(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
Часова пакінем насельнікаў лесу, а пра іх пісаць і пісаць: зубр, воўк, лось, ліс, лань, рысь, дзік, тхор і г.д. Усе назвы аднаскладовыя, старажытныя.
Заглянем назад у сам лес і выйдзем з яго.
Паляна. Паліць. Поле. Палоць. Палон. Палова. Полы.
Даследуючы беларускую мову даведыйскага перыяду я нечакана сутыкнуўся з тым, што такое прывычнае і беларускае слова поле ўзнікла ў нашай мове значна пазней, чым лес, стэп. Хаця яго распаўсюджанне дае падставу ў гэтым сумнявацца. Былі плямёны паляне, і стэп называўся Дзікае поле і г.д. Але, калі заглянуць трохі глыбей, то ўсё становіцца на сваё месца. Заглянуўшы глыбей ў нашую мову даведыйскага перыяду мы прыйдзем да высновы, што нашыя далёкія прашчуры былі на пэўным этапе нашай гісторыі і лясным народам. Дзе быў той лес і калі, але быў. Адсюль і пачнём. Лес па сваёй прыродзе неаднародны. Але асобныя неаднароднасці відны лепш, а іншыя горш. Найлепш у лесе праглядваецца такая неаднароднасць, як паляна. Чалавек заўважыў, што адна з асноўных прычын узнікнення палян – гэта пал, пажар. Калі хочаш зрабіць паляну, трэба падпаліць лес. Пал, выпал, падпал, апал – усе гэтыя назоўнікі ўжы-ваюцца да гэтага часу. Сюды ж адносім і словы палка, палена, паліва. Палкі і палены служылі для апалу, для паліва. Ужо ў наш час сюды гладка дапасавалася слова запалка, а яшчэ пазней запальнічка.
Палена ў сваю чаргу дало палю. У беларусаў гэта тоўстае бервяно, якое забіваюць у зямлю, тая ж баба. У ўкраінцаў гэта звычайны кол. “Здрадніків на палю”, – кры- чаць разгневаныя ўкраінцы. Палена дало і пАліцу. У беларусаў зараз ужываюцца словы дубіна і булава. Але пАліца рабілася з палена. I гэтае слова ў старажытнасці ўжывалася.
Перайшоўшы лясныя паляны чалавек выйшаў на вялікую бяскрайнюю паляну. Яна павінна была займець трохі адрозную назву. I паляна стала полем. На полі рос палын. У полі жылі паляне і полаўцы.У поле забіралі ў палон. Як у вялікага казахскага паэта Алжаса Сулейменава:
“Паланянку ў чыстым полі паланілі
I ў палын, рвануўшы полы, павалілі”.
Полы тут ад іншага слова, ад слова палавіна. Але слова полы (пусты) – ад поля. Поле сапраўды выглядае пустым у параўнанні з лесам. Да гэтых словаў прымыкаюць словы палоць, прапалоць, праполка. Палоць – апусташаць, вызваляць поле ад лішняга, ад непатрэбнага пустазелля. Ручная апрацоўка сельскагаспадарчых раслін патрабуе некалькі праполак за сезон. Цяжкая і марудная праца. Пры машыннай апрацоўцы прымяняецца хімічная праполка – вытручванне пустазелля гербіцыдамі.
Ад слова поле – назва племені паляне і назва народа палякі і краіны Польшча. Кіеўскіе паляне і кракаўскія палякі – дзве галіны аднаго племені. Недзе там ў ХІ стагоддзі, калі польскі кароль прыйшоў на дапамогу свайму зяцю – кіеўскаму князю, то палякі, увайшоўшы ў Кіеў, заўважылі, што размаўляюць з мясцовым насельніцтвам на адной мове.
Ад слова поле – палетак, палетка.
Ад палена – паленіца.
А ў пачатку ўсяго пал – агонь.
Мы ўжо згадвалі слова пАля. Паля – гэта палена, якое пастаўлена вертыкальна. Палена, якое пакладзена гарызантальна, – гэта лага або плаха.
Быў перыяд, калі ў продкаў нашага народа, ды і ўсіх славян наогул не было такога інструмента як піла. Хаця гісторыкі кажуць, што яшчэ егіпцяне выпілоўвалі блокі для пірамід бронзавымі піламі. Але нашым продкам у час іх вандроўнай гісторыі пілаваць не было чаго. Ад Ірана да нашых лясоў патрэбы ў піле не было ніякай. І калі прыйшлі нарэшце ў лясы, то доўгі час абыходзіліся без пілаў. Не было пілаў – не было магчымасці пілаваць дошкі. А дошкі былі патрэбныя, каб зрабіць і стол, і столь, каб зрабіць падлогу. Здабывалі тыя дошкі шляхам расколвання палена на дзве паловы. Калі з гэтых паловаў рабілі падлогу, то атрымоўваўся пол, слова захавалася ў рускай мове, як і слова половица, полок, полка, полаты (памяшканні з полами), полати, половики. У нас засталіся словы палок, палаткі, палІца, палІчка. А ў аснове іх палова палена, а значыць усё той жа пал.
Палякі называюць палічкамі шчокі. Сапраўды, у валасатага, барадатага ды вусатага чалавека пустыя ад валасоў толькі шчокі – палянкі на твары.
Вопратка, якая зашпіляецца на гузікі, або цяпер на замок, у асноўным зашпіляецца не да канца. Унізе кажух, капота, паліто, пінжак маюць дзве не злучаныя часткі-паловы, якія называюцца пОлы. Сюды прыстасавалі і слова прыпол. Сюды ж просяцца і словы палатно, палатняны, палатка, а таксама рускія полотенце, полотнище. Слова палатно ўжываюць цяпер не толькі для тканіны, а і ў іншых значэннях: дарожнае палатно, чыгуначнае палатно, якія вяртаюць да слова пол, а слова шпала мае корань пал.
Праца. Нож. Сякера. Востры.
Словы, вынесяныя ў падзагаловак, зусім не аднакарэнныя і вельмі далёкія па гучанні. Іх лінгвістычнае паходжанне неаднаразова даследавалася. У “Слоўніку іншамоўных словаў” А. Булыкі слова праца выводзіцца з польскага рrаса. Расейскі даследчык З. Кабякоў выводзіць слова сякера ад лацінскага сектар і г.д. Разам з тым слова праца – адно са словаў, якія з’яўляюцца візітнай карткай беларускай мовы і мы проста абавязаны прыглядзецца да яго больш уважліва.
Гняздо слова праца развіта не вельмі моцна: праца, працаўнік, працоўны, працадзень, працавіты, праца- здольнасць і г.д. Фактычна мы не бачым шырокага разгалінавання і развітых бакавых адгалінаванняў. Чаму? Так бывае, або, калі слова запазычана для абазначэння канкрэтнага прадмета ці з’явы, або, калі яно страціла ці змяніла сваю сэнсавую афарбоўку.
Што мы маем са словам праца. Сказаць, што яно запазычана з польскай, найпрасцей, але мы ўжо неаднаразова паказвалі, што карэнні беларускай мовы найглыбей сыходзяць у даўніну, чым у іншых славянскіх моваў. У беларускай мове няма ні аднаго слова, запазычанага з якой -небудзь славянскай мовы. Наадварот, у большасці славянскіх моваў ёсць запазычанні з беларускай. Таму адкідваем версію запазычанага слова праца з польскай, як беспадстаўную. Пастойце, але, каб такое зрабіць трэба знайсці іншыя падставы. Безумоўна. Таму мы ізноў сыходзім у найбольш даступную для нас глыбіню. Так, ізноў у санскрыт, старажытна-індыйскую мову, якая зафіксавала інда-арыйскія мовы ў акрэсе 1 – 2 тысяч гадоў да нашай эры.
Што ўяўляла сабой праца, працоўны працэс арыяў. О, яны былі высокацывілізаванымі, і праца іх была разнастайнай, і словаў для яе абазначэння было шмат. Але лінгвістычная памяць арыяў сягала ў часы першапачатковыя, першабытныя, у даўніну дацывілізацыйную. Тады ў аснове працоўнага працэсу чалавека ляжалі паляванне, рыбалоўства і збіральніцтва. Усе яны рэзка адрозніваліся паміж сабой па характары выканання. Пры гэтым збіральніцтва было найбольш нудным і цяжкім, але найбольш надзейным. Менавіта збіральніцтва найбольш адпавядала працоўнаму працэсу. Збіранне, збор (напр. пладоў) на санскрыце – рrасауа (працая) або рrасауаnа (працаяна).
Рrасаrуа – дзейнічаць, дзеянне.
Рrасі – збіраць, павялічваць.
Рrасаr – рабіць, здзяйсняць .
Здаецца б і дастаткова. Але заглянуўшы ў санскрыт даводзіцца толькі дзівіцца, якое велізарнае гняздо словаў утворана тут вакол слова праца. Пашукаўшы, удаецца знайсці і, мабыць, першаасноўнае слова: рrас (праш) – яда, харч (згадаем старабеларускае слова брашно – корм) і другое значэнне гэтага слова – жыць. Вось адкуль паходзіць беларускае слова праца. Словы яда, жыць і працаваць (збіраць, рабіць) аднаго кораня.
У гэтым гняздзе і словы рrасаs (прашас) – кіраваць і рrасаsіtаr (прашасітар) – кіраўнік і рrасаstаr (прашастар) – духоўны настаўнік і г.д. І зусім недалёка ад гэтага прашастара да прывычнага пастара – таксама духоўнага настаўніка.
Нашыя прашчуры звязалі ўсю навуку, усё кіраўніцтва не з вайной, а з працай. Старажытнае слова кіраўнік абазначала таго, хто кіруе працай, навучае працы.
Разгляд усяго гэтага гнязда словаў цягне на вялікі артыкул. Таму мы большасць з адгалінаванняў пакуль апусцім і спынімся толькі на адным: рrасаs (прашас) – сякера, нож. Так, першыя прылады працы таксама атрымалі назву з гэтага гнязда. Чым працуюць – прашас. A першыя прылады працы былі менавіта нож і сякера.
Удасканаленне прыладаў працы надавала ім новыя рысы і адпаведна новыя назвы.
Саstrа (шастра) – нож, кінжал, зброя. Нам дасталася адсюль слова востры А само слова саstrа усходзіць да слова саs (шас) – рассякаць. Адсюль нам дасталося слова шашка, кавалерыйская шашка, якой сякуць. (Дарэчы словы адрэзаць, парэзаць – на Беларусі дагэтуль выражаюць словамі шаснуць, пашастаць).
Завостраны на санскрыце мае гучанне і sаgrа (сагра).
Sahtа – прыліпшы, злучаны, сувязь, злучэнне.
Sаnkаrа (санкара) – разразаць, рассякаць. У многіх месцах Беларусі да гэтага часу кажуць сакера. Такім чынам мы знайшлі ў санскрыце ўсе словы, якія шукалі і паказалі іх сувязь.
Больш таго мы яшчэ раз пераканаліся, што і санскрыт – толькі прамежкавая стадыя у развіцці беларускай мовы. Раз- пораз мы выходзім у часы больш старажытныя аж да першабытнага грамадства, да збіральніцтва.
(Працяг у наступным нумары.)