Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Пасхальнае пасланне Мітрапаліта Менскага і Заслаўскага Веніяміна, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі

Пасхальнае пасланне Мітрапаліта Менскага і Заслаўскага Веніяміна, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі

26 красавіка 2025, 06:12 Грамадства 4
Пасхальнае пасланне Мітрапаліта Менскага і Заслаўскага Веніяміна, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі

Узлюбленыя ў Хрысце архіпастыры, пастыры, манахі і ўсе верныя дзеці Беларускай Праваслаўнай Царквы!

ХРЫСТОС УВАСКРЭС!

 Са светлай радасцю звяртаю да вас гэтае выратавальнае прывітанне. Яшчэ зусім нядаўна, у Вялікую Пятніцу, з глыбокім смуткам мы малітоўна перажывалі пахаванне цела нашага Збаўцы ў магільную пячору і чулі плач Яго Прачыстай Маці. А ў Вялікую Суботу спявалі: “Спіць Жыццё, і пекла трымціць” і з хваляваннем у сэрцы назіралі, як у храмах цёмныя рызы і ўбранні мяняліся на светлыя.

І вось наступіла святая і выратавальная ноч, і мы спяваем: “Учора быў я пахаваны з Табою, Хрысце, – сёння паўстаю з Табою ўваскрэслым. Распяты быў я з Табою ўчора – праслаў жа мяне з Сабою Ты Сам, Збаўца, у Царстве Тваім”.

Ужо напоўніліся нашы сэрцы доўгачаканым і невымоўным лікаваннем, ужо чуем мы ад свяшчэннаслужыцеляў і вітаем адзін аднаго выратавальным вок-лічам: “Хрыстос Уваскрэс!”

Што можа параўнацца з пасхальнай радасцю, з гэтай вялікай урачыстасцю? Ці ёсць іншыя словы, якія могуць з большай глыбінёю перадаць сутнасць таго, што зрабіў Бог для чалавека, што Ён з любоўю падрыхтаваў для кожнага з нас, адкрыўшы шлях да паўнаты зносін з Богам і радасці вечнага жыцця.

Уся паўната благадаці, якую хрысціянін знаходзіць у Царкве, дзеянні Промыслу Божага, якія праяўляюцца ў нашым жыцці, прабачэнне грахоў і духоўнае адраджэнне праз таінствы Пакаяння і Еўхарыстыі, невымоўная радасць, якая даруецца нам Духам Святым – усё гэта плады Хрыстовага Уваскрасення, якія кожны з нас мае магчымасць перажываць на ўласным вопыце і бачыць сваімі духоўнымі вачыма.

“Уваскрасенне Хрыстова бачыўшы, паклонімся Святому Госпаду Іісусу”, – заклікае нас Царква на пасхальных і нядзельных богаслужэннях, бо кожнае нядзельнае богаслужэнне – гэта малая Пасха. І сёння нам асабліва важна ўсвядоміць, чаму ў гэтым песнапенні гаворыцца пра тое, што мы ўжо бачылі Хрыстова Уваскрасенне, а не проста верым у яго.

На гэта адказвае нам прападобны Сімяён Новы Багаслоў: “Уваскрасенне Хрыстова адбываецца ў кожным з нас, і не аднойчы, але штогадзінна, калі Сам Уладыка Хрыстос паўстае ў нас у светлым адзенні, бліскаючы маланкамі бяссмерця і Бажаства. Бо светланоснае прышэсце Духа паказвае нам уваскрасенне Уладыкі, дакладней, даруе нам бачыць Яго Самога уваскрэслым”.

Калі ж мінаюць дні Вялікага посту і святкавання Пасхі, нам часам здаецца, што мы губляем духоўную радасць і жыццё наша зноў пазбаўляецца паўнаты і асэнсаванасці. Таму і заклікае нас вялікі падзвіжнік сучаснасці архімандрыт Яфрэм Філафейскі: “Не дапусціце, каб атрыманае цяпер было развеяна ветрам, не згубіце гэтага, трымайце глыбока ў сваім сэрцы, ажыццявіце на справе, каб атрымаць карысць і спазнаць прыгажосць Царства Божага”.

Як жа захаваць гэтую радасць і духоўную настроенасць? У творах святых айцоў гаворыцца, што паслушэнства – гэта самы кароткі шлях да збаўлення і здабыцця духоўнай радасці. І ў нашы дні яно прыносіць той самы благадатны плён. Паслушэнства ў Госпадзе свяшчэнна-

служыцеляў і манахаў – свайму свяшчэннаначаллю, малодшых – старэйшым, падначаленых – начальнікам, дзяцей – бацькам, нясенне нягод, немачаў адзін аднаго – усё гэта, несумненна, стварае гармонію не толькі ў грамадскім і паўсядзённым, але і ў духоўным жыцці.

Але асабліва збавіцельна паслушэнства хрысціяніна Царкве. Бо ўсё ў ёй падпарадкавана адной мэце – выратаванню чалавека, яго паўнаце жыцця з Богам. І калі мы разам з Царквою святкуем і радуемся, смуткуем і посцімся, прасвятляемся і асвячаемся, то ніколі і нідзе не страцім таго бачання Хрыстовага Уваскрасення, пра якое нам абвяшчае пасхальнае богаслужэнне. Будзем любіць Царкву, захоўваць Ёй вернасць – і радасць Пасхі ніколі не пакіне нас!

Памятаючы пра гэта, ва ўсіх абставінах нашага жыцця пастараемся захоўваць той мір, пра які гаварыў Гасподзь у сваім настаўленні вучням: “Мір пакідаю вам, мір Мой даю вам; не так, як свет дае, Я даю вам” (Ін. 14, 27). І кожны хрысціянін на тым месцы, дзе яму Бог благаславіў працаваць і жыць, закліканы пераадольваць варожасць і разлад і несці “дух мірны”, які Гасподзь даруе ўсім тым, хто жыве ў малітве і паслушэнстве Яго запаведзям.

Зноў і зноў віншую Вас, дарагія, са Светлым Хрыстовым Уваскрасеннем! Няхай кожны з нас знаходзіцца ў той радасці, якой сёння мы ўсе напоўнены, няхай гэтая радасць стане крыніцай вады жывой, якая цячэ ў жыццё вечнае і насычае ўсіх тых, хто побач з намі. Няхай благаславіць Уваскрэслы з мёртвых Гасподзь усе нашы намаганні на дабрадзеянне бліжнім і ўсёй нашай Айчыне! І будзем няспынна дзякаваць Богу за благадатныя плады Яго перамогі над грахом і смерцю, якія Ён шчодра падае ў Сваёй святой Царкве!

Сапраўды Уваскрэс Хрыстос!

+ВЕНІЯМІН,

Мітрапаліт Менскі і Заслаўскі,

Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.

Пасха Хрыстова, 2025,

горад Менск.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ  МЕТАЛІНГВІСТЫКА
Мова

Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ МЕТАЛІНГВІСТЫКА

1 мая 2025, 21:0326
Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ  МЕТАЛІНГВІСТЫКА
Мова

Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ МЕТАЛІНГВІСТЫКА

16 мая 2025, 07:4024
Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!
Грамадства

Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!

2 мая 2021, 10:3419
З калядамі!
Культура

З калядамі!

7 студзеня 2019, 10:0616
Далучайцеся да нас