26 кастрычніка споўнілася 85 гадоў з дня нараджэння пісьменніка, літаратуразнаўца, педагога, навукоўца Мікалая Мішчанчука (1939-2012).
Мікалай Мішчанчук нарадзіўся на прыіску Майск Мазанаўскага раёна Амурскай вобласці (Расея) у сям’і высланых беларускіх сялян. Дзіцячыя гады прайшлі на станцыі Юхта Свабодненскага раёна, дзе Мікола скончыў сем класаў. У 1954 годзе Мішчанчукі вярнуліся ў Беларусь, пасяліліся ў пасёлку Чырвоны Пухавіцкага раёна Менскай вобласці. Навокал была пасляваенная галеча. Маці працавала даяркай у калгасе, па гаспадарцы і на ферме ёй, як мог, дапамагаў Мікола. У 1957 годзе ён скончыў Суцінскую сярэднюю школу з залатым медалём.
У 1962 годзе Мікола Мішчанчук скончыў філалагічны факультэт Менскага педагагічнага інстытута. Настаўнічаў у г. п. Узда, з 1964 года вучыўся ў аспірантуры. З 1967 года юнак працаваў у Менскім педагагічным інстытуце: выкладчык, дацэнт, намеснік дэкана (1972-1982), з 1989 года быў загадчыкам кафедры беларускай літаратуры. Абараніў кандыдацкую дысертацыю “Лірыка Я. А. Баратынскага. Папярэднікі і спадчыннікі” (1969). З канца 1970-х да сярэдзіны 1980-х гг. кіраваў секцыяй беларускай літаратуры пры Навуковым савеце Міністэрства народнай адукацыі Беларусі. Пасля абароны дысертацыі “Жанрава-стылёвыя асаблівасці сучаснай беларускай паэзіі” (1994) атрымаў вучоную ступень доктара філалагічных навук.
З вершамі Мікалай Мішчанчук пачаў друкавацца ў 1962 годзе – у часопісе “Бярозка”. Аўтар зборнікаў паэзіі “Вернасць” (1979), “Трывожуся за белы свет” (1984), “Струна надзеі” (2009) і іншых. У яго паэзіі бачны ўсе духоўныя прыярытэты высокамаральнай асобы. Паэт найбольш каштоўнымі ў жыцці лічыць вернасць мара-льным ідэалам, самаахвярнасць на карысць Радзімы і людзей.
З 1996 года Мікола Мішчанчук працаваў у Берасцейскім дзяржаўным універсітэце, дзе стварыў сваю навуковую школу, якая займаецца распрацоўкай праблем развіцця гісторыі беларускай літаратуры ХХ стагоддзя ў кантэксце сусветнай. У 1998 годзе яму было прысвоена навукова-педагагічнае званне член-карэспандэнт Беларускай акадэміі адукацыі. З 1998 года ён загадваў кафедрай тэорыі і гісторыі рускай літаратуры. У 2004-2006 гадах прафесар Мікалай Мішчанчук загадваў кафедрай беларускага літаратуразнаўства Берасцейскага ўніверсітэта.
Мікола Мішчанчук вёў навуковыя даследаванні ў галіне беларускай літаратуры, літаратуры беларускага замежжа, узаемасувязей рускай і беларускай літаратур, актуальных праблем выкладання літаратуры і літаратуразнаўства. Аўтар, складальнік, рэдактар, рэцэнзент аўтарскіх і калектыўных прац, актыўна ўдзельнічаў у з’ездах, канферэнцыях, сімпозіюмах і чытаннях. Аўтар манаграфіі “Ёсць у паэта свой аблог цалінны” (1992), літаратуразнаўчых і метадычных даследаванняў “Беларуская літаратура на сучасным этапе” (1978; 1983), “Літаратура, народжаная Кастрычнікам” (1983), “Беларуская савецкая паэзія 20-х гг.” (1988), “Настаўніку – пра настаўнікаў” (1989), “Літаратура беларускага замежжа” (1996), “Русская и белорусская литературы ХIХ-ХХ столетий: жанрово-стилевой аспект, вопросы взаимодействия” (2005), “Вывучэнне творчасці Кандрата Крапівы ў школе” (2008) і іншых.
Наш кар.