(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
Трымер, каса
У папярэднім фрагменце згадвалася слова “трымер”. Слова гэтае падаецца новым, але як ні дзіўна, яно ёсць у “Слоўніку іншамоўных слоў” 1999 года выдання (Мінск, “Беларуская энцыклапедыя”). Там яно падаецца ў двух значэннях:
“ТРЫМЕР (англ. trimmer) – 1) перасоўная пагру-зачная машына для сыпкіх грузаў, якая адкідвае іх убок на адлегласць да 30 м; 2) электрычны кандэнсатар пераменнай ёмістасці, які выкарыстоўваецца для настройкі контураў высокай частаты ў радыёапаратуры.”
Адразу можна сказаць, што слова гэтае, калі і ведалі, то вельмі вузкія спецыялісты.
Прайшло 25 гадоў і слова “трымер” набыло шырокую вядомасць. На вёсцы яго ведае, калі не кожны другі, то кожны трэці, але ведае ў зусім іншым значэнні.
Цяпер трымер – тэхнічнае прыстасаванне для прысядзібнай гаспадаркі, прызначанае для стрыжкі траўнікаў, падрэзкі кустоў і маладых галін дрэў. Трымер простымі словамі – гэта ручная каса, толькі ў дзеянне яна прыводзіцца не сілай рук, а электрычным ці бензінавым рухавіком. Адпаведна, гэтая прылада больш прадукцыйная, чым ручная каса. А акрамя таго, рэжучыя элементы трымера косяць траву там, дзе нож звычайнай касы не дастане.
Садовыя трымеры незалежна ад тыпу прывада маюць прыкладна аднолькавую канструкцыю. Гэта штанга па тыпе пылесосной (дарэчы, у некаторых прылад яна нават будзе тэлескапічнай), да якой мацуюцца дзяржальня, рухавік, акумулятар ці паліўны бак, рэжучы блок з ахоўным кажухом.
Штанга можа быць прамой ці выгнутай. Прылады з першымі больш прадукцыйныя, з другімі – больш манеўраныя. Акрамя таго, штангі могуць быць суцэльнымі, разборнымі ці тэлескапічнымі. Трымеры з суцэльнымі штангамі праслужаць даўжэй. Садовыя прылады з раздымнымі ці тэлескапічнымі штангамі займаюць менш месцы пры перавозцы і захоўванні, а апошнія яшчэ і можна падганяць пад свой рост.
На штанзе знаходзіцца паліўны ці электрычны рухавік, які рухае рэжучую галоўку. У якасці рэжучага элемента ў трымера можа быць жылка ці нож, які можа быць трохпраменевым ці дыскавым. Для стрыжкі траўніка выкарыстоўваецца жылка. Трохпраменевы нож справіцца з цвёрдымі зараснікамі, а дыскавы нож ужо зможа зразаць галіны хмызнякоў. Ёсць універсальныя мадэлі, якія спалучаюць адразу некалькі рэжучых элементаў.
Дзяржальня таксама можа быць розных выглядаў. Роварная U-падобная ўсталёўваецца на цяжэйшых і магутных мадэлях. З такімі трымерамі можна выкасіць вялікі пляц. На лягчэйшыя мадэлі ставяцца P- і D-падобныя дзяржальні, якія дазваляюць кіраваць садовым трымерам з дапамогай адной рукі.
Каб палегчыць працу з прыладай, на штангу мацуюць папружку.
Трымер аказваецца лепшым за газонакасілку, калі ў вас невялікі ўчастак. Садовая прылада будзе займаць менш месцы ў адрыне ці гаражы, а справіцца з травой не горш. Апроч усяго іншага, трымер зможа пастрыгчы ўчастак у месцах, куды не дастане звычайная газонакасілка: у кутах каля будынкаў, каля платоў, пад дрэвамі і кустамі.
Трымер ужо стаў незаменным памагатым. Ён ёсць ці ні ў кожнай вясковай сядзібе. Але слова ўсё такі яшчэ новае, гнязда словаў не стварыла, і трымерам усяроўна косяць, як і касой.
- Каса як зброя
Каса як зброя падаецца з наступным азначэннем: зброя, якая мае шырокую рэзальную частку, шырокае лязо….
У “Гістарычным слоўніку беларускай мовы” т.16, прыводзяцца наступныя пісьмовыя звесткі пра касу, як зброю:
ороужыя … иныи, как косы наряжены (Чэцця, 566);
нарядилис во изброи и с соулицами и со стрелами и с косами (Увар., 69);
возъпиша сынове израилевы кх гсду богу, понеже девятьсот колесницъ с косами железными имеаше той (Скар. КС, 10);
уставуемъ … абы зо всихъ земль панства ншог … косъ поясов стрэл и всякого иншого наряду военъного не выпускали и послом не продавали (Ст. 1566,396);
але другие инак пишут поведаючи, же обоя сторона долго однакое щастье в битве мела, але на остаток Атыля будучи поражон, утекъ до обозу возми косами осажоными заточоного (Атыла, 197);
мели перси вх своем вохску осмъсот убраных на службу слонов великих зверех, мел р и к тисячех ездных, тисячу возов з косами, то все згубил и сам цар перски ледво утекль (Бельск., 246).
З іх відаць, што косы, як зброя прымяняліся ў глыбокай старажытнасці, яшчэ на калясніцах. Калясніцы вынайшлі нашы далёкія, найбольш далёкія з вядомых. але наўпроставыя прашчуры – хеты. Я ўжо недзе згадваў, што назва сталіцы хетаў Хатус (Хатусас) абазначала проста “Хаты”, як назвы нашых гарадоў Гародня, Гарадок, Гарадзея, Наваградак абазначаюць проста горад (малы горад, новы горад). (На свеце недзе існуе слоўнік хетскай мовы, але па тэрыторыі Беларусі яго, здаецца, няма. А тое, што ёсць у Інтэрнэце, гэта для вельмі вузкага кола вельмі дасведчаных спецыялістаў.)
Вынайшаўшы калясніцы хеты прымянілі на іх гэтыя самыя косы, доўгія насаджаныя на аглоблі і прывязаныя да колаў палосы жалеза. Сваімі калясніцамі хеты разграмілі палову айкумены. Разбілі Егіпет, узялі Вавілон, дайшліда Індыі і заснавалі там арыйскую цывілізацыю.
Але траву хеты не касілі. У гэтым не было патрэбы. Такім чынам каса, як зброя існавала раней, чым каса, як прылада працы. Хеты ўзялі Вавілон за 1,5 тысячы гадоў да нашай эры. Арыі з’явіліся ў зоне глыбокіх снягоў у 8 -6 стагоддзі да н.э. Разрыў гадоў у 700.
– Як называлася баявая каса ў хетаў я не ведаю, але наш вывад назвы касы ад санскрыцкага ksа дае падставу гаварыць, што і баявая каса магла мець нейкую сугучную назву.
( Працяг у наступным нумары.)