Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
У Менску адбылася ўрачыстасць пасвячэння новазбудаванага касцёла Божага Цела

У Менску адбылася ўрачыстасць пасвячэння новазбудаванага касцёла Божага Цела

19 чэрвеня 2025, 22:41 Грамадства 15
У Менску адбылася ўрачыстасць пасвячэння новазбудаванага касцёла Божага Цела

7 чэрвеня ў парафіі Божага Цела і манаскай супольнасці кармелітаў босых у Менску адбылася “вельмі цудоўная і доўгачаканая ўрачыстасць” – пасвячэнне новазбудаванага касцёла Божага Цела. Гэты касцёл быў пабудаваны як вотум беларускага народа за дар сакраманту Эўхарыстыі. Душпастыры і вернікі вельмі доўга і рупліва рыхтаваліся да гэтай падзеі.

Апоўдні ў менскі Кармэль прыбыў галоўны цэлебрант Мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Таксама з дастойных іерархаў на ўрачыстасці прысутнічалі арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч, які ў свой час дабраславіў вуглавы камень пад будову гэтага касцёла, і Генеральны вікарый Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB. Грэка-каталіцкую Царкву прадстаўляў Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек. Быў прысутны таксама Правінцыял Варшаўскай правінцыі кармелітаў босых айцец Лукаш Кансы OCD і Рэгіянальны вікарый кармелітаў босых у Беларусі айцец Пётр Фроштэга OCD. Да ўдзелу ў знакавай рэлігійнай падзеі прыбылі кармеліты босыя з усіх супольнасцяў у Беларусі, а таксама шматлікія святары з Менска-Магілёў-скай архідыяцэзіі, з іншых дыяцэзій і з-за мяжы, а таксама законныя сёстры. У святкаванні прыняў таксама ўдзел прадстаўнік дзяржаўнай улады – намеснік упраўлення ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі адміністрацыі Заводскага раёна горада Менска Урублеўскі Дзмітрый Часлававіч, і архітэктар праекта касцёла Аляксей Яроменка. Ва ўрачыстасці ўдзельнічалі дабрадзеі, будаўнікі, прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу, а таксама госці з Мядзела, Нарачы, Дарава і іншых парафій і шматлікія вернікі парафіі Божага Цела ў Менску.

 Перад уваходам у касцёл арцыбіскупа Юзафа Станеўскага прывіталі парафіяне з традыцыйным караваем. Пасля пробашч парафіі айцец Юрый Кулай OCD уручыў арцыпастыру сімвалічны ключ, якім ён тройчы пастукаў у дзверы касцёла. Затым пробашч адчыніў дзверы касцёла і запрасіў усіх увайсці на цэлебрацыю літургіі пасвячэння. Спеў падчас літургіі ў гэты дзень узначаліў хор “Голас душы” з парафіі святых Сымона і Алены ў Менску.

 У пачатку цэлебрацыі Мітрапаліт павіншаваў усіх прысутных з “наваселлем” і заахвоціў да радасці і ўдзячнасці Богу. Пазней усіх прывітаў настаяцель супольнасці кармэлітаў босых у Мінску айцец Сяргей Трысцень OCD. Пасля гэтага адбыўся абрад дабраслаўлення вады, акрапленне вернікаў, сценаў касцёла і алтара, які здзейсніў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

 Гамілію прамовіў біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, засяроджваючы ўвагу на тым, каб вернікі не забывалі дарогу да касцёла дзеля атрымання Божых ласкаў, адпушчэння грахоў і сілкавання Найсвяцейшым Сакрамантам. Іерарх заахвоціў таксама, каб яны самі былі жывымі камянямі і на зямлі ўтваралі Божую будоўлю дабра, спакою і адзінства.

 Праспяваўшы супольна літанію да Усіх Святых, галоўны цэлебрант арцыбіскуп Юзаф Станеўскі прачытаў малітву пасвячэння касцёла і намасціў алтар алеем хрызма. Біскуп Аляксандр Яшэўскі ў гэты час намасціў сцены новага касцёла і здзейсніў акаджэнне.

 Затым ва ўрачыстай працэсіі прадстаўнікі розных парафіяльных малітоўных супольнасцей прынеслі абрус на алтар, аздобілі яго свечкамі, а супольнасць сясцёр шарытак упрыгожыла прэзбітэрый кветкамі. Пасля гэтага новапасвечаны касцёл раз’ясніўся святлом і агнём запаленых свечак. У працэсіі з дарамі вернікі прынеслі дары для цэлебрацыі Эўхарыстыі. Пасля Святой Камуніі Найсвяцейшы Сакрамант быў змешчаны ў табэрнакулюме.

 Наступным пунктам літургіі стаў спеў гімна “Цябе, Бога праслаўляем”, як знак радасці і праслаўлення Бога за дар новай святыні. На заканчэнне ўрачыстасці пробашч парафіі айцец Юрый Кулай OCD выказаў усім словы ўдзячнасці. Таксама былі ўручаны падзякі заслужаным дабрадзеям і парафіянам. Арцыбіскуп Станеўскі дабраславіў памятную дошку, якая будзе ўсталявана ў касцёле дзеля захавання памяці пра гэтую падзею.

 Вечарам на прыкасцельнай тэрыторыі быў арганізаваны парафіяльны святочны сямейны пікнік, дзе ў радаснай і сямейнай атмасферы парафіяне і госці са сваімі душпастырамі адзначылі радасную падзею пасвячэння доўгачаканай святыні.

Тэкст: а. Юрый Кулай OCD.

Фота: Віктар Ведзень. Catholic.by.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
15 верасня — падарожжа на Мёршчыну, у край журавоў і журавін
Грамадства

15 верасня — падарожжа на Мёршчыну, у край журавоў і журавін

6 верасня 2019, 09:4022
З новым годам!
Грамадства

З новым годам!

1 студзеня 2020, 08:0521
Са святам, дарагія беларусачкі, з 8 сакавіка
Грамадства

Са святам, дарагія беларусачкі, з 8 сакавіка

7 сакавіка 2023, 15:0021
Прайшлі лекцыі "Гістарычнай школы" з Алегам Трусавым
Навіны

Прайшлі лекцыі "Гістарычнай школы" з Алегам Трусавым

20 верасня 2018, 09:0920
Далучайцеся да нас