Усе дарогі напрыканцы мінулага тыдня вялі да Лядовага палаца г. Ліды, на тэрыторыі якога размясціліся выставачныя павільёны прадпрыемстваў і арганізацый Лідчыны. І кожны паспрабаваў бліснуць у сваім самым лепшым выглядзе. Было цікава і відовішчна, смачна і весела, музычна, моладзева, крэатыўна… Адным словам: чым багатыя, як той казаў…
З самай раніцы пляцоўку запоўніла моладзь. І – не выпадкова… Прыцягальнымі для юнага пакалення сталі відовішчныя і функцыянальныя пляцоўкі Лідскага РАНС, Лідскага РАУС, Дэпартамента аховы і вайсковых частак Лідскага гарнізона. Можна было пасядзець усярэдзіне танка, прымерыць абмундзіраванне выратавальніка, выпрабаваць сябе ў экстрэмальных труках, панаглядаць за працай службовага сабакі і пасядзець за рулём стромкага байка. Увагу лідзян прыцягваў і вялікі чырвоны МАЗ – спартовы гоначны аўтамабіль вытворчасці Менскага аўтазавода, які, між іншым, у мінулым годзе ў гонках на “Шаўковым шляху” заняў 3-е месца.
Знатакам народнай творчасці не прыйшлося нудзіцца: артысты філіялаў Лідскага цэнтра культуры і народнай творчасці прадставілі калядны сюжэт: вадзілі казу, насілі зорку – з імі было вельмі весела, і ногі самі ішлі ў скокі. Майстры народных рамёстваў з усёй Гарадзеншчыны прывезлі тканыя ручнікі і ўнікальныя вырабы з саломкі, цацкі, пано і вельмі шмат рукатворных шэдэўраў! Тут жа стаялі станкі – за працэсам вытворчасці тканых вырабаў можна было назіраць увачавідкі.
Бліснулі сваёй лепшай прадукцыяй, навінкамі вытворчасці прадпрыемства Лідчыны. У кожнага з выставачных павільёнаў хацелася спыніцца… Напрыклад, шклозавод Нёман” прэзентаваў калекцыю крышталю ў тэхніцы “іней”. Узоры ручной працы на вырабах, сапраўды, нагадваюць іней. Сапраўдная зімовая казка! Адкрыўшы крыштальную скрыначку, хацелася пакласці ў яе запаветныя жаданні. А якія яны могуць быць на “Марафоне адзінства”? Вядома ж, пра шчасце, мір, адзінства для нашай краіны.
“Лідская мука” – вядомы брэнд не толькі нашага горада, але і краіны ў цэлым. На сваёй пляцоўцы прадпрыемства прадставіла мноства гатункаў і разнавіднасцяў мукі. Для блінцоў, аладак, піцы, кексаў, тартоў, печыва, хрусту, пончыкаў – асартымент здольны задаво-ліць запыты нават самага патрабавальнага пакупніка! Лідскі хлебазавод адмыслова да свята прыгатаваў фірмовыя пернікі з лагатыпам “Марафона адзінства” і шчодра частаваў імі гасцей. Лідская “Лакафарба” сваімі яркімі адценнямі прыцягвала ўвагу (літаральна прыцягвала) нават дзяцей. Вядомыя і ўпадабаныя прадукты, а таксама смачныя навінкі пад маркамі “Лідкан” і “MiLida” прадстаўлялі ААТ “Лідскія харчовыя канцэнтраты” і “Лідскі малочна-кансервавы камбінат”.
Адну з самых цікавых лакацый прадставіла Гарадзенскае абласное аб’яднанне прафсаюзаў. Некалькі выстаўных павільёнаў аб’ядноўваліся тэмай “Падарожні-чаем з прафсаюзам па Беларусі”.
– “Марафон адзінства” ў Лідзе сабраў разам людзей розных узростаў і прафесій і стаў яркім прыкладам таго, як культура гуртуе грамадства, – адзначыў старшыня абласнога аб’яднання прафсаюзаў Віктар Лісковіч. – Прафсаюзны актыў Гарадзеншчыны актыўна далучыўся да свята, прадставіўшы пляцоўку “Падарожнічаем з прафсаюзам па Беларусі”. Дадзеная лакацыя паказала ўсе добрыя якасці нашай выдатнай шматграннай Беларусі. Асобныя яе “станцыі”: Беларусь моцная, Беларусь прыгожая, вольная, любімая, народная – дэманструюць сілу і адзінства беларускага народа, непаўторнасць нашай любай Беларусі. Наведаўшы выстаўныя павільёны прафсаюзаў, любы наведвальнік пераканаецца, што ў нас вельмі шмат годных прыгожых месцаў, якія павінен убачыць кожны беларус.
Пры такой колькасці актыўнасцяў (а на пляцоўцы да таго ж праходзіў моладзевы квэст “Гэта ўсё маё роднае”) аднавіць сілы дапамагалі смакоцці ад аб’ектаў гандлю і агулхарчу. Немагчыма было мінуць прыгожай вітрыны выязнога фудтрака ўнівермага “Беларусь” пад шыльдай “Дранікі-каханікі”. Кухары спяклі іх у форме сэрца, і ў назву, і ў змест, вядома ж, уклаўшы любоў да Беларусі. Зрэшты, агулхарч гатовы быў задаволіць любы густ: ад гарачай салдацкай кашы і духмяных шашлыкоў да разнастайнага меню рэстарана Mak.by.
Меркаванне ў тэму:
Часлаў Барко, намеснік дырэктара па ідэалагічнай працы ГЛХУ “Лідскі лясгас”:
– На працягу двух дзён разам з калегамі мы пабывалі на шматлікіх мерапрыемствах “Марафона адзінства”. Прысутнічалі на сустрэчы з Дзяржаўным дзеячам, генерал-палкоўнікам Леанідам Мальцавым – было вельмі цікава і пазнавальна. Леанід Сямёнавіч адказаў на ўсе пытанні, асабліва змястоўна – па ваеннай тэматыцы. З моманту станаўлення незалежнай Рэспублікі Беларусь і да сённяшняга дня. Распавёў пра перавагі Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. Вядома, нам хацелася б, каб мір і спакой і далей захоўваліся ў нашай краіне. Мы да гэтага прывыклі, а да добрага хутка прывыкаеш. З калегамі мы ацанілі дасягненні Лідчыны на святочных пляцоўках. Нашую ўвагу прыцягнула сучасная тэхніка, якая выпускаецца на беларускіх заводах. Пабывалі ў мабільным музеі Вялікай Айчыннай вайны. Убачылі фота генерала Васіля Захаравіча Каржа, камандзіра аднаго з першых партызанскіх атрадаў у Беларусі, які пасля вайны быў намеснікам міністра лясной гаспадаркі. Прынялі ўдзел у дыялогавай пляцоўцы і ў вячэрнім гала-канцэрце.
Вольга Яхантава,
lidanews.