Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Гутарка. Пісьменніца, якая верыла ў лепшае

Гутарка. Пісьменніца, якая верыла ў лепшае

4 ліпеня 2025, 16:21 літаратура 17
Гутарка. Пісьменніца, якая верыла ў лепшае

Любіў і люблю гутарыць са старэйшымі беларускімі літаратарамі. Яны шмат пражылі, перажылі, бачылі і чулі. Гэта вельмі шчырыя людзі, сардэчныя, добрыя, цікавыя. Многіх, на вялі жаль, ужо няма на гэтым свеце.

З пісьменніцай, кандыдатам філалагічных навук Лідзіяй Арабей (1925-2015) я сябраваў, перапісваўся, маю яе кнігі з аўтографамі. 27 чэрвеня ёй споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння.  І 10 гадоў як яе няма сярод нас.

Да пачатку Другой сусветнай вайны Лідзія Арабей скончыла восем класаў школы. У 1942-1944 гадах яна жыла ў Шчучыне. Пасля вызвалення Беларусі працавала ў рэдакцыі шчучынскай раённай газеты “Чырвоны сцяг”. Закончыла філалагічны факультэт Белдзяржуніверсітэта, аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі Навук Беларусі.

Родам Лідзія Львоўна была з вёскі Нізок Уздзенскага раёна. Літаратурную працу пачала ў 1945 годзе. У 1956 годзе выдала даследаванне “Цётка (Алаіза Пашкевіч)”, а ў 1959 – “Фядос Шынклер: жыццё і творчасць”, аўтар зборнікаў аповесцяў і апавяданняў “Калібры” (апавяданні для дзяцей), “Кватэра № 3” (кніга сатыры і гумару), “Мера часу”, “Экзамен”, “Ларыса”, “На полымі любві” (даследаванне, прысвечанае Алаізе Пашкевіч (Цётцы), “Белае поле” (апавяданні, ўспаміны) і многія іншыя.

У 2013 годзе Лідзія Львоўна пагадзілася адказаць на некалькі маіх пытанняў. Атрымалася невялікая гутарка. Нават і не памятаю, ці друкавалася яна дзе, ці проста я зрабіў інтэрв’ю для сябе. Нядаўна гэту гутарку адшукаў у сваім асабістым архіве. Ды і нагода ёсць – 100-годдзе з дня нараджэння пісьменніцы. Давайце пачытаем разам яе адказы на мае пытанні дванаццацігадовай даўніны.

– Лідзія Львоўна, Вы адна са старэйшых літаратараў Беларусі, шмат каго бачылі, сустракалі, ведалі, сябравалі. Каго з беларускіх літаратараў часцей за ўсё сёння прыгадваеце, а каго і не хочацца згадваць?

– На вялікі жаль, тых, з кім я сябравала, ужо няма побач з намі. А ўспамінаю я добрым словам Івана Мележа, Янку Брыля, з вялікай павагаю прыгадваецца Васіль Быкаў. А тых, каго не хацелася б мне ўспамінаць, проста не хачу называць іх прозвішчы. Вышэй названыя пісьменнікі прыгадваю часта, пішу пра іх. Напрыклад, у выдавецтве “Беларусь”, дзе я ў свой час працавала рэдактарам, трапіў мне на рэдагаванне раман Янкі Брыля “Птушкі і гнёзды”. Тагачасны загадчык рэдакцыі, якога паставілі замест Міколы Татура, напісаў на раман Брыля заключэнне на васямнаццаці старонках. У чым ён толькі не абвінавачваў аўтара, ледзьве не ў тым, што Брыль спагадае фашыстам. I трэба было змагацца за раман, пераконваць начальства, што заключэнне загадчыка непраўдзівае. Раман выйшаў у свет, і цяпер у мяне на паліцы стаіць экземпляр з аўтографам Брыля: “Лідзіі Арабей, майму муж-наму рэдактару, якой давялося ад гэтай кнігі… З сяброўскай удзячнасцю. Янка Брыль. 10. 01. 65”. Прыемна такое ўспамінаць.

– Калі і ў які час Вам пісалася лепш?

– Пісалася лягчэй тады, калі была маладая.

– Вы напісалі і выдалі два добрыя даследаванні – пра Цётку і Хвядоса Шынклера. Чаму, менавіта, спыніліся на гэтых асобах, а не іншых?

– Пра Цётку (Алаізу Пашкевіч)  у тыя гады было мала вядома, толькi некалькi вершаў у зборнiчку ды блы-таныя звесткi з бiяграфii. Але i з тых вершаў, з бiяграфiчных дадзеных узнiкаў яркi вобраз самаахвярнай, самаадданай дачкi беларускага народа, вобраз мужнай жанчыны, якая стаяла ля вытокаў беларускага адраджэння. Таму я пра Цётку напісала і выдала некалькі кніг: першую ў 1956 годзе, апошнюю – у 2006 годзе. Вобраз гэтай жанчыны не пакідаў мяне ўсё жыццё, яна захапляла мяне сваёй мужнасцю, адданасцю беларускай справе, яна змагалася за незалежнасць Беларусі, яе творы – багаты ўзнёсак у гісторыю беларускай літаратуры. Таму я і ўзялася даследаваць яе жыццёвы і творчы шлях. Пра Хвядоса Шынклера пісала проста, як пра беларускага пісьменніка, які загінуў у гады Другой сусветнай вайны.

– Лідзія Львоўна, што Вы чытаеце сёння, з кім сябруеце, каму тэлефануеце?

– Сёння я стараюся чытаць класікаў. А з беларускай літаратуры найбольш мяне цікавяць успаміны пра пісьменнікаў – Якуба Коласа, Івана Мележа і г.д. І яшчэ – люблю чытаць дакументальныя творы. Засталося мала людзей, каму хочацца патэлефанаваць. Часцей за ўсё тэлефон мой маўчыць – на той свет няма праводкі. Перазвоньваемся часам з крытыкам Лідзіяй Савік і з пісьменніцай Аленай Васілевіч.

– Што Вас сёння хвалюе? Які лёс чакае нашу літаратуру, мову, Беларусь?

– Хвалюе мяне сёння лёс беларускай літаратуры, беларускай мовы. Некалі нашая славутая Цётка пісала: “Добра ведаць замежную мову, але найперш трэба ведаць сваю, родную”. А сёння ў Беларусі тушацца нават тыя невялікія агеньчыкі, дзе яшчэ тлее беларуская мова. Але не хочацца верыць у горшае. Хочацца спадзявацца, што мова, як і народ – неўміручыя. Бо ўсё ж радуюць маладыя беларускія пісьменнікі, якія пішуць творы на беларускай мове. Хаця стан беларускай мовы, паўтаруся, трагічны. У беларускай сталіцы сёння рэдка чуваць родная мова. Я ўжо пісала, таму паўтаруся яшчэ раз, што ідзе нейкі дзіўны працэс – беларуская літаратура ствараецца на рускай мове. Нават назву прыдумалі такому ўнікуму: рускамоўныя беларускія пісьменнікі. Якіх толькі анекдотаў не ствараюць жыццё і людзі.

Сяргей ЧЫГРЫН.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Незабыўны Альберт Паўловіч
літаратура

Незабыўны Альберт Паўловіч

21 лістапада 2025, 13:3822
Прайшлі лекцыі "Гістарычнай школы" з Алегам Трусавым
Навіны

Прайшлі лекцыі "Гістарычнай школы" з Алегам Трусавым

20 верасня 2018, 09:0919
З калядамі!
Культура

З калядамі!

7 студзеня 2019, 10:0618
ЦВК зьняў забарону на здыманьне фота на выбарчых участках
Грамадства

ЦВК зьняў забарону на здыманьне фота на выбарчых участках

8 жніўня 2019, 16:1318
Далучайцеся да нас