23 лістапада ў Лідскім палацы культуры прайшоў XIII абласны фестываль народных тэатральных калектываў “Лідскія тэатральныя сустрэчы”.
На працягу дня былі паказаны восем спектакляў.
Адкрыў “Лідскія тэатральныя сустрэчы” спектакль “Калядны вечар” народнага драматычнага тэатра Астравецкага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці па аўтарскай п’есе Н. Рыбік.
Нягледзячы на святочную назву, п’еса хутчэй драматычная. У трох жанчын – жыхарак дома-інтэрната для састарэлых – з’яўляецца суседка. Сваю маці прывезла ў казённы дом дачка. Падчас знаёмства кожная з жанчын прыадчыняе занавеску ўласнага жыцця…
Тэму сіроцтва бацькоў пры жывых дзецях у 2013 годзе падняла аўтар – журналіст, рэдактар раённай газеты “Астравецкая праўда” Ніна Рыбік, пад уражаннем аповядаў старых, якія апынуліся пад наглядам чужых людзей у інтэрнатскай установе.
Глядач плакаў…
Лідскі тэатральны марафон працягнуў спектакль “Прабачэнне” народнага тэатральнага калектыва “СМОЛТ” Смаргоньскага раённага цэнтра культуры. Калектыў досыць малады, пры гэтым у 2024 – у Год якасці атрымаў званне “Народны”. За чатыры гады свайго існавання смаргоньскія артысты стварылі паўтара дзясятка пастановак.
“Нашы акцёры – сапраўдныя фанаты тэатральна мастацтвы, для якіх любая магчымасць выступіць – як атрымаць глыток свежага паветра. Мы разумеем адзін аднаго з аднаго кіўка, падтрымліваем – ва ўсім, – сцвярджае мастацкі кіраўнік Лёля Сямёнава.- “СМОЛТ” – не проста тэатр, гэта наша жыццё”.
Спрактыкаваны лідскі глядач ацаніў спектакль, які пра ўменне кахаць, прабачаць, жыць…
Той самы выпадак, калі зала пляскала стоячы!
Народны драматычны тэатр “Ракурс” дзяржаўнай установы “Палац культуры горада Ліды” прадставіў спектакль “Выйсце” па п’есе Л. Раманава “Патрабуецца жанчына”.
Гледачы, выходзячы з залы, адзначалі, што гэта гісторыя “на падумаць”. А наогул, гэта “касмічныя прыгоды” няўцеленых душ, якія чакаюць мам для таго, каб прыйсці на Зямлю… А наогул, анёлы таксама хочуць на мора.
“Бон жур, лямур, ту жур!”
Спектакль з такой назвай прадставіў народны эксперыментальны тэатр-студыя “Бочачка” дзяржаўнай установы “Гарадзенскі гарадскі цэнтр культуры”.
Дзеянні спектакля разгортваюцца ў доме сям’і Дурандас, у межах аднаго пакоя. Малады чалавек Катыльяр, які ўсю энергію марнуе на флірт з жанчынамі, прыходзіць да знаёмай Ружы, каб… паесці.
Тая рыхтуе яечню, але не паспявае ён і паспрабаваць яе, як у хату прыходзяць гаспадыня, спадарыня Дурандас, яе муж і яго фаварытка швачка Фаншэта. Аказваецца, што ўся пяцёрка не проста ведае адзін аднаго…
А ўсю гісторыю і хітраспляценні ўзаемаадносін герояў даведаўся лідскі глядач, наведаўшы спектакль у выкананні народнага эксперыментальнага тэатра-студыі “Бочачка”.
Пра што спектакль “Чайка па імені Летуценнік” народнага моладзевага музычна-драматычнага тэатра “Гарадзенская надзея” дзяржаўнай установы “Гарадзенскі гарадскі цэнтр культуры”.
Ён пра неверагодную вандроўку галоўнага героя, які вырашае выканаць сваю даўнюю мару. Перад намі адкрываецца гісторыя пра пошук сябе, пра пераадоленне перашкод і пра волю быць .
Як часта мы губляем сябе ў руціне?
Як часта мы сустракаем цяжкасці на сваім шляху?
Спектакль пра тое, як важна ісці за сваімі марамі і заставацца вернымі сабе. Мары павінны збывацца!
У нашай краіне, паміж пусткамі і балотамі, сярод палёў і лясоў, на падворак і ў хаце, на зямлі і пад зямлёй існавалі, валадарылі, дапамагалі ці шкодзілі розныя істоты.
У азёрах і рэках было таксама шмат духаў – жэўжык, вадзянік, баламуцень і русалкі- вадзяніцы. Кажуць, русалка выходзіць з вады на кароткі час, пакуль валасы не высахнуць, але толькі не на Русальным тыдні… тым часам убачыць іх можна паўсюль, нават у вёсцы. Прыходзяць яны, ці не? Пра гэта апавядае аўтарскі спектакль “Русальны тыдзень”.
Спектакль “Русальны тыдзень” прадставіў народны лялечны тэатр “Батлейка” аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры дзяржаўнай установы “Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”.
І нарэшце Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь, народны тэатр драмы і камедыі “Славуціч” дзяржаўнай установы культуры “Ваўкавыскі гарадскі Дом культуры” прадставіў спектакль “Апошняя спроба” па вядомай п’есе Міхаіла Задорнава.
Годнае завяршэнне фестывальнага дня!
Нарэшце яркае тэатральнае свята завяршылася, падарыўшы акцёрам і гледачам незабыўныя эмоцыі і яркія ўражанні, бо кожны спектакль быў проста прасякнуты творчым пошукам і натхненнем.
Тэатральныя трупы прадставілі ўнікальныя пастаноўкі, якія раскрываюць складаныя чалавечыя перажыванні, сацыяльныя праблемы і філасофскія пытанні. “Лідскія тэатральныя сустрэчы” сталі платформай для абмену досведам, зарадзілі новыя творчыя сувязі і сяброўства паміж артыстамі.
Закрыццё фэсту адзначылася цырымоніяй узнагароджання, дзе адзначаны самыя зыркія пастаноўкі і таленавітыя выканаўцы.
Прыхільнікі тэатральнага мастацтва ўжо сёння чакаюць новых сустрэч на XIV абласным фестывалі народных тэатральных калектываў “Лідскія тэатральныя сустрэчы”, спадзяючыся на дзіўныя адкрыцці і новыя тэатральныя шэдэўры.
Віншуем народны лялечны тэатр “Батлейка” аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры з паспяховым удзелам у XIII абласным фэсце народных тэатральных калектываў “Лідскія тэатральныя сустрэчы”.
Спектакль “Русальны тыдзень” ганараваны Дыплома ІІ ступені!
Брава кіраўніку Ірыне Вашкевіч і ўсяму творчаму калектыву!
Яраслаў Грынкевіч.