Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Юбілей Міколы Канановіча

Юбілей Міколы Канановіча

14 сакавіка 2025, 13:36 літаратура 48
Юбілей Міколы Канановіча

Што позна, а што не –

Тлумачыць мне не трэба.

Я жыў у тамане

І з ім сыду на неба.

 

Гэтыя запамінальныя радкі напісаў мой зямляк, паэт, празаік, журналіст Мікола Канановіч. 13 сакавіка Міколу спаўняецца 60 гадоў. Юбілей!

Здаецца зусім нядаўна ён працаваў настаўнікам у школе, пасля яго запрасілі ў “Газету Слонімскую” на пасаду карэктара. З карэктара ён хутка вырас да намесніка рэдактара. А калі нечакана памёр рэдактар “Газеты Слонімскай” Віктар Валадашчук, то Мікола сам пачаў рэдагаваць выданне.

Да паступлення ў БДУ мой зямляк скончыў Гарадзенскае прафтэхвучылішча № 41, працаваў кінамеханікам, служыў у войску. Вось такая кароткая і не вельмі мудрагелістая біяграфія Міколы Канановіча – слонімскага літаратара. Мы з ім жывём у адным горадзе, хаця бачымся не часта. Кожны заняты сваімі справамі і клопатамі. Але аб’ядноўвае нас адно – любоў да роднага беларускага слова.

Пісаць вершы мой зямляк пачаў даўно. Друкаваўся ён амаль ва ўсіх рэспубліканскіх газетах і часопісах. Проста не хочацца іх пералічваць. Ён быў рэдактарам зборніка “Паэтычная Слонімшчына” (2000) і двух выпускаў літаратурнага альманаха “Ад Я да Я” у 2001 і 2003 гадах падлеткавага літаратурнага клуба “Святліца” ў Слоніме.

У 2003 годзе ў Менску выйшаў з друку яго першы паэтычны зборнік “І доўжыцца ноч”. У гэты зборнік увайшлі вершы, напісаныя ў розны час. Яны і пра гравітацыю, і пра стому, і пра беларускую восень, і пра метамарфозы, і пра дыялектыку, і, вядома ж, пра каханне:

Не кляні, не малі цяпла,

Не шукай нічыёй віны.

Зразумей: мяне больш няма –

Твайго лета сярод зімы.

Другая кніга паэзіі “Вяртанне восені” Міколы Канановіча, куды ўвайшлі вершы і антыпаэма “Мяжа”, свет пабачыла ажно праз 17 гадоў – у 2020 годзе. Найбольшы шлях ад першага зборніка “Песні на загонах” (1939) да другога “З пройдзеных дарог” (1970) быў у слонімскага паэта Анатоля Іверса – 31 год. Пакуль, дзякаваць Богу, яго рэкорд ніхто са слонімскіх літаратараў не “пабіў”. Мікола Канановіч на другім месцы. Усё ж шлях у 17 гадоў таксама вялікі, бо за гэты час было напісана шмат новых паэтычных і празаічных тво-раў, якія заслугоўваюць асобных выданняў аўтара.

Мне пашчасціла напісаць прадмову да кнігі “Вяртанне восені”. Прадмова мае назву “На дне стамлёнае душы”. У ёй я адзначыў філасафічнасць твораў паэта. Паэта раней і цяпер цікавіць адвечнае пытанне пра тое, што вызначае чалавека як асобу. Складанае і простае, высокае і нізкае, светлае і цёмнае, глыбокае і павярхоўнае ў чалавеку – вось сферы даследавання твораў Мікола Канановіча. Многія вершаваныя радкі так і хочацца запамінаць, занатоўваць, цытаваць. З аднымі можна не пагаджацца, да іншых проста далучацца і пагаджацца. Гэта – шчырая адкрытасць аўтара, якая заклікае да палемікі, да роздуму, а таксама да сціплага і сцятага маўчання. Невыпадкова другі зборнік паэта мае падзагаловак “Сцятыя вобразы”. Гэтых “сцятых вобразаў” у зборніку даволі шмат, іх проста трэба выпісваць, ствараць своеасаблівы слоўнік, над якім можна разважаць пра наша жыццё з розным сэнсам. Я разумею, што сёння і, відаць, заўсёды было цяжка сцвярджацца людзям, цяжка адстойваць сваё “я”, бо вакол нас яшчэ безліч непарадкаў. Але заслугай чалавека было і ёсць тое, што ён спрабуе выйсці пераможцам з усіх найскладанейшых жыццёвых выпрабаванняў, захоўвае сваю думку, сумленне і надзею. Дарэчы, творчасць слонімскага літаратара адзначана літаратурнай прэміяй імя Анатоля Іверса.

У наш няпросты час хочацца верыць, што пісьменнік Мікола Канановіч яшчэ парадуе чытачоў сваімі новымі паэтычнымі і празаічнымі выданнямі. Галоўнае, каб было здароўе і натхненне на новыя творчыя адкрыцці. З юбілеем, сябра!

Сяргей ЧЫГРЫН.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Верабей чырыкае для дзяцей
літаратура

Верабей чырыкае для дзяцей

21 лістапада 2025, 18:3421
З калядамі!
Культура

З калядамі!

7 студзеня 2019, 10:0619
Прайшлі лекцыі "Гістарычнай школы" з Алегам Трусавым
Навіны

Прайшлі лекцыі "Гістарычнай школы" з Алегам Трусавым

20 верасня 2018, 09:0918
Незабыўны Альберт Паўловіч
літаратура

Незабыўны Альберт Паўловіч

21 лістапада 2025, 13:3817
Далучайцеся да нас