Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
ТВОРЧЫ ВЕЧАР ПАЭТА, ПРАЗАІКА, БАРДА ЮРАСЯ НЕРАТКА

ТВОРЧЫ ВЕЧАР ПАЭТА, ПРАЗАІКА, БАРДА ЮРАСЯ НЕРАТКА

12 красавіка 2025, 14:05 літаратура 62
ТВОРЧЫ ВЕЧАР ПАЭТА, ПРАЗАІКА, БАРДА ЮРАСЯ НЕРАТКА

Насамрэч, ёсць у Пісьменніцкім клубе “Літара-турны экватар” людзі знакавыя –  тыя, на якіх трымаецца суполка, высокапрафесійныя і таленавітыя. Юрась Нераток – адзін з такіх людзей. Спадар Юрась больш, чым хто іншы, заслугоўваў таго, каб “Літэкватар” зрабіў для яго творчы вечар. І вось 12 сакавіка 2025 года гэтая падзея адбылася ў Менскай бібліятэцы № 1 імя Л.М. Талстога, сабраўшы пісьменнікаў, журналістаў, выкладчыкаў і моладзь з розных навучальных устаноў сталіцы.

Праводзіла мерапрыемства шэф-рэдактар “Літаратурнага экватара”, пісьменніца і журналістка Інга Вінарская. Яна адразу распавяла прысутным, што імпрэза будзе складацца з двух аддзяленняў: першае – з удзелам моладзі і ўсіх прыйшоўшых на імпрэзу, а другое – з удзелам пісьменнікаў і журналістаў. І канешне, спадарыня Інга пастаралася добра распавесці пра спадара Юрася.

Юрась Нераток (сапраўднае імя – Юрый Юр’евіч Гарбачоў) нарадзіўся ў Мастоўскім раёне Гарадзенскай вобласці ў сям’і настаўнікаў-філолагаў: бацька – Гарбачоў Юрый Ігнатавіч (руская мова і літаратура), маці – Палякова Таццяна Ягораўна (беларуская мова і літаратура). Дзяцінства правёў у вёсцы Хадакі Івацэвіцкага раёна Берасцейскай вобласці. Скончыў Беларускі політэхнічны інстытут (цяпер – БНТУ). У Менску жыве і працуе з 1978 года. Па асноўнай прафесіі – канструктар. Агульны працоўны стаж – 46 гадоў. Член Беларускага саюза архітэктараў (2018).

Спадар Нераток мае каля 400 публікацый больш, чым у 60 выданнях, удзельнічаў не менш чым у 30 калектыўных зборніках, рэдактар больш за 70 кніг паэзіі і прозы на рускай і беларускай мовах, у тым ліку – калектыўных. Рэдактар і карэктар не менш 50 выданняў іншага рознага кшталту. Аўтар кніг вершаў “Фотаальбом” (2003) і “Споведзь струны” (2011), вершаванага двухтомніка “Лірычныя аўтары: Нік Аблом ды іншыя” (2021), кніг прозы “Закуцце” (2007), “Комбатанты или “отребье” (2015, на рускай мове), “Непатрэбныя людзі” (2019) і “Чучмара?” (2024, пад уласным імем), асноўны аўтар і ўкладальнік калектыўнага зборніка-алігата “Рэцэпт ад песімізму” (СМС-праект) і “Буслан і Жабміла” (калектыўная электронная паэма) (2012). Адзін з суаўтараў (сумесна з Ірынай Карнаухавай і Марынай Шапавалавай) паэтычнага трыялогу “Заблытаўся сярод навін…” (2017). Ініцыятар і аўтар магістральнай паэмы ў калектыўным анлайнэкспромт-праекце “Эбола хуаньская” (2020). Уласныя кніжныя праекты рыхтуе да друку самастойна.

Юрась Нераток быў прыняты ў Саюз беларускіх пісьменнікаў у 2005 годзе, ён член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 2008 года, член-заснавальнік народнага клуба паэтаў і кампазітараў (цяпер – народны калектыў аўтарскай песні і паэзіі) “Жывіца” (2015-2021), ганаровы член – з 2021 года. Адзначаны медалём Саюза пісьменнікаў Беларусі “За вялікі ўклад у літаратуру” (2017) і медалём “Максім Багдановіч” МГА СПБ.

У рускамоўнай літаратуры вядомы пад псеўданімам “Юрий Юлов”. Аўтар кніг прозы “Пьяный материк” и “Экспедитор” (абедзве – 1999), зборнікаў вершаў “Монодия” (2000) і “Сон-дежавю” (2001), зборніка баек “Абстрактно о конкретном” (2000), чатырох кніг серыі “МИФ” (Мужская интеллектуальная фантазия): “Мутант”, “Фермер”, “Терапия”, “По дороге на пикник” (2011-2012). Удзельнік анталогій “Современная русская поэзия Беларуси” (2003, рэд. А. Аўруцін) і “Поэзия русского слова” (2019, рэд. М. Мікуліч). Член Саюза расійскіх пісьменнікаў (2002), член Міжнароднага Саюза пісьменнікаў “Новый современник” (2011 – 2021). Аўтар трохмодульнай музычнай анталогіі (кнігі і дыскі) “Квингента классики и дискотека века” (2018) і шахматна-шашачнага праекта “Шахматы, которых не было, шахматистам, которые будут всегда” (2021); абодва праекты – под уласным імем. Укладальнік кнігі дзіцячай прозы “Истории про единорогов” (2019, Настя Горбачёва) і каталога-партфоліё карцін Аляксандра Ліхачова “Параллельный мир” (2021).

Спадарыня вядоўца зазначыла, што Юрась Нераток з’яўляецца адным з самых прафесійных і працаздоль-ных сяброў рэдкалегіі альманаха “Літаратурны экватар”, працаваць з якім у адной камандзе папросту здорава. Далей Інга Вінарская распавяла, што ёй асабіста вельмі падабаюцца дзве паэтычныя кнігі Юрася Нератка: “Фотаальбом” і “Споведзь струны” – і што некаторыя вершы з гэтых зборнікаў нават былі перадрукаваны ў некалькіх нумарах альманаха “Літаратурны экватар”, як напрыклад паэтычны твор пад назвай “Ад беларусаў” (верш спадарыня Інга асабіста прачытала перад прысутнымі):

 

Бяззорней – лёс, імклівей – час.

Той б’е ў званы, той джалам круціць.

Чаго вы хочаце ад нас?

Ваду навошта каламуціць?

 

Навошта нас цягнуць у яр?

Вы хто? Калі ўжо разабрацца ?

нашчадкі шляхціцаў, баяр,

ліцвінаў-вояў і казацтва.

 

А нам што веча, што статут,

што дзіды, што мячы, што шаблі.

Спрадвеку мучымся мы тут,

а зброя наша – плуг ды граблі.

 

Не трэба вабіць барацьбой

і спакушаць не трэба раем!

Вы паваюйце між сабой –

мы, як заўжды, перачакаем.

 

Далей прывітаць Юрася Нератка выйшаў кіраўнік Пісьменніцкага клуба “Літаратурны экватар”, пісьменнік і журналіст Вячаслаў Корбут. Ён зазначыў, што спадар Нераток належыць да пакалення людзей светлай волі, вялікага творчага патэнцыялу, глыбока адданых жаданню ствараць свабодную і энергетычна насычаную літаратуру. Творы Юрася Нератка дазваляюць па-іншаму паглядзець на сусвет, у іх шмат як рэалізму, так і масштабнага вымыслу і фантазіі, чаго сёння бракуе сучаснай літатуры. Самае важкае, што творы спадара Нератка падабаюцца не толькі сталым чытачам, але і моладзі. Так, маладое пакаленне яго паважліва называе “дзядзя Юра”. І гэта своеасаблівае прызнанне творчасці аўтара, які застаецца не толькі маладым па духу ў сваіх кнігах, але і бадзёрым, і яркім па жыцці. Вячаслаў Корбут пажадаў Юрасю Нератку новых поспехаў, кніг і чытачоў, а таксама напрыканцы выступлення прачытаў свой верш са сцэнічнага прадстаўлення “Твой  позірк”:

filter: 0; jpegRotation: 0; fileterIntensity: 0.000000; filterMask: 0;

Пра снег забудзе каляндар,

І стане вуліца дарогай.

А недзе бераг, бы ваяр,

Ён за цябе папросіць Бога.

 

Вясна раскрые моц сваю –

Парфума плавіць соль стагоддзяў.

І прыйдзеш ты. Я ўжо стаю

На скрыжаванні пешаходным.

 

Ты глянеш на далонь маю

І зразумееш след пакуты.

Не бойся, я не прытаю

Сваіх надзей, у сталь акутых.

 

Мы пройдзем разам шмат дарог,

Ачолеем непераможнасць.

Я сёння сэрцы засцярог

І паяднаў іх асцярожна.

 

Само сабой, да свайго творчага вечара Юрась Нераток падрыхтаваў вялікую разнастайную праграму. Чаго там толькі ні было! Па радах былі пушчаны каляровыя раздрукоўкі: з вокладкамі ў мініяцюры ўсіх кніг аўтара, з фотаздымкамі Юрася Нератка розных гадоў, кругавыя дыяграмы з падлікамі напрацягу году колькасці цёмнай і светлай частак сутак, а таксама ваганняў тэмператур. На экране дэманстраваўся відэарад з шасцідзесяці слайдаў, у якіх была адлюстарваная ўся творчасць аўтара, а таксама фотаздымкі за шэсцьдзесят год – як асабістыя, так і калектыўныя.

І канешне, гучалі творы Юрася Нератка – як у аўтарскім выкананні, так і з прыцягненнем да гэтай справы навучэнцаў. Так, у рамках патрыятычнага выхавання моладзі, Юрась Нераток разам з вучнямі восьмага класа сярэдняй школы Аляксандрам Васілеўскім і Міхасём Котавым прачыталі прадмову да праекта “Халакост”, які адлюстроўвае гэтую страшэнную падзею ў Беларусі падчас Вялікай Айчыннай вайны. Вучань восьмага класа Рыгор Гіль агучыў урывак з вясновай фантазіі “Чучмар?” Юрася Нератка – твора, які даў назву кнізе аўтара, што выйшла напрыканцы 2024 года.

filter: 0; jpegRotation: 0; fileterIntensity: 0.000000; filterMask: 0;

Спадар Нераток прачытаў прысутным мікрапаэму “Музей валуноў” – твор з вынесенымі знакамі прыпынку, а таксама некалькі сваіх вершаў, якія адносяцца да эпічнай паэзіі: “Нік Аблом”, “Дзень жаночы”, “А кароткае”, “Не Левітан”, “Маркоўна”. Тэкст апошняга верша прыводзім цалкам:

 

Сухая спёка тры дні запар,

У мусульманаў – рамадан…

Званіў сягоння даўні сябар:

“Жывеш у вёсцы?! Ну ты даў…”

 

Ну так, не мае вёска брэнда,

Калі і аграгарадок!

Але ж падзеі – непасрэдна,

І лёсы ўсе – навідавок.

 

Заўсёды вёска ставіць метку,

Каб афіцыйшчыну змяло.

Вось Вольгу Маркаўну – суседку –

Маркоўнай кліча ўсё сяло.

 

Назад мянушку забяры-ка!

Адкуль “Маркоўна”? – не да нас.

Магчыма, бойкі пад’ялдыка

Пацэліў пад вясёлы час.

 

Адны і тыя ж мікрачыпы

Заўжды ўключаюцца ў яе:

“Калі ажэнішся, Нічыпар?”

Замест “Дзень добры” выдае.

 

Ну так, канешне, я не кібарг –

Інстынкты часам засцяць глузд!

Ды ў вёсцы – небагаты выбар,

Зато ў мяне – дыхтоўны густ.

 

Сказаць, што сам жаніх зайздросны –

Онлайн-піяр на ўсё сяло!

…Ды і абсыпаліся вёсны,

Як жаніхацца ў кайф было.

 

Але і Маркаўну не дужа

Люляе Божая рука:

Адна дачка – з п’янюгам-мужам,

Другая – няньчыць байструка.

 

Ды і мужык у цёткі Волі

Быў чалавек сабе наўме:

Спачатку піў, пасля сваволіў,

Урэшце – гікнуўся ў турме.

 

Навошта мантыя-туніка –

Сігнал забойны, як пяршак!

Што Вользе Маркаўне да Ніка,

Калі сваё ідзе не так?!

 

Таму і адкажу жартоўна,

Даслаўшы прывітальны жэст:

“Яшчэ ажэнімся, Маркоўна!

Шлі на агледзіны нявест!”

 

Завяршыў асабістую праграму Юрася Нератка і першае аддзяленне імпрэзы бард-калаж з песень аўтара пад гітару, які прысутныя праслухалі ў запісы. У бард-калаж былі ўключаны самыя розныя музычныя творы. Сярод іх: “Той год”, “Туманы”, “Перапеў”, “Тры майст-ры”, “Стары воін”, “Начны баль” і іншыя.

У другім аддзяленні сябры – пісьменнікі ды журналісты – віталі Юрася Нератка. Распачаў гэтую справу прафесар, доктар навук, літаратар Алег Мельнікаў. Спадар Алег шмат цёплых словаў сказаў у адрас спадара Юрася – яны даўнія сябры, а таксама прачытаў спецыя-льна падрыхтаваную да такога выпадку вясёлую пародыю на адзін з твораў аўтара. Затым аркуш з тэкстам пародыі быў урачыста ўручаны спадаром Мельнікавым спадару Нератку.

filter: 0; jpegRotation: 0; fileterIntensity: 0.000000; filterMask: 0;

Паэт Вячаслаў Данілаў зазначыў, што ведае Юрася Нератка звыш дваццаці год і ганарыцца знаёмствам з такім чалавекам. Спадар Юрась не аднойчы пісаў артыкулы пра Вячаслава Данілава і нават рэцэнзіі на ягоныя кнігі – заўсёды станоўчыя. У якасці вітання Вячаслаў прачытаў прысутным некалькі сваіх новых вершаў.

Рэдактарка, журналістка, паэтка Вольга Норына (Паўлючэнка) ухваліла дыяпазон творчага таленту Юрася Нератка, распавёўшы прысутным, што чытала цалкам усе кнігі гэтага аўтара: і паэзіі, і прозы. Узгадвала Нератка-пачаткоўца, калі ён з раннімі сваімі вершамі абіваў парогі рэдакцый. Але нават тады ў гэтых паэтычных творах ужо быў бачны талент. Вольга падзялілася з прысутнымі добрай навіной: акурат перад Восьмым сакавіка ў яе выйшла новая кніга “Сосновая иголка”. Некалькі вершаў з яе спадарыня прачытала, а потым падаравала экземпляр кнігі спадару Юрасю.

filter: 0; jpegRotation: 0; fileterIntensity: 0.000000; filterMask: 0;

Паэтка Таццяна Пратасевіч распавяла, што знаё-мая з Юрасём Нератком з 2004 года, а сустрэліся яны ўпершыню на паседжанні “Літаратурнага прадмесця” – творчай суполкі, якая пэўны час працавала ў сталічным музеі Максіма Багдановіча. Апошнім часам спадарыня эксперыментуе з формамі, піша вершы ў розных тэхніках. Некалькі сваіх эксперыментальных твораў Таццяна прачытала ў той вечар. Сярод іх быў і верш пад назвай “Танцы з ветрам і пчоламі” (хоку):

filter: 0; jpegRotation: 0; fileterIntensity: 0.000000; filterMask: 0;

Верба клоніцца.

Вецер танчыць ухапіў –

З месца не сыйсці.

 

Сонца коціцца.

Небасхіл вады папіў,

Вецер крыху сціх.

 

Разам з пчоламі

Кветкі жбутыя ляцяць.

Заўтра Вербнае.

 

Кружаць коламі

Мёд вясновы пазбіраць.

Першацветнае.

Паэтка Тамара Залеская – таксама даўняя сяброўка Юрася Нератка. Яна распавяла прысутным, што вельмі цэніць гэтага чалавека: і як аўтара, і як сябра. Спадарыня Тамара прачытала некалькі сваіх лірычных вясновых твораў – у якасці падарунка сябру.

Паэт, філосаф, кандыдат філасофскіх навук Ігар Шыршоў адзначыў, што Юрась Нераток прыхільны ў сваёй творчасці мяцежнаму натуралізму, а гэта вельмі блізка па сутнасці Ігару Яўгенавічу. Спадар Шыршоў чытаў прысутным свае эратычныя вершы пра каханне і пра сваіх каханых: творы гучалі як зусім новыя, так і з выйшаўшай пэўны час таму кнігі “Vanitе d’аmour. Тщета любви”.

Напрыканцы імпрэзы вядучая мерапрыемства Інга Вінарская таксама вырашыла прывітаць віноўніка ўрачыстасці адным са сваіх вершаў з цыкла “Вясновая рапсодыя”, які быў надрукаваны ў альманаху “Літаратурны экватар” № 11 (13) за 2022 год:

 

Дзе ж тая лесвіца ў неба?

Дзе шанцаванне – каб новае?

Шчасця хоць трошачкі трэба ?

Праз навальніцы вясновыя…

 

Эх вы, дарогі ды вёрсты,

Вехі ў жыцці непрыкаяным…

Многа магіл там – няпростых,

Слёз і пакутаў, раскаяння…

 

Што ж, значыць, праўду цыганка

Мне праз далонь набалакала:

Будзе і дом, і альтанка,

Іншага шмат усялякага, –

 

Кепска з каханнем напеўным:

Шмат нарачоных, апранутых…

Небу лепш бачна, напэўна, –

Што ж выбіраць між падманутых?

 

Там, дзе паляны лясныя

Поўняцца ўсе першацветамі,

Птушкі пяюць, завадныя,

Думкі плывуць запаветныя.

 

Уваскрасае прырода,

Сонца мігціць прамяністае!

Гора сыходзіць, нягоды,

Радасць на змену ім – чыстая!..

 

На гэтым другое аддзяленне святочнай імпрэзы было завершана. Але пісьменнікі яшчэ пэўны час не разыходзіліся, абменьваючыся паміж сабой нейкімі навінамі з жыцця, успамінамі і проста прыемнымі словамі.

 

Інга Вінарская,

Вячаслаў Корбут.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Слуцкі збройны чын - 100 гадоў
Грамадства

Слуцкі збройны чын - 100 гадоў

9 снежня 2020, 00:3417
«Мы маем права маліцца на сваёй мове за свой народ і дзяржаву»
Мова

«Мы маем права маліцца на сваёй мове за свой народ і дзяржаву»

12 лістапада 2019, 14:2515
У Лідзе грэка-католікі адзначылі парафіяльнае свята
Грамадства

У Лідзе грэка-католікі адзначылі парафіяльнае свята

25 верасня 2018, 00:2515
На Лідчыне адзначылі 155-я ўгодкі паўстання 1863 года
Грамадства

На Лідчыне адзначылі 155-я ўгодкі паўстання 1863 года

23 жніўня 2018, 23:0514
Далучайцеся да нас