Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ МЕТАЛІНГВІСТЫКА

Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ МЕТАЛІНГВІСТЫКА

16 мая 2025, 07:40 Мова 56
Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ  МЕТАЛІНГВІСТЫКА

Мост. Мястэчка. Мастак. Масла

 

Марна шукаць слова мост у глыбокай старажытнасці. Будаваць масты пачалі значна пазней, чым гаварыць, і, навогул, даволі позна, асабліва на Беларусі. Абыходзіліся бродам. Разам з тым гняздо словаў утворанных вокол маста даволі вялікае: мост, масціць, маставая, масток, мястэчка ці месца, мастак, масніца і г.д. I словы гэтыя даволі разнастайныя. Тым не менш павінна быць нейкае першае слова, нейкая першааснова.

Бліжнія славянскія мовы, як звычайна, нічога новага дадаць не могуць. Таму мы мусім ізноў ісці ў глыбіню стагоддзяў і звяртацца да амаль роднага ўжо сансрыту. Тут мы маем: масту – кіслыя вяршкі, мастака – галава, чэрап, верх, вяршыня; масцічка – мазгі, розум. Галава з розумам да нашага моста – ні злева, ні справа. А вось вяршкі ды яшчэ кіслыя. Дык яны – самі па сабе ўжо мост – шчыльнае ўтварэнне над вадкім малаком. Вяршкі заўсёды зверху. У першым сэнсе ўсё, што зверху – вяршкі. Такое масту – масткі можна было масціць паверх балота і прабірацца праз дрыгву. Пасля машчэння атрымоўваўся мост, а дакладней маставая, у сёняшнім разуменні. А драўляныя маставыя ў беларускіх гарадах – гэта ўжо з недалёкага мінулага, у Сібіры можна сустрэць і сёння. Такім чынам вяршкі на малацэ далі нам маставую – тратуар. Спосаб пабудовы маставой, якая рабілася часта на даволі высокіх апорах, зрушыў думку на пабудову вялікай маставой – моста цераз рэчку.

Ну добра, ад вяршкоў да моста мы дайшлі, а як жа з местам і мястэчкам. Пачнём з польскай мовы. Там мяста – горад, а мястэчка – гарадок. З мястэчкам пагодзімся, што яно ад мяста. А адкуль само мяста. Даволі цяжка прывязаць па сэнсу горад да вяршкоў, але вось тут і мусім згадаць, што мастака – гэта акрамя ўсяго іншага і вяршыня. А ў адным з папярэдніх раздзелаў разглядаючы паходжанне слова горад мы вывелі яго ад гары (нагара). А калі горад мог утварыцца ад гары, то мяста (места) у значэнні горад магло з такім жа поспехам утварыцца ад вяршыні – мастакі. Такім чынам мы не толькі разабраліся з местам, а і пацвердзілі папярэднюю выснову, што слова горад паходзіць ад слова гара.

Словы месца (мейсца), мясцовы, мясцовасць, мясціна аналагічна прывязваюцца да слова мастака.

Мешчанін – жыхар места (горада), гараджанін. Беларускае слова месца, а таксама словы  мясціцца, прымясціцца выходзяць ад словаў масціць, масціцца, масціць сухое месца. I цераз словы мясцовы, мясцовасць зліваюцца з гняздом словаў места, мястэчка, мешчанін. Мясцовасць можа з такім жа поспехам абазначаць прастору вокол нейкага месца і вакол места- горада.

Наступнае слова з гэтага гняздоўя – слова мастак. Мастак – той, хто умее масціць: маставую, мост і г.д. Май- стар. У расейскай мове слову мастацтва адпавядае слова искусство. Искусный мастер. Беларуская мова аддзяліла ад тэрміна мастацтва тэрмін майстэрства. Але яшчэ гадоў шэсцьсот-пятьсот назад такога дзялення не было і слова мастак, чалавек які ўмее масціць, ужывалася ў значэнні проста майстар, добры майстар. На добрага майстра, што б ён ні рабіў, і зараз кажуць мастак.

З усіх прафесій маляванне, размалёўванне палацаў, цэркваў было адной з самых складаных. Гэтая прафесія давалася толькі абраным. Той, хто акрамя іншай работы яшчэ ўмеў і маляваць, быў сапраўдны мастак. Так слова мастак аддзялілася ад пласту майстроў і стала назвай невялікай праслойкі малявальшчыкаў. А астатнія пазычылі ў немцаў слова майстар (Меіstеr).

А што ж у неславянскіх мовах. Па-нямецку мост – dіе Вruсkе. Згадаем беларускі брук, які на расейскую мову перакладваецца, як мoстoвая. Ад слова брук мы ўтварылі словы брукаваць, брукаванка, брукаваны. Дарэчы, расейскае слова брусчатка, якое спрабуюць ужываць як аналаг беларускаму бруку паходзіць ад слова брус, бо там дарогі масцілі драўляным брусам.

Але ў саміх немцаў няма слова bruсkеn у значэнні брукаваць. Масцiць па-нямецку – рflastern.

Беларусы ж, прыхапіўшы ў немцаў мост – dіе Вruсkе, пачалі брукаваць у сэнсе масціць, яшчэ раз пацвердзіўшы першаасноўнасць слова масціць і больш позняе з’яўленне самога моста.

I яшчэ раз вярнуўшыся да санскрыцкага слова масту мы не можам прайсці міма слова масла, якое робіцца (б’ецца) менавіта з гэтых кіслых вяршкоў, якое лягчэй за маслёнку, а таму таксама заўсёды зверху.

 

Луг. Поплаў

Разгледзеўшы такія прыродныя сістэмы, як лес і поле, а таксама рукатворныя, як горад і мястэчка нельга прайсці міма словаў луг і поплаў.

Слова луг аднаскладовае, больш агульнае, чым слова поплаў, і больш старажытнае.

Па азначэнні, луг у шырокім сэнсе – тып занальнай і інтразанальнай расліннасці, які характарызуецца па-наваннем шматгадовых травяністых раслін, галоўным чынам злакаў і асокаў, ва ўмовах дастатковага ці залішняга ўвільгатнення. Агульная для ўсіх лугоў уласцівасць заключаецца ў наяўнасці травастою і дзёрну, дзякуючы якім верхні пласт лугавой глебы шчыльна працяты каранямі і карэнішчамі травяністай расліннасці.

Хаця залішняе ўвільгатненне не абавязковая ўмова, каб нейкую мясцовасць назваць лугам. Так горад Луганск не можа пахваліцца лішняй вільготнасцю, а назва яго паходзіць ад слова луг. Лугам часцяком называўся звычайны стэп.

Не ведаю, як з вадой у лужыцкіх сербаў (сорбаў), але ў назву таксама ўмяшалася слова луг.

Слова луг не з’яўляецца агульнаславянскім. Паўднёвыя славяне запазычылі для такой мясцовасці назву ў грэкаў. Па-грэцку: луг – livadi. Па-балгарску – лівада, па-сербску – лівада, па-баснійску – лівада, па-македонску – лівада, па-харвацку – livada, і толькі па-славенску – travnik.

У заходніх славян: па-славацку – luka, па-сілезску – luk, па-чэшску – louka, па-польску – la,ka (лонка). Заўважым, што польскае а, сёння часта стаіць на месцы раннепольскага u.

Ва ўсходніх славян канцавое к замянілася на г. Але гэта не істотна, і мы можам сказаць пра славянскае паходжанне слова.

Пра тое што луг часта бывае мокрым сведчаць словы лужа, лужына, калюга, калюжына. Традыцыйныя беларускія пераходы г у ж і наадварот для нас прывычныя.

А вось што тычыцца заліўнога лугу, то па азначэнні гэта – луг, які размешчаны ў пойме ракі і заліваецца вадой у паводку. У беларускай мове для такога лугу ёсць слова поплаў. Ва ўсіх мовах, дзе мы знайшлі слова луг (luk-a), тэрмін  падаецца толькі праз два словы. Спалучэнне высокай прадуктыўнасці і невысокіх працоўных выдаткаў на падтрыманне гістарычна рабіла паплавы рэсурсам, які высока цаніўся. А таму беларуская мова забяспечыла гэты рэсурс спецыяльным словам. У аснове слова поплаў ляжыць дзеяслоў плаваць. Поплаў – месца, дзе можна было плаваць. Некалі. Поплаў – пасля плавання.

Блізкім да слова луг з’яўляюцца словы лугавіна і лагчына. Гэта таксама нізіны, часта мокрыя нізіны.

 

Балота, дрыгва, твань, гразь

Ну і балота.

Балота, залішне ўвільготнены ўчастак зямной паверхні, укрыты пластом торфу глыбінёй не менш як 30 см у неасушаным стане (менш як 30 см – забалочаныя землі). Найбольш балот у лясной зоне Паўночнага паўшар’я (поўнач Еўрапейскай часткі, Канада, Палессе, Заходняя Сібір, Камчатка і інш. раёны), а таксама ў вільготных раёнах Афрыкі, Азіі і Паўднёвай Амерыкі. Агульная плошча балот у свеце каля 350 млн. га. У выніку гаспадарчай дзейнасці балоты трансфармуюцца ў акультураныя сельскагаспадарчыя, лясныя і паляўнічыя добры, распрацоўваюцца прамысловасцю, часткова займаюцца пад гарадскія і прамысловыя забудовы У прырод-ным стане выконваюць шматлікія біясферныя функцыі: месцажыхарства спецыфічных відаў балотнай флоры і фаўны, бездакорныя геахімічныя бар’еры і прыродныя фільтры на шляхах руху водаў, рэгулятары клімату, га-за-вага складу атмасферы, захавальнікі інфармацыі аб змене расліннасці і клімату на працягу многіх тысячагоддзяў. Балоты вывучае навука балотазнаўства. На Беларусі балоты займаюць 2,5 млн. га (плошча асушаных 1,2 млн. га) з запасам торфу-сырцу 4,4 млрд. т. Тарфяных радовішчаў 9192, сярэдняя глыбіня адкладаў торфу 1,87 м, найбольшая магутнасць тарфянога пласта 10,5 м.

Утвараліся балоты пераважна ў розныя перыяды з пачатку галацэну (10-12 тыс. г. назад) і да нашага часу ад забалочвання мінеральнай глебы або затарфавання вадаёмаў.

Балоты падзяляюцца на нізінныя (эўтрофныя) з багатым грунтавым і паверхнева-сцёкавым жыўленнем, вярховыя (алігатрофныя) з бедным атмасферным жыўленнем і пераходныя (мезатрофныя), якія жывяцца атмасфернымі ападкамі і часткова паверхнева-сцёкавымі і грунтавымі водамі. Паводле характару расліннасці бываюць лясныя, кустовыя, травяныя, мохавыя, паводле макрарэльефу – далінныя, поймавыя, схілавыя, водападзельныя. Нізінныя балоты ўтвараюцца ў далінах рэк, па берагах азёраў, у месцах выхаду крыніц. На Беларусі пашыраны на поўдні і паўднёвым захадзе, асабліва на Палессі і Цэнтральнабярэзінскай раўніне. Складаюць 82,7% плошчы ўсіх балотаў. Найбольшыя балоты – Аброўскае, Выганашчанскае балота, Вялікі Лес, Грычын, Паганянскае балота, Хольча, Старобінскае і інш. Сярэдняя частка гэтых балот ляжыць на адным узроўні з ускраінамі або ніжэй за іх, зрэдку паверхня нахіленая. Для нізінных балот характэрны эўтрофныя расліны, патрабавальныя да мінеральных элементаў. Ва ўмераным клімаце гэта лясныя балоты з вольхай, бярозай, вярбой, хвояй, елкай, лазой або травяныя ці мохавыя балоты з асокамі, трыснягом, чаротам, рагозамі, разнатраўем, гіпнавымі і сфагнавымі імхамі. Фаўна разнастайная вадзяныя пацукі, палёўкі, выдры, зрэдку бабры і андатры, асабліва шмат птушак – кулікі, пагонічы, драчы, гусі, качкі, вялікі вераценнік, луга-вы конік, бакас, балотная сава. Вярховыя балоты знаходзяцца звычайна на водападзелах. Найбольш пашыраны ў паўночнай частцы Беларусі (масівы Даўбенішкі, Весялоўскае, Стрэчна, Обаль-1 і інш.). Складаюць 13,1% плошчы ўсіх балот Беларусі. Паверхня іх у сярэдзіне пукатая, таму што торф у цэнтры балота назапашваецца больш інтэнсіўна, чым на перыферыі. Для вярховых балот характэрны алігатрофныя расліны, непатрабавальныя да зольных элементаў. Флора бедная: дрэвы – хвоя, лістоўніца; кусцікі – верас балотны, мірт, багун, багноўка, журавіны, імшарніца, буякі; травы – шэйхцэрыя, падвей похвенны, марошка, чаротнік, расіца круглалістая; сфагнавыя імхі. Фаўна таксама бедная: воўк (летам), лось, глушэц, курапатка белая, журавель. На Беларусі пераходныя балоты складаюць 4,2% плошчы ўсіх балот. Буйныя масівы – Паддубічы, Асовіны, Смалярня і інш. Для іх характэрны мезатрофныя расліны: звычайныя бяроза пушыстая, хвоя, асокі, буякі, багун, журавіны, сфагнавыя і гіпнавыя імхі. Фаўна мяшаная ад нізінных і вярховых балот. На Беларусі вялікія масівы балот ахоўваюцца ў Бярэзінскім біясферным запаведніку, Прыпяцкім ландшафтна-гідралагічным запаведніку і Прыпяцкім радыяцыйна-экалагічным запаведніку, у нац. парку “Белавежская пушча”. На балотах існуюць 8 гідралагічных заказнікаў (на масівах Выганашчанскае балота, Дзікае балота, Ельня, Заазер’е і інш ), 21 біялагічны заказнік (напр., Амяльнянскі, Бабінец, Букчанскі, Борскі, Вялікае Балота, Дзянісавіцкі, Дубатоўскае, Запольскі і інш.) На самых вялікіх і перспектыўных тарфяных радовішчах створаны 12 рэзерватаў бітумінознай сыравіны для атрымання тарфянога воску (Арэхаўскі Мох, масіў Скачальскага возера, Тажылаўскі Мох і інш.), 4 рэзерваты гідролізнай сыравіны для атрымання кармавых дражджэй і інш. прадукцыі (Даўбенішкі, Слаўнае, Сэрвач, Эсьмонскі Мох і інш.) і 113 радовішчаў тарфяных лекавых гразяў. Балота з’яўляецца месцам палявання, збірання ягад, грыбоў, лекавых траў.

Гэтую інфармацыю нам дае Беларуская энцыклапедыя. Але чамусьці апускае той момант, што любое балота – гэта перш за ўсё гразь, а ўсё астатняе апасля. Таму, пераходзячы да разгляду паходжання слова балота, будзем весці гэты разгляд паралельна са словам гразь.

Слова балота мае старажытнае паходжнне, але ў санскрыце гучанне зусім іншае. Значыць, слова больш позняе.

Першая мова, куды звернемся, гэта польская. Балота па-польску – bagno. Але і мы маем слова багна ў значэнні балота, праўда, з адценнем вельмі глыбокага балота. А вось bloto па-польску – гразь. Металічны шчыток над коламі  ровара называўся блотнікам і ў такім гучанні перайшоў у беларускую мову. На нейкі гразёвец народ замяняць слова не стаў.

Па-балгарску балота – блато.

Па-чэшску – bazina, вельмі блізка да багны.

У многіх іншых славянскіх мовах словы, якія абазначаюць балота, абапіраюцца на дзеяслоў мачыць.

Па-славацку – mociar.

Па-славенску – mocvirje.

Па-сербску – мочвара.

Па-македонску – мочуриште, але і блато.

Па-харвацку – mocvara.

Па-баснійску – mocvara.

А вось па-гэльску – boglach, падобна на багну.

 

У сваю чаргу па-харвацку blato – гэта гразь.

Па-баснійску blato – гразь.

Па-славацку blato – гразь.

Па-славенску blato – гразь.

Па-сербску блато – гразь.

 

Такім чынам мы не маем ніякай неабходнасці нешта прывязваць да прыбалтыйскіх моваў. Там іншыя словы. Словы балота, блато праходзяць па ўсіх славянскіх мовах і маюць значэнне ці балота, ці гразь, якая ёсць неад’емнай часткай балота. Цэлая група назваў балота ідзе ад караня мач, г.зн. ад дзеяслова мачыць. І нарэшце багну мы можам разглядаць як гэльскую спадчыну. Засталіся беларускія словы дрыгва і твань.

Дрыгва паходзіць ад дзеяслова дрыжаць, як і яго рускі адпаведнік трясина ад дзеяслова трястись.

Ну а словам твань мы можам ганарыцца. Пакуль што яго не разумее ні адзін электронны перакладчык (можа кепска шукаў).

У выніку мы атрымалі пацверджанне старажытнасці і агульнаславянскасці слова балота.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
У дзіцячым садку № 34 г. Ліды
Мова

У дзіцячым садку № 34 г. Ліды

1 красавіка 2026, 18:5918
Са святам, дарагія беларусачкі, з 8 сакавіка
Грамадства

Са святам, дарагія беларусачкі, з 8 сакавіка

7 сакавіка 2023, 15:0018
З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!
Грамадства

З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!

18 красавіка 2025, 15:0017
"Кракаўскія калядныя батлейкі»
Грамадства

"Кракаўскія калядныя батлейкі»

15 лістапада 2018, 00:0415
Далучайцеся да нас