(Працяг. Пачатак у папярэдних нумарах.)
Грэбень. Грэбля. Грабары
Ад слова грэбці вельмі блізка да слова грэбень. Грэбень і сам вельмі моцна падобны на маленькія граблі. Такая ж вялікая колькасць зубоў, хоць ён і мае іншае прызначэнне. Грэбень у адным з відаў прымянення – пласцінка (пераважна з косці) з зубамі для расчэсвання валасоў або для заколвання і ўпрыгожвання жаночай прычоскі. Вось толькі грэбенем не грабуць, а чэшуць, расчэсваюць. І ўжо на некаторыя віды грэбеняў распаўсюдзілася назва расчоска. Канешне, у цяперашні час прымяняецца больш не косць, а сучасныя сінтэтычныя матэрыялы.
У другой іпастасі грэбень – прылада для часання льнянога валакна. Вядомы драўляныя (найбольш старажытныя) і металічныя грэбені. На Беларусі бытавалі два тыпы драўляных грэбеняў: лапатападобныя (характэрныя для поўдня) і прамавугольныя (характэрныя для поўначы). Першы тып выраблялі з аднаго кавалка дрэва (асіны, бярозы). На лопасці (шырынёй 35 см) прарэзвалі зуб’е (20 – 25), лопасць пераходзіла ў ручку (80 – 90 см, звычайна ручку клалі на ўслон і садзіліся на яе).
Другі тып – прамавугольная дошка (даўжынёй 1 м, шырынёй 30 – 40 см), у цэнтры якой прыбівалі дошчачку з набітым на ёй драўляным зуб’ем. У 2-й палове 19 ст. пашыраны былі грэбені з металічным зуб’ем, набітым пасярэдзіне або на абодвух канцах дошкі (рэдкае і частае). У самаробных грэбенях набівалі звычайныя цвікі.
Часаць лён было не так цяжка, там валокны пасля церніцы праходзілі яшчэ этап трапання. Траплом валокны ўжо больш менш выраўніваліся, і часаць трэба было ў першую чаргу палойкі першага гатунку, якія ішлі на кужаль. На зрэбе можна было і не часаць.
Іншая справа з воўнай. Прасці нячэсаную воўну вельмі цяжка. Расчасаць воўну ўручную з высокай якасцю нават на жалезных грэбенях не проста. Таму існавалі ваўначосні, дзе воўну часалі з высокай якасцю ўжо з прымяненнем механізмаў.
Пры міжваеннай Польшчы ў Нясвіжскім павеце ваўначосня была ў Гавязне, як тады казалі – у мястэчку. Ваўначосня ў Гавязне перажыла вайну і працавала яшчэ ў 60-я гады ХХ стагоддзя. Ну, а пасля ў людзей не стала авечак і воўны, то і ваўначосня стала непатрэбнай.
Грэбень для расчэсвання выкарыстоўваецца і ў якасці музычнага інструмента меладычнага ці рытмічнага. Яшчэ ў 60-я гады ХХ стагоддзя старэйшыя вучылі моладзь граць на расчосках. А пазней тэхніка ўзяла верх.
Ад слова грэбці блізка і да слова грэбля. Грэбля – вельмі распаўсюджанае ў старыя часы дарожнае збудаванне. Разам з мастамі грэблі забяспечвалі функцыяванне дарожнай сістэмы. Грэбля – гэта насып у балоцістай мясцовасці, які ствараўся з дрэва, галля, фашынаў, укладзеных на грунт і перасыпаных зямлёй, пяском. Грэблі былі, як правіла, недаўгавечныя, іх рамантавалі ледзь не кожны год. Займаліся гэтым ці мясцовыя людзі, ці ўлады, і вядома ж ніхто тыя грэблі граблямі не награбаў. Калі грэбляй займалася дзяржава ці абшарнік, то для работ наймаліся грабары, людзі, якія займаліся землянымі работамі.
Адкуль узялося слова грабар, калі ён нічога не гроб. А тут і ўзнікае слова гроб у значэнні магіла або яма. Слова гроб у гэтым і блізкім значэннях існуе ў многіх славянскіх мовах. Слова гроб аднаскладовае і вельмі старое. І хаця ў санскрыце гучанне адрознае, у нямецкай мове слова магіла – Grab, магілы – Graber, магільшчык – Totengraber. Так што слова грабар трапіла да нас, па ўсім відаць, з нямецкай мовы ўжо як назва прафесіі або назва цэха грабароў-магільшчыкаў, а ў больш шырокім сэнсе – землякопаў.
Вось такая кругаверць словаў у мове.