнага абраза. Некаторыя пілігрымкі вітаў асабіста Старшыня ККББ арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

Удзельнікі пілігрымак, акропленыя асвячонай вадой, з радасцю ўваходзілі ўнутр касцёла, які з’яўляецца юбілейнай святыняй, і апошнія метры да абраза ішлі на каленях, ціха молячыся і даручаючы Марыі прынесеныя з сабой інтэнцыі.

Пілігрымкі з усёй Беларусі ўваходзілі ў галоўны марыйны санктуарый краіны ў наступным парадку:

  1. Пешая пілігрымка Ліда-Будслаў.

60 пілігрымаў з Гарадзеншчыны першымі аказаліся перад абліччам Нябеснай Маці ў цудадзейным будслаўскім абразе. Кіраўніком пілігрымкі быў ксёндз Раман Вайцяховіч, вікарый парафіі Святой Сям’і ў Лідзе Яе ўдзельнікі за 9 дзён пераадолелі 250 кіламетраў.

  1. Пешая пілігрымка Жодзіна-Будслаў.

Айцы марыяне прывялі з Жодзіна ў Будслаў 93-х чалавек, якія за 5 дзён пакінулі за сабой 130 кіламетраў шляху.

  1. Пешая пілігрымка Ракаў-Будслаў.

Гэта адна з нешматлікіх парафіяльных пілігрымак, якія штогод крочаць да Маці Божай Будслаўскай. Сёлета 55 пілігрымам з парафіі Маці Божай Ружанцовай у Ракаве  спатрэбілася 4 дні, каб пераадолець 140 кіламетраў да Будслава.

  1. Пешая пілігрымка Полацк-Будслаў.

Кіраўніком пілігрымкі, у якой ішло 113 чалавек, быў адказны за душпастырства моладзі Віцебскай дыяцэзіі ксёндз Алег Хмылко. Пілігрымы былі ў дарозе 5 дзён і прайшлі 133 кіламетры.

  1. Пешая пілігрымка Росіца-Будслаў.

Духоўным апекуном пілігрымаўбыў айцец Аляксандр Жарнасек MIC. Пілігрымка налічвала 50 чалавек, якія за 8 дзён пераадолелі 210 кіламетраў. Да іх далучылася 16 чалавек з Хрысціянскага сацыяльнага цэнтра ў Менску, якія ішлі 2 дні і пакінулі за сабой 51 кіламетр шляху.

  1. Роварная пілігрымка Менск-Будслаў.

Гэта яшчэ адна парафіяльная пілігрымка, якая складалася з вернікаў менскай парафіі святых Сымона і Алены. Яна адправілася з касцёла Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы ў Менску і праз 3 дні была ў Будславе. 9 раварыстаў пераадолела 180 кіламетраў шляху.

  1. Пешая пілігрымка Нарач-Будслаў.

Пілігрымка, якая выйшла з парафіі святога Андрэя апостала ў Нарачы, якая знаходзіцца ў тым самым дэка-наце і раёне, што і Будслаў, прывялі да Маці Божай айцы кармэліты босыя. Шлях 145-ці пілігрымаў складаў 70 кіламетраў і 3 дні шляху.

  1. Пешая “посная” пілігрымка Менск-Будслаў.

Група вернікаў з Мінска, 24 чалавекі, якія за 4 дні прайшлі 130 кіламетраў шляху ў Будслаў “на хлебе і вадзе” дзеля ўміласціўлення Богу за грахі свае і іншых, прыйшла, каб аддаць пашану Маці Божай і выпрасіць у Яе патрэбныя ласкі для сябе і сваіх бліжніх.

  1. Пешая пілігрымка “Легіёна Марыі”.

Легіянеры Марыі, якіх прыйшло 21 чалавек, на 6-ы дзень дарогі падышлі да ўваходу ў будслаўскі касцёл, трымаючы ў руках фігуру Маці Божай і штандар свайго апостальскага руху. Яны пакінулі за сабой 140 кіламетраў.

  1. Пешая пілігрымка Менск-Будслаў.

Пешую пілігрымку са сталіцы нашай краіны ў Нацыянальны марыйны санктуарый ужо чацвёрты год вядуць айцы хрыстусоўцы.  У гэтай пешай пілігрымцы ў Будслаў прыйшлі 364 пілігрымы, якія за 5 дзён пераадолелі адлегласць у 125 кіламетраў.

  1. Пешая пілігрымка Вілейка-Будслаў.

137 пілігрымаў з горада над Віліяй прыйшлі ў санктуарый разам са сваім душпастырам, ксяндзом канонікам Аляксандрам Барылам. Шлях удзельнікаў пілігрымкі складаў 4 дні і каля 100 кіламетраў шляху.

  1. Пешая пілігрымка Маладзечна-Будслаў.

Сёлета пілігрымка, якую вядуць браты капуцыны, аказалася найвялікшай па колькасці яе ўдзельнікаў. У ёй прынялі ўдзел 363 чалавекі, якія ў суме прайшлі 120 кіламетраў шляху за 5 дзён. Сярод пілігрымаў у Будслаў з Маладзечна была група вернікаў з дыяцэзіі святога Клеменса ў Саратаве (Расія), якую ўзначальваў дыяцэзіяльны біскуп Клеменс Пікель

  1. Пешая пілігрымка Баранавічы-Будслаў.

Адзіная ў гэтым годзе пешая пілігрымка Пінскай дыяцэзіі праходзіла пад духоўным кіраўніцтвам яе дырэк-тара, ксяндза Паўла Рудзьмана, і налічвала 104 чалавекі.  Гэта паводле адлегласці найдаўжэйшая пілігрымка, шлях якой складае ажно 293 кіламетры.

  1. Пешая Салезіянская моладзевая евангелізацыйная пілігрымка Смаргонь-Будслаў. Пілігрымаў, пераважна маладых, вялі ксяндзы-салезіяне святога Яна Боскі. Яе ўдзельнікі, якіх сёлета налічвалася 145 чалавек, прайшлі разам 105 кіламетраў.
  2. Пешая пілігрымка Паставы-Будслаў.

Яна складалася з 228-ці ўдзельнікаў, якія паходзяць з Віцебскай і Гарадзенскай дыяцэзій. Вялі яе на працягу 3-х дзён і 77 кіламетраў шляху ксяндзы сэрцане.

  1. Пешая пілігрымка Віцебск-Будслаў.

Пілігрымкай апякуюцца айцы дамінікане. На апошнім этапе гэтай пілігрымкі да яе далучыўся пастыр Віцебскай дыяцэзіі біскуп Алег Буткевіч.  Пілігрымка налічвала 52 чалавекі і за 7 дзён пераадолела 250 кіламетраў шляху.

  1. Пешая пілігрымка Глыбокае-Будслаў.

170 пілігрымаў прайшлі за 3 дні 60 кіламетраў. Пілігрымку да Маці Божай ў Будслаў вёў ксёндз Іван Кароткін.

  1. Пешая пілігрымка Браслаў-Будслаў.

З санктуарыя Маці Божай, Валадаркі Азёр, у Нацыянальны санктуарый ў Будславе 4 дні ішло 50 пілігрымаў. Іх шлях склаў 140 кіламетраў. Пілігрымка прайшла пад духоўным кіраўніцтвам ксяндзоў сальватарыянаў.

  1. Пешая пілігрымка Пузыры-Будслаў.

Аднадзённую сямейную пілігрымку руху Equippes Notre-Dame, якая складае толькі 15 кіламетраў, прайшлі 268 чалавек – сужонкаў з дзецьмі.

  1. Роварная пілігрымка Мядзел-Будслаў.

У ёй прыняло ўдзел 7 чалавек, якія на сваіх жалезных конях ўсяго за 1 дзень пераадолелі 57 кіламетраў. Духоўна апекаваўся велапілігрымкай айцец Генрых Валейка OCD.

  1. Пешая аднаасабовая пілігрымка Глыбокае-Будслаў. Удзельнік індывідуальнай пілігрымкі, імя якога не называлася пры аб’яўленні колькасці пешых і велапілігрымаў, за 2 дні пераадолеў 64 кіламетры.

Такім чынам, агульная колькасць пілігрымаў, якія ішлі разам 96 дзён і пераадолелі ў суме 2740 кіламетраў, склала сёлета 2484 чалавекі. Гэты паказчык большы за леташні на 502 чалавекі. Нагадаем, што ў мінулым годзе колькасць удзельнікаў пешых і велапілігрымак складала 1982 чалавекі.

Увечары 4 ліпеня на палявым алтары перад Нацыянальным санктуарыем Маці Божай Будслаўскай адбылася першая святая Імша сёлетняга фэсту, які праходзіць пад дэвізам: “Міласэрнасць Божая – давяраем Табе”.

Цэлебрацыю для пілігрымаў, узначаліў дапамож-ны біскуп Пінскай дыяцэзіі Андрэй Зноска. Для наймалод-шага ў Беларусі каталіцка іерарха гэтая Эўхарыстыя стала яго “біскупскай прыміцыяй” на Будслаўскім фэсце, хоць іерарх ужо цэлебраваў святую Імшу ў Нацыянальным санктуарыі падчас парафіяльнай урачыстасці 2 ліпеня.

Разам са сваім малодшым сабратам яе канцэлебравалі Старшыня ККББ арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, біскуп Гарадзенскі Уладзімір Гуляй, Генеральныя вікарыі Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупы Юрый Касабуцкі і Аляксандр Яшэўскі SDB, найстарэйшы ўзростам біскуп эмэрыт Казімір Велікаселец, ардынарый дыяцэзіі святога Клеменса ў Саратаве біскуп Клеменс Пікель, а таксама Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек. У канцэлебрацыі бралі ўдзел таксама дзясяткі святароў з усіх дыяцэзій Беларусі. Літургію ўпрыгожваў прыгожымі спевамі хор пілігрымкі Менск-Будслаў.

Святую Імшу апоўначы 5 ліпеня, у другі дзень Будслаўскага фэсту, узначаліў Віцэ-старшыня ККББ біскуп Алег Буткевіч.

Эўхарыстыі традыцыйна папярэднічала працэсія з копіяй абраза Маці Божай Будслаўскай вакол прыкасцёльнага пляца. Яе ўдзельнікі, несучы ў руках запаленыя свечкі, маліліся радаснымі таямніцамі ружанца. У спеве ім дапамагаў хор “Залатая Горка” з парафіі Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) ў Менску пад кіраўніцтвам Святланы Шэйпы.

 

5 ліпеня ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай прайшлі цэнтральныя ўрачыстасці сёлетняга Будслаўскага фэсту, перад якімі адбылося прысвячэнне Касцёла на Беларусі Беззаганнаму Сэрцу Марыі, а пасля – Божай Міласэрнасці.

Перад галоўнай святой Імшой Генеральны вікарый Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB прамовіў Акт прысвячэння Касцёла на Беларусі Беззаганнаму Сэрцу Марыі.

Герб з жывых кветак, выкладзены ў форме лагатыпу юбілейнага 2025 года, прыпамінаў, што ўсе прысутныя ў Нацыянальным санктуарыі пакліканы адчуваць сябе, паводле слоў арцыбіскупа Станеўскага, “не толькі пілігрымамі надзеі, але і апосталамі надзеі”.

Святую Імшу, трасляцыя якой вялася на Youtube-канале Нацыянальнага санктуарыя і на канале Беларусь 3 Нацыянальнага тэлебачання, узначаліў Старшыня ККББ арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. На цэнтральныя ўрачыстасці прыбыў у Будслаў Апостальскі нунцый на Беларусі арцыбіскуп Ін’яцыё Чэфалія. На Эўхарыстыі на завяршэнне Будслаўскага фэсту былі прысутныя ўсе беларускія каталіцкія біскупы, шматлікія святары, дыяканы, кансэкраваныя асобы і вернікі, якія прыбылі на ўрачыстасці Маці Божай Будслаўскай у найбольшай за апошнія гады колькасці. Сярод прысутных знаходзілася таксама група вернікаў з дыяцэзіі святога Клеменса ў Саратаве (Расія) разам са сваім пастырам – біскупам Клеменсам Пікелем. Таксама ва ўрачыстасцях удзельнічалі прадстаўнікі дзяржаўнай улады і дзяржаўных устаноў, традыцыйных рэлігій Беларусі: Праваслаўнай Царквы, Рэлігійнага аб’яднання прагрэсіўнага юдаізму, Мусульманскага рэлігійнага аб’яднання, а таксама дыпламатычных місій. Літургію ўпрыгожваў спеў парафіяльнага хору менскай катэдральнай парафіі Найсвяцейшага Імя Марыі. Падчас Імшы парадак забяспечвалі беларускія скаўты.

Галоўны цэлебрант на пачатку святой Імшы прывітаў усіх прысутных. Асаблівыя словы прывітання ён скіраваў у адрас Апостальскага нунцыя, які “нядаўна прыбыў у нашу краіну, каб быць звяном паміж Ватыканам і Беларуссю, вернікамі Касцёла і грамадствам”. Арцыпастыр на італьянскай мове запрасіў прадстаўніка Святога Айца адчуваць сябе ў Беларусі, як дома і скіраваць да прысутных сваё слова. Пасля чаго дастойнага госця Будслаўскага фэсту з букетамі кветак у руках прывіталі наймалодшыя ўдзельнікі свята.

Напрыканцы сваёй уступнай прамовы арцыпастыр назваў інтэнцыю, у якой цэлебраваў Эўхарыстыю:

“Малюся за цябе, Беларусь, за тваіх сыноў і дачок, каб была паміж намі любоў, згода і мірнае неба над намі”.

Гамілію падчас Імшы прамовіў нунцый Ін’яцыё Чэфалія. Вітаючы прысутных, прадстаўнік Святога Пасаду ў Беларусі перадаў “айцоўскае прывітанне і апостальскае дабраслаўленне нашага любага Папы Льва XIV, які запэўнівае ў сваёй малітве за гэту ўмілаваную і паважаную краіну і за кожнага з вас”. Ён прызнаўся, што гэта яго першая ў якасці нунцыя сустрэча з беларускімі католікамі, якую ён вельмі чакаў.

“Я прыбываю да вас не як чужынец, але як брат сярод братоў, як пілігрым сярод пілігрымаў. Прыбываю са шчырым жаданнем пазнаёміцца з вамі, ісці поруч з вамі і “быць да вашых паслуг””, – сказаў арцыбіскуп Чэфалія.

У суботу ж 5 ліпеня, адбылося прысвячэнне Менска-Магілёўскай мітраполіі, якая тэрытарыяльна ахоплівае ўсю Беларусь, Беззаганнаму Сэрцу Марыі і Божай Міласэрнасці.

Пасля Фацімскага ружанца, праведзенага рухам “Легіён Марыі”, перад копіяй абраза Маці Божай Будслаўскай, змешчанай на палявым алтары каля касцёла, якую святары неслі ў начной працэсіі са свечкамі, Генеральны вікарый Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, стоячы на каленях, прамовіў словы Акту прысвячэння Касцёла на Беларусі Беззаганнаму Сэрцу Марыі.

“У той час, калі паволі набліжаецца спаўненне Тваіх слоў аб трыумфе Твайго Беззаганнага Сэрца, мы звяртаемся да Цябе ў духу любові, пакоры і бязмежнага даверу і, яднаючыся з усім Касцёлам, усклікаем да Цябе: “Тваёй абароне аддаемся, Святая Багародзіца”.

Сёння стаім перад Табою, наша Маці, Маці нашых сем’яў, маці людзей і ўсіх народаў. Ты ведаеш усе нашыя цярпенні і надзеі. Ты па-мацярынску адчуваеш усе змаганні паміж дабром і злом, паміж святлом і цемрай, якія ўскалыхнулі наш сучасны свет. Просім: прымі нашыя малітвы, скіраваныя ў Найсвяцейшым Духу да Твайго Сэрца і атулі мацярынскай любоўю наш чалавечы свет, які мы даручаем Табе, непакоячыся за змены і вечны лёс нас саміх і ўсіх нашых братоў і сясцёр”, – прамаўляў іерарх словы ўрачыстай малітвы.

Catholic.by.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
На Лідчыне адзначылі 155-я ўгодкі паўстання 1863 года
Грамадства

На Лідчыне адзначылі 155-я ўгодкі паўстання 1863 года

23 жніўня 2018, 23:0517
Тэксты для 13-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі. Уладзімір Караткевіч. Беларуская песня
Мова

Тэксты для 13-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі. Уладзімір Караткевіч. Беларуская песня

10 лютага 2020, 21:2817
Слуцкі збройны чын - 100 гадоў
Грамадства

Слуцкі збройны чын - 100 гадоў

9 снежня 2020, 00:3417
Гаючыя зёлкі
Навука

Гаючыя зёлкі

1 сакавіка 2023, 18:2116
Далучайцеся да нас