Home
Грамадства

115 гадоў з дня нараджэння Барыса Кіта

115 гадоў з дня нараджэння Барыса Кіта

Беларускі грамадскі дзеяч, педагог, матэматык, фізік, канструктар, распрацоўшчык ракетнага паліва для NASA, доктар філасофіі ў галіне матэматыкі, акадэмік Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі і многіх іншых міжнародных і нацыянальных акадэмій і аб’яднанняў Барыс Кіт (сапраўднае прозвішча Кіта) нарадзіўся 6 красавіка 1910 года ў Пецярбургу.

Пасля кастрычніцкага перавароту ў Расеі ягоны бацька перавёз сям’ю ў родную вёску Агароднікі Карэліцкага раёна. Калі Барысу Кіту было 10 гадоў, памерла яго маці. Вучыўся ў Наваградскай гімназіі, закончыў Віленскі ўніверсітэт імя Стэфана Баторыя, выкладаў матэматыку, быў выкладчыкам і дырэктарам Віленскай беларускай гімназіі, Наваградскай гімназіі, іншых школ на Віленшчыне.

Разам з выкладчыцкай дзейнасцю Барыс Кіт не забываўся і пра беларускую справу – актыўна займаўся развіццём беларускай школы ў Заходняй Беларусі. Двойчы арыштоўваўся польскімі ўладамі і сядзеў у турме: першы раз у Наваградку за дачыненні з “Грамадой” Браніслава Тарашкевіча, другі раз у Віленскай турме на Лукі-шках па справе Таварыства беларускай школы.

З прыходам савецкай улады Барыс Кіт застаецца ў адукацыйнай сферы – працуе школьным інспектарам у Баранавіцкай вобласці, займаецца арганізацыяй беларускіх школ, выкладае матэматыку.

У час нямецкай акупацыі Барыс Кіт працаваў дырэктарам Беларускай настаўніцкай семінарыі ў Маладзечне, а пасля ў Паставах. За немцамі, як і за палякамі, яго зноў арыштоўваюць і кідаюць за краты. Гэтым разам яго нават ледзь не расстралялі – ад смерці ў Вілейскім СД выратавалі колішнія яго вучні з Віленскай беларускай гімназіі.

У 1944 годзе, калі Чырвоная Армія наступала па ўсіх франтах, Барыс Кіт разам з іншымі вядомымі беларускімі дзеячамі культуры і навукі выязджае на Захад, спачатку ў Германію, а затым у Амерыку. Усе яны добра разумелі, што іх чакае па вяртанні савецкай улады, таму выбралі жыццё на чужыне.

У 1948 годзе Барыс Кіт эміграваў у ЗША. Працаваў у розных кампаніях, а з 1950 года ўдзельнічаў у амерыканскіх праектах падрыхтоўкі да палётаў у космас, даследаваў касмічныя праграмы СССР. Ён першым разлічыў прынцыпы выкарыстання вадароду як паліва для касмічных ракет, аўтар першага ў гісторыі навукі падручніка па ракетнай тэхніцы і ракетным паліве.

У пачатку 1990-ых гадоў наведваў Беларусь, прапаноўваў беларускаму ўраду за свае грошы адкрыць беларускамоўны ўніверсітэт, але чыноўнікі адмовіліся, бо ён хацеў, каб універсітэт быў беларускамоўным. Апошнія 35 гадоў Барыс Кіт жыў у Франкфурце-на-Майне ў Германіі. На свае юбілеі ён заўсёды атрымліваў віншаванні ад прэзідэнта ЗША. Пражыў амаль 108 гадоў.

У снежні 2017 года Барыс Кіт сказаў: “Беларусам ХХІ стагоддзя я жадаю не забыць сваёй беларускасці і рабіць дзеля яе тое, што магчыма. Вельмі шмат беларусаў здрадзілі Беларусі, кінулі яе, а я не здрадзіў, я працаваў на беларускую справу. Я рабіў усё правільна, Бог гэта бачыў і зрабіў так, што я не памёр дасюль”.

Памёр Барыс Кіт 1 лютага 2018 года. Пахаваны на праваслаўных могілках у нямецкім горадзе Вісбадэн, дзе загадзя выкупіў участак.

4 чэрвеня 2008 года ў Наваградскай сярэдняй школе № 1 адчынены музей Барыса Кіта. На будынку школы, дзе Барыс Кіт працаваў у перадваенны час, усталявана памятная дошка. Кіт быў абвешчаны ганаровым грамадзянінам Наваградка, ганаровым доктарам навук Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.

Выйшлі ў свет дзве кнігі пра славутага навукоўца – “Вяртанне” (1993) і “Космас беларуса” (1996) Лідзіі Савік. У Вашынгтане (ЗША) у капсуле часу, якая будзе адкрыта праз 500 гадоў, ёсць і біяграфія Барыса Кіта. Беларускі кінарэжысёр Віктар Дашук зняў кінафільм “Барыс Кіт – апошні з магіканаў”.

Паводле СМІ.

Previous article ТВОРЧЫ ВЕЧАР ПАЭТА, ПРАЗАІКА, БАРДА ЮРАСЯ НЕРАТКА
Next article ПАМЯЦІ КУРБАНА ГЕЛЬДЫЕВА

Станіслаў Суднік

Папулярнае на сайце
Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!
Грамадства

Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!

Май 2nd, 202118
У Менску прэзентавалі кнігу “Леанід Дайнека. Выбраныя творы”
Выданні

У Менску прэзентавалі кнігу “Леанід Дайнека. Выбраныя творы”

Ліст 28th, 201816
Чым жыве гурт “Троіца” пасля выхаду альбома “Цар-Агонь”
Грамадства

Чым жыве гурт “Троіца” пасля выхаду альбома “Цар-Агонь”

сак 28th, 201916
Прэм'ера "Трэцяга вока"
Культура

Прэм'ера "Трэцяга вока"

Май 5th, 202216