Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Шнаркевічы

Шнаркевічы

23 мая 2025, 22:09 Гісторыя і краязнаўства 20
Шнаркевічы

Жылі ў ХХ стагоддзі на нашай зямлі цудоўныя людзі – Язэп і Надзея Шнаркевічы. Пра іх і хачу сёння згадаць. Пачну з Язэпа Шнаркевіча (1888-1974).

Язэп Шнаркевіч быў таленавітым настаўнікам, стваральнікам Нясвіжскай, а пасля Клецкай беларускіх гімназій у першай палове ХХ стагоддзя.

Напачатку 1920-х гадоў у Нясвіжы існавалі дзве прыватныя гімназіі – жаночая і мужчынская. Канцэсію на расійскую жаночую гімназію ў той час меў грамадзянін Георгій Жаўняркевіч. На базе гэтай гімназіі спа-чатку былі створаны асобныя беларускамоўныя класы, а потым, дзякуючы Язэпу Шнаркевічу, у 1921 годзе ў Нясвіжы на базе першых класаў жаночай гімназіі з’явілася прыватная Нясвіжскай беларуская гімназія. Заняткі праводзілі ў хатах жыхароў Нясвіжа. Настаўнік выкладаў беларускую мову і агульнаадукацыйныя прадметы. Колькасць вучняў у гімназіі павялічвалася, і гэта спалохала мясцовую польскую ўладу. А потым, з-за адсутнасці памяшкання, прыгоднага для гімназіі, настаўнікам і вучням гэтай установы было няпроста. Але выкладчыца нямецкай мовы Нясвіжскай беларускай гімназіі яўрэйка Рыта Эпштэйн прадставіла два пакоі ў сваёй прыватнай кватэры. Так пратрымалася гімназія адзін год. А потым дапамаглі жыхары Нясвіжа Апанас Вітушка, Нікадзім Дылеўскі, Міхал Кулакоўскі, якія вырашылі пытанне з памяшканнямі. І гімназія праіснавала ў Нясвіжы яшчэ два гады – разам тры гады. А потым пераехала ў Клецк.

Праз пэўны час Язэпа Шнаркевіча выклікалі ў Нясвіжскае павятовае староства, дзе яму забаранілі ўтрымліваць гімназію і выкладаць у школе. Але гімназію ўтрымаць змаглі бацькі дзяцей і настаўнікі, якія працавалі побач з Язэпам Шнаркевічам. Таму ў 1924 годзе мясцовая ўлада ўсё ж дазволіла адкрыць у Клецку гіназію 1-4 класаў з правам вучыцца да 8-га класа. Але сам Язэп Шнаркевіч пад пагрозай арышту вымушаны быў пакінуць Клецк і Нясвіж і з’ехаць у Вільню. Тым не менш, Клецкая беларуская гімназія пачала працаваць і была беларускай не толькі па назве, але і па духу.

Пакінуўшы Нясвіж і Клецк Язэп Шнаркевіч прыехаў у Вільню. У 1925-1926 і 1928-1933 гадах ён працаваў выкладчыкам Віленскай беларускай гімназіі. Быў адным з арганізатараў Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ). У 1925 годзе Язэпа Шнаркевіча арыштавалі польскія ўлады па справе БСРГ, і амаль год ён правёў у турме.

Пасля турмы беларускі настаўнік і палітык працаваў у віленскіх школах, захапіўся пчалярствам, супрацоўнічаў з віленскім часопісам “Беларуская борць”, сябраваў з Зоськай Верас (1892-1991), якая была рэдактарам месячніка “Беларуская борць” і якім карыста-ліся пчаляры па ўсёй Заходняй Беларусі. Жыў ён у Вільні на вуліцы Карльсбадскай, 33, любіў агарод, прадаваў саджанцы вінаграду. Але ў 1933 годзе па палітычных матывах быў звольнены з працы і ў верасні 1939 года зноў арыштаваны польскамі ўладамі і інтэрнаваны ў канцлагер Картуз-Бяроза. З прыходам савецкай ўлады ў Заходнюю Беларусь Язэпа Шнаркевіча вызвалілі, і ён пачаў працаваць у беларускай школе ў Вільні, а падчас вайны – у Віленскай беларускай настаўніцкай семінарыі. Пра яго Янка Багдановіч у сваёй кнізе “На жыццёвым шляху” (Мінск, 1992. С.84) сказаў: “Язэп Шнаркевіч – чалавек спакойны, зраўнаважаны, з мяккім і гуманным характарам. Дапамагаў вучням, чым мог: шыў чаравікі і прыносіў у прытулак гімназіі. Зараз жыве, мае ўжо 87 гадоў…”.

Вучнем Язэпа Шнаркевіча быў і гісторык Мікалай Улашчык (1906-1986). У пісьме да Янкі Брыля 14 снежня 1985 года Мікалай Улашчык пісаў: “Ці ведалі Вы Язэпа Шнаркевіча? У 1919 годзе дзве вышэйшыя пачатковыя школы былі зроблены беларускімі, у адной вучыўся я, а настаўнікам беларускай мовы і літаратуры стаў Шнаркевіч. У 1966 годзе я спаткаўся з ім у Вільні, і колькі-небудзь моцнага ўражання ён не зрабіў і наогул, пэўна, не быў выдатным дзеячам, але як школьны прапагандыст ён быў выдатны. Ва ўсякім разе, нас малых (13-14 гадоў), якіх усё жыццё вучылі зневажаць усё сваё, ён за некалькі месяцаў зусім “перарабіў”…Як дэ-таль хачу Вам сказаць, як я ўпершыню пачуў, што беларуская літаратура – гэта свая…” (Мікалай Ула-шчык. Выбранае. Мн., 2001. С.513-514).

 

Жонкай Язэпа Шнаркевіча была Надзея Калядзян-ка (1897-1974) – беларуская грамадска-культурная дзеячка, педагог і краязнавец.

Надзея Калядзянка нарадзілася 30 верасня 1897 года ў Берасці. Калі ёй было 7 гадоў, памёр бацька. Пераехала з маці ў вёску Вострава Кобрынскага павета, а пасля ў Пружаны. Скончыла Пружанскую прыватную жаночую гімназію і пачатковую педагагічную школу. Паўгады працавала ў царкоўна-прыходской школе, а пасля ў дзяржаў-най школе. А калі пачалася Першая сусветная вайна, яна з маці выехала ў бежанства ў расійскі горад Сызрань. Там працавала ў школе, а потым у аддзеле народнай асветы.

Далёка ад Бацькаўшчына Надзея прабыла чатыры гады і ў 1919 годзе вярнулася дамоў у Пружаны. Скончыла настаўніцкія курсы і зноў пачала працаваць настаўніцай у сямігадовай польскай школе ў Пружанах. Але восенню 1924 года яна была звольнена. Дзякуючы знаёмым і сябрам Надзея прыехала ў Вільню. Там у пошуках працы яна звярнулася да тагачаснага старшыні Беларускага пасольскага клуба ў польскім сойме Браніслава Тарашкевіча. І ён дапамог Надзеі з працай. Спачатку уладка-валася загадчыцай дзіцячага прытулка-інтэрната пры Віленскай беларускай гімназіі. Потым прымала самы актыўны ўдзел ва ўсіх справах Таварыства беларускай школы (ТБШ). Яна становіцца супрацоўніцай сакратарыята ТБШ.

20 лістапада 1924 года з Нясвіжа у Вільню прыязджае настаўнік Язэп Шнаркевіч. Палескі школьны куратар Вольбэк, стараючыся давесці да ліквідацыі беларускую гімназію, рознымі сродкамі перашкаджаў і ўскладняў працу ў гімназіі. Ён пазбавіў Язэпа Шнаркевіча канцэсіі і забараніў яму выкладаць у школе. Беларускі настаўнік змушаны быў пакінуць Нясвіж. Ён прыехаў у Вільню і стаў сакратаром Цэнтральнай школьнай рады. Там Надзея Калядзянка і Язэп Шнаркевіч пазнаёміліся і пабраліся шлюбам у 1926 годзе. 

Напачатку 1930-х гадоў Надзея Шнаркевіч уваходзіць у Віленскую беларускую жаночую арганізацыю імя Алаізы Пашкевіч (Цёткі). Гэта арганізацыя ў 1931 годзе пачала выдаваць свой грамадска-палітычны часопіс “Жаноцкая справа”. Рэдактарам часопіса стала Надзея Шнаркевіч.

“Жаноцкая справа” выдавалася з сакавіка 1931 да верасня 1931 года ў Вільні. Выйшлі чатыры нумары. Галоўнай мэтай часопіса было пашырэнне нацыянальнай свядомасці сярод беларускіх жанчын, аб’яднанне іх на грунце грамадскай працы, а таксама агульнаасвет-ніцкія задачы. Часопіс узнімаў актуальныя пытанні жыц-ця, побыту, грамадскага становішча жанчын Заходняй Беларусі. Пра гэта распавядалі артыкулы “Да працы”, “Да беларускіх матак”, рубрыка “Да нас пішуць” і іншыя. Перадавыя артыкулы пісала сама Надзея Шнаркевіч.

Гістарычна асэнсоўвалася ў часопісе абвяшчэнне незалежнасці Беларусі 25 сакавіка 1918 года. Інфармавала выданне пра палітычныя і грамадскія падзеі ў Заходняй Беларусі і Польшчы: аб звальненні педагогаў з Віленскай беларускай гімназіі з-за палітычнай ненадзейнасці, аб арышце Браніслава Тарашкевіча, увядзенні надзвычайных судоў і новага турэмнага рэжыму ў Польшчы, дзейнасці Беларускага дабрадзейнага таварыства і іншыя.

 Знаёміў часопіс са становішчам жанчын і жаночымі рухамі розных краін у свеце (рубрыка “З жаноцкага свету”). Праводзіў агітацыю часопіс супраць алкагалізму. Даваў канкрэтныя парады, як адкрыць беларускую бібліятэку-чытальню. Змяшчаў літаратурныя матэрыялы (артыкулы пра жыццё і творчасць Цёткі; эцюд пра паэтак Савецкай Беларусі Зінаіду Бандарыну, Наталлю Вішнеўскую, Яўгенію Пфляўмбаўм, а таксама іх вершы; лірычна-інтымную мініяцюру Наталлі Арсенневай; пераклады замалёвак з чэшскай мовы). Інфармаваў чытачоў часопіс пра новыя беларускія выданні, асабліва пра кніжкі для дзяцей. Змяшчаў парады для хатняй гаспадыні (рубрыка “Парады маці” Людвікі Войцік, артыкулы аб гігіене, аб шыцці і вышыванні, парады “Бабулькі” (верагодна, Зоські Верас). Меў рубрыкі часопіс “Пытанні і адказы”, “Рознае”, “Наша пошта” і іншыя. Поўнасцю нумары часопіса рыхтавала Надзея Шнаркевіч.

 Другую сусветную вайну Надзея і Язэп Шнаркевічы перажылі ў Вільні. А пасля вайны жанчына цяжка захварэла, але была не спаралізавана, як піша “Энцыклапедыя гісторыі Беларусі” (Мінск, 2003. Т. 6. С. 225). Яшчэ да вайны ў яе адкрылася язва страўніка з камплікацыямі. Больш пра стан здароўя Надзеі згадвае Зоська Верас у кнізе “Я помню ўсё” (Гародня-Уроцлаў, 2013. С.104, 108). Вось некалькі прыкладаў. У лісце да настаў-ніка Алеся Белакоза з Гудзевіч Мастоўскага раёна Зоська Верас пісала ў чэрвені 1970 года: “Была я ў Надзеі Маркаўны Шнаркевіч. Яна як быццам крыху ажывілася, прынамсі, рукі перасталі балець. Але наагул – мучаніца яна”. А ў лістападзе 1970 года ў лісце да Адама Мальдзіса Зоська Верас паведамляла: “Марыцца мне, каб пазнаёміць Вас з Надзеяй Маркаўнай Шнаркевіч. Гэта чалавек вялікай сілы духу. Былая кіраўніца ТБШ, паміма 73 гадоў жыцця, з чаго больш за 30 прыкаваная да ложка (але не спараліжаваная), дасюль поўная энергіі, ініцыятывы, волі да грамадскай працы”. 

Надзея Шнаркевіч сябравала з многімі вядо-мымі людзьмі Беларусі, шмат гадоў перапісвалася. Яна збірала фотаальбомы па гісторыі Нясвіжска-Клецкай, Наваградскай, Радашковіцкай і Віленскай беларускіх гімназій. Краязнавец з Маладзечна Міхась Казлоўскі неяк сказаў мне, што некалькі альбомаў ён сам трымаў у руках. Гэта былі даволі вялікія альбомы са здымкамі беларускіх гімназій, найбольш трапіла ў альбомы здымкаў-арыгіналаў. Некалькі альбомаў магчыма захоўва-юцца ў Алесі Луцкевіч у Вільні. Сярод фотаальбомаў беларускіх гімназій, быў і альбом, прысвечаны бела-рускаму спеваку Міхасю Забэйду-Суміцкаму. А яшчэ Надзея Маркаўна запісвала народныя песні, музычны фальклор. “Пару гадоў таму запісала цэлае беларускае вяселле (песні) – ад запоінаў да канца. Ноты напісаў П. Каруза. Цяжка ёй было над гэтым працаваць, але цешыла сябе, што мо з гэтага будзе карысць. Літоўцы зрабілі такое “Вяселле” для тэлебачанння… Але не ў нас. Узяла Г. Барташэвіч, нічога не зрабіла…”, – пісала Зоська Верас Адаму Мальдзісу ў студзені 1975 года.

Пісала Надзея Шнаркевіч і артыкулы ў газеты і часопісы. Напрыклад, у 1969 годзе яна даслала ў газету “Літаратура і мастацтва” артыкул “Аб народным мастац-тве”, але яго доўга не друкавалі. Па словах усё той жа Зоські Верас, ён быў добра напісаны. І яна прасіла паэта Сяргея Панізька, каб той пацікавіўся лёсам артыкула. Звярнуўся нядаўна да Сяргея Сцяпанавіча і я, запытаў наконт таго артыкула, але ён не памятае.

 

Шчыра сябравала Надзея Маркаўна Шнаркевіч з настаўнікам, заслужаным работнікам культуры Беларусі, заснавальнікам Гудзевіцкага літаратурна-краязнаўчага музея Алесем Мікалаевічам Белакозам (1928-2016). Жанчына дасылала з Вільні для музея этнаграфічныя экспанаты і рэчы сялянскага побыту, збірала для іх музычны фальклор. Аднойчы Надзея Маркаўна прыслала ў музей вялікую пасылку ў якой ляжаў беларускамоўны глобус з Віленскай беларускай гімназіі. Гэты глобус Надзеі Шнаркевіч прынёс Янка Багдановіч, а яна падаравала Гудзевіцкаму музею. Дарэчы, гэты глобус у музеі захоўваецца і сёння. Ён адзіны беларускамоўны глобус у свеце. Глобус, хутчэй за ўсё, з’явіўся на свет па заказу Віленскай беларускай гімназіі ў 1939 годзе, але ўжо пры савецкай уладзе, бо на ім пазначана “Камітэт картаграфіі”.

Дзякуючы супрацоўнікам Гудзевіцкага літаратурна-краязнаўчага музея адшукаў у фондах музея некалькі лістоў ад Надзеі Маркаўны Шнаркевіч. У адным лісце ад 8 сакавіка 1970 года яна пісала: “Паважаны Алесь Мікалаевіч! Пасылаю Вам глобус, якім карысталася Віленская беларуская гімназія ў апошнія дні яе існавання. Апрача гэтага дадаю некалькі ўзораў нашага арнаменту. Выткаў іх Ян Тулейка. А што ў Вас добрага чуваць? Надыходзіць вясна. Не забудзьце пра вінаград. Пашу-кайце яму добрае сонечнае месца – паўднёвую сцяну. А вось яшчэ што. Можа б вашыя дзяўчаткі павучыліся ад старых бабулек, якім напэўна вядомы такі від нашага мастацтва, ткаць паясы. Маем шмат узораў на паперы, ахвотна падзелімся. Калі там у Вас будзе трудна дастаць нітак, то можна было б выслаць адсюль. Тут выбар вялікі: і шоўку, і рысу. Падумайце пра гэта.

Паштоўкі з беларускім арнаментам выдаў Ула-дыслаў Паўлюкоўскі. Вільня. Друкарня імя Ф. Скарыны, 1938 год.

Пакуль усяго найлепшага. Поспехаў Вам у Вашай святой справе.

Шчыра прызнаная – Надзея Маркаўна Шнаркевіч”.

 

Напачатку 1973 года Надзея Шнаркевіч на паштоўцы напісала ліст усім супрацоўнікам Гудзевіцкага музея: “Даражэнькія! Дзякуй за віншаванні і за добрыя пажаданні. Няхай жа Новы год і Вам усім прынясе як найбольш радасці, удачы і поспехаў у Вашай пачэснай працы на карысць Маці-Радзімы. Фотаздымкі маю толькі далёкіх мінулых часінаў. Цяперашніх не маю, як зраблю – прышлю. Н.М. Шнаркевіч”.

У добрых адносінах з Надзеяй Шнаркевіч быў беларускі грамадска-культурны дзеяч з Вільні Янка Багдановіч (1906-1990). У 1992 годзе Арсень Ліс падрыхтаваў і выдаў кніжку ўспамінаў Янкі Багдановіча “На жыццёвым шляху”. У ёй аўтар светла і шчыра прыгадвае і пра Надзею Маркаўну: “Прыпамінаецца, што вельмі коратка жыла ў нашым будынку п. Шнаркевічыха, не памятаю яе дзявочага прозвішча. Жыла яна ў нас нядоўга, але пакінула па сабе добрую, шчырую, гуманную памяць. Памятаю, з польскай мовы была ў мяне слабая ацэнка, і яна мне многа памагала падрыхтавацца да экзамену, давала бясплатныя лекцыі-ўрокі не толькі мне, але і іншым маім таварышам, якія знаходзіліся ў прытулку. Жыла вельмі скромна, апрача стала і нейкага тапчанчыка, нічога больш не было. Кожны з вучняў адчуваў яе сціпласць і апеку над дзецьмі. Часта прыходзіцца ўспамінаць добрымі, шчырымі словамі. Сёння ўжо вельмі старэнь-кая, але вельмі цікавіцца ўсім і ўсімі. Чытае многа літаратуры і добра ва ўсім арыентуецца, мае вельмі добрую памяць, памятае ўсіх тых, каторыя вучыліся ў віленскай беларускай гімназіі, а таксама тых, каторыя знаходзіліся ў прытулку. Многія наведваюць, многія забыліся, а частка дзяцей рассыпалася па свеце і не мае магчымасці наведаць”. 

У 1964 годзе Надзея Маркаўна напісала невялікія ўспаміны з працы ў Таварыстве беларускай школы ў 1924-1930 гадах у Вільні. Гэтыя ўспаміны мне нядаўна даслаў паэт Алег Мінкін. У апошнім абзацы ўспамінаў Надзея Маркаўна занатавала: “Я з усёй упэўненасцю кажу, што як народ беларускі, так і ягоная мова жылі, жывуць і будуць жыць, развівацца і квітнець. І выйдзе яшчэ з гушчару майго народа шмат-шмат самародкаў, каторыя праславяць нашу мову ў стагоддзях! А нашча-дкі няхай ведаюць, як беларускі народ змагаўся за мову сваіх дзядоў і прадзедаў, за школу ў роднай мове, за сваю нацыянальную культуру”. І працягвае змагацца ўжо 60 гадоў пасля слоў Надзеі Шнаркевіч.

 

Памерлі Надзея і Язэп Шнаркевічы ў адзін год – у 1974-м. Пахаваны ў Вільні на праваслаўных Свята-Ефрасіннеўскіх могілках. 

 Сяргей ЧЫГРЫН.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
На Лідчыне адзначылі 155-я ўгодкі паўстання 1863 года
Грамадства

На Лідчыне адзначылі 155-я ўгодкі паўстання 1863 года

23 жніўня 2018, 23:0517
Тэксты для 13-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі. Уладзімір Караткевіч. Беларуская песня
Мова

Тэксты для 13-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі. Уладзімір Караткевіч. Беларуская песня

10 лютага 2020, 21:2817
Слуцкі збройны чын - 100 гадоў
Грамадства

Слуцкі збройны чын - 100 гадоў

9 снежня 2020, 00:3417
Гаючыя зёлкі
Навука

Гаючыя зёлкі

1 сакавіка 2023, 18:2116
Далучайцеся да нас