Падчас паездкі ў 1911 годзе ў Вільню Максім Багдановіч пазнаёміўся з рукапісамі старажытных беларускіх кніг. Яго зацікавіла гістарычнае мінулае беларускага народа, і пад уражаннем ад іх напісаў у 1912 годзе верш “Слуцкія ткачыхі” з цыклу “Старая Беларусь”. Верш “Слуцкія ткачыхі” – адзін з лепшых твораў гэтага цыклу. У ім уваскрашаецца далёкае мінулае Беларусі, паказваецца паднявольная праца слуцкіх ткачых у час прыгону. А вобраз васілька набывае ў вершы абагульняльнае значэнне. Ён зліваецца з вобразам Радзімы, становіцца сімвалам народнага мастацтва. У вершы “Слуцкія ткачыхі” паэт раздумвае над лёсам беларускіх мастакоў і над сутнасцю мастацтва. Гэты верш вельмі прыгожы, у ім аўтар спрабуе расказаць пра тое, што сапраўднае мастацтва нельга стварыць пад прымусам. Паясы ператварыліся ў шэдэўры толькі тады, калі ткачыхі ўклалі ў іх сваю душу. Паэт хацеў перадаць наколькі цяжкі быў той час, калі людзі былі не вольныя рабіць тое, чаго хацелася ім. Час, калі людзі цалкам залежалі ад гаспадара, выконвалі толькі тое, што хацелася і падабалася яму:
Ад родных ніў, ад роднай хаты,
У панскі двор дзеля красы
Яны, бяздольныя, узяты
Ткаць залатыя паясы…
Так нам, школьнікам, распавядалі настаўнікі на ўроках роднай літаратуры пра цудоўны верш Максіма Багдановіча “Слуцкія паясы”. І ўсе школьнікі вучылі яго на памяць. І сёння мы гэты хрэстаматыйны верш можам расказаць з любой вялікай ці маленькай сцэны.
Яшчэ пры жыцці Максіма Багдановіча яго верш “Слуцкія паясы” быў перакладзены на польскую мову і апублікаваны ў часопісе “Wies Ilustrowana” (1913, № 9. С. 31). Верш на польскую мову пераклаў літаратар, паэт, педагог і перакладчык Юзаф Вяжынскі (1871-1941). Часопіс “Wies Ilustrowana” апублікаваў “Слуцкія паясы” па-беларуску і па-польску. Цікава, а ці ведаў пра гэта сам Максім Багдановіч?
Пры жыцці беларускі літаратуразнавец і мой зямляк Янка Саламевіч (1938-2012) вельмі зацікавіўся асобай Юзафа Вяжынскага. Ён шукаў пра яго звесткі, але да канца сваю справу не давёў. Я дапамагаў яму ў пошуках матэрыялаў пра першага перакладчыка “Слуцкіх паясоў”. За той час пошукаў нам удалося даведацца пра тое, што Юзаф Вяжынскі шчыра сябраваў з мастаком Фердынандам Рушчыцам (1870-1936).
Юзаф Вяжынскі і Фердынанд Рушчыц разам вучыліся ў 1883-1890 гадах у Менскай дзяржаўнай класічнай гімназіі. Вось як згадвае Юзаф Вяжынскі пра таго ж Рушчыца: “Фэрдзя быў першым вучнем на працягу ўсёй вучобы ў гімназіі, яго імя штогод змяшчалася на залатой табліцы. Для яго не было цяжэйшых і лягчэйшых прадметаў як па лаціне ці грэцкай, так і па рускай мовах і матэматыцы ён атрымліваў самыя высокія адзнакі. Быў не толькі здольны ў навуках, але і ўпарты ў працы”. На працягу ўсёй вучобы Фэрдынанд наведваў урокі малюнка. У Вільні яны пэўны час жылі ў адным доме. А ў пачатку 1930-х гадоў ездзілі разам на Крэўскі замак. Вяжынскі нават напісаў артыкул пра свайго сябра і мастака Рушчыца “Dziecistwo i mlodosc Ferdynanda Ruszczyca” (Ferdynand Ruszcyc – zycie i dzielo Wilno, 1939. S. 23).
Да 1919 года Вяжынскі быў сябрам камітэта, які аднаўляў Віленскі ўніверсітэт, нават пэўны час быў там выкладчыкам, а таксама прысяжным перакладчыкам акруговага суда ў Вільні. Ён часта чытаў лекцыі пра творчасць свайго сябра-мастака.
Пражыў Юзаф Вяжынскі 66 гадоў. Памёр у Вільні, дзе і пахаваны на Бернардзінскіх могілках.
Прапаную верш класіка беларускай літаратуры на польскай мове ў перакладзе Юзафа Вяжынскага і па-беларуску.
Сяргей ЧЫГРЫН.
Слуцкія ткачыхі
Ад родных нiў, ад роднай хаты,
У панскi двор дзеля красы
Яны, бяздольныя, узяты
Ткаць залатыя паясы.
I цягам доўгiя часiны,
Дзявочыя забыўшы сны,
Свае шырокiя тканiны
На лад пярсiдскi ткуць яны.
А за сцяной смяецца поле,
Зiяе неба з-за акна,–
I думкi мкнуцца мiмаволi
Туды, дзе расцвiла вясна;
Дзе блiшча збожжа ў яснай далi,
Сiнеюць мiла васiлькi,
Халодным срэбрам ззяюць хвалi
Мiж гор лiючайся ракi;
Цямнее край зубчаты бора…
I тчэ, забыўшыся, рука
Замiж пярсiдскага узора
Цвяток радзiмы васiлька.