Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
У Лідзе на Дзяды

У Лідзе на Дзяды

8 лістапада 2024, 08:02 Грамадства 136
У Лідзе на Дзяды

На сёлетнія Дзяды апынуўся ў Лідзе. Не змог прайсці міма бліжніх могілак. Запаліў зьнічы на дзвюх магілах. Першая – магіла Валерыі Цехановіч, удзельніцы паўстання 1863 года на Меншчыне. Па колькасці зьнічоў відно, што магілу гэтую ведаюць і шануюць. Помнік тут аўтэнтычны, а надмагільная пліта, якая была з бетону, пасыпалася і была заменена на новую. У свой час магіла Валерыі Цехановіч сталася важным фактарам у справе захавання гэтых могілак ад зносу. Першая праблема, з якой сутыкнуліся тады лідскія чыноўнікі, была праблема, што рабіць з магілай Валерыі Цехановіч. Паўстанцаў у тыя гады ў Савецкай Беларусі яшчэ шанавалі. Справа зацягнулася, а тут і сітуацыя змянілася. Могілкі ацалелі.

А вось на другой магіле зьнічоў няма. А пахавана тут легендарная не ў сваім жыцці, а ў нашчадках Каміла з Маштовічаў Макрэцкая. Родам з Вінкаўцаў, што каля самай Ліды, жыла ў Дзітрыках Лідскага раёна. Памерла пры родах 8-га дзіцяці, сына Зыгмунта. Адзін сын Камілы – генерал-маёр Адам Макрэцкі – быў сярод арганізатараў і камандзіраў Беларуска-літоўскіх дывізій, першы польскі камендант Гародні ў 1920 годзе. На гарадзенскіх могілках яго магіла побач з магілай Элізы Ажэшкі. Другі сын – генерал-лейтэнант Стэфан Макрэцкі – таксама прайшоў Літоўска беларускія дывізіі, прэм’ер-міністр Сярэдняй Літвы пры Жалігоўскім. Разам з Пілсудскім і Жалігоўскім з шабляй увайшоў у польскі сойм у 1926 годзе.

Зыгмунт Макрэцкі, пры родах якога памерла Каміла, стваральнік музея і батанічнага саду ў Сімферопалі, акадэмік Польскай акадэміі навук у сферы аховы раслін. Першым для выратавання Белавежскай пушчы ад нашэсця караеда прымяніў апырскванне пушчы гербіцыдамі з самалётаў.

Унучка, дачка Адама Макрэцкага, Каміла Эмілія Макрэцкая (Лянге) – паэтэса, аўтар паэмы “1919 год або Песня пра літоўска-беларускія дывізіі”. Паэма была апублікавана ў Гародні ў 1926 годзе, перакладзена мной на беларускую мову ў 2010 годзе.

Праўнук Камілы – Лех Макрэцкі – доктар гістарычных навук.

Падчас паваеннага пагрому лідскіх могілак помнік Каміле Макрэцкай быў павалены і многія дзесяцігоддзі ляжаў літарамі ўніз. Ляжаў, аж пакуль адна з аспірантак, якая пісала працу пра Зыгмунта Макрэцкага, не прыехала на яго радзіму. Доктар Лех Макрэцкі, з якім я быў асабіста знаёмы, дакладна расказаў ёй, дзе ляжыць помнік, а яна паказала мне. Праз некаторы час мясцовыя актывісты помнік паднялі, і так ён і стаіць. Недалёка цераз дарогу стаяць помнікі па яе бацьках. Муж Камілы – Станіслаў Макрэцкі – пахаваны перад касцёлам у Няцечы бліз Беліцы. Помнік па ім таксама захаваўся.

Калі ўспомніць, як не сёння. Вечная памяць.

Станіслаў Суднік.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Вольны час па хэштэгу  #КАНІКУЛЫЎБІБЛІЯТЭЦЫ
Культура

Вольны час па хэштэгу #КАНІКУЛЫЎБІБЛІЯТЭЦЫ

23 лістапада 2021, 21:0617
Біскуп Аляксандр Кашкевіч:  Няма такіх песняў жальбы,  пасля якіх не спявалася б алілуя
Грамадства

Біскуп Аляксандр Кашкевіч: Няма такіх песняў жальбы, пасля якіх не спявалася б алілуя

21 красавіка 2020, 08:2716
Сёння нарадзіўся Рыгор Барадулін
Выданні

Сёння нарадзіўся Рыгор Барадулін

24 лютага 2020, 15:5615
Паэту Васілю Жуковічу – 85
літаратура

Паэту Васілю Жуковічу – 85

27 верасня 2024, 20:2615
Далучайцеся да нас