Беларусы заўсёды шчыльна займаліся сельскай гаспадаркай і заўсёды мелі прылады працы для сельскагаспадарчых работ. Мелі і свае назвы, старажытныя і агульныя для ўсяго славянства, а таксама і ўнікальныя.
Вілы. Сaxop. Кураножка. Вілкі. Габлі. Граблі
На Гарадзеншчыне мала вядома слова “сахор”. На Меншчыне амаль не ўжываецца слова “вілы”. Па сутнасці сваёй сёння гэтымі словамі называюць адзін і той жа прадмет з трох ці чатырох злучаных паміж сабою жалезных зубоў 30-40 см, насаджаных на драўлянае дзяржанне. Але раней паміж гэтымі рэчамі была вялікая розніца. Вілы былі звычайна драўляныя і скарыстоўваліся для працы з сенам.
Сахор – амаль тыя ж вілы, але канцы зубоў былі акутыя. Гэтае акуцце і дало назву. Спачатку ў гаспадарцы акоўвалі толькі саху.
Пазней, калі пачалі акоўваць вілы, то іх аналагічна ад сахі і назвалі “сахор”.
З часам сахары сталі жалезнымі. Яны пачалі вырабляцца розных тыпаў і рознага прызначэння: для накідвання на воз сена ці гною, для капання глебы.
Праца з сахаром была не надта прэстыжнай, таму калі каго выганялі з больш прэстыжнай працы, то людзі казалі: “Пойдзе з сахаром”. Яшчэ менш прэстыжнай была праца, пра якую казалі: “Пойдзе з пугай”.
Тут малюнкі сахароў узяты з польскага рэкламнага праспекта 1933 года, які быў актуальны і для Заходняй Беларусі. У ім сахор называецца відлы, што азначае тыя ж вілы. Гэтыя відлы далі нам слова відэлец. У расейскай мове засталася вілка. Слова вілка прыймальнае і для беларускай мовы. А чаму не? Калі ў нас ёсць слова вілы, то чаму не можа быць вілкі? Проста ў нас трохі іншыя вобласці прымянення. Мы ў электраразетку ўстаўляем тую ж электравілку. Пярэдняе кола ровара мацуецца ў вілцы.
А што з развілкай? Ці па беларуску гэта? А чаму не? Што праўда, у старыну развілку дарог у нас называлі кураножкай, цяпер часта называюць раздарожжам.
Пушкін у свой час не разабраўся з беларускай кураножкай і запусціў у абіход хатку на курыных ножках, а гэта ўсяго – хатка на развілцы або на раздарожжы. А казала ж яму няня Арына Радзівонаўна: “Вучы, Саша, беларускую мову, менш ляпаў будзе”.
З кураножкі ці развілкі вернемся назад у хату. Тут мы знайходзім сваякоў вілаў, якія называюцца вілкі. Вілкі, як і вілы маюць толькі множны лік. Вілкі прымяняюцца, калі трэба паставіць гаршчок ці чыгун у печ або выняць з печы. У рускай мове гэтая прылада называецца ухват (адзіночны лік, мужчынскі род). Куток каля печы, дзе стаялі вілкі, называецца вілочнік.
Выйшаўшы з хаты і падняўшы галаву на многіх хатах раней можна было ўбачыць вільчыкі. Вільчык – разное ўпрыгожване вяршыні страхі, закрылін. Вільчык нечым нагадвае вілы таму так і называецца.
Але вернемся да сахара. З-за сваёй шырокай распаўсюджанасці сахор стаў у некаторай ступені сімвалам Беларусі. Ён з’явіўся на паўстанцкіх мемарыялах побач з касою. Каса як зброя касінераў – гэта зразумела. У паўстанцаў 1863 года жалезных сахароў яшчэ не было, але пазней яны з’явіліся масава. У кнізе “Каханак Вялікай Мядзведзіцы” Сяргей Пясецкі прыводзіць жартоўную гутарку двух кантрабандыстаў.
Ідуць яны па Ракаве і бачаць беларускага мужыка, які вязе воз гною. Зверху ў гной быў уваткнуты сахор.
– Во, беларускі карабін машыновы (аўтамат, кулямёт), – сказаў адзін, паказваючы на сахор.
– Што гэта значыць?
– Адзін удар – чатыры дзіркі.
Сахары ёсць розныя: з трыма зубамі, але найчасцей з чатырма.
У згаданым польскім рэкламным праспекце ёсць сахор з загнутымі зубамі. У праспекце прылада мае тую ж назву відлы. У беларускай вёсцы ні віламі ні сахаром такую прыладу не назавуць. Часцей за ўсё прымянялі назву крук або воўк. Як правіла спецы-яльна іх не куплялі, а загіналі ў кузні зубы ў старым сахары, які страціў раней адзін зуб. Крук прымяняўся для сцягвання гною з задняй часткі воза ці з саней.
У праспекце пад назвай відлы падаецца і яшчэ адна прылада, падобная на сахор, у якой 8-10 зубоў з затупленымі, закругленымі канцамі. У праспекце яна называецца відлы для буракоў і бульбы. У Беларусі ў розных месцах таксама бытуе назва вілы для буракоў і бульбы, але там дзе шырока распаўсюджана слова сахор гэтая прылада мае сваю адметную назву габлі. Што габлі адметная прылада кажа і цана. Так у рэкламным праспекце цана на звычайны сахор з чатырма зубамі стаіць 1 зл. 80 гр. у той жа час цана габляў на 10 зубоў – 10 злотых.
Адкуль узялося слова габлі? Яго няма ў акадэмічным слоўніку беларускай мовы, але па гучанні вельмі блізкае да слова граблі. Гэта і лагічна – у граблях таксама шмат зубоў 10-12. Выпаданне літары р са слова граблі дало нам новае ўнікальнае слова габлі, якое распаўсюджана эпізадычна па многіх мясцінах Беларусі. Яно ёсць на Нясвіжчыне, яго няма на Лідчыне, але яно зноў ёсць на Шчучыншчыне і г.д.
Некалі слова сахор уключалася далёка не ва ўсе слоўнікі, а калі і ўключалася, то з паметкай абл. Зараз ужо сахор ставіцца як агульнанацыянальнае. Магчыма і габлі неўзабаве трапяць у слоўнік.
Ну і ёсць нагода адразу перайсці да слова граблі.
Граблі – прылада для зграбання сена, саломы, скошанай травы. Вядомыя з глыбокай старажытнасці. Драўляныя граблі складаюцца з галоўкі (іншая назва стаўпец) з 8-14 зубамі і грабільна або дзяржання. Зубы даўжынёй 7-10 см выразаюцца з цвёрдых парод дрэва (дубу, грабу, ясеню) і ўстаўляюцца ў стаўпец на адлегласці 5-5,5 см адзін ад аднаго. Развілка грабільна мацуецца рэхвай або звязваецца дротам ці збіваецца цвіком. Стаўпец можа быць прамы ці злёгку загнуты.
Часцяком зубы ў граблях вывальваліся і губіліся. Каб уставіць новыя выкарыстоўваўся падручны матэрыял. Дуб ці граб – не той матэрыял, каб быць пад рукой, для вырабу новых зубоў выкарыстоўвалася такое дрэва як бэз. Бэз на вёсцы заўсёды быў пад рукой, а па цвёрдасці задавальняў усім патрабаванням.
Яшчэ ў часы міжваеннай Польшчы ў Заходняй Беларусі з’віліся жалезныя граблі. Грабільна драўлянае.
Граблі былі дарагія ад 2,25 зл да 4,30 зл. (ад пуда жыта да двух пудоў). Жалезныя граблі шырока прымяня-юцца і сёння ў першую чаргу ў агародах і садах.
У наш час для зграбання сена, травы, лісця з’явіліся пластмасавыя граблі з драўляным грабільнам. Лёгкія і танныя яны выцясняюць граблі, якія зараз у вёсцы і зрабіць няма каму. Мы ідзём да таго, што драўляныя граблі хутка стануць музейнымі экспанатамі.
Затое пры вытворчасці пластмасавых грабляў дызайнеры маглі даць волю фантазіі, хаця ад стандарту далёка не адышліся. Аснова – частыя зубы – засталася.
Граблямі грабуць. І дзеяслоў грэбці можа быць першасным. Грабуць не толькі граблямі, грабуць пясок куры. Былі і ёсць розныя грабілкі. Граблі сугучна называюцца амаль ва ўсіх славянскіх мовах (выключэнне балгарская), а таксама ў літоўскай і латышскай. Гэтая агульнасць назвы пацвярджае старажытнасць слова, але ўжо ў іншых індаарыйскіх мовах ужываюцца зусім іншыя словы, таму мы можам адназначна сказаць, што словы граблі, грэбці, згрэбці, загрэбці, падгрэбці, прыгрэбці з’явілася ў нашай мове пасля прыходу ў еўрапейскую частку Еўразіі. І слова гэта сваё, не запазычанае з тэхналагічнай Еўропы. Па тэхналогіі вырабу грабляў мы тады ад Еропы не адставалі.
Ёсць у нашай мове і іншыя словы блізкі па гучанні да слова грэбці, але пра іх – у новым выпуску.